Вы тут

Цэнтр сучасных мастацтваў адкрыў пікантную выставу Ганны Сілівончык


Непрытоены эратызм і рамантызм чалавечых стасункаў

У момант, калі мы прагнем адчуць вясну і пачуццёвыя прыгоды, якія яна нам абяцае, Цэнтр сучасных мастацтваў адкрыў пікантную выставу адной з найцікавейшых сучасных беларускіх мастачак Ганны Сілівончык.


У сваёй манеры — з вельмі прыгожымі колерамі, прапісанымі дэталямі, метафарычнасцю выявы — яна прадставіла цэлую серыю палотнаў, на якіх чалавек і прырода пранікаюць адно ў аднаго і становяцца дзіўным наватворам. Дзе адгукаюцца позывы цеплыні, адчуваецца імкненне да аднаўлення, эмоцый і асалоды, бачыцца тонкае апеляванне да інтымных бакоў жыцця. Гэта ўвасобілася ў выставе пад назвай «Тычынкі і песцікі», дзе хапае пакручастых, узорыстых, усюдыісных раслін, якія ўтрымліваюць матывы квітнення і аднаўлення. Экспазіцыя ў будынку Цэнтра сучасных мастацтваў, што на праспекце Незалежнасці, будзе доўжыцца да сярэдзіны наступнага месяца.

Назва, метафары, выявы адсылаюць, зразумела, да рэпрадуктыўнай сістэмы, але ж гэтым, на шчасце, сэнсы не абмяжоўваюцца. Можна ўпадабаць няхітрую радасць і дзёрзкую фантазію карціны «Вясенні суботнік», дзе людзі ў халатах, камбінезонах і світарах паводле амаль дзіцячага дапушчэння — усёмагутныя. Голымі рукамі яны ўздзейнічаюць на прыродныя працэсы: вешаюць сонейка, выпускаюць з клеткі птушак, садзяць дрэвы, малююць аблокі фарбай вядомага беларускага вытворцы. Можна аказацца сам-насам з іроніяй над пэўнага кшталту дыспазіцыяй у сям'і: палатно называецца «Догляд хатніх раслін», дзе расліны і мужчына — адно і тое ж. Ён ляжыць, а жанчыны паліваюць яго, стрыгуць і цалуюць. Нарэшце, можна знайсці шчырую, па-мастацку тонкую работу «Садовыя нажніцы», дзе вобраз чалавека ўвасабляецца ў інструменце, дзве часткі якога ўяўляюць сабой мужчыну і жанчыну ў пэўных стасунках.

«Натуральныя жыццёвыя цыклы ў іх чыстым, абсалютным значэнні. Адкрыты эратызм. Смелая, на мяжы эпатажнага разбурэння «табу», іронія над сацыяльнымі ролямі і абмежаваннямі. І, вядома, пачуццёвы рамантызм душэўных перажыванняў», — паводле мастацтвазнаўцаў, усё ўмяшчаецца ў выставу.

Так што экспазіцыя «Тычынкі і песцікі» вельмі прыгожа, метафарычна і вобразна адгукаецца на фізіялагічныя працэсы палавога размнажэння, і не толькі ў раслін. Выстава здольная прыцягнуць наведвальнікаў, хоць бы па тым, як палотны Ганны Сілівончык, з іх багатым і фантастычным раслінным светам, напрамую пераклікаюцца з гэтай парой года. Не кажучы ўжо пра імя самой мастачкі, для пазнавальнага стылю якой у беларускай і не толькі прасторы ўжо замацаванае асобнае месца. Карціны аўтаркі захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Італіі, ЗША, Францыі, Польшчы, Японіі і іншых краін, у фондах музеяў у Беларусі, Расіі і ЗША. За плячыма ў Ганны Сілівончык бясконцая колькасць удзелу ў выставах і арганізацыі 27 прыватных экспазіцый у краіне і па-за яе межамі.

«Тычынкі і песцікі» — чарговая магчымасць прыгледзецца да дэтальна прапрацаваных палотнаў Ганны Сілівончык і знайсці ў іх аналогіі і сімвалы, нарэшце, паглядзець на крыху апошленую сучасным кантэкстам тэму праз прыгожае вытанчанае ўвасабленне. Таму што і насамрэч гэта прыгожа і вытанчана.

Соф'я КІСЯЛЁВА 

Загаловак у газеце: Не Зусім нявінная вясна

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Што мы купляем праз інтэрнэт, і чаму айчынны гандаль у сеціве прайграе

Электронны гандаль у нашай краіне працягвае расці. 

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.