Вы тут

Бліскучая, кранальная, камічная…


Якой яшчэ была паэзія жанчын, што жылі, кахалі, змагаліся за свае правы і гадавалі дзяцей у няпростыя гады міжваеннага часу? На гэтае пытанне як ніколі поўна можа адказаць анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы». Укладальнікі яе, Віктар Жыбуль і Аксана Данільчык, распавялі шмат цікавага падчас прэзентацыі выдання ў музеі Максіма Багдановіча.

Дзякуй дантэ

Ладзілася імпрэза 9 сакавіка, у поствяточны вясновы дзень. Такі выбар — свядомы. Віктар Жыбуль падкрэсліў, што і ў тыя часы «свята жаночай эмансіпацыі» значыла вельмі многа для яго гераінь, аднак афарбоўку несла іншую — больш палітызаваную, з падкрэсленай грамадзянскай пазіцыяй. У чым запэўніцца можна, у тым ліку, і дзякуючы «Бліскавіцам».

Стварэнне кнігі ішло няпроста. Яшчэ ў 2011 годзе быў задуманы праект і створаны першы каркас-змест анталогіі. Пасля таго было прапрацавана ды адкінута каля 20 чарнавікоў. Праца ішла з вялікімі перапынкамі (укладальнікі займаюцца, як вядома, актыўнай навуковай работай, а гэтаксама ўласнымі творчымі праектамі). Урэшце, для Віктара і Аксаны прагучала добрая навіна: праект падтрымалі.

Што цікава, распачала гэты праект якраз спадарыня Аксана. І дапамог у гэтым… Дантэ. Ад яго асобы даследчыца перайшла да Язэпа Пушчы (матывы Дантэ ў яго паэзіі), Пушча стаў «сцяжынай» на «Узвышаўскія чытанні», і ўжо там акрэслілася новая мэта, якая спраўдзілася ў выглядзе анталогіі «Бліскавіцы».

Многія аўтаркі, што друкаваліся ў 1918 — 1941 гадах, аказаліся незнаёмыя даследчыцы. Па дапамогу яна звярнулася да Віктара Жыбуля. І работа гэтая зацягнула яго таксама.

Другая маладосць «маладняка»

У святочнай імпрэзе бралі ўдзел, акром уласна ўкладальнікаў, творцы ды культурныя дзеячы, якія маюць да кнігі самае непасрэднае дачыненне. Прычым прадстаўляюць вельмі розныя бакі тае самае дзейнасці, па-рознаму ацэньваюць значэнне кнігі.

Прыкладам, Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, гэтаксама займалася пошукам звестак пра аўтарак ды іх тэкстаў, якія сталі незаменнымі для анталогіі. Так, цяпер вядома, што першай жонкай Кузьмы Чорнага была Іда Чырвань. Але хто ведаў, што яна гэтаксама пісала? Паэтка Іда Чырвань мала каму вядомая. Ускладнялася ўсё тым, што вершаў яе нашыя архівы не маюць. Ганна Запартыка выправілася за імі ў Санкт-Пецярбург, адкуль прывезла копіі газет з публікацыямі паэткі.

Закахалася бурай, грымотай,

што бліскоча і б’е перуном.

Закахалася сонцам, асокай,

працай вольнай, яе песняром…

Яна ж здабыла для літсвету Беларусі здымак Іды Чырвань (яго перадала спадарыні Ганне ўдава Бабарэкі). Акромтаго, вядома ж, укладальнікі анталогіі актыўна карысталіся фондамі БДАМЛіМ і яго бібліятэкай рэдкіх выданняў.

Дырэктар музея зазначыла, што ўрэшце фонды «Маладняка» пайшлі ў працу. Зразумела, да іх звярталіся многія даследчыкі, але заўжды датычна адных і тых жа асобаў беларускай літаратуры. Цяпер жа ўвага скацэнтраваная на невядомых рукапісах, імёнах, публікацыях. Так, не ўсе яны прыклад высокага мастацтва, але ўсе без выключэння — свед-чанні часу, каштоўныя знаходкі для гісторыкаў, сацыёлагаў, даследчыкаў гендарных пытанняў, а ўжо тым больш — для літаратуразнаўцаў ды літ-журналістаў. Словам, скарбонка без дна. Была бахвота чэрпаць.

Кожнаму — сваё

Калі для дырэктара архіва-музея «Бліскавіцы» — сведчанне актыўнай працы, новы ракурс датычна фондаў, то для кожнага з іншых выступоўцаў анталогія мае сваё непаўторнае гучанне.

Так, крытык і перакладчыца Ганна Янкута падчас прэзентацыі зрабіла экскурс у гісторыю т.зв. «жаночага пісьма». Ужо тое, што для літаратуры, напісанай жанчынамі, існуе нейкае асобнае азначэнне, указвае на няпросты лёс гэтай самай жаночай літаратуры. Дыскрымінацыя? Не тое слова. Доўгі час любы твор пісьменніцы ўспрымаўся як такая сабе забаўка, мілае хуліганства. Крытыкі не ставіліся ўсур’ёз да іх твораў, так што многія выбітныя аўтаркі з сусветным на сёння імем вымушаныя былі браць мужчынскі псеўданім (Джордж Эліят, прыкладам). Але жанчыны адваявалі права казаць, гучаць, прамаўляць. Тое ж тычыцца аўтарак «Бліскавіцаў». Усе яны — кожная па-свойму — бачылі свой час: трагічны і смешны, час спадзяванняў і стратаў, час міру, які аказаўся зацішшам перад страўнай навалай. Бачанне гэтае ўвасобілася ў тэксты, ад калгасных прыпевак да вершаў, якія дасягаюць вяршыняў ха-раства і гармоніі. Так, Ганна Янкута падкрэсліла ролю анталогіі датычна гендарнага пытання. Для Юліі Цімафеевай, перакладчыцы і паэткі, «Бліскавіцы» — нешта кшталту тастаменту, магчымасці пазнаёміцца з жанчынамі-аўтаркамі, што былі да цябе. «Мне як паэтцы важна ведаць, хто быў перада мной, — кажа спадарыня Юлія. — Мы, паэткі, не спрачаемся з нашымі папярэдніцамі, не абвяргаем іх. Мы з удзячнасцю чытаем. Узнаўляем для сябе сваю ж гісторыю. Гэта не проста тэкст — гэта кантэкст. Іхняя смеласць і адкрытасць, энергічнасць жаночага пісьма таго часу — усё гэта мне вельмі імпануе». Глыбока асабістае значэнне мае анталогія для сучасных жанчын-творцаў. Гэта і пераемнасць, і творчае супрацоўніцтва, і па-таемная размова на дваіх. Датычна «Бліскавіцаў» можна згадаць вядомы беларускі рэкламны слоган: «Традыцыі могуць быць сучаснымі». У лёгкай трансфармацыі гэта пацверджваецца песнямі на словы аўтарак той эпохі, перадусім — Ларысы Геніюш. Талент музыкі Міхала Бара-ноўскага і яго пранікнёны голас адкрылі ў творах новую глыбіню, якая, пэўна ж, не проста сучасная — яна вечная.

61 голас

Менавіта столькі аўтарак прагучалі ў бліскавічнай анталогіі. Адныя з іх з’яўляліся і тут жа згасалі (сапраўды, бліскавіца). Іншыя — вядомыя сёння хрэстаматыйныя аўтаркі: Канстанцыя Буйло, Ларыса Геніюш, Эдзі Агняцвет, Зоська Верас… Гэтаксама розныя творы па мастацкім узроўні: адныя — класічная паэзія, іншыя — аднадзёнкі, рыфмаванкі на патрэбу дня, агіткі. Тэмы — самыя розныя, што само па сабе разбурае абрыдлы стэрэатып пра абмежаванае кола жаночых інтарэсаў. Тут і інтымныя перажыванні, і пейзажная лірыка, і грамадзянская паэзія, і вечныя філасофскія пытанні.

Асобныя аўтаркі пісалі пад псеўданімамі: Хмарка, Эстэр Зялёнка, Зося Думка, Зося Палын, Работніца Клімава, Раса, Вера Былінка, Сястра, Сястра Тарэса, Тацянка. Не ўсе псеўданімы расшыфраваныя. Літаратуразнаўцаў чакае багата працы.

Анталогія «Бліскавіцы» ўпершыню раскрывае творчы свет згаданай ужо Іды Чырвань. Яшчэ адна «жонка класіка», Тодара Кляшторнага, аказваецца паэткай. Гэта Яніна Германовіч. Анталогія змяшчае ўсяго адзін яе верш — больш тэкстаў пакуль не знойдзена.

Надзеі, мілыя надзеі!

Надзеі, сэрца летуценні…

Я вас у сэрцы вечна грэю;

Не дружны з вамі чорны цені…

Радкі, напісаныя ў 1929 годзе, асабліва драматычна гучаць, калі ведаць, што ў 1937-м Яніна Германовіч была арыштаваная як «жонка здрадніка радзімы». Канчаткова вызваленая з ссылкі яна была толькі ў 1955 годзе.

Ахвярай такога вось гендарнага раўнапраўя, якое рэпрэсіі падтрымлівалі ахвотна, сталася Валянціна Казлоўская. Яна была расстраляная. Засталіся малыя дзеці.

Эдзі Агняцвет вядомая найперш яе дзіцячая аўтарка. Вершы, уключаныя ў анталогію, парушаюць гэты правільны вобраз.

О, гэта сіла, вецер, сіла злая,

яна ірве у іншы край твой вольны дух!..

У краі ж тым народ з нядолі памірае,

ім незнаёмы светлы вольны рух!..

(«Вецер», 1929 год)

Грамадзянская паэзія гучыць найперш у «Бліскавіцах». Прычым рэдка калі гэта прымітыўныя заклікі «гэй, да сонца, гэй, да зор». Тонкае пачуванне свету дазваляла жанчынам-паэткам зірнуць глыбей, убачыць у змаганні нешта большае за адзін палітычны дзень краіны. Часта такія матывы шыфраваліся ў пейзажным малюнку: вось зіма, ноч, але хутка вясна, ужо чуецца яе лёгкі і трыумфальны поступ… Прыкладам, у Ганны Душэўскай чытаем:

Не бойся, што хмараю цёмнай

Так доўга вішу над зямлёй,

Што ў лесе хваёвым так сумна,

Як ў долі гаротнай тваёй.

Не вечна ж і цемрай, і жахам

Я буду цябе абнімаць;

Не вечна і сцюжай, і страхам

Я буду зямлю спавіваць…

(«Ноч», 1920 год)

А далей — «прыйдзе вясна-чараўніца», «адклікнецца голасна бор», і заззяюць зоры і мары. Зрэшты, прачытанні тэк-стаў могуць быць і іншыя — на тое яна і літаратура.

Цікава: у анталогію ўвайшлі вершы той самай Паўліны Мядзёлкі. Гэта «Песня змагання» 1921 года, прысвечаная Тамашу Грыбу:

Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай,

пры зборы ўсіх нас тут, ў бяседзе такой,

успомнім мы, брацця, аб долі няроўнай —

усіх тых, што церпяць за край

родны свой.

Таксама — цікавы твор «У выгнанні»: класічны вершаваны радок перамежваецца з рытмізаванай прозай. Напісаны тэкст у Берліне. Што нараджае здагадку: акторка натхнілася еўрапейскай літаратурнай мадэрнізацыяй. Заўважнае, між іншым, падражанне Купалу — асабліва што датычыць паэмы «Сялянская доля».

Акром уласна тэкстаў, анталогія змяшчае кароткія біяграфіі і здымкі аўтарак.

Віктар Жыбуль у пасляслоўі зазначае, што 61 аўтарка — гэта не такая й вялікая лічба. «Мы пастараліся максімальна ўключыць у анталогію творы амаль усіх паэтак-жанчын, якіх удалося выявіць у тагачасным друку, дакладней — у выданнях, што былі ў нашым распараджэнні». Так, у анталогію не ўвайшлі творы Марыі Барсток, Алены Нячай і Вікторыі Доўгай, бо ўкладальнікі не мелі доступу да часопісаў з публікацыямі гэтых аўтарак. З прадстаўніц «масавай паэзіі» таксама ў анталогію ўключаныя не ўсе — толькі самыя «паказальныя» аўтаркі, тыповыя.

Так што можна спадзявацца: праз колькі гадоў з’явіцца перавыданне анталогіі, пашыранае, з адказамі на шматлікія неразгаданыя пытанні.

Наста ГРЫШЧУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Бліскучая, кранальная, камічная…

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.