19 Жнівень, субота

Вы тут

Рахунак на сумленне


Рублі, капейкі і сапраўдная цана

Пра таксіста, які ўзяў з пасажыркі за дзесяць кіламетраў праезду больш за шэсцьдзясят рублёў і дзякуючы гэтаму зрабіўся сапраўднай зоркай інтэрнэту, я раней, чым з сеціва, даведалася па «сарафанным радыё».


Ехалі з мамай у ліфце медыцынскага цэнтра і ўголас разважалі, ці дачакаўся нас кіроўца таксі, на якім мы прыбылі сюды. Пажылая кабета, што спускалася разам з намі і была сведкай нашай гаворкі, ужо калі падыходзілі да дзвярэй, гукнула ўслед: «Не садзіцеся ў машыну, што стаіць, лепей выклічце. А то заплаціце шэсцьдзясят тры рублі! Што гэта робіцца! Зусім сорам і сумленне людзі страцілі!..»

Дадому мы даехалі без асаблівых праблем: згодна з тарыфам за сем з паловай рублёў. Па дарозе пагаварылі з таксістам пра яго калегу, які заламаў людзям такую цану — прычым не выпадкова, не памыліўшыся, а абсалютна свядома — такія ў яго расцэнкі. Аляксей, наш кіроўца, малады ўсмешлівы хлопец, галоўнага героя гэтай «сквапнай» гісторыі ніякім чынам не асуджаў, нават выказаў разуменне: маўляў, зараз і бензін дарагі, і тэхабслугоўванне. Да таго ж расцэнкі ў таго таксіста былі напісаныя, пасажырка іх бачыла (іншая справа, чаму менавіта 5,5 рубля за кіламетр? Ці не таму, што «бюджэтны» самы распаўсюджаны тарыф — 55 капеек? А многія дагэтуль у новых рублях-капейках блытаюцца...). Калі ж я спытала ў Аляксея прамым тэкстам, чаму ж ён не сыдзе ў падобны індывідуальны бізнес, калі справа, па ўсім відаць, выгадная і зусім не супрацьзаконная, хлопец толькі плячыма паціснуў: «Я лепей дзесяць рэйсаў зраблю замест аднаго, каб тыя ж грошы зарабіць. Людзі цяпер небагата жывуць, на ўсім стараюцца эканоміць. Тое ж таксі без пільнай патрэбы не выклікаюць. Браць з іх вялізныя грошы — гэта ж зусім сумлення не мець. Але тут асабістая справа кожнага...»

Я ўчора назірала, як адна бабуля таргавалася, а пасля сварылася з кабетай, што каля нашага супермаркета штучныя кветкі прадае. Як толькі цяплее, іх у нашых гарадах — процьма: перад Радаўніцай падобныя ружы ды гваздзікі вельмі хадавы тавар. Сезонны, праўда, але для гандлю даволі выгадны, бо не псуецца, і непрададзеныя рэшткі можна пакінуць і на наступны год. Што, мяркуючы па асартыменце, гандлярка і зрабіла. «Дзіцятка, у цябе ж гэтыя кветачкі па пяць тысяч за галінку былі, а цяпер ты іх па чатыры рублі прадаеш...» «Што ж вы хочаце, жыццё даражэе». «Але ж не настолькі. Гэта ж ты цану ў восем разоў павялічыла! Ці ж можна так? Сумленне ў вас ёсць?» «Бач, якая на падлік хуткая! Не хочаш — не купляй», — злосна агрызнулася кабета, нервова папраўляючы шыкоўны букет штучных півоняў, на якіх калыхаўся прылеплены напісаны ручкай цэтлік: «1 шт. 15 руб.»...

Гэта, пэўна, тыповая карціна для любога грамадства: калі надыходзяць няпростыя для ўсіх часы, знаходзяцца тыя, хто імкнецца за кошт іншых быць «у шакаладзе», апраўдваючы свае дзеянні тымі ж няпростымі часамі.

І неабавязкова парталам, праз які пачынае, як атрутны газ, выдзяляцца чалавечая сквапнасць, служыць нейкая лакальная або глабальная катастрофа. Гэта можа быць, напрыклад, дэнамінацыя з увядзеннем абсалютна новых грашовых знакаў, як у нашым выпадку. І пакуль людзі прывыкаюць да новай рэчаіснасці, да таго, што рубель — гэта не дробная манета, што атрымліваем іх ужо не мільёны, а ўсяго некалькі соцень, можна паспрабаваць «наварыць» прыбытак. Прычым спрабуюць гэта рабіць не толькі гандляры-прыватнікі, але і буйныя гандлёвыя сеткі са сваімі цэнамі ды «зніжкамі» (вы заўважылі, колькі цэннікаў апошнім часам заканчваюцца на 99 капеек?). І хто думае пра пенсіянера, для якога гэтыя 99 капеек становяцца сапраўдным шокам на касе, бо ён жа глядзеў на суму ў рублях і радаваўся, што ўдалося сэканоміць на лішні пакет малака?..

Здаецца, мы чарговы раз спрабуем перапісаць свой генетычны код, адкідаючы сумленне як непатрэбнае і нават шкоднае ў сучасных варунках паняцце. Ва ўсе часы менавіта сумленне і сорам для беларусаў былі вызначальнымі ў паводзінах.

Калі рабілі нешта, што супярэчыла няпісаным маральным нормам, — хаваліся, не выстаўлялі гэта напаказ. Чаму ж цяпер усё часцей становіцца інакш, і спекулюючы, здзіраючы з небагатых суайчыннікаў неапраўдана вялікія грошы, можна рабіць гэта адкрыта, не саромеючыся, і, калі пашанцуе, як таму таксісту, нават стаць героем дня ў інтэрнэце?..

Крызіс, скажаце? Адзін праваслаўны святар нядаўна згадаў варыянт перакладу грэчаскага слова «крызіс» — суд. На якім усе мы — адказчыкі. Найперш перад уласным сумленнем. Калі мы, вядома, яшчэ памятаем, што гэта такое.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.