Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» назірала, як удакладняюцца спісы «ўтрыманцаў»


Прыёмы, сходы, кансультацыі, нават падамавы абход — усе метады добрыя, каб дайсці да кожнага чалавека і высветліць, што яму перашкаджае працаваць. Дзесьці сапраўды ёсць напружанне на рынку працы, але аграгарадок Вейна Магілёўскага раёна да такіх месцаў не адносіцца. Да Магілёва рукой падаць, побач свабодная эканамічная зона, дзе перыядычна адкрываюцца новыя прадпрыемствы. Тым не менш праблема існуе і тут. На шэсць тысяч насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі сельсавета, 212 чалавек трапілі пад дзеянне дэкрэта №3.


Цяпер спісы ўдакладняюцца, ідзе так званае больш глыбокае вывучэнне біяграфій кожнага з тых, хто ў іх трапіў. Работнікі сельвыканкама ўжо зрабілі падамавы абход непрацуючых, а там, дзе іх не засталі, апыталі суседзяў. На кожнага ў старшыні Вяйнянскага сельвыканкама Святланы Сцішанковай ёсць невялічкае дасье — дзе чалавек працаваў раней, колькі гадоў стажу, з кім жыве, ці ёсць дзеці, сацыяльны статус.

— Большасць з тых людзей, якім належыць плаціць збор, злоўжываюць спіртным, — расказвае Святлана Сцішанкова. — Ёсць адзін шматдзетны бацька, які раней працаваў у ДРБУ, рабіў дарогі, людзі кажуць, што быў вельмі добры спецыяліст, але спіўся зусім. Раз у месяц выклікаю яго на саветы грамадскага правапарадку, у якіх прымаюць удзел і пракурор раёна, і начальнік РАУС, гутарым шчыра, але наш падшэфны нікога слухаць не хоча, цвердзіць адно: не працаваў і не буду. Адправілі на год у ЛПП на перавыхаванне, а праз тры месяцы нам яго вярнулі з дыягназам, што ён не можа не піць. Нарколагі рукамі разводзяць: маўляў, стан здароўя такі, што немагчыма яго лячыць. Чалавек яшчэ не на пенсіі, і што з ім рабіць, не ведаю. І такіх, як ён, не адзін.

Сорамна слухаць, калі маці-пенсіянерка заступаецца за свайго сына: маўляў, я сама буду за яго плаціць, толькі адчапіцеся, а дзяцюк гадоў сарака побач стаіць і ўсміхаецца. Кажа, што ў яго няма жадання за 200 рублёў працаваць. Паказваеш ім спісы вакансій, а яны толькі крывяцца — дворнікам не жадаю, у калгас не пайду, на завод таксама. На сучасных прадпрыемствах, самі ведаеце, патрабаванні жорсткія. Дырэктар аднаго з іх да мяне неяк падышоў, прасіў дапамагчы з працоўнай сілай. Накіравала туды некалькі чалавек, але праз два тыдні ён іх звольніў. Не прывыклі яны працаваць, глядзяць, каб перакурыць, паляжаць, пасядзець. А там канвеер працуе і камеры відэаназірання ўсюды.

Але з кожным, хто трапіў пад дзеянне дэкрэта, працуюць. Чыноўнікі, дэпутаты мясцовых саветаў, парламента паасобку або адначасова вядуць прыёмы гэтых грамадзян, высвятляюць, чаго не хапае чалавеку для таго, каб самастойна паклапаціцца аб сваім дабрабыце. Карэспандэнту «Звязды» прадставілася магчымасць пабываць на адным з такіх вось прыёмаў. Акрамя старшыні сельвыканкама Святланы Сцішанковай прысутнічалі там старшыня Магілёўскага райсавета Валянцін Салавей і член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Хішчанка.

Першым у кабінет заходзіць 40-гадовы мужчына, ад якога нясе перагарам. Павел па прафесіі муляр, але акрамя 12 гадоў турэмнага «стажу» ніякага іншага за ім больш няма. Расказвае, што сядзеў за наркотыкі, але з гэтым завязаў. Перайшоў выключна на гарэлку. Пра работу і чуць не жадае. А навошта? Яго маці ў Ізраілі ўласнае прадпрыемства мае, грошай болей чым хапае, сыну вунь купіла кватэру ў Вейне і цалкам забяспечвае яго. «А чаму не едзеце да яе жыць?» — цікавяцца дэпутаты. «У яе муж пітушчых не любіць, — шчыра прызнаецца Павел і заяўляе: — Я, калі захачу, магу і ў Амерыку паехаць жыць, і ў Дамінікану. Але мне тут падабаецца».

— Падатак на ўтрыманства заплацілі? — цікавіцца Анатоль Хішчанка.

— Я туберкулёзны, мне не трэба плаціць, — дэманструе сваю дасведчанасць суразмоўца. — Група, праўда, рабочая, але мяне нікуды не бяруць. Кажуць месяц папрацуеш, а потым год будзеш лячыцца.

— А хацеў бы працаваць?

— Я не прывык, — не хавае сваёй пазіцыі мужчына. Ён нецярпліва пераступае з нагі на нагу: «Ну што, усё? Можна, я дадому пайду?»

Яго змяняе жанчына з пакетам дакументаў. Знаёмімся. Таццяне — 39 гадоў, стаіць на ўліку ў анкадыспансеры. Да аперацыі працавала паляводам, зараз ёй нельга падымаць больш за тры кілаграмы.

— Я б хацела працаваць, у мяне 17-гадовая дачка на выхаванні, але мяне нікуды не бяруць, — прызнаецца яна. — Групы ў мяне няма, але я кожныя тры месяцы езджу на прыём да ўрача і кожныя паўгода кладуся ў бальніцу.

— А медыцынскія дакументы ў камісію райвыканкама прадстаўлялі? — пытаецца Валянцін Салавей. Жанчына адмоўна круціць галавой.  — Чаму? — не разумее ён. — Гэта трэба было даўно зрабіць. Калі вы хварэеце, вас проста вызваляць ад неабходнасці плаціць збор.

Таццяна абяцае не зацягваць, а Анатоль Хішчанка пакідае ёй візітоўку: калі не атрымаецца працаўладкавацца, тэлефануйце або прыходзьце да мяне на прыём.

Таццяну змяняе яшчэ адна Таццяна. Сціплай на выгляд жанчыне 42 гады, па спецыяльнасці яна кветкавод, агароднік-дэкаратар, але тры гады таму яе скарацілі і з таго часу яна не працуе.

— А спрабавалі ў «Магілёўзелянбуд» працаўладкавацца? — пытаецца Валянцін Салавей.

— А што, можна? — ажыўляецца жанчына.

— Самі куды звярталіся? Тут жа і СЭЗ побач, і горад непадалёку? — цікавіцца дэпутат.

Таццяна прызнаецца, што звярталася толькі ў мясцовую гаспадарку, але там пакуль напружана з вакансіямі. Ці была на біржы? Не, не дайшла. Муж — пенсіянер, атрымлівае 350 рублёў. Сям'і, дзе акрамя сужэнцаў, яшчэ трое дзяцей, маўляў, хапае.

— Каму трэба, той сам работу шукае, — не вытрымлівае Святлана Сцішанкова. — Але ў вас жадання, здаецца, няма. Мы ўсім дапамагаем, нават, калі ёсць такая неабходнасць, на парукі бяром.

Таццяна запэўнівае, што на наступным тыдні абавязкова звернецца на біржу.

Дарэчы, з Вяйнянскага сельсавета толькі 18 чалавек стаяць там на ўліку. І чарговы непрацуючы — Іван, на жаль, у гэты спіс не ўваходзіць. Мужчына ў росквіце сіл, 34 гады, але тры апошнія — таксама не працуе. Кажа, што ён па спецыяльнасці машыніст халадзільных і кампрэсарных установак, а попыту на такіх спецыялістаў няма. Ён гэта адсочвае ў інтэрнэце.

Валянцін Салавей дастае з папкі стос папер з вакансіямі і пачынае прапаноўваць: «Кранаспан» — патрабуецца 3 слесары-рамонтнікі, «Газасілікат» — 21 чалавек, у тым ліку кантралёр на кантрольна-прапускным пункце, у агракамбінаце «Усход» — 9 працоўных месцаў...

— Гэта не маё, — адхіляе малады чалавек. — Там заробкі невялікія, а праца цяжкая. Раней ездзіў у Расію, там больш-менш плацілі. А дома знайсці нешта нармальнае цяжка.

Мужчына запэўнівае, што без работы не застанецца. Яго кандыдатура ўжо знаходзіцца дзесьці на ўзгадненні. Праз дзень-два стане вядома, бяруць яго або не. Абяцаюць працаўладкавацца і астатнія беспрацоўныя, якіх запрасілі на прыём. Аднаго пакуль падводзіць здароўе, усё не хапае мужнасці дайсці да ўрачоў. Другому мясцовы прадпрымальнік з дня на дзень дасць адказ. Яшчэ адзін прызнаўся, што неафіцыйна працуе, але збіраецца ўзаконьвацца. Святлана Сцішанкова запэўнівае, што гэтым людзям заўсёды гарантавана дапамога ў пошуках працы. Галоўнае, каб яны самі былі зацікаўленыя.

— Трэба ісці да кожнага, з кожным паразмаўляць, нават з тымі, у каго яўная алергія на працу, — гаворыць Валянцін Салавей. — Цяпер мы сталі больш глыбока ўнікаць у жыццёвыя сітуацыі кожнага. Калі раней раённая камісія з 15 вызваляла ад збору аднаго-двух чалавек, то зараз 50—70%.

— Як дэпутат парламента я спецыяльна прыехаў у сваю акругу, каб паглыбіцца ў гэтае асяроддзе, — дадае Анатоль Хішчанка. — Для нас вельмі важна ведаць сітуацыю, як той казаў, знутры, бо мы з'яўляемся сувязным звяном паміж народам і ўладай. На гэтым прыёме перад маімі вачыма прайшоў увесь спектр — ад п'яніцы да інтэлігента. Інтэлігенты вельмі ранімыя, стварылі ахоўную абалонку і ў ёй жывуць. Ім так зручней. Але трэба дзейнічаць, а не ствараць праблемы на пустым месцы. Карысць ад дэкрэта №3 відавочная, ён прымусіў людзей заняцца самаадукацыяй, заварушыцца, зацікавіцца сітуацыяй. Трэба, каб народ быў юрыдычна падкаваны і мог абараніць свае правы і блізкіх. На Захадзе кожны павінен заплаціць падатак і жыць па законе, карыстаючыся ўсім. Чаму ў нас павінна быць інакш?

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Трэба ісці да кожнага»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».