Вы тут

Лепшыя выстаўкі сакавіка: куды варта схадзіць?


Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Што? У творчым праекце «Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра», арганізаваным Нацыянальным гістарычным музеем, Музеем Уладзіміра Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры», прадстаўлены касцюмы і эскізы сцэнічных касцюмаў Галіны Крываблоцкай і Валянціны Бартлавай з розных перыядаў існавання аднаго з найвядомейшых беларускіх асамбляў. Тут прадстаўлены шляхецкі, беларускі народны і афіцыйны касцюм з васільком. Асобнае месца займаюць джынсавы ўбор Уладзіміра Мулявіна і шэсць малюнкаў касцюмаў для канцэртаў у Амерыцы.

Дзеля чаго? Ансамбль «Песняры» — культавы для беларускай культуры. Гэты праект нагадвае пра лепшыя часы для калектыву і дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Мулявіна — выдатнага музыканта, кампазітара, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Экспазіцыя ўяўляе своеасаблівую рэтраспектыву працэсу працы над сцэнічнымі касцюмамі легендарнага ансамбля, дазваляючы прасачыць шлях ад ідэі да рэалізацыі.

Чаму ісці? На выстаўцы гледачы змогуць апынуцца ў той самай творчай атмасферы, якую шмат якія ўдзельнікі ансамбля «Песняры» дагэтуль памятаюць і шануюць. Разнастайныя касцюмы, партрэты, нотныя сшыткі — тыя складнікі жыцця, якія даюць уяўленне пра пэўны адрэзак гісторыі. Як адзначаюць арганізатары, гэты праект дапаможа публіцы адкрыць яшчэ адну старонку існавання легендарнага калектыву.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (пр. Незалежнасці, 47)

Што? Спецыяльна да вясны вядомая беларуская мастачка Ганна Сілівончык падрыхтавала цёплы і забаўляльны артпраект «Песцікі ды тычынкі», дзе раскрываецца тэма адносін людзей у самы натхняльны перыяд жыцця.

Дзеля чаго? Мужчынскае і жаночае мастачка аб’ядноўвае ў адно цэлае і атрымлівае сінтэз пачуццяў. У прадстаўленым праекце мы адчуваем, што праз усе творы пралягае нітка кахання, прыцягнення і нават эратызму. Аўтар даволі смела ў адным творы можа сумяшчаць адкрытыя сюжэты з духоўнымі складнікамі. Яна абсалютна шчыра дзеліцца з гледачом уласнымі эмоцыямі: кожны твор — жыццёвы досвед. Ёсць у мастачкі правіла: раскрыць свайго героя знутры, каб у гледача фарміравалася цікавасць не толькі да вонкавых з’яў.

Чаму ісці? Творы Ганны Сілівончык мастацтвазнаўцы называюць святочнымі. І сапраўды, яе карціны здольныя ўзняць настрой, зацікавіць тэматыкай, колеравым рашэннем. А яе іронія, лёгкая і ўзрушальная, як сцвярджае сама аўтарка, раскрывае пачуццёвы рамантызм душэўных перажыванняў. Такі праект дазваляе ў поўнай меры адчуць вясну і яе прыродны водар.

Мастацкая галерэя "DK"

Што? Выстаўка мастака-манументаліста Уладзіміра Кандрусевіча «RECYCLING» — вельмі цікавы філасофскі праект, у якім аўтар аб’ядноўвае класічны стыль і сучаснасць.

Дзеля чаго? Уладзімір Кандрусевіч разглядае чалавека і прастору. Замест палатна выкарыстоўвае іржавы метал. Піша алеем, але пэндзаль у яго руках з’яўляецца радзей, чым балгарка. Прыёмы аўтапраму выкарыстоўвае ў мастацкіх мэтах. Так, адпрацаваны матэрыял са звалкі становіцца мастацкім творам. Здаецца, метал, па сутнасці, — халодны матэрыял, але мастак імкнецца пераканаць: цяпло — у нашай душы. Калі ствараеш работу з душой, то няважна, што з’яўляецца яе асновай: металічная пласціна альбо папера.

Чаму ісці? У творчасці Уладзіміра Кандрусевіча вы зможаце знайсці адказы на самыя вечныя пытанні. Так, у многіх творах ён разважае над напружанымі ўзаемаадносінамі чалавека з горадам, над стомленасцю людзей ад быту альбо паказвае трансфармацыю грамадства: з вялікай суполкі людзей вылучае асобаў. Гэты праект — працяг папярэдніх творчых эксперыментаў, у якіх раскрываецца тэма суіснавання чалавека і соцыуму.

Мастацкая галерэя "Універсітэт культуры"

Што? Выстаўка сучасных абразоў «Апакаліпсіс» сфарміравана па выніках Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча), у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі дзяржаў, народы якіх некалі ўваходзілі ў Рэч Паспалітую: мастакі з Беларусі, Польшчы, Украіны. Выстаўка ў беларускай сталіцы праходзіць пры падтрымцы Інстытута Польшчы ў Мінску.

Дзеля чаго? Калі мастакі стваралі творы ў Навіцы, то звярталіся да тэксту кнігі «Адкрыццё святога Яна» — гэта кніга пра Боскі провід, вядзенне чалавека ці супольнасці вернікаў да дасканаласці і выратавання. Кожны мастак імкнуўся адлюстраваць традыцыі ўсходняга сакральнага жывапісу, шукаў індывідуальную форму выказвання. Сярод работ можна ўбачыць творы, што паўсталі пад уплывам як традыцыйнага, так і народнага абраза, а таксама мадэрновага, абстрактнага, мінімалістычнага мастацтва.

Чаму ісці? Майстры спрабавалі дакладна перадаць сэнс кнігі «Адкрыццё святога Іаана» і цяпер маюць патрэбу ў адзнацы. Кожны з аўтараў нясе асабістае пасланне ад Бога гледачу, заклікае памятаць нас пра сваё наканаванне.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (пр. Незалежнасці, 47)

Што? Беларускі фотамастак Валерый Вядрэнка запрашае наведаць яго персанальную выстаўку «Лошыцкі дыяруш», якая з’яўляецца вынікам шматгадовай працы. На фотаздымках аўтара адлюстравана старадаўняя Лошыцкая сядзіба, першае згадванне пра якую датуецца 1557 годам.

Дзеля чаго? У аснову канцэпцыі выстаўкі закладзена загадкавая гісторыя апошніх гаспадароў Лошыцы — Яўстафія і Ядзвігі Любанскіх, дзякуючы намаганням якіх сядзіба набыла той выгляд, што застаўся да нашых дзён. У фотаздымках прасочваецца дух шляхецкага рамантызму, дух трагедый гэтай сям’і. Кожны фотаздымак — асобны мастацка-гістарычны твор. Валерый Вядрэнка нібы стварае летапіс розных часоў, дзе былі свае прыкметныя падзеі, героі і легенды.

Чаму ісці? Валерый Вядрэнка — цудоўны фотамастак, кожны яго здымак адлюстроўвае гісторыю, праз якую глядач падыходзіць да важных, грунтоўных думак. Аўтар паглыбляе нас у атмасферу паэтычнасці, дэманструе прывабную і гарманічную прыроду, за якой — унутраная трывога. Яго творы будуць цікавы як калегам-прафесіяналам, так і тым, хто ніколі не трымаў у руках фотаапарат.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: ЛЕПШЫЯ ВЫСТАЎКІ САКАВІКА: КУДЫ ВАРТА СХАДЗІЦЬ?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.