Вы тут

Развагі, што нараджаюць думкі


У кінатэатрах з’яўляецца ўсё больш беларускіх незалежных стужак. У мінулым нумары мы пісалі пра ініцыятыву «Сваё кіно», а на гэтым тыдні аматараў айчыннага кіно чакае яшчэ адна прыемная навіна: у Дом кіно вяртаецца праект «Незалежны позірк», у межах якога з 16 па 19 сакавікапакажуць самыя гучныя фільмы маладых беларускіх рэжысёраў.

Працягласць праекта — усяго 3 дні. Учора гледачам прадставілі стужку «Душы мёртвыя» Віктара Красоўскага — фільм, зняты адным кадрам, які стаў лепшай гульнявой стужкай Нацыянальнага конкурсу на «Лістападзе». Драма расказвае гісторыю беларускага прадпрыемства, дзе працуюць інваліды. Дарослае кіно з вельмі важнай, актуальнай ідэяй стала лаўрэатам замежных кінафестываляў.

Стварылі «Незалежны позірк» людзі, закаханыя ў беларускае кіно. Адзін з іх — Мікалай Лаўранюк, каардынатар нацыянальнай праграмы кінафестывалю «Лістапад», які сапраўды ведае, што абавязкова павінен убачыць наш кінааматар: «Працуючы над праграмай Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю “Лістапад”, мы выявілі, што ў сучасным беларускім незалежным кіно сапраўды ёсць вельмі годныя працы. Многія з іх паспяхова ўдзельнічаюць і ў замежных фестывалях. Але да беларускіх гледачоў гэтыя фільмы практычна не даходзяць, фестывальных паказаў тут недастаткова. Таму і нара-дзілася ідэя гэтага праекта. Паказаць, што кіно ў нас ёсць, і, больш за тое, не такое, якім многія яго ўяўляюць».

Гэтым разам стаўка «Незалежнага позірку» зроблена на лепшыя фільмы Нацыянальнага конкурсу «Лістапада»: у фокусе — фільмы-пераможцы і стужкі ўдзельніцы сёлетняга конкурсу. Галоўны крытэрый для арганізатараў, безумоўна, — якасць. І ўзнагароды самага буйнога фестывалю краіны — пацвярджэнне гэтаму. Наогул, сёлета праграма складаецца з сур’ёзнага, не забаўляльнага кіно. Летась фільмы былі больш разнапланавыя, меліся і жанравыя працы. Але цяпер пакажуць кіно, якое падштурхоўваеда разваг.

«Незалежны позірк» прадставіць «Саламанку» Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак. Сёлета іх фільм не толькі стаў лепшай дакументальнай работай Нацыянальнага конкурсу «Лістапад» — стужку паказвалі на прэстыжных кінафестывалях у Амстэрдаме (менавіта там, на фестывалі IDFA, «Канах» дакументалістыкі, адбылася прэм’ера фільма) і Маскве. Нягледзячы на тое, што сюжэт фільма разгортваецца ў Мексіцы (героі стужкі — менаніты, якія перасяліліся ў Мексіку ў пошуках свайго месца на зямлі), ён будзе блізкім для беларускага гледача: убачыць, якім бывае жыццё за акіянам, пазнаёміцца з чужымі традыцыямі і зразумець кошт часу і ўласнага выбару, можна на прыкладзе перса-нажаў «Саламанкі».

Кіно на экалагічную тэматыку «Дваццацьшаснаццаць» Андрэя Крывецкага і Дзмітрыя Рачкоўскага таксама пакажуць у Доме кіно. Стужка сёлета ўдзельнічала ў кінафестывалі «Лістапад», у іншых міжнародных фестывалях, а створана была ў межах праекта «Кінаспрынт», прысвечанага фільмам на тэму экалогіі. Насамрэч тэма стужкі нашмат шырэйшая: акрамятаго, што галоўны герой (артыст тэатра імя Горкага Сяргей Юрэвіч) застаўся адзін на Зямлі, без цывілізацыі, а толькі з успамінамі і ўласнаручна пабудаваным домам, тэма адзіноцтва і апакаліпсіса неад’емная тут ад тэм надзеі і кахання, вечнага пошуку. Прытча заснавана на сцэнарыі вядомага беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага.

За другі год існавання ініцыятыва ўжо знайшла сваё кола прыхільнікаў. Акрамя таго, што першыя паказы летась былі паспяховымі, за чатыры сеансы альманах паглядзелі больш за 500 гледачоў, адзначае Мікалай Лаўранюк: «Мы лічым, што гэта добры паказчык. Большасць людзей, якіх я бачыў у зале, — проста гледачы, якія не маюць дачынення да беларускага кінаасяроддзя, не сябры і не знаёмыя аўтараў фільмаў. Гэта людзі розных узростаў. У той жа час казаць пра тое, якая аўдыторыя сфарміравалася, мне здаецца, яшчэ рана. Для гэтага патрэбен час, на працягу якога беларускае кіно павінна рэгулярна з’яўляцца на вялікіх экранах».

Стужкі маладых беларускіх рэжысёраў глядзяць на замежных фестывалях, уручаюць ім узнагароды, а родны глядач даведваецца пра іх толькі апасля. «Незалежны позірк» спрабуе перамяніць тэндэнцыю і дазволіць беларускім кінааматарам зрабіць свае кінематаграфічныя адкрыцці. Дарэчы, зрабіць гэта можна будзе і з 30 сакавіка па 2 красавіка: угэты перыяд у межах праекта ў кінатэатры «Беларусь» пройдуць паказы фільма Мікіты Лаўрэцкага «Каханне і партнёрства». Спыняцца «Незалежны позірк» не плануе, Мікалай Лаўранюк лічыць, што праектаў, прысвечаных беларускаму кіно, павінна быць больш: «У любым выпадку, пакуль айчынныя стужкі ў кінатэатрах, на жаль, у меншасці. Мы спрабуем гэтую сітуацыю змяніць, ствараючы, так бы мовіць, сваё асяроддзе: адна і тая ж праграма ідзе на працягу чатырох дзён, таму гэта не проста разавы паказ, а ўжо абмежаваны кінапракат».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Развагі, што нараджаюць думкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».