Вы тут

Дзе знайсці недарагія кнігі


На новую рубрыку нас натхніла каляжанка, якая ў віншавальным відэароліку падзякавала малодшай сястры «за ўрокі гаспадарлівасці і эканоміі». «Вось, здаецца, толькі нядаўна атрымала заробак. А грошай ужо няма... Нічога не застаецца, як пазычаць і жыць да наступнага заробку ў доўг» — з такой сітуацыяй, думаю, хоць раз сутыкаўся кожны з вас. Як навучыцца жыць па сродках? На чым можна эканоміць без урону для здароўя? У новай рубрыцы мы будзем дзяліцца сваім (і чужым) досведам. На розныя тэмы: як эканоміць на прадуктах, адзенні, адпачынку, праездзе... Прапануем пачаць з эканоміі на кнігах.

Некалькі гадоў таму мне захацелася сабраць хатнюю бібліятэку класічнай літаратуры свету. Цяпер выдаўцы займаюцца выданнем такіх кніг неахвотна. Таму выбар прыпаў на букіністычныя крамы і інтэрнэт-аўкцыёны патрыманых кніг. Насамрэч выданні, якія ў савецкі час былі жудасным дэфіцытам, сабраць цяпер не так і складана. Прапаноў хапае — былі б грошы. І тут ужо паўстае пытанне: як жа выканаць задачу, выдаткаваўшы найменшую суму?


У букіністычных крамах дзейнічае нацэнка. Калі ж вы вырашылі набыць кнігу «з рук» праз аўкцыён у інтэрнэце, то гэтай нацэнкі там не будзе — колькі прадавец папросіць, столькі і заплаціце. Адпаведна, шанцы на ніжэйшы кошт пакупкі ўзрастаюць. Напрыклад, двухтомнік амерыканскага пісьменніка Джэймса Клавэла «Тай-Пэн» (вельмі цікавы раман аб Ганконгу ХІХ стагоддзя) у букіністычнай краме каштуе 8 рублёў. Пагадзіцеся, усё ж крыху дарагавата. І так супала, што абсалютна такі ж двухтомнік 1993 года выдання нейкі мужчына аддаваў усяго за 3 рублі ў інтэрнэце. Выгада відавочная.

Акрамя таго, букіністычная крама прымае далёка не ўсе кнігі. А толькі тыя, якія карыстаюцца найбольшым попытам. Гэта і зразумела — крама страты несці не павінна. Чаго не скажаш пра інтэрнэт, дзякуючы якому таксама ёсць магчымасць патаргавацца з прадаўцом.

Так я набыў сабе зборнік твораў амерыканскага фантаста Роберта Шэклі, заплаціўшы 7 рублёў замест 9, якія прадавец прасіў спачатку. А вось у букіністыцы такі нумар не пройдзе. Так, канешне, і там могуць уцаніць кнігу, якая, на ваш погляд, каштуе неапраўдана дорага. Але для гэтага патрэбны месяц ці два. А за гэты час тавар могуць і набыць. З аднаго боку, я дачакаўся ўцэнкі збору твораў Карэла Чапэка, выдадзенага ў 70-х гадах. З 10 рублёў кошт упаў да 7. І ў гэты ж дзень я яго забраў. Аднак з іншага, з-пад носа сплыў збор твораў Генрыка Сянкевіча, які каштаваў 30 рублёў.

Але часта бывае і так, што кніга ў букіністычнай краме каштуе танней, чым у прадаўца праз інтэрнэт. Напрыклад, зборнік гісторый народаў свету пра прайдзісвета Хаджу Насрэтдзіна ў інтэрнэце каштаваў каля 10 рублёў. А ў букіністыцы ён жа стаяў у куце паліцы, удвая таннейшы.

Таму лепшая стратэгія будзе такая: спачатку знайсці ўсе магчымыя прапановы, прааналізаваць усе выгады і страты і толькі пасля гэтага прымаць рашэнне.

Бацькава навука

Эканоміць на набыцці кніг мяне навучыў тата. Падчас камандзіровак у Гомель у пачатку 90-х ён прывозіў адтуль зборы твораў Джэка Лондана, Майн Рыда, Жуля Верна, Мікалая Ляскова, Аляксандра Дзюма, Марка Твэна... Гэтыя кнігі друкаваліся ў выдавецтвах Украіны. Імі ў Гомелі гандлявалі па зусім невялікіх цэнах, а вось па дарозе ў Мінск яны прыкметна даражэлі. Досвед 90-х пасля перайшоў і на сучасную эпоху. Толькі цяпер ехаць 4 гадзіны на цягніку ў адзін бок патрэбы няма.

Спрадвечная праблема любога школьніка — набыццё велізарнай колькасці атласаў, рабочых сшыткаў, задачнікаў і г.д. Гэтая драбяза цягне сумарна шмат выдаткаў. Таму яшчэ ў мае школьныя гады тата паказаў мне дарогу на начны кніжны кірмаш у сталіцы на спарткомплексе «Дынама». Выгада там можа дасягаць прыкладна 25—30 працэнтаў.

Напрыклад, набыты там самавучыцель па англійскай мове мне абышоўся ў 5 новых рублёў. Такі ж у кнігарні побач з домам каштуе ўжо 8. А як вам зборнік твораў Морыса Леблана пра легендарнага злодзея Арсэна Люпэна за 3 рублі 50 капеек супраць аналагічнага за 6 рублёў у вышэйзгаданай кнігарні?

Але галоўны мінус начнога кірмашу ў тым, што ён працуе толькі да сярэдзіны дня ў суботу (з 00:00 да 14:00). Так што давядзецца ўстаць рана ў выхадны, каб туды патрапіць. А звычайныя кнігарні працуюць, як правіла, 6—7 дзён на тыдзень. Не вельмі зручна і тым, хто не мае аўтамабіля: проста да выставы пад'язджаюць толькі два трамвайныя маршруты, якія частымі назваць нельга. Таму да нязручнасцяў дадаюцца і перасадкі. Ды і з іншых гарадоў у сталіцу па пакупкі не наездзішся.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Без аплаты, сэр!

Дарэчы, за папяровыя кнігі зусім неабавязкова плаціць. Імі можна абменьвацца. Для гэтага ў 2001 годзе амерыканскі інтэрнэт-тэхнолаг Рон Хорнбекер заснаваў буккросінг. Гэта сацыяльны рух, блізкі да флэш-мобу. Чалавек, прачытаўшы кнігу, «вызваляе» (пакідае) яе ў грамадскім месцы для таго, каб яе мог знайсці і прачытаць іншы, зусім выпадковы кнігалюб. Той, у сваю чаргу, павінен паўтарыць гэта ж дзеянне. Для таго, каб «сачыць» за перасоўваннямі кніг, створаны спецыяльныя сайты, праз якія таксама можна ўбачыць, якія новыя кнігі дададзеныя ў «сетцы буккросінгу», дзе яны знаходзяцца на гэты момант і дзе можна знайсці так званыя бяспечныя паліцы. Апошнія — гэта месцы, у якіх за кнігамі сочаць і клапоцяцца пра тое, каб томікі шчасліва траплялі да новых чытачоў. На сёння ў буккросінгу ўдзельнічаюць больш за 1,5 мільёна чалавек па ўсім зямным шары. У нашу ж краіну гэты рух прыйшоў у 2006 годзе, і з таго часу бесперапынна развіваецца. Ну, а некалькі беларускіх буккросераў вырашылі падзяліцца з чытачамі «СГ» сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым руху.

Іван Глушак:

— Буккросінг для мяне — адзін са спосабаў здабыць даволі рэдкія асобнікі кніг. Дзякуючы гэтаму руху мая асабістая бібліятэка пастаянна папаўняецца творамі, даўно знятымі з продажу.

Ганна Кавалёва:

— Мне вельмі падабаецца сама ідэя буккросінгу. Але беларусы рэдка аддаюць на «бяспечныя паліцы» нешта вартае. Часцей за ўсё яны толькі пазбаўляюцца ад непатрэбнай ім літаратуры.

Ілья КАТУСАЎ

Шаноўныя чытачы, далучайцеся: дасылайце парады, падмацаваныя ўласным досведам. Давайце эканоміць разам!

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Хочаш танней — уставай раней, або Дзе знайсці недарагія кнігі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.