Вы тут

Слабадан Вуканавіч: "Францыск Скарына - знакавае імя... "


Слабадан Вуканавіч — з тых літаратараў, якія не адзін ужо год добра сябруюць з Беларуссю. Ён паэт, празаік, перакладчык, які часта прыязджае ў Мінск, ведае іншыя гарады і паселішчы нашай краіны. Аўтар цыкла вершаў, прысвечанага Беларусі. У Мінску дзякуючы перакладчыцкім памкненням доктара філалагічных навук, прафесара, перакладчыка Івана Чароты пабачыла свет кніга яго паэтычных твораў. Даволі часта Слабадан Вуканавіч выступае ў беларускім друку з вершамі, інтэрв’ю. Зараз галоўны рэдактар чарнагорскага літаратурна-мастацкага часопіса «Quest» адказвае на нашы пытанні пра Францыска Скарыну і ролю яго постаці ў культуры не толькі Беларусі, але і ўсяго славянскага свету.

— Паважаны Слабадан, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое наша краіна збіраецца адзначыць у жніўні, — добрая нагода пагаварыць найперш пра Скарыну…

— Маё глыбокае перакананне, што і 500-годдзе, і самі многія згадкі пра Францыска Скарыну ёсць сведчанне таго, што беларусы распачалі моцную пазітыўную культурную кампанію. Асабліва за межамі Беларусі. Гэта відаць і мне, і многім маім калегам з пісьменніцкага супольніцтва Еўропы, якія кантактуюць са мною, лістуюцца праз інтэрнэт. Думаю, што ў самой Беларусі трэба менш раскідвацца словамі пра Скарыну. Ён і без гэтага для вас найперш — грунт, аснова беларускага кнігадрукавання, беларускай кнігі, вечны помнік нацыянальнай культуры.

Ужо таго, што Францыск Скарына першым выдаў усходнеславянскі пераклад Бібліі ў Празе ў 1517 — 1519 гадах, дастаткова, каб яго імя было выпісана залатымі літарамі. Выданне, масавы друк царкоўных кніг, чым ён найперш апекаваўся, узбагаціла і старажытнабеларускую мову, і беларускую культуру ўвогуле. Кніга звязала Беларусь са светам. Гэта зараз гаспадарыць над нашымі інфармацыйнымі зацікаўленнямі інтэрнэт… А тады, пяцьсот гадоў назад, кніга была ў адначассе і Міністэрствам адукацыі, і Міністэрствам культуры, ды і Міністэрствамі гісторыі, палітыкі таксама.

Кнігі Францыска Скарыны дайшлі да ўсходніх славян. У бібліятэцы Люблянскага ўніверсітэта захоўваецца скарынінская «Малая падарожная кніжка».  Дарэчы, у той самай бібліятэцы знаходзіцца і частка «Супрасльскага летапісу». Я перакананы, што пра Скарыну трэба весці гаворку якраз ва ўсёй Еўропе, ва ўсім свеце.

Вельмі важна зараз, каб уся беларуская эліта ўнесла свой складнік у прапаганду Скарыны ў свеце. Вялікі рэзананс выклікала ваша выданне «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Шкада, што праз пераклады на дзясяткі моў народаў свету выкладзены толькі адзін верш…

— Толькі што ў «Мастацкай літаратуры» пабачыла свет кніга перастварэнняў Алеся Разанава «Маем найбольшае самі». Паэт і перакладчык спрычыніўся да таго, каб вершам выкласці ўсе пасляслоўі Скарыны да біблейскіх кніг.

 — Буду рады следам за Разанавым прачытаць як паэт Скарыну ўжо па-чарнагорску.

— Знакавая падзея ў Беларусі — Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ён будзе ладзіцца ў Полацку. Вы неаднойчы ўдзельнічалі ў такіх святах…

— Дзень беларускага пісьменства — добры прыклад для ўсёй Еўропы, для ўсяго свету, як паважліва трэба ставіцца да кнігі, да слова. Прыемна, што да святкавання такога маштабу вы заўсёды запрашаеце замежных пісьменнікаў. Заўсёды рыхтуюся да выступлення на міжнародным круглым стале, які вы ладзіце ў пярэдадзень гэтага свята. Мне цікава сустракацца ў Беларусі з калегамі з розных краін свету. Так я пазнаёміўся шмат з кім з Казахстана, Таджыкістана, Расіі, Азербайджана, Арменіі… Радуюся разам з жыхарамі тых беларускіх гарадоў, дзе праводзіцца свята. Па іх размовах, па іх выглядзе бачу, якая ў вас цікавасць да кнігі, якое разуменне, што ваш народ вылучыў у планетарную прастору такога легендарнага чалавека, як Скарына. Ганарыцеся і надалей такімі набыткамі, такой духоўнай і гістарычнай уласнасцю.

Відаць, прыехаўшы ў Беларусь чарговы раз, сустрэну і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч. Даўно мару пра знаёмства з ёю. Прачытаў яе кнігі на рускай мове. Спадзяюся, што будуць яе творы перакладзены і на родную для чарнагорцаў мову. Часам яе цягнуць у палітычныя мітрэнгі… Не ведаю, наколькі гэта правільна. Ведаю іншае. На маю думку, пісьменнікі — дрэнныя палітыкі. Кожнаму, як кажуць у многіх народаў, сваё. Палітыкі кіруюцца разлікамі, як і што сказаць менавіта ў дадзены час, да гэтага іх прымушаюць многія рэчы, клопаты пра правільнасць рашэння менавіта на пэўным адрэзку часу, клопаты з разлікамі адносна барацьбы за ўладу. Пісьменнікі — людзі іншага складу. Яны сфарміраваны з пачуццяў, духоўнага кантэксту. Пісьменнік — гэта скрыпач на даху аблокаў. Такім найперш і Скарына мне бачыцца: першадрукар, паэт, асветнік, мысляр на даху аблокаў, творца, які назірае за іншымі часінамі, назірае за намі, нашымі ўчынкамі.

— А што ж вы ў такім разе скажаце пра будучыню друкаванай кнігі ўвогуле?.. Ці будуць некалі адзначаць тысячагоддзе першай друкаванай кнігі ў Беларусі, як і іншыя юбілеі кнігадрукавання ў свеце?..

— Будуць. Не сумнявайцеся ў гэтым. Хаця я, зразумела, ніякі не празарліўца. У чымсьці магу і памыляцца. Ды ўсё ж, паверце, час смерці друкаванай кнігі яшчэ не надышоў. Друкаваная кніга асабіста для мяне як пісьменніка XX стагоддзя будзе і надалей выразным сімвалам вялікай цывілізацыі. Электронная кніга прыходзіць у наш час як мабільны дадатак, як 3D-фільм і іншыя навінкі. З гэтым не паспрачаешся. Мы не можам іх прыход спыніць. Ды і не трэба гэтага рабіць. Наша справа, наш галоўны клопат — паважліва ставіцца да друкаванай кнігі, да слова, якое мы давяраем паперы. Ушаноўваць патрэбна друкаваную кнігу і ўзвышаць яе. Не толькі мы, старэйшыя аўтары, але і малодшыя за нас па ўзросце, жыццёвым досведзе пісьменнікі, — усе мы павінны кіравацца менавіта такога кшталту перакананнем. Не іначай!.. Электронная кніга — гэта толькі побыт, толькі забеспячэнне надзённых патрэб. А вось друкаваная кніга, сустрэча са словам на паперы — гэта як свята, як самая высокая ўзнагарода і самая прэстыжная прэмія. Няхай будзе зусім як у казцы: жыла-была адна вялікая Кніга з вялікай грамадой чытачоў. І любілі ўсе адзін аднаго да канца жыцця. Якое ж гэта было шыкоўнае каралеўства!..

Са святам вас, дарагія беларусы, 500-годдзя скарынаўскай кнігі!..

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Слабадан ВУКАНАВІЧ: "ФРАНЦЫСК СКАРЫНА ЗНАКАВАЕ ІМЯ... "

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».