Вы тут

Галоўным для ветэранаў з'яўляецца знак увагі тых, хто побач


Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў — адна з найбуйнейшых, вядучых і аўтарытэтных грамадскіх арганізацый краіны — неўзабаве адзначыць сваё 30-годдзе. У яго шэрагах — каля 2,6 мільёна чалавек (амаль чвэрць насельніцтва Беларусі!). З іх крыху больш чым 10 тысяч — ветэраны Вялікай Айчыннай.


Чым жывуць сёння ўдзельнікі самай жудаснай вайны ў гісторыі чалавецтва, якія праблемы хвалююць ветэранаў нашай краіны, расказаў старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў генерал-маёр запасу Іван ГАРДЗЕЙЧЫК.

— З кожным годам удзельнікаў бітвы пад Масквой, падзей пад Сталінградам і на Курскай дузе, вызвалення Беларусі, іншых краін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама штурму Берліна становіцца ўсё менш... Колькі гадоў сёння самаму малодшаму з пакалення пераможцаў?

— На жаль, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны сыходзяць... Сёння самаму маладому ўдзельніку тых падзей — 92 гады. Уявіце сабе гэтых людзей, якія рызыкавалі сваімі жыццямі дзеля таго, каб мы жылі пад мірным небам і ясным сонцам. Актыўных сярод іх — адзінкі.

Але не зусім правільна было б казаць, што ветэранскія шэрагі радзеюць. Аб'яднанне папаўняецца за кошт ветэранаў працы, сілавых структур. Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яны ўліваюцца ў нашы шэрагі і актыўна прымаюць удзел у жыцці арганізацыі. У першую чаргу, займаюцца выхаваннем падрастаючага пакалення. Сярод нас шмат людзей, з якіх варта браць прыклад: два Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, кавалеры ордэна Працоўнай Славы... Людзі, якія сваёй самаадданай працай аднаўлялі гарады і вёскі з попелу і руін, таксама заслужылі, каб да іх ставіліся як да сапраўдных патрыётаў нашай дзяржавы.

— Іван Аркадзевіч, 30 гадоў таму аб'яднанне было створана ў першую чаргу з мэтай абараніць правы ветэранаў, а калі трэба, то дапамагчы ім і рублём...

— Асаблівая ўвага ў гэтым плане ўдзяляецца адзінокім людзям. Дапамагаем вырашаць пытанні па іх лячэнні, на зімовы перыяд забяспечваем прытулкам у спецыяльных цэнтрах. Больш за ўсё ўзнікае пытанняў жыццёвых. Увосень, асабліва гэта актуальна для сельскай мясцовасці, прадстаўнікі мясцовай улады кантралююць падрыхтоўку ветэранаў да зімы. Ідуць да іх разам з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія правяраюць спраўнасць печы, стан праводкі. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам сярод нашых шэрагаў усё менш становіцца пагарэльцаў. Толькі галоўнае для ветэрана — знак увагі. Часам ён звяртаецца да цябе быццам бы з праблемай. Ты з чалавекам пагаварыў, у выніку робіш выснову, што ніякай праблемы і не было. Аказваецца, ветэрану неабходна, каб яго проста нехта выслухаў.

— Вы шмат ездзіце па краіне і на свае вочы бачыце, як працуюць ветэранскія арганізацыі ў рэгіёнах. Што хвалюе ветэранаў на месцах?

— Не так даўно быў у Крычаве і скажу, што мацнейшай раённай ветэранскай арганізацыі, напэўна, пакуль няма: кожны чалавек на ўліку, вельмі актыўныя лідары, якія трымаюцца адзін за аднаго. А праблемы ўсюды аднолькавыя. Асабліва ў адзінокіх ветэранаў. Чым можам, тым і дапамагаем. У сельскай мясцовасці гэта адбываецца больш адрасна. Выдатна працуюць валанцёры, не застаюцца ў баку і піянеры, моладзь БРСМ — яны лічаць за гонар дапамагчы ветэранам. Наводзяць парадак у падсобнай гаспадарцы, у садзе, прыбіраюць у хаце, ходзяць па прадукты, калі неабходна, прынясуць вады, дроў... Сёння гэта той клопат, які патрэбны ветэранам. Хоць многім не трэба і гэтага. Паўтаруся, людзям даражэй тое, што чалавек прыйшоў і пагаварыў з імі.

А які гонар удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны адчуваюць, калі на іх хаце з'яўляецца таблічка «Тут жыве ветэран». У вёсцы гэта ўвогуле маштабная падзея! У свой час гэта было ўпушчана. І дарэмна. Калі яшчэ ў сельскай мясцовасці адзін аднаго ведае, то ў гарадах варта і нагадаць некаторым суседзям, што побач з ім жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

— Помню, як удзельнікі тых падзей расказвалі нам, школьнікам, пра вайну. Дзякуючы сучасным тэхналогіям у падлеткаў стала больш магчымасцяў пазнаёміцца са сваёй гісторыяй...

— Сёння трэба больш гаварыць на ўсіх узроўнях пра вайну, любую вайну, якая прынесла шмат гора. Часцей казаць пра салдат Вялікай Айчыннай, якія цаной свайго жыцця перамаглі фашызм. Праўдзівую гісторыю павінны ведаць усе — дзеля таго, каб у нас была светлая будучыня. Ды і ніякі камп'ютар не заменіць жывой гутаркі. Таму пакуль больш-менш дазваляе здароўе, ветэраны сустракаюцца са школьнікамі і студэнтамі. Прычым іх ніхто не прымушае ісці ў школы, універсітэты, працоўныя калектывы. Але яны ідуць і нясуць самыя добрыя зерні дзеля таго, каб наша моладзь убірала, як губка, усё самае лепшае, што звязана з сумленнасцю і прыстойнасцю. Сёння няма такога хлопчыка, які б з зайздрасцю не глядзеў на ветэрана, увешанага ордэнамі і медалямі. А калі ён яшчэ пачынае гаварыць і расказваць аб тых выпрабаваннях, якія перанёс, ніхто не застаецца абыякавым. Ці калі дзеці вайны распавядаюць падлеткам, як яны ў іх узросце хадзілі за канём і сеялі хлеб. Сучасныя дзеці нават уявіць не могуць, што такое можа быць.

— Як узаемадзейнічаеце з ветэранскімі арганізацыямі іншых краін?

— У нас падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з ветэранскімі арганізацыямі Расіі, Украіны і Малдовы. Мы часта абменьваемся з калегамі меркаваннямі, дапамагаем у пошуку загінулых родных, якія пахаваны на беларускай зямлі. Лідары ветэранскага руху Украіны па-добраму зайздросцяць нам. А ў першую чаргу таму, што ў нас мірна і спакойна. Наведваючы пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, яны ўражаны тым, у якім стане ў Беларусі знаходзяцца помнікі і магілы. У некаторых нашых суседзяў, наадварот, знішчаюць гістарычную памяць цэлага народа. Асабліва пакутуюць у гэтым плане прыбалтыйскія краіны. Часта даводзіцца чуць, што ні ў адной краіне былога Савецкага Саюза няма такога трапяткога стаўлення да ветэранаў Вялікай Айчыннай, як у Беларусі. Асабіста я нават уявіць не магу, калі сыдзе апошні ўдзельнік тых падзей... Але відавочна, што годнымі прадаўжальнікамі іх слаўных баявых традыцый сёння з'яўляюцца воіны-афганцы. Гэта людзі, якія не па чутках ведаюць, што такое вайна, а таксама мір і спакой у дзяржаве.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі слова даражэйшае за грошы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».