Вы тут

Слова ў абарону крылатае душы...


Не першы раз заўважаю ў Івана Штэйнера: яго думанне пра літаратуру арыентавана на найважнейшыя пытанні быцця. Мастацкія тэксты найчасцей — толькі падстава для іх першаснай інтэрпрэтацыі. А затым — размыканне тэксту і выхад да чытацкай свядомасці з колам праблем значных і глыбокіх, заўсёды актуальных. І заўсёды — з прыкметаю добрай інтэлектуальнай правакацыі, тыпу: каму ў ХХІ стагоддзі патрэбна літаратура? у якой якасці яна патрэбна ў сучаснай атмасферы татальнай камерцыялізаванай прагматыкі? і ці патрэбна яна наогул? Вось і цяпер новая літаратуразнаўчая праца гомельскага даследчыка «Валадар над усім: канцэпт голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры» (Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2016) інтрыгуе, як вынікае з загалоўка, акурат самой змястоўнай апазіцыяй: літаратура і голад.

Гэта праўда: літаратура не надта песціць сваіх абраннікаў празмернай сытасцю і ўладжанасцю жыцця. Часцей складваецца адваротная сітуацыя. Безліч творцаў сваю ахвярную прыхільнасць слову вымушаны аплачваць вельмі нерэспектабельнымі ўмовамі існавання. Адкрываў галерэю «галодных» паэтаў яшчэ ў Антычнасці, здаецца, Архілох. Яго далонь, ускінутая насустрач жаданаму кавалачку хлеба, красамоўна пацвярджала афарызм, народжаны ў тыя ж часы і шматкротна апрабаваны пазней: нястача — сястра таленту. Многія творцы сусветнай культуры маглі б паставіць пад ім свой несамавіты подпіс. Франсуа Віён, Тарквата Таса, Поль Верлен, Цыпрыян Норвід — спіс можна бясконца доўжыць, у тым ліку і з прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Але каб вось так, наўпрост, як метафізічнае супрацьстаянне літаратуры і голаду, — чым тое не інтэлектуальная правакацыя на глыбокае засяроджанае думанне? Чаму знаны беларускі даследчык, добра вядомы праніклівымі працамі па філасофіі тварэння індывідуальнага мастацкага свету, раптам палічыў неабходным у якасці галоўнага крэатара выбраць такога нязвычнага і надта непрывабнага героя — голад? Няўжо на самай справе гэты «валадар над усім» кашчаваю сваёй рукой уладарна захапіў і моцна трымае літаратуру? І не проста безабароннае трапяткое яе цельца, а цалкам — як значны і вялікі, неабходны від чалавечай духоўнай дзейнасці (І. Штэйнер, нягледзячы на ўсю правакацыйнасць сваіх запатрабаванняў, літаратуру ўсё ж лічыць неабходнай цывілізацыйнай з’яваю)?

Як бачым, правакацыя, пачатая аўтарскім пытаннем, доўжыцца ў сустрэчных да тэксту пытаннях. Таму нас чакае іншае чытанне — такое, што звыклым паняццем акадэмічнага літаратуразнаўства не акрэсліш. Матэрыял летапісаў, хронік, дзённікаў, нататнікаў, сведчанні знаных майстроў культуры розных часоў і розных народаў і, вядома ж, шчодрае выкарыстанне вытрымак непасрэдна з твораў мастацкай літаратуры, падпарадкоўваючыся неспасцігальнай і невытлумачальнай унутранай сінергетыцы, ствараюць глыбокія сэнсы кнігі. Важкі пераканальны аргумент неабходнасці вялікай колькасці змястоўных цытат — у галоўным тэзісе: літаратура не складаецца проста з тэкстаў. Яна ведае нешта іншае і больш значнае — яна гаспадыня сутнасцяў. І цытатны бляск — гэта бляск высыпаных перад чытачом мастацкіх сведчанняў пра сутнасныя з’явы свету. А з другога боку, гэта працэс няспыннага выбудоўвання Іванам Штэйнерам уласнага інтэлектуальнага свету, у якім галоўным сцверджаннем і прысутнічае сама літаратура як каштоўнасць, а паварот праблемы ў бок голаду дазваляе, згодзімся з аўтарам, «па-новаму ўбачыць і ацаніць яе маральныя арыенціры».

 

Але разам з тым нас чакае чытанне і вельмі няпростае. Пачаўшы ланцужок разважанняў ад быкаўскага: «голад — гаспадар над усім», І. Штэйнер намагаецца стварыць вобраз такога «цара бязлітаснага», які свой цяжкі цень паклаў на ўсё ў чалавечым быцці — на фізічнае і псіхічнае самапачуванне, на мараль, этыку, на самую духоўнасць наогул, у сувязі з чым прымушаючы чалавецтва «пакутаваць без самага галоўнага стрыжня». Страшней за гэта, сцвярджае аўтар, толькі сітуацыя, «калі ад цябе адвернецца Бог». І, паміж розных іншых назіранняў, прапануе бліскучы прыклад перапрачытання ў рамане К. Чорнага «Млечны шлях» сімвалаў адрынутага ад боскасці чалавецтва. Класічная ў чорнаўскім творы сцэна пагоні жменькі галодных людзей, здзічэлых ад голаду і жахаў ваеннай людской самабойні, за жывёлінай-быком, не менш звар’яцелым ад гэтых жа жахаў, ёсць тэст выдатнага пісьменніка-гуманіста на агрэсіўнасць цывілізацыйнага «збыдлячэння». «Гэтая пагоня, — слушна падкрэслівае аўтар, — сімвал адвечных марных спадзяванняў, што рухаюць чалавецтва, якое яшчэ ой як блізка да жывёльнага стану».

Заўважым някідкую рытарычную фігуру, за якой — сутнасны паварот думкі: не «ад», а да «да». Да рызыкі быць адрынутым назад у першабытны, дацывілізацыйны стан свайго існавання. Асветніцкі праект нашага ліберальнага ўспрымання літаратуры, які прыкладна ад канца XVIII стагоддзя склаўся ў сталую антрапацэнтрычную традыцыю, напэўна, патрабуе свайго крытычнага пераасэнсавання. Уяўлялася, што літаратура — гэта трывалае, вечнае і незнікальнае, што яна — лепшы «падручнік», назаўжды падараваны чалавецтву для яго вялікага паходу праз гісторыю. А аказалася не ўсё так надзейна і адназначна. І вось ужо не паасобныя каштоўнасці, а наогул хісткасць, нават нейкая безабароннасць культуры цалкам перад агрэсіўнай сілаю «цара бязлітаснага» трывожна і папераджальна апелююць да нашай увагі, і гэткае апеляванне, бадай, складае асноўную праблемную сутнасць кнігі.

З разважанняў І. Штэйнера высвятляецца, напрыклад, што лірыка Марыны Цвятаевай скрозь са слядамі голаду: «галодная паэтэса … стварае галодныя вершы». Як паяднаць тое з прызнаннем, што «душа родилась крылатой»? Леў Талстой, якому голад істотна не пагражаў, наадварот, намерваўся напісаць кнігу пра «жраньё» як татальную праяву чалавечага марнатраўства. Сытым і галодным цесна разам — гэта ўжо сцвярджае амерыканскі пісьменнік Джон Стэйнбек. «Хлеб збліжае з нябёсамі і Богам», — моцны і незаглушаны вякамі пра-голас паганскага светаадчування кранаецца нашага слыху з вуснаў Уладзіслава Сыракомлі. А пазнейшаму класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю нават сам творчы працэс мог мысліцца цалкам «гастранамічна».

Два станы свету, убачаныя з глыбіняў супрацьстаяння двух вызначальных пачаткаў — хлеба штодзённага і хлеба духоўнага, — дзіўным чынам выбудоўваюць увесь сэнсавы ланцужок гэтага, шмат у чым нязвычнага, чытання. Выпрабаванне «крылатай душы» і душы бяскрылай прынадным акрайцам хлеба па-свойму пераналаджвае маштаб успрыняцця духоўна-этычнага свету, звыкла пабудаваны літаратурай. Звыкласць адыходзіць і знікае ў сумненнях. Цяпер усё нібыта не так: і свет, і літаратура — знаёмыя і незнаёмыя адначасова. Адно ёсць барацьба з другім. Вялікая кніга быцця і вялікая кніга літаратуры на сваіх тытульных разваротах пакідаюць сляды гэтай барацьбы невынішчальным знакам вечнай супярэчнасці паміж памкненнямі чалавека ў бязмерныя высі духу і прымітыўна-пачварнай прыземленасцю ў людской прыродзе. Канфлікт гэты сталы, і крылатай душы, духоўнаўзвышанаму вельмі няпроста супрацьстаяць узмыленаму вершніку галадарнага апакаліпсіса. Акурат такому, які рашучым пагрозлівым жэстам нямога пытання гіпнатычна ўзіраецца ў нас з вокладкі кнігі Івана Штэйнера.

Грозны чорны вершнік, падказвае гомельскі даследчык, неадступна палюе за намі, за вякамі складзенай формулай: вялікая літаратура заўсёды ведала цану голаду і нават з яго вырастала — як супрацьстаянне прымітыўнасці і як абагаўленне велічы. Літаратура і голад суседнічалі заўсёды: fames atrium magister (голад — настаўнік мастацтваў). «Паводле кулінарных схільнасцяў літаратуры, — сцвярджае Іван Штэйнер, — можна смела казаць пра стан народа, якому яна належыць». Ды штосьці ў гэтай вядомай залежнасці перастае спрацоўваць. Бо вось жа: «Сёння тэлебачанне запоўнена праграмамі, дзе зоркі і тыя, хто лічыць сябе імі, паказваюць, як трэба варыць есці. Прычым настолькі масава, што калі раней ежа была прыдаткам да гаворкі пра літаратуру, то цяпер сталася зусім наадварот. І вось ужо ва ўсім свеце складана знайсці буйны горад, дзе не быў бы рэалізаваны модны праект “Кніга + кава”». Літаратура апынулася пад татальным прэсам сучаснай камерцыялізаванай свядомасці, своеасаблівай «эмоцыяй на продаж». Падобна, і сам аўтар не схільны давяраць праўдзівасці вынайдзенай формулы ды цешыцца яе фінальнай горычы. Тым не менш выдае на тое, што сёння пункт цывілізацыйнай раўнавагі бліжэй да крыватварай грымасы прагматычнага дзелавога інстынкту, чым да той літаратуры, якая па традыцыі сціпла і някідка ўсё яшчэ нясе людству сваё хваравітае сумленне. «Ці вытрымае яна?» — вось пытанне, з якім перагортваеш апошнюю старонку кнігі.

Так, гэта вельмі нязвычнае літаратуразнаўства. Апелюе яно не столькі да саміх мастацкіх твораў, колькі да глыбінных сэнсаў, у якіх змест гэтых твораў мае першапачатковае надзейнае апірышча. Чалавеку ўсё ж найбольш цікавым застаецца сам чалавек. Не кароткая ад сваёй устаноўкі на часовую экзатычнасць дэструкцыя, не «трансгрэсія», не так званая канцэптуальна абвешчаная «смерць» аўтара ці чытача, а сам чалавек — з яго калючымі і непрычасанымі праблемамі. Таму і думаецца, што калі ў беларускім літаратуразнаўстве з’яўляюцца працы, дзе адбываецца глыбокае сутнаснае выбудоўванне інтэлектуальнага свету, дзе гэты свет не сімуляцыя, а натуральны працяг у літаратуры анталагічных экзістэнцыйных імператываў, то верыцца і ў надзённы, прывабна станоўчы, сутнасны зрух самога літаратурнага самапачування. Творыцца нешта падобнае да таго, што ў заходняй эстэтыцы прызнаецца за феномен «літаратурнай тэорыі». Гэта — калі крытычнаму асэнсаванню падлягаюць самі ключавыя быццёвыя паняцці, што скранулі з мёртвай кропкі глыбу чалавечых каштоўнасцяў і праз літаратуру абазначылі неабходнасць прызнання іх за рэальныя каштоўнасці духу. А разам з тым — указалі і на працэс іх нараджэння і на напрамак руху, прыдаўшы так неабходны прысмак эстэтычна адчутых сэнсаў.

 У выпадку з кнігай Івана Штэйнера яно — так.

Ігар ЖУК

Дарэчы: Многія выказванні прафесара Івана Штэйнера гучаць правакацыйна. Нягледзечы на тое, што ўсе высновы знакаміты літаратуразнаўца пацвярджае цытатамі з даследчых прац у розных навуковых галінах, усё адно ўзнікае жаданне падыскутаваць. Відаць, найбольш спрэчна гучыць наступны тэзіс: «Голад аказаў вялікі ўплыў на аблічча літаратуры ўвогуле і беларускай літаратуры ў прыватнасці, якой у значнай ступені якраз і не хапала кавалачка мяса, каб сцвердзіцца да канца». Ці згодныя з гэтай высновай сучасныя беларускія аўтары, якіх так шырока цытуе ў сваёй новай кнізе І. Штэйнер: Георгій Марчук, Валеры Гапееў, Анатоль Казлоў, Мікола Чарняўскі, Пятро Васючэнка, Андрэй Федарэнка?.. Запрашаем да палемікі.

Загаловак у газеце: Слова ў абарону крылатае душы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».