Вы тут

У Мінску адкрылася інтэрактыўная выстава і Акадэмія джадаеў


Сысціся ў бойцы на лазерных мячах з Дартам Вейдэрам, пабываць у лядовай імперыі Джабы Хат і стаць сапраўдным джадаем цяпер можна і ў Беларусі. Сапраўдныя прыхільнікі культавага фільму "Зорныя войны" цяпер могуць сустрэцца з героямі сагі ў рэальным жыцці на інтэрактыўнай выставе ў гандлёвым цэнтры ALL.


Яе арганізатары ўпэўнены, што такая задума прыйдзецца да спадобы і маленькім, і дарослым фанатам кінаэпапеі. Залы агульнай плошчай 300 м2 падзелены на відовішчныя пакоі, выкананыя адпаведна канонам фантастычнага эпасу. Тут ёсць пакой светлай сілы, дзе збіраеца джадайскі савет і на сценах намаляваны крэслы з адпаведнымі героямі. Пакой цёмнай сілы, дзе флюарэсцэнтнымі фарбамі наведзены адпаведны антураж. Лядовы пакой са скульптурамі злодзея Джабы Хата і яго прыхільнікаў. Самы вялікі — пакой касмічных баталій з касмалётамі і сцэнамі з бітваў, дзе будуць займацца абітурыенты Акадэміі джадаеў.

— Мы стараліся падысці да стварэння крэатыўна і нестандартна. Такога ў Беларусі дакладна яшчэ не рабілі. На імперыю слізняка Джабы Хат пайшло восем тон лёду. У зале са скульптурамі сам Джаба Хат весам 2,5 тоны, і такія вядомыя персанажы, як Чубака, C-3PO, Хан Сола, — расказала мастацкі кіраўнік выставы Вольга ЦІШКЕВІЧ. — Іх зрабілі ўмельцы студыі лядовага мастацтва NICE, якія і з’яўляюцца арганізатарамі выставы.

Ва ўнікальную для Беларусі Акадэмію джадаеў, дарэчы, можа паступіць кожны жадаючы. Абітурыенту любога ўзросту выдадуць меч і спецыяльны плашч-накідку, навучаць майстэрству паядынкаў, тэхніцы фехтавання лазернымі мячамі і харэаграфіі батальных сцэн з эпізодаў фільма. А ўсе выпускнікі атрымаюць сертыфікаты аб завяршэнні абучэння, стануць сапраўднымі джадаямі і будуць змагацца з цёмнымі сіламі.

Літаральна на маіх вачах некалькі дзетак-абітурыентаў з юнлінгаў (людзей, якія толькі пачынаюць пазнаваць сутнасць рэчаў) прайшлі пасвячэнне і сталі падаванамі (вучнямі з уласным настаўнікам, які трэніруе іх па ўласнай праграме). Нягледзячы на страшэнны выгляд і памеры ворагаў, малыя з вялікім задавальненнем змагаліся з самім Дартам Вейдэрам, адпрацоўваючы ў бойцы тэхніку валодання мячом, якой іх навучыў джадай Люк Скайвокер. А неўзабавае яны атрымалі памятны сертыфікат міжгалактычнай Акадэміі джадаеў і былі прынятыя ў Ордэн джадаеў.

Усе персанажы ў цудоўных касцюмах — рабяты з мінскага клуба фанатаў Зорных войнаў, якія з імпэтам гралі свае ролі і займалі малых, натуральна ўвайшоўшы ў свае ролі. Думаецца, з такімі памочнікамі на выставе сапраўды будзе цікава ўсёй сям’і, як і мяркуюць арганізатары. Да таго ж дзіця тут можна пакінуць на 50 хвілін і аднаго — столькі часу патрабуецца, каб скончыць Акадэмію джадаеў.

Выстава будзе працаваць некалькі месяцаў штодня з 10 раніцы да 10 вечара. Яе наведванне абыдзецца ў 5 рублёў. Тыя ж, хто не захоча вучыцца ў Акадэміі, змогуць проста пахадзіць па залах выставы і паглядзець на экспанаты. Арганізатары мяркуюць, што ў найбліжэйшы час па выхадных пачнуцца і тэматычныя прадстаўленні з аўтэнтычнымі аніматарамі-акцёрамі. Прынамсі гэта будуць сеансы інтэнсіўнага навучання (па 30 хвілін) з большай колькасцю персанажаў, якія стануць адбывацца ў суботу і нядзелю з 12 да 14 гадзін. Магчыма, да заняткаў будуць дабаўляцца і пастаноўкі сцэн з фільму для самых маленькіх наведвальнікаў выстаўкі.

— Сусвет "Зорных войнаў" вельмі вялікі, у ім застаецца яшчэ шмат цікавага для вывучэння. Гэта цэлая філасофія, у якой спаборнічаюць светлы і цёмны бакі. На нашай выставе фанаты кінаэпапеі могуць цалкам паглыбіцца ў фантастычны свет, і ў гэтым я бачу вялікі патэнцыял, — кажа Вольга. — Сучасным людзям ужо недастаткова проста прыйсці ў кінатэатр ці на традыцыйную выставу, іх гэта не здзіўляе. Ім патрэбны інтэрактыў, і мы даём ім такую магчымасць.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?