Вы тут

«Мадэрнізм і казкі пра Алісу — гэта сцяжынкі ў адзін бок...»


Ці трэба прыдумляць жарты, якія засмучаюць? Якія словы самыя ганарыстыя і інтэлігібельныя? Ці магчыма, каб мяне не было нідзе, бо я толькі частка чужога сну? Напэўна, над гэтымі пытаннямі Вера Бурлак задумвалася нашмат раней, чым узялася перакладаць казку Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Пераклад знакамітай казкі вельмі добра стасуецца з творамі і навуковымі працамі спадарыні Веры. Але размову пра новую кнігу мы распачынаем згадкай пра тых людзей, без падтрымкі якіх кніга з дзівоснымі ілюстрацыямі Кацярыны Дубовік наўрад ці пабачыла б свет...


— Збор сродкаў на выданне кнігі — гэта актыўныя стасункі з магчымымі спонсарамі і чытачамі. Ці зрабілі выў гэты час нейкія адкрыцці адносна стаўлення беларусаў да беларускай літаратуры і беларускай кнігі?

— Галоўнае, што цікавасць да дзіцячай літаратуры сапраўды ёсць. Але найбольшай папулярнасцю — «як гарачыя піражкі» — карыстаюцца кнігі для дзяцей гадоў да сямі. Іх могуць хутка раскупіць, калі добра выдадзеныя. «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» — твор больш спецыфічны, для дзяцей ад 9 — 10 гадоў і для дарослых. Чытачы рознага ўзросту адкрываюць розныя пласты сэнсаў. І кнігай цікавяцца! Напрыклад, мы даведаліся пра некалькі беларускіх сем’яў, дзе Алісу калекцыянуюць... У адной сям’і маецца некалькі дзясяткаў вы-данняў Кэралаўскіх казак. Думаю, гэта звязана яшчэ і з тым, што такія творы можна перакладаць бясконца, кожны пераклад на іншую і на тую самую мову будзе па-новаму цікавы, гэта не адзін і той самы тэкст. Тут можна рабіць розныя адкрыцці і знаходкі. Таксама адметна, што кнігу купляюць у падарунак Алісам — гэта цяпер папулярнае імя.

— Наколькі казка «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» значная для англійскай літаратуры?

— У Брытаніі гэта адна з самых прэцэдэнтных, самых цытаваных кніг. Кажуць, што больш за Кэрала цытуюць толькі Біблію і Шэкспіра. Адразу адзначу, што Льюіс Кэрал — аўтар некалькіх казак. Alice’s Adventures Under Ground, 1864 («Прыгоды Алісы пад зямлёй») — першы варыянт казкі пра падарожжа Алісы пад зямлю следам за незвычайным трусікам. Кэрал у рукапісе перадаў гэтую казку Алісе Лідэл, але яна доўгі час не друкавалася і не перакладалася. Цяпер выдадзеная, ёсць пераклады, але яна не лічыцца «кананічным тэкстам». Alice’s Adventures in Wonderland, 1865 («Аліса ў краіне цудаў») — першая з выдадзеных казак Кэ-рала. Th rough the Looking-Glass, and What Alice Found Th ere, 1871 («Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса») — другая з класічных казак. Гэтыя творы Кэрала вельмі істотныя для англамоўнага свету, яны звязаныя з базавымі канструкцыямі ў мове, фальклоры, свядомасці. Для другой паловы ХІХ стагоддзя гэтыя канструкцыі былі пераасэнсаваны Льюісам Кэралам абсалютна па-новаму і адкрывалі новыя перспектывы. ХХ стагоддзе ў прынцыпе было перанакіранавана літаратурай нонсэнсу — яна папярэднічала новым адкрыццям у фізіцы, матэматыцы, логіцы, адкрывала новыя шляхі, і Кэрал тут — адзін з самых моцных пер-шапраходцаў. Кніжку цытуюць нават у назвах, у творах, бяруць шаблоны з таго, як гэта кніга зроблена, бо сучасныя гульнёвыя творы часта выкарыстоўваюць традыцыю нонсэнсу — яна ідзе з фальклору, уласцівая брытанскай дзіцячай літаратуры «ад нараджэння», і Кэрал яеўдала ўвасобіў.

— Колькі часу вы прысвяцілі працы над перакладам?

— У 2008 годзе наведвала перакладчыцкую майстэрню Андрэя Хадановіча і яшчэ не мела вялікага перакладчыцкага досведу. Тады выйшла казка «Алесіны прыгоды ў Дзівоснай краіне» — у перакладзе Макса Шчура, другая казка яшчэ не была перакладзена, і Андрэй Хадановіч прапанаваў мне ўзяцца за яе. Пачала перакладаць для свайго задавальнення: твор зацікавіў, там было шмат вершаў. Перакладаць вершы Кэрала — задача складаная, аднак папрацаваць было займальна. 

Вершы пераклаліся хутка, але даволі доўга вошкалася з прозай. Агулам спатрэбілася больш за год, каб перакласці твор, але я не спяшалася, бо спалучала гэту справу з выхаваннем сына. Англійская мова заўсёды падабалася, таму я здолела яе вывучыць у старэйшых класах. Але скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Руская філалогія». Таму цяпер прыслухоўваюся да заўваг, якія ёсць па перакладу, і разумею, што па некаторых момантах трэба пачытаць, павучыцца, звярнуцца да рэдактараў, якія могуць нешта падказаць.

— Пераклад кнігі Льюіса Кэрала на беларускую мову можа стаць выдатным падарункам для дзяцей і дарослых. Якія іншыя вашыя кнігі маглі б стаць такім прэзентам для чытачоў?

— Мне здаецца, што недзе ёсць той чытач, для якога кожная мая кніга будзе адкрыццём. Уласныя мае творы досыць спецыфічныя, звязаныя з традыцыяй, якая была асэнсавана няпоўна, і цяпер далёка не сярод папулярных літаратурных традыцый. Вельмі моцна на мяне паўплывала традыцыя рускага мадэрнізму, а таксама брытанская літаратура віктарыянскай эпохі. Чытач можа арыентавацца на знешні выгляд выданняў. Калі яму спадабалася вокладка, то, верагодна, спадабаецца і змест. Дызайнеры заўсёды раяцца з аўтарам, як ён бачыць кнігу, і я вельмі ўдзячная ім за працу. Аздабленне кніг — знакі таго, што мне цікава. У першую чаргу гэта прымітывізм: кніга «За здаровы лад жыцця» праілюстраваная маімі малюнкамі, зробленымі ад 3 да 5 гадоў. Кніга «Дзеці і здані» аздоблена карункамі (была просьба да дызайнеркі, каб выкарыстоўваліся хэндмэйдавыя матывы, каб вокладка выглядала старой і зашмальцаванай). У зборніку прозы «Творы соннага жанру» на вокладцы — вялікае манахром-нае пяро. Так, ім пішуць, але яго можна паразглядаць у фармаце макра, бо яно прамалявана дэталёва. Гэта мяне таксама вельмі цікавіць: узірацца ў свет, у абрысы звыклых рэчаў, якія звычайна не заўважаюцца.

— Зборнікі вашых арыгінальных твораў і казкі Льюіса Кэрала — кнігі з розных паліц, адрасаваныя рознай аўдыторыі. Чым імпануе вам творчасць брытанскага пісьменніка?

— У літаратуры мадэрнізму і ў творчасці Кэрала ёсць кропкі судакранання. Цікаўнасць да аднаго і другога невыпадковая. Чым вабіць мадэрнізм? Настаўніца па сальфеджыа ў музычнай школе аднойчы дала мне пачытаць Мікалая Гумілёва, я нічога не зразумела, але там былі такія незвычайныя павароты думкі, асабліва ў паэме «Зорны жах»!.. Я не чакала, што можна разважаць такім чынам і ў такой паслядоўнасці. Захапленне «віражамі думкі», фантастычнымі карцінамі свету засталося з дзяцінства. У Кэрала назіраем тое ж, іншая культурная база, але атмасфера твораў перагукаецца, бо ў Кэрала незвычайнае, арыгінальнае мысленне. Яшчэ адзін момант — моўныя, ці фармальныя, гульні. Для мадэрнізму вельмі значныя фармальныя пошукі, у авангардызме яны на першым плане. У Льюіса Кэрала гэта таксама знаходзім. Ён мае выдатнае пачуццё гумару, што асабіста я цаню высока. Атрымліваецца, што мадэрнізм і казкі пра Алісу — сцяжынкі ў адзін бок.

Наогул, мне нецікава перакладаць звычайны празаічны тэкст: пачынаю сумаваць, часам нават цяжка перадаць эмацыянальнасць. Льюіс Кэрал — яшчэ і лірык, шматгранная асоба: у яго вельмі лірычныя фота, ёсць і эмацыянальныя вершы, лірычныя пасажы. Я вельмі старалася перадаць тонкія, няўлоўныя пачуцці: напрыклад, атмасферу лёгкага суму, калі Аліса зрывае гарлачык і кажа, што самыя прыгожыя заўсёды далей за ўсіх... Гэту атмасферу трэба ствараць, пралічыць яе немагчыма. Спадзяюся, што ў мяне атрымалася, але тонкая эма- цыянальнасць — яўна не адметная рыса майго перакладу. Цэлую кнігу лірычнай прозы, дзе няма моўных гульняў, рыфмы, рытму, не адужала б. Мне падабаюцца творы, дзе можна за нешта фармальнае лёгка зачапіцца і далей гуляцца...

— Бібліятэкары, якія паспелі пагартаць вашы зборнікі вершаў, пакуль тыя знаходзіліся «на выдачы», вельмі здзіўляліся: чаму так страшна, так сумна, так эпатажна? І сапраўды: чаму?

— Страшнага і сумнага ў жыцці шмат. Калі ў мяне з’явілася дзіця, пасля ўсіх момантаў, звязаных з нараджэннем, паўстала пытанне: як наогул у гэтым свеце жыць і не баяцца? Радзільня, бальніца, дзіця расце, пачынаеш знаёміцца з інфармацыяй, у якую ўвогуле не зазірала... Так адкрываюцца рэчы жахлівыя: чалавек насамрэч — вельмі крохкае стварэнне, ён часам вельмі блізка падыходзіць да смерці, але жыве. З гэтым разуменнем трэба  гадаваць дзяцей, а яны такія пяшчотныя, мяккія стварэнні і глядзяць на свет наіўнымі вочкамі... Да таго ж — адчуванне блізкасці свету памерлых... Мяне з дзяцінства вельмі цікавіла блізкасць мяжы, за якой пачынаецца нешта іншае. Гэта адчуванне просіць выйсця, што і адбываецца ў творах: я зазіраю ў свет памерлых, у свет сноў, і часам гэта атрымліваецца гумарыстычна. У многіх творах жыццё, нягледзячы на выпрабаванні, перамагае, як у казцы «Яшчэ адна сняжынка». Наогул, у кожнага ў галаве свой хаос, зачынены за сямю дзвярыма, але людзі не хочуць з гэтым судакранацца. Напэўна, сярод маіх чытачоў больш людзей, у каго гэтыя дзверы не зачынены. Вядома, казку Льюіса Кэрала будуць чытаць больш, чым мае арыгінальныя творы. Але ва ўласнай творчасці важней выказацца, чым набыць чытачоў, у мяне няма маркетынгавых памкненняў.

— Магчыма, справа таксама ў тым, што беларускія чытачы глядзяць на паэзію пераважна традыцыйна, — а ў Брытаніі, напрыклад, дапускаюць большую разнастайнасць мастацкіх падыходаў?

— Шырыня эстэтычных магчымасцей чытача можа быць рознай у розных культурах. Але кола чытачоў, якія маюць рафінаваныя густы, заўсёды вузкае. Увогуле ж кожны выходзіць са свайго кантэксту і суадносіць твор з тым, што ведае, што вылучае на першы план. У паэзіі мы шукаем нешта сваё, а я як чытач стараюся нічога не шукаць. Трапляе ў рукі новая кніга, і мне проста цікава, што там, бо літаратура — гэта магчымасць пашырыць сябе. Калі чалавек бачыць тэкст у слупок і чакае лірыкі, а там не лірыка, ён думае: «Гэта нешта не тое». А можа, творы добрыя, проста чалавек чакаў не гэтага. Аднойчы мне зрабілі заўвагу, што пішу нелірычныя вершы. Так і ёсць, але кожны робіць тое, што яму дадзена...

— Ці ўбачылі вы новыя перспектывы для сваёй літаратурнай творчасці дзя-куючы перакладу казкі Льюіса Кэрала?

— Хачу перакласці першую казку Кэрала, бо абодва гэтыя творы — як адзінае цэлае. Яны ўжо ўзноўлены на беларускую мову Максам Шчурам і Дзянісам Мускім, але перакладчыкі выкарыстоўвалі розныя падыходы, таму лічу, што гэта ўзаемадапаўненне, а не канкурэнцыя. У свой час перакладала з рускай і з украінскай моў. Украінская мова родная мне па паходжанні, першыя дзіцячыя гады правяла ў Кіеве, таму вельмі прыемна судакранацца з ёю. Але ў найбліжэйшы час хочацца засяродзіцца на англійскай літаратуры, увайсці ў англійскую мову, культуру. У мяне заўсёды гараць вочы ад гатычнай прозы. Прыкладам, выдатны брытанскі празаік Монтэгю Родс Джэймс, пісаў на пачатку ХХ стагоддзя. Медыявіст, штогод ствараў калядныя апавяданні-жахалкі і чытаў калегам. Пакуль што пераклала толькі адно яго апавяданне — «Студня стогнаў», якое друкавалася ў часопісе «ПрайдзіСвет», і надалей збіраюся звяртацца да яго творчасці. Ёсць і іншыя планы, але пакуль пакіну іх у сакрэце.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Загаловак у газеце: «Мадэрнізм і казкі пра Алісу — гэта сцяжынкі ў адзін бок...»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.