Вы тут

«У Афганістане мы ўпершыню сутыкнуліся з тэрарызмам»


Яшчэ з савецкага часу было заведзена падводзіць вынікі пяцігадовай працы, будаваць планы на наступную пяцігодку. Працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў, удзельнікі ІX з'езда грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», які неўзабаве адбудзецца ў Мінску, раскажуць аб зробленым у мінулым паўдзесяцігоддзі, абмяркуюць надзённыя пытанні і вызначацца з кірункамі далейшай дзейнасці.


На што будзе акцэнтавана ўвага ўдзельнікаў з'езда, а таксама якія пытанні ўвогуле хвалююць воінаў-інтэрнацыяналістаў, расказаў старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане генерал-маёр запасу Валерый ГАЙДУКЕВІЧ.

— Яшчэ на мінулым з'ездзе мы вызначыліся з дзвюма асноўнымі задачамі, якія незалежна ад часу будуць для нас прыярытэтнымі, — расказвае кіраўнік ветэранскай арганізацыі. — Па-першае, гэта ўдзел ветэранаў вайны ў Афганістане ў патрыятычным выхаванні насельніцтва. Мы разумеем, што ветэраны Вялікай Айчыннай паступова сыходзяць з жыцця, і хто, як не мы, павінен прыняць гэтую эстафету? Другая важная задача — дапамога тым воінам-інтэрнацыяналістам, каму яна патрэбна перш за ўсё. У нас дастатковая колькасць людзей, якія знайшлі сваё месца ў жыцці. Але ёсць і іншыя, каму з розных прычын пашанцавала крыху менш.

У той жа час Валерый Гайдукевіч добра разумее, што наша краіна — не Савецкі Саюз, які меў дастаткова вялікія рэсурсы, таму дапамагчы ўсім наўрад ці магчыма. «З кожнай праблемай трэба разбірацца адрасна, — лічыць старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. — Напрыклад, сярод нас ёсць інваліды трэцяй групы, якія трапілі ў Афганістан салдатамі тэрміновай службы. Па аб'ектыўных прычынах, працоўнага стажу ў іх няма. У выніку яны атрымліваюць мізэрныя пенсіі».

Ёсць увогуле парадаксальныя сітуацыі. У прыватнасці, вярнуўся чалавек з Афганістана, яму давалі другую групу інваліднасці. Ён адмовіўся, бо на пенсію па інваліднасці пражыць складана, а сям'ю карміць трэба. Далі трэцюю групу, і ён пайшоў працаваць. Цяпер чалавек збіраецца на пенсію, і каб яна была больш-менш прыстойнай, добра было б вярнуць другую групу. Але чамусьці вяртаць адмаўляюцца. Рука ж за гэты час у яго не вырасла...

— Да людзей, якія ваявалі не па сваёй волі, прычым атрымалі баявыя раненні, патрэбна праявіць больш клопату, — перакананы Валерый Уладзіміравіч. — Сёння з сацыяльных гарантый людзям, якія выконвалі баявыя задачы, засталіся толькі прыбаўка да пенсіі і бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Па вялікім рахунку, на іншыя рэчы мы і не прэтэндуем. Больш за ўсё нас хвалюе пытанне інвалідаў. Вядома ж, праблемы са здароўем ёсць у многіх афганцаў. Удзел у баявых дзеяннях ніколі не праходзіць бясследна. Забіць чалавека — не так проста. Не кожны можа гэта перажыць псіхалагічна. Людзей, якія праз гэта прайшлі, трэба вяртаць да жыцця. Амерыканцы ў свой час стварылі рэабілітацыйны цэнтр, праз які ўдзельнікі баявых дзеянняў праходзяць разам з сем'ямі. У нас, у Савецкім Саюзе, такога не было. Расія прыйшла да гэтага пасля другой чачэнскай вайны. Але перш шмат хлопцаў спілося: прыехалі дадому і сталі нікому не патрэбныя. Выстаяў той, хто быў больш вынослівым.

Сёння ў грамадскім аб'яднанні налічваецца крыху больш чым 13,5 тысячы чалавек. Усяго ў Беларусі пражывае каля 24 тысяч ветэранаў вайны ў Афганістане. А калі ўлічыць тых, хто выконваў інтэрнацыянальны доўг на тэрыторыі іншых дзяржаў, дык і таго больш. Самаму маладому афганцу сёння — 46 гадоў. Многія ветэраны той вайны пайшлі з жыцця ўжо ў мірны час.

Воіны-інтэрнацыяналісты актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці краіны. У многім дзякуючы ім у большасці раённых цэнтраў стаяць памятныя знакі, прысвечаныя загінулым у Афганістане. У рэгіёнах дзейнічаюць патрыятычныя класы, музейныя пакоі, клубы па інтарэсах. Створана серыя партрэтаў удзельнікаў афганскай вайны: тых, якія, выконваючы інтэрнацыянальны доўг, загінулі, і тых, каму пашчасціла вярнуцца на Радзіму. Сваім баявым вопытам воіны-інтэрнацыяналісты сёння дзеляцца са школьнікамі і курсантамі.

— Вядома, цяпер іншыя формы вядзення вайны, тым не менш падрыхтоўка з улікам мінулых падзей таксама мае права на існаванне, — лічыць старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. — Я не раз добрым словам успамінаў сваіх камандзіраў па разанскім вучылішчы, якія мяне шмат чаму навучылі. Можа, таму і жывы застаўся (Валерый Уладзіміравіч з'яўляецца ўдзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане. — Аўт.). Ваенная навука няпростая. Чым адрозніваецца кіраўнік у пагонах ад свайго калегі па цывільным жыцці? Апошні прыняў рашэнне, заўтра зразумеў, што памыліўся, у выніку зрабіў некаторыя карэкціроўкі. У баі так не бывае: калі ты памыліўся, то нехта загінуў.

У свой час да падзей у Афганістане было неадназначнае стаўленне. Удзельнікі баявых дзеянняў падвяргаліся крытыцы: маўляў, незразумела, што яны там робяць. «Магчыма, можна было так казаць аб кіраўніках, якія па першым часе прымалі не зусім адэкватныя рашэнні, — гаворыць воін-інтэрнацыяналіст. — Але я, як і многія іншыя, выконваў загад. Мяне паднялі па трывозе і адправілі. Некаторыя думалі, што ў Афганістан едуць адпачыць і чымсьці прыбарахліцца. Цяпер даюцца іншыя ацэнкі тых падзей, кажуць пра тое, што ў Афганістане мы ўпершыню сутыкнуліся з тэрарызмам. Трэба разумець і яшчэ адну важную дэталь: на тым баку ваявалі прафесіяналы, у нас жа — у асноўным салдаты тэрміновай службы. Тым не менш спраўляліся. Цяпер самі афганцы кажуць пра тое, што мы не толькі ваявалі, а і будавалі, аказвалі медыцынскую дапамогу, пастаўлялі харчаванне...»

— З заканчэння вайны ў Афганістане ўжо прайшло больш як 28 гадоў, але свет спакайнейшым не стаў, — адзначае Валерый Гайдукевіч. — Самае жахлівае, што побач з нашымі межамі ідзе вайна (як бы яе не называлі), дзе гінуць і становяцца калекамі маладыя людзі. Таму сёння наша задача — з'яднацца яшчэ больш, каб не пайсці па шляху нашых суседзяў, не паўтарыць трагедый, з якімі ў свой час сутыкнуліся мы і нашы продкі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.