Вы тут

Каб пакінуць свой след на зямлі


Калісьці, на зары сваёй літаратурнай дзейнасці, малады журналіст Мікола Панасюк прызнаваўся:

Не выдаў я пакуль што кніжкі,

Але, паверце, не журуся:

Кладу пакосы, нібы нізкі,

На лузе росным Беларусі.

Пішу за вёскаю — плугамі,

Пішу у чэрвені — касою.

Лугі мне дзякуюць стагамі

І пояць чыстаю расою...

Але час не стаіць на месцы, ды і людзі не сядзяць, склаўшы рукі, а тым больш, калі абралі для сябе прафесію журналіста. Мікола, а потым і Мікола Васілевіч, нібы той пералётны птах, заўсёды знаходзіўся ў руху, вечна некуды ляцеў, спяшаўся, тварыў. У выніку сёння ў творчай бібліяграфічнай скарбонцы гэтага адоранага рупліўца і паэзія, і дакументалістыка, і публіцыстыка. Паэтычны зборнік «Крык немаўляці» перавыдаваўся, напрыклад, дзевяць разоў! Героямі твораў Міколы Панасюка сталі знакаміты беларускі кампазітар Ігар Лучанок, выдатны аграрнік Аляксей Скакун, літаратуразнаўца, прафесар Уладзімір Калеснік... Ды што там зямляне, — да касманаўтаў (Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага, Аляксея Лявонава ды іншых) Мікола Васілевіч таксама дабраўся! Двойчы Герою Савецкага Саюза Пятру Клімуку нават кнігу прысвяціў «Арыенцір — сузор'е Арыён», якая, дарэчы, перакладзена на рускую мову...

Мімаволі задумваешся: адкуль у гэтага хлопчыка з хутара столькі цікавасці і спагады да людзей, столькі гонару за іх дасягненні, столькі кіпучай энергіі і любові да жыцця?

Адказ відавочны: ды з глыбіні ягонай душы, з жадання пакінуць след на зямлі, прымусіць чытача задумацца над сэнсам і законамі жыцця, аддзячыць нябеснаму Творцу за яго вялікую ласку і міласць.

...Надоечы пісьменніку-дакументалісту, былому звяздоўцу споўнілася 70. Ужо... І яшчэ... Ва ўсякім разе блізкія Міколы Васілевіча, яго калегі і чытачы, прыхільнікі таленту шчыра жадалі юбіляру моцнага здароўя, доўгага веку, новых поспехаў на літаратурнай ніве і новых узнагарод за нялёгкую творчую працу!

Надзея ПАРЧУК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі,

г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.