Вы тут

На канале АНТ адбылася прэзентацыя кінакарціны «Народжаныя двойчы»


Прэзентацыя карціны адбылася на канале АНТ у дзень Праведнікаў народаў свету. Так называюць людзей, якія ў гады Другой сусветнай вайны не засталіся абыякавымі да бяды яўрэйскага народа і, рызыкуючы ўласнымі жыццямі і лёсам сваіх блізкіх, рабілі ўсё магчымае для яго выратавання.


Кад­р з філь­ма.

«Народжаныя двойчы» — ужо трэцяя, заключная, частка цыкла «Хроніка мінскага гета». Гэтым разам аўтары пашырылі тэму, распавядаючы гісторыі яўрэяў і сем'яў, якія ім дапамагалі, не толькі з Мінска, але і з усёй Беларусі. Матэрыял для фільма збіралі па ўсім свеце, значная частка інфармацыі была атрымана ў Ізраілі і Аргенціне.

Ганаровы тытул Праведніка прысвойвае Ізраільскі інстытут катастрофы і гераізму на даволі суровых умовах: неабходныя асабістыя сведчанні тых, каму дапамаглі, ці дакументальныя доказы і, акрамя таго, павінны быць дакладныя звесткі, што чалавек сапраўды рызыкаваў жыццём, не маючы пры гэтым карыслівых мэт. У гонар кожнага прызнанага Праведніка праводзіцца цырымонія ўзнагароджання, дзе яму або аго нашчадкам уручаюцца сертыфікат і імянны медаль, на якім выгравіраваны словы з Талмуда «Хто ратуе адно жыццё — ратуе ўвесь свет». Таксама ў яго гонар садзіцца дрэва на Алеі Праведнікаў, а яго імя заносіцца на сцяну Музея катастрофы ў Ерусаліме «Яд ва-Шэм».

Цяпер у беларускім спісе Праведнікаў 794 імені. Падчас прэм'еры фільма быў паказаны відэаролік, у якім згадваўся кожны з іх. У савецкі час не прынята было расказваць гісторыі асабістага гераізму ў такім кантэксце, таму значная частка звестак не ацалела. Аднак творчай групе «Майстэрня Уладзіміра Бокуна», якая каля чатырох гадоў працавала над стварэннем трылогіі, удалося раскрыць многія невядомыя раней факты.

У фільме расказваюцца гісторыі сем'яў, якія дапамагалі сваім сябрам, суседзям і нават абсалютна незнаёмым людзям. Лёсы выратавальнікаў вельмі розныя: ад простых сялян да кіраўнікоў сістэмы дзіцячых выхаваўчых устаноў. Гэта пры тым, што пакаранне пагражала не толькі самім памочнікам і іх сем'ям, але і цэлым населеным пунктам: нярэдкія выпадкі, калі за ўкрывальніцтва яўрэяў спальвалі цэлыя вёскі.

Як адзначыў аўтар сцэнарыя цыкла Барыс ГЕРСТЭН, работнікі групы кожны факт, кожную гераічную і трагічную гісторыю прапускалі праз сябе. Магчыма, менавіта таму жыццё само ўносіла карэктывы ў сцэнарый. Падчас візіту ў Аргенціну сцэнарыст выпадкова на мемарыяльным комплексе заўважыў беларускае прозвішча. Гэта дало яшчэ адзін віток развіццю фільма.

Аднак, па словах Барыса Герстэна, гэта яшчэ далёка не канец працы.

Думку працягнуў Уладзімір БОКУН, які заўважыў, што ёсць ідэя, ужо па-за межамі цыкла, зрабіць фільм пра так званае мінскае зондэр-гета, куды звозілі яўрэяў з усёй Еўропы. Ім абяцалі, што яны будуць засяляць новыя землі, нават выдавалі дакументы, аднак адзінае, што яны знаходзілі тут, — смерць. Пра гэты пласт гісторыі вядома не так шмат.

На прэм'еры карціны «Народжаныя двойчы» прысутнічалі прадстаўнікі Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, дыпламаты з Ізраіля, Германіі і Польшчы, самі Праведнікі народаў свету, іх родныя і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Народжаныя двойчы»: дакументальны фільм-прысвячэнне тым, хто дапамагаў яўрэям у часы Халакосту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.