29 Май, панядзелак

Вы тут

Махляры не грэбуюць нічым у спробах завалодаць чужымі грашыма


Якімі ж даверлівымі бываюць нашы людзі, калі самі аддаюць у рукі махлярам значныя сумы грошай! А калі ўжо становіцца канчаткова ясна, што даўжнік і не збіраецца вяртаць, ідуць у міліцыю. Трэба аддаць належнае і майстрам аферы: яны нярэдка выступаюць здольнымі псіхолагамі і сапраўднымі артыстамі, калі раскручваюць перад наіўнымі патэнцыяльнымі ахвярамі свае гісторыі, а сюжэты складаюць літаральна на хаду. Потым усё гэта абарочваецца стратамі і слязамі для пацярпелых людзей, часта — крымінальнымі справамі для махляроў.


Колькасць крымінальных спраў па артыкуле «Махлярства» апошнім часам істотна расце ў Брэсцкай вобласці. Паводле інфармацыі старшага памочніка пракурора рэгіёна Ліліі СМАЛЯРУК, за 2016 год заведзена 530 такіх спраў, тым часам як у папярэднім годзе іх было 384. І ўжо за студзень гэтага года колькасць махлярскіх спраў вырасла на 80 працэнтаў у параўнанні з леташнім паказчыкам. Махляры яўна робяць поспехі ў асяродку даверлівых грамадзян.

...38-гадовая жыхарка Брэсцкага раёна расказвала ўсім знаёмым пра свой паспяховы бізнес. Але ж на яго развіццё патрабаваліся сродкі, якія жанчына абяцала вярнуць з прыбыткам. Прадпрымальная махлярка здолела падмануць 38 чалавек. Ёй перадалі суму, эквівалентную 630 тысячам долараў!

Яшчэ адна «бізнес-лэдзі», брастаўчанка 25 гадоў, таксама апавядала пра свае ўдалыя праекты. Паводле яе легенды, камерцыйная дзейнасць вельмі хутка прыносіць вялікія дывідэнды, трэба толькі своечасова ўкладваць сродкі ў развіццё і станавіцца сузаснавальнікамі. Дзевяць чалавек паддаліся на ўгаворы і ўклалі сродкі, а таксама маёмасць на суму 240 тысяч дэнамінаваных рублёў. На выручаныя грошы махлярка гуляла ў казіно. Цяпер гэтым прадпрымальным падманшчыцам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Такія майстры афер, вядома, дзейнічаюць найбольш у вялікіх гарадах. З усіх махлярстваў, зафіксаваных у вобласці, 45 працэнтаў былі здзейснены ў Брэсце. Яно і зразумела. Тут лягчэй знайсці даверлівых кліентаў. Скажам, даў чалавек аб'яву ў газеце аб паслугах па перацяжцы мэблі. І цэны ў яго як быццам крыху ніжэйшыя за іншых майстроў. Знайшліся ахвотныя. Ён прыехаў, мэблю забраў, узяў грошы за работу, і на тым «прадпрыемства» скончылася... Другі абяцаў пастаўляць новыя дзверы і браў грошы наперад. Гэта некаторыя са шматлікіх прыкладаў падобных махлярстваў па Брэсце.

Але і асобныя дзеячы раённага маштабу часам не адстаюць ва ўменні зарабіць на залішняй даверлівасці. Шматдзетная маці са Століна знаёмілася з мужчынамі па інтэрнэце. Паводле легенды, яна была адзінокай прывабнай дзяўчынай (фота прыгажуні знайшлося ў сеціве), якая чакае станоўчага, надзейнага сябра з сур'ёзнымі намерамі. І такіх на Беларусі знайшлося аж шасцёра. Мужчыны прапаноўвалі руку і сэрца пасля пэўнага перыяду стасункаў анлайн. Прыгажуня згаджалася... але ў яе раптам узнікалі матэрыяльныя цяжкасці, напрыклад, у выглядзе першага ўзносу на будучую кватэру. І закаханыя слалі грошы ў Столін. Выніковая сума перавысіла 24 тысячы рублёў.

А што наша «нявеста»? Наўрад ці яна думала, што ашуквае жывых людзей, яна бачыла перад сабой патэнцыйных кліентаў для «дойкі» і дзейнічала далей. Суд улічыў наяўнасць малых дзяцей і тое, што яна мае інваліднасць, што часткова кампенсавала ўрон. Ёй прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Ці зробіць маладая жанчына адпаведныя высновы на будучыню, ці навучыць сваіх дзяцей, што падманваць людзей брыдка і ганебна, ніхто не ведае.

Часцей за ўсё такія людзі замест сумлення маюць толькі імкненне да нажывы і азарт, падобны на паляўнічы. Яны любяць «працаваць» у асяродку пенсіянераў, бо пажылых людзей лягчэй падманваць. На дапамогу ім усё часцей прыходзяць камп'ютарныя тэхналогіі. Летась было зафіксавана некалькі выпадкаў, калі спекулянты здымалі пенсіі з банкаўскіх картак.

Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Брэсцкага абласнога УУС Генадзь ВАЙТОВІЧ расказаў пра выпадкі камп'ютарных афер, якія здзейснілі непаўналетнія «хакеры». Столінскі юнак так прызвычаіўся залазіць на асабістыя старонкі грамадзян у розных сацыяльных сетках, што за кароткі тэрмін украў грашовыя сродкі больш чым у 80 чалавек. Вядома, раённым аддзелам СК была заведзена крымінальная справа. А драгічынскія аператыўнікі і следчыя за галаву ўзяліся, калі ўбачылі доказы камп'ютарных махінацый 10-гадовага хлопчыка. Ён змог перагнаць сабе грошы з дабрачыннага рахунка, адкрытага ў Брэсце на лячэнне 3-гадовага хлопчыка. Дзіця мае анкалагічнае захворванне. На лячэнне за мяжой збіралі, што называецца, усёй грамадой. Але ў нейкі момант частка грошай з рахунка знікла. Спецыялісты змаглі прасачыць рух фінансавага патоку і такім чынам выйшлі на малалетняга жыхара Драгічына. А ён, аказваецца, украдзеныя сродкі пусціў на развіццё свайго акаўнта ў сеткавай гульні «Танкі Анлайн». У апошнім выпадку ўзрост парушальніка закона ўсё ж дазваляе спадзявацца, што яго несумненныя разумовыя здольнасці можна яшчэ накіраваць у станоўчае рэчышча.

А вось з дарослымі інтэрнэт-аферыстамі, як і з тымі, хто працуе ў жывым кантакце з патэнцыйнымі ахвярамі, размовы часта заканчваюцца ў зале судовых пасяджэнняў. Ды лепей усё ж ахвярай не станавіцца. І быць надзвычай уважлівымі, калі справа датычыцца ўласных грошай. Колькі нашых суграмадзян пацярпела праз сваю дабрыню, калі згаджаліся дапамагчы іншым у справе атрымання крэдыту! Сотнямі лічыў кожны банк паручыцеляў, якія выплачвалі чужыя пазыкі. Пра гэта шмат гаварылі і пісалі, і цяпер ахвотных паручыцца за чужую сумленнасць і плацежаздольнасць стала нашмат менш. Але, як паказвае практыка, у тым ліку крымінальных спраў, людзі зноў наступаюць на тыя ж граблі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Махляры не грэбуюць нічым

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Ці здолее Грэцыя выкараскацца са шматгадовага крызісу?

Ці здолее Грэцыя выкараскацца са шматгадовага крызісу?

На пасяджэнні ўплывовага Савета міністраў фінансаў краін еўразоны ў Бруселі было абмеркавана пытанне выдзялення Афінам чарговага траншу.

Грамадства

Рак лячыць усё цяжэй?

Рак лячыць усё цяжэй?

У Мінску не так даўно адбылася 1-я міжнародная канферэнцыя па пытаннях анкагінекалогіі і анкаўралогіі.

Грамадства

Што паказаў эксперымент па фінансаванні?

Што паказаў эксперымент па фінансаванні?

Новы механізм нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі карэнным чынам змяняе мысленне іх кіраўнікоў. 

Медыя

Міжнароднае радыё «Беларусь» адзначае юбілей

Міжнароднае радыё «Беларусь» адзначае юбілей

...Сваё 55-год­дзе між­на­род­нае ра­дыё "Бе­ла­русь" ад­зна­чае цал­кам у штат­ным пра­цоў­ным рэ­жы­ме.