Вы тут

Як захаваць здароўе ў міжсезонне?


Медыкі расказалі, што неабходна мець на ўвазе, каб не дапусціць абвастрэння хранічных захворванняў вясной.


Эпідэміі грыпу няма, ёсць толькі адзінкавыя выпадкі, у тым ліку цяжкія

Дацэнт кафедры тэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей ПЯТРОЎ:

— Сезон рэспіраторных захворванняў і грыпу на самай справе працягнецца дзесьці да канца красавіка. Пасля пандэміі сезона 2009—2010 гадоў у нас не назіраецца эпідэміі грыпу. Ва многім гэта звязана з тым, што ўсе напалохаліся (не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах), і пачалася актыўная вакцынацыя. Эпідэміі грыпу няма і сёлета, але ёсць адзінкавыя выпадкі, у тым ліку такія, што цяжка працякаюць. Практыка паказвае, што пацярпелі ў першую чаргу непрышчэпленыя.

Таму калі ў верасні—кастрычніку надыдзе час чарговай вакцынацыі, не ігнаруйце яе, каб у нашым грамадстве зноў быў створаны калектыўны імунітэт. Палеміка вакол таго, што можна абысціся і без вакцынацыі, ствараецца на пустым месцы. Аргумент у тых, хто супраць, адзін — узнікаюць ускладненні. Сапраўды, яны бываюць, але вельмі рэдка. Той, хто не прышчэпліваецца, паразітуе за кошт тых, хто прышчэпліваецца. Першыя, па сутнасці, абараняюць не толькі сябе, але і іншых.

Калі надыдзе сапраўды час міжсезоння, гэта ў першую чаргу адчуюць людзі з хранічнымі захворваннямі лёгкіх — бранхіяльнай астмай і абструктыўнай хваробай лёгкіх. У першым выпадку парада адна — як мага менш кантактаваць з пылком раслін, а ў другім, калі ўдалося пазбегнуць рэспіраторных захворванняў і грыпу, можна параіць кінуць курыць.

Гуляйце на свежым паветры ўсёй сям'ёй і забудзьцеся на рэстараны хуткага харчавання

Дацэнт кафедры педыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук Алена КАЛУПАЕВА:

— Ад грыпу летась было прышчэплена каля 70 працэнтаў дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў. Таму выпадкаў грыпу рэгіструецца вельмі мала, а вось распаўсюджанасць рэспіраторнай паталогіі застаецца пакуль высокай.

Усе нашы дзеці назіраюцца ў паліклініках, штогод праходзяць агляд у педыятра, ім вызначаецца група здароўя. 1-ю групу, а сюды адносяцца абсалютна здаровыя дзеці, маюць 28 працэнтаў, 2-ю (калі ёсць невялікія функцыянальныя адхіленні ў стане здароўя, напрыклад, схільнасць да частых ВРВІ) — 58,6 працэнта, 3-я і 4-я група дзяцей з хранічнай паталогіяй — у 11,9 і 1,6 працэнтаў адпаведна. На першым месцы па распаўсюджанасці — захворванні органаў дыхання, на другім — хваробы вачэй, асабліва міяпія (блізарукасць), на трэцім — траўмы, на чацвёртым — страўнікава-кішачныя захворванні. Гастрапаталогія, дарэчы, — самая распаўсюджаная сярод хранічных, праўда, колькасць такіх хвароб крыху знізілася ў мінулым годзе ў параўнанні з 2015-м.

Вясной актуальнымі становяцца прафілактычныя мерапрыемствы для дзяцей з захворваннямі страўнікава-кішачнай і сардэчна-сасудзістай сістэм, органаў дыхання. Бацькі для папярэджвання абвастрэнняў, незалежна ад захворвання, павінны звярнуць увагу на рэжым дня і адпачынку. Неабходна дастатковае знаходжанне на свежым паветры, фізічная актыўнасць, штодзённыя прагулкі перад сном. Акрамя таго, рацыянальнае збалансаванае харчаванне. Заахвочвайце дзяцей спектаклямі і выстаўкамі, фізкультурай і спортам, а не паходамі ў рэстараны хуткага харчавання. Звярніце ўвагу і на псіхаэмацыянальны клімат у вашай сям'і і школе. Прызначце на вясну і паход да ўрача для праходжання чарговага медабследавання.

Нельга ісці супраць прыроды — біярытмы ніхто не адмяняў

Дацэнт кафедры кардыялогіі і ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Вольга ПАЎЛОВІЧ:

— Каб не хварэць, трэба жыць па правілах прыроды. Існуе нават такі кірунак у медыцыне, як хронамедыцына — яна ўлічвае розныя біярытмы. Напрыклад, сутачныя. Скажам, у хворых з артэрыяльнай гіпертэнзіяй пасля сутачнага манітарыравання можна выявіць пікі павышэння артэрыяльнага ціску і адпаведным чынам зрушыць прыём лекаў, каб дасягнуць большай эфектыўнасці. Такім чынам мы спрабуем ужо адысці ад стандартных прыёмаў тройчы на дзень — раніцай, днём і ўвечары. Калі ў пацыента атэрасклероз, яму прызначаюцца стаціны, а іх нельга прымяняць у любы час сутак. Вядома, што халестэрын у большай ступені выпрацоўваецца ноччу, а таму прэпараты гэтай групы мэтазгодна прызначаць увечары, пры гэтым у меншай дозе, каб знізіць пабочныя эфекты. Трэцяе пакаленне антыгістамінных прэпаратаў можна ўжываць адзін раз у суткі, аднак калі канкрэтна? Навука сёння ведае, што найвышэйшая канцэнтрацыя гістаміну ў крыві ўвечары, а таму менавіта ў гэты час і трэба прымаць падобныя лекі. Для зніжэння тромбаўтварэння, а яно можа прывесці і да інфаркту, той жа аспірын лепей таксама прымаць увечары. Таму што тромбы зліпаюцца менавіта бліжэй да начнога часу. А вось глюкакортыкастэроіды выпрацоўваюцца ў большай колькасці раніцай, таму і гармоны павінны прызначацца менавіта на гэты час, асабліва тым, хто ўжывае іх працягла.

Вельмі важная рэч для ўсіх — рэжым дня. Арганізму неабходна своечасова прачынацца, прымаць ежу, класціся спаць. Адмена пераходу на зімовы час мела тут вялікае значэнне. Многія пажылыя і хранічна хворыя скардзіліся ў сувязі з гэтымі пераходамі на дэзадаптацыю.

Усе нагрузкі размяркоўвайце раўнамерна і цягам дня, і цягам тыдня. Рабіце перапынкі ў рабоце, рацыянальна размяркоўвайце час працы нават у выхадныя. Дарывацца да работы на той жа дачы вельмі шкодна, аб чым сведчыць наш прафесійны тэрмін "дачны інфаркт".

Міжсезонне на нас сапраўды уплывае, у тым ліку сваім нестабільным надвор'ем. Біярытмы збіваюцца. Таму менш у гэты час сядзіце перад тэлевізарам, больш стасункаў са станоўчымі людзьмі, аранжавага колеру ў інтэр'еры. Парайцеся з урачом і адносна прыёму вітамінных комплексаў. Асцярожней трэба быць з алкаголем. Мінімальныя дозы ўздзейнічаюць станоўча ў пэўным узросце, але менавіта мінімальныя.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.