Вы тут

Аб падрабязнасцях справы «чорных рыэлтараў» з залы суда


Гэта рэзанансная гісторыя, звязаная з продажам кватэр у Магілёве і забойствам іх уладароў, узрушыла грамадскасць яшчэ два гады таму. У нечалавечым спосабе здабывання грошай абвінавачваюцца маладыя муж і жонка і два іх саўдзельнікі. Дзеянні арганізаванай злачыннай групы былі спынены пры спробе здзейсніць чарговае, сёмае, забойства. Матэрыялаў з жахлівымі падрабязнасцямі сабрана аж на 71 том. Летась справа пачала разглядацца ў Магілёўскім абласным судзе. Слуханні ідуць кожны будны дзень, пачынаючы з лістапада. На дзвярах у залу пасяджэнняў — аркуш з пералікам артыкулаў, па якіх абвінавачваюцца падсудныя. Інфармацыя ледзь умяшчаецца на старонцы фармату А4. Па справе праходзіць больш за 360 сведак — міліцыянеры, натарыусы, рэгістратары з агенцтва нерухомасці, камунальнікі, суседзі ахвяр і нават тыя, каму пашчасціла пазбегнуць страшнай долі, — усе, хто так ці інакш стаў відавочцам цёмных здзелак.


Па слядах крывавых спраў

Крыху нагадаем пра ўдзельнікаў гучнай справы і некаторыя яе абставіны. Усе абвінавачваныя — маладыя людзі ва ўзросце ад 31 да 36 гадоў. Ніводны з іх не меў адукацыі, дазваляючай займацца рыэлтарскімі паслугамі. Адзіны, хто меў прафесію, Сямён Беражны. І тое кранаўшчыка. Арганізатарамі злачынстваў абвінавачанне лічыць мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых, ужо неаднаразова судзімых, у тым ліку за махлярства. Забойства пры абцяжарваючых абставінах, выкраданне чалавека, махлярства, вымаганне, разбой, знішчэнне дакументаў, незаконны абарот псіхатропных сродкаў — гэта яшчэ няпоўны спіс тых злачынстваў, у якіх яны падазраюцца. Крывавы бізнес не перашкаджаў маладым людзям займацца выхаваннем дваіх непаўналетніх дзяцей. На лаве падсудных таксама два саўдзельнікі Гершанковых — Барыс Калеснікаў, у якога ўжо ёсць крымінальны вопыт, і Сямён Беражны, які дагэтуль не меў судзімасці.

Устаноўлена, што першае забойства, звязанае з продажам кватэры, Ігар Гершанкоў здзейсніў у 2009 годзе разам з Барысам Калеснікавым. Ахвярай стаў немалады чалавек, які вёў асацыяльны лад жыцця і меў вялікую запазычанасць па камунальных плацяжах. Ён лёгка даверыўся «дабрадзеям», якія паабяцалі прадаць яго кватэру і знайсці больш танны варыянт нават з даплатай.

Але пасля продажу кватэры былога гаспадара пасадзілі ў машыну і вывезлі ў невядомым напрамку. Як потым высветлілася, да загадзя падрыхтаванай магілы. А на наступны дзень тое ж самае зрабілі з яго сужыцелькай...

На паток справа была пастаўлена ў 2013 годзе. Магчыма, натхніла беспакаранасць за зробленае 4 гады таму. Падыходзячы варыянт, як сведчыць следства, выбіраўся са спіса даўжнікоў за камуналку, які меўся на руках у Ігара Гершанкова. Вывучалася біяграфія кандыдата, улічваліся яго ўзрост, наяўнасць сваякоў і сацыяльны статус. Асацыялы траплялі ў поле зроку ў першую чаргу, бо з гэтай катэгорыяй лягчэй дамовіцца і меншая верагоднасць таго, што іх пачнуць шукаць, калі яны раптоўна знікнуць. Замест Барыса Калеснікава ў «бізнес» уключаецца Сямён Беражны, які да знаёмства з Ігарам Гершанковым паспеў папрацаваць на кране. На адпрацоўку адной кватэры ў зламыснікаў сыходзіла часам да некалькіх месяцаў. Некаторыя даводзілася прыватызаваць. Для сваіх чорных здзелак кампаньёны выкарыстоўвалі здымнае жыллё, якое дэманстравалі чарговаму кліенту як варыянт для абмену. Адна з такіх кватэр знаходзілася ў доме па Пушкінскім праспекце. Гаспадыня і не здагадвалася, якія гульні вядуцца ў яе за спінай. Яна здавала кватэру па гадзінах і сутках і не заўсёды сустракалася з тымі, хто ёй карыстаўся. Магла пакінуць ключ у бліжэйшым кіёску, а часовыя кватаранты, калі сыходзілі, клалі яго на стол і проста зачынялі дзверы.

Пакуль вырашаліся пытанні па продажы кватэры, саўдзельнікі апякалі яе ўладальніка, куплялі яму ежу і спіртное, але як толькі яму ў рукі траплялі грошы, чалавек адразу ж ішоў у расход. Змоўшчыкі нават эканомілі на пахаванні сваёй ахвяры. Толькі для першай купілі самую танную труну, астатніх проста закопвалі ў зямлю з цэлафанавым пакетам на галаве. А каб у ахвяры не ўзнікла ніякіх падазрэнняў, арганізоўвалі пікнік на прыродзе і шчодра паілі «сябра» гарэлкай з клафелінам. Як толькі чалавек засынаў, закопвалі ў зямлю, не клапоцячыся пра тое, жывы ён ці не.

Ахвяру збіраліся задушыць чырвонай вяроўкай

— Устаньце, суд ідзе, — суддзя абвяшчае пачатак пасяджэння і пачынаецца чарговае апытанне сведак.

З моманту затрымання і па сённяшні дзень удзельнікі крымінальнага квартэта знаходзяцца ў адзіночных камерах і сустракаюцца толькі ў судзе. Нягледзячы на вочныя стаўкі, эксгумаваныя трупы, паказанні сведак, усе, акрамя Сямёна Беражнога, працягваюць адмаўляцца ад таго, што мелі нейкае дачыненне да забойстваў.

Ігар Гершанкоў наогул паводзіць сябе ўпэўнена: маўляў, апынуўся на лаве падсудных выпадкова, і ніякай віны за ім няма. Сямён Беражны адзіны, хто цікавіцца тым, хто прысутнічае ў зале, і я хутка адчуваю на сабе яго погляд. Барыс Калеснікаў, наадварот, старанна хаваецца ад людскіх вачэй у далёкім куце клеткі. Таццяна таксама закрываецца капюшонам і скідвае яго толькі тады, калі гэтага патрабуе суддзя. Побач з ёй на лаве ляжыць тоўстая папка з паперамі. Абвінавачаным дазваляецца рабіць копіі матэрыялаў справы і весці запісы. Асабліва гэтым карыстаецца Ігар, які ахвотна (з дазволу суддзі) задае пытанні сведкам і нешта памячае ў сваім блакноце. Да амапаўцаў, якія прысутнічалі пры яго затрыманні, у яго наогул іх было шмат. Ён нават ледзь не заблытаў аднаго з іх, спрабуючы пачуць выгадны для сябе адказ. 26 сакавіка 2015 года, як сведчаць матэрыялы справы, Сямён Беражны і Ігар Гершанкоў везлі чарговую ахвяру на могілкі і яшчэ не ведалі, што за імі ўжо сочаць. А калі зразумелі, паспяшаліся адарвацца ад пагоні. Сысці ад пераследу ім перашкодзіў план «Перахоп». Уцекачы паспрабавалі схавацца ў гаражным масіве, але трапілі ў тупік. Сямён Беражны, які быў за рулём, здаўся без супраціўлення, кажуць відавочцы, а вось Ігара Гершанкова прыйшлося літаральна выцягваць з задняга сядзення. «Ён увесь час круціўся, як вуж, і хацеў выслізнуць», — удакладніў супрацоўнік АМАПа. Мужчына, якога збіраліся забіць, сядзеў на пярэднім сядзенні, сціскаючы ў руках пакет з грашыма. Ён быў у шоку.

У матэрыялах следства ёсць інфармацыя, што гэтага чалавека збіраліся задушыць з дапамогай чырвонай вяроўкі. Амапавец пацвердзіў, што бачыў, як Гершанкоў падчас пагоні рабіў спробы схаваць рэчавы доказ.

Яма на вясковых могілках

Апошняя здзелка абяцала прынесці сужэнцам Гершанковым і Сямёну Беражному больш за 37 тысяч долараў. Размова ідзе пра кватэру, дзе жылі два браты. На той момант небяспека навісла над адным з іх. «Пасля смерці бацькоў гэта жыллё ператварылася ў прахадны двор, дзе час бавілі за распіццём спіртных напояў», — паведаміла суду адна з жыхарак гэтага дома. У той момант, калі ў братоў была рэальная пагроза пазбавіцца кватэры за камунальныя даўгі, паявіліся «дабрадзеі». Яны падрыхтавалі глебу і знайшлі пакупнікоў праз інтэрнэт. Кватэра была не ў найлепшым стане, але цана сямейнай пары спадабалася. Гаспадар папярэдзіў, што ўсімі справамі будзе займацца яго стрыечны брат Андрэй. Пад выглядам яго дзейнічаў адзін з цяперашніх падсудных. Пакупнікам адразу ж паставілі ўмову: грошы павінны быць у доларах і ў поўным аб'ёме. Маўляў, на гэты дзень намячалася яшчэ адна здзелка. У натарыяльнай канторы сямейная пара перадала грошы гаспадару кватэры, а на наступны дзень ім патэлефанавалі са Следчага камітэта і паведамілі, што гэта была за здзелка. Жанчына расказала суду, што навіна была для яе з мужам шокавай. І яны потым добраахвотна дапамаглі братам падшукаць падыходзячы варыянт з кватэрай. Дарэчы, цяпер яны амаль суседзі. Аднапакаёўка, дзе жывуць браты, знаходзіцца якраз цераз дом ад іх. Чалавек, якому кватэра ледзь не каштавала жыцця, прайшоў курс лячэння, і ў яго ёсць усе шанцы змяніць лёс.

Усяго на рахунку чорных рыэлтараў шэсць загубленых жыццяў. Тром магіляўчанам, з улікам апошняга, пашчасціла пазбегнуць страшнай долі. Хоць магілы іх ужо чакалі...

Жыхарка вёскі Сумарокава расказала суду, як аднойчы пайшла наведаць магілу мужа і ўбачыла непадалёк яму. Ёй стала цікава, хто ж памёр. Бо, калі б гэта быў нехта з вёскі, яна б дакладна ведала. Дзеля цікаўнасці яна амаль тыдзень хадзіла, каб прасачыць, каго там збіраюцца пахаваць. А калі не дачакалася, паведаміла ў сельсавет, і гэтую ямку проста засыпалі.

Следства між тым працягваецца. «Не выключана, што ўсплывуць яшчэ нейкія новыя падрабязнасці гэтай справы, — кажа дзяржаўны абвінаваўца, старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Аляксандр Раманаў. — Але тых злачынстваў, у якіх абвінавачваюцца гэтыя людзі, хопіць, каб панесці вельмі сур'ёзнае пакаранне. Жанчыне пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі, усім астатнім — працяглы тэрмін адбывання пакарання або выключная мера».


Р.S. «Звязда» і далей будзе знаёміць чытачоў з падрабязнасцямі гэтай рэзананснай справы

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Бізнес на чалавечых жыццях

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.

Грамадства

Ці вырашаць аграгарадкі кадравую праблему ў аграпрамысловым комплексе?

Ці вырашаць аграгарадкі кадравую праблему ў аграпрамысловым комплексе?

Карэспандэнт МС пагаварыў з дэпутатам  Дзмітрыем Гобаравым.

Грамадства

Чаму ў ашмянскіх калодзежах не хапае вады

Чаму ў ашмянскіх калодзежах не хапае вады

Пітная вада ў Ашмянскім раёне — асаблівая. 

Грамадства

Праходзіць найбольш відовішчная частка вучэння «Захад—2017»

Праходзіць найбольш відовішчная частка вучэння «Захад—2017»

Баявыя дзеянні па знішчэнні ўмоўнага праціўніка разгарнуліся на палігоне «Ружанскі».