Вы тут

Праект MOVABOX прадставіў кнігу Андруся Горвата ў Купалаўскім тэатры


Пачаўся заключны чацвёрты этап падарожжа па беларускім кніжным свеце з ініцыятывай MOVABOX. Ужо праз пяць тыдняў высветліцца, ці змянілася ўспрыманне сучаснай беларускай літаратуры праз рэалізацыю праекта.


Удзельнікамі ініцыятывы кампаніі velcom, скіраванай на папулярызацыю беларускай літаратуры, ужо сталі Людміла Рублеўская, Альгерд Бахарэвіч і Віктар Жыбуль. Гэтым разам праект звярнуў увагу чытачоў на кнігу маладога беларускага пісьменніка Андруся Горвата «Радзіва «Прудок».

Прэзентацыя заключнага этапу праекта прайшла на незвычайнай пляцоўцы: MOVABOX упершыню патрапіў у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Як высветлілася падчас імпрэзы, тэатр шчыльна звязаны з біяграфіяй Андруся Горвата. Спадар Андрусь у свой час пажадаў ачышчаць наваколле ад бруду, зусім як герой апавядання Міхаіла Велера «Хачу быць дворнікам». Захацеў — і стаў: уладкаваўся прыбіраць тэрыторыю Купалаўскага тэатра. Наведвальнікі імпрэзы ў прамым сэнсе прайшлі з пісьменнікам яго шлях: артысты Купалаўскага зладзілі падарожжа па тэатры і па кнізе, падчас якога дэкламавалі вытрымкі з «Радзіва «Прудок» і паказвалі этапы тэатральнага існавання творцы ад уладкавання на работу ў аддзеле кадраў да знаёмства з новым дворнікам. Галоўным героем дзеяння быў сам Андрусь Горват. Ён паўставаў перад аўдыторыяй і як голас з рэтрарадыёпрыёмніка, і як касманаўт на сцэне Купалаўскага, і як дворнік у спяцоўцы.

«Радзіва «Прудок» — кніга-дзённік, дзе занатаваны аўтарскія пошукі натхнення і жыццёвага сэнсу. Пісьменнік не пабаяўся эксперыментаваць: пасля работы дворнікам з'ехаў з горада ў вёску Прудок, пасяліўся ў старой дзедавай хаце і пачаў па драбінках намацваць шлях да самога сябе. Каб убачыць, як гэта ў яго атрымалася, трэба прачытаць кнігу. Каб пачаць асабістыя пошукі месца на планеце, дастаткова зайсці на афіцыйны сайт movabox.by і прайсці тэст, які прапануюць арганізатары праекта. На шляху да ўнутранага Космасу кожны наведвальнік сайта атрымае персанальную падказку ад Андруся Горвата, а 20 шчасліўчыкаў выйграюць калекцыйны набор MOVABOX.

Артэфакты ў новай скрынцы MOVABOX, на думку аўтара, утрымліваюць ключ не толькі да разумення кнігі, але і да асэнсавання жыцця, унутранага стану чалавека. Пакецік з насеннем касмеі, кветкі з сімвалічна-касмічнай назвай, увасабляе сапраўдны цуд: у маленькім схавана вялікае, бо з зярнятка паўстане расліна, новае жыццё; плітка шакаладу ды керамічны кубак нагадаюць пра дробязі, без якіх немагчыма ўявіць шчасце; маленькія драўляныя дзэн-граблі прычэшуць непаслухмяныя думкі; свістулька-каза і прабірка з пахамі вясковага шчасця вернуць у дзяцінства; нарэшце, слоік нязвыклага варэння з цыбулі як вырашэнне ўсіх праблем. «У любой незразумелай сітуацыі вары варэнне», — падказвае Андрусь Горват.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: У пошуках Космасу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.