Вы тут

Самая светлая раніца


Наталля Смерцьева

нарадзілася 7 жніўня 1982 года ў гарадскім пасёлку Друя Браслаўскага раёна. У 2001 годзе стала адным з першых удзельнікаў літаратурнай суполкі  БДУКіМ «БУКЕТ». З літаратурным жыццём не заладзілася, і зараз проста жыве, калі-нікалі звяртаючыся да паэзіі і прозы. Чалавек. Грамадзянін. Жанчына. Шчаслівая жонка. Выхавацельніца шкоднай непаслухмянай коткі. Па словах Наталлі, такіх, як яна, пад небам Беларусі яшчэ шмат, але каму не марыцца аднойчы стаць Адзіным і Непаўторным? 


Самая светлая раніца

* * *

Я бы хотела после смерти жить у озера Киву в Африке. Просто сидеть привидением на берегу под баобабами и не пропустить ни одного африканского заката.

Нина Васина

Я б так хацела жыць у самай  Афрыцы,

Такой экзатычна-далёкай Афрыцы,

У краіне звар’яцелых пунсовых заходаў — Афрыцы,

Праз некалькі год пасля смерці.

Я б не адразу трапіла ў Афрыку,

Месца, дзе растуць баабабы — у Афрыку,

Дзе негры цямней за каву — у Афрыку.

Я б спачатку пайшла да таго свету.

Але ў Царстве Нябесным няма блюзу — і Афрыкі,

Няма ні бананаў, ні неграў, ні кавы — ні Афрыкі,

У Царстве Нябесным няма нават Афрыкі.

І які ж гэта рай без пяскоў і сонца?

Я б спытала ў Бога: «Дзе мая Афрыка,

Дзе заходы, дзе поўдзень, маскіты і Афрыка?»

І Ён адказаў бы: «Валі ў сваю Афрыку,

Так, у чым ёсць: без ежы і цела».

З неба звалілася ў пясок па завязку — вось Афрыка!

Ні анёлаў няма, ні Бога… Затое ёсць Афрыка!

Да чаго ж добра жыць пад небам Афрыкі

Праз некалькі гадоў пасля смерці!

 

* * *

Будь моей тенью.

Гурт «Сплин»

Буду тваім Ценем — уласным кавалачкам прыцемак,

Толькі глядзець у твае чалавечыя вочы — жудасна.

Ведаеш, Цені заўсёды адводзяць позірк,

Каб не апячыся аб вусны,

Не прытуліцца да рук,

Не прызвычаіцца,

Не звыкнуцца

Быць нечым большым, чым проста —

Ценем.

 

— Як тваё імя?

— Цень.

— Адкуль ты?

— З ніадкуль.

— Куды ідзеш?

— За табой…

Крок у крок, след у след,

Спатыкаючыся аб голас,

Які кліча —

Заглянуць,

Апячыся,

Прытуліцца,

Звыкнуцца..

 

Але:

— Як тваё імя?

— Цень.

Не варухнуцца,

Не паўтарыць твой выпадковы жэст.

Вецер адкажа,

Зоркі знямела напішуць

На небе — кроплямі:

«Хто я?»

Цень.

Цень?

Цень…

 

І я стану Ценем —

Тваім.

 

Не глядзі ў вочы —

Зацягнуць, заблукаюць, падмануць.

Не цягніся да вуснаў —

Замарозяць, волю аднімуць, здрадзяць.

Не прытуляйся да рук —

Загінеш, згінеш у нетры зямлі праз пясок —

назаўсёды, без права вяртання…

Не прывыкай да мяне —

Знікну.

Я — Цень.

 

Аскепкамі сонца разрэжаш мой твар

У пошуку маскі.

А там, пад скурай,

Колюцца промнямі тысячы маленькіх сонцаў.

Навошта было разбіваць адзінае?

 

Па лініі жыцця

Ўздоўж далоні

Ступаючы,

Выйдзеш,

Убачыш —

Стаю, спынілася.

 

— Як тваё імя?

— Цень…

І больш я не буду нічым і нікім.

І ніколі…

Ад золку да змроку,

Ад неба да неба,

З дня ў дзень.

Ценем, толькі Ценем тваім.

Назаўсёды…

 

* * *

Полымя чорнай свечкі

(счарнелай ад подыху ночы)

Прыманьвае белыя зоркі.

Летуценна-кволымі матылькамі

Злятаюцца яны да яго

І гінуць ад першага дотыку…

Збіраю іх крылы.

Шыю кашулю для неба.

 

* * *

Заплятаюць сцежкі павукі,

Заплятаюць нашы сцежкі, нашы вочы…

С. Лапароў

Ціха зоркі свецяць на зямлёю,

Вогнішча дае сваё цяпло.

Заўтра — бой. І абяцаннем болю

Прадчуванне горкае прыйшло,

Быццам ты не вернешся ніколі…

Спяць лясы, азёры і палі,

Толькі сэрца зноў бяду прарочыць,

Кажа: на абпаленай зямлі

Павукі твае зямныя вочы

Павуціннем зорным заплялі.

 

* * *

Глядзіш у свае далоні. Там кроплямі неба — зоркі.

Прыгубіш такое дзіва — да золку не сыдзе хмель.

Ты піў яго (ці не помніш?) — напой безнадзейна-горкі,

Кактэйль папалам з адчаем і пылам чужых зямель.

 

Твой плашч — ад вятроў заслона. Маланка — клінок у бітвах.

Але пад халодным небам ты ўсё ж такі быў адзін.

Чужыне ты слаў праклёны, Радзіме — шаптаў малітвы.

Нарэшце дамоў вярнуўся… На ганку расце палын.

 

Зірнуў праз пустыя рамы, схіліўся ў нямым паклоне

І зноў па шляхах Сусвету пакрочыў — вятроў лягчэй.

Не гоіцца гэта рана ні чыстай вадой з далоні,

Ні небам, бязмежна-зорным, у хвалях тваіх вачэй.

 

* * *

Надзея мая… Мая самая светлая раніца,

Я казкі пісала аскепкамі неба па сэрцы.

Ты верыш, што я не баялася небам параніцца,

А марыла толькі крыху яго сінню сагрэцца?

…Ці, можа, я новыя лекі шукала ад смерці?

 

Каханне маё… Пачуццё маё самае светлае.

Я імем тваім прарастала наскрозь, мой адзіны.

І студзеньскі горад нас радаваў фарбамі летнімі,

І вусны шапталі: «Ніколі цябе не пакіну!»

…Ці можа я проста шукала для шчасця прычыну?

 

…Дзе вера мая?

 

* * *

Ёсць ты, і ёсць я. Толькі мы. І Сусвет на дваіх.

Астатняе ўсё непатрэбнай становіцца рэччу.

Я буду чым хочаш, каб толькі кранацца тваіх

Бязмежных вачэй лёгкім подыхам вуснаў пры кожнай сустрэчы.

 

Кахаю? Цябе?

І занадта высокія словы губляюць гук.

Ёсць вечар. Ёсць мы. Што яшчэ ад жыцця мне трэба?

Калі выпіваю з любімых і цёплых рук

Глыток за глытком найпяшчотную зорнасць неба.

 

* * *

Гэты снег нагадаў мне ноч,

Срэбны позірк далёкіх зорак,

Гэты снег нагадаў мне дождж,

Светла-шэры, як летні золак.

 

Я насустрач яму — дзіця! —

Раскрываю свае далоні.

Снег зімовы ці снег жыцця

Сівізною ляжыць на скронях…

 

І калі надыдзе вясна,

Новым сонцам зямлю абудзіць,

Хтось спытаецца: «Дзе яна?

Вы яе не сустрэлі, людзі?»

 

Не сустрэлі. Квітнее сад,

Вочы п’юць прыгажосць зямную.

Толькі вецер — старэйшы брат —

Зноў па крылах маіх сумуе.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.