Вы тут

Захаваць тое, што ёсць


На мінулым тыдні адбыліся выбары ў парламент Нідэрландаў. Кіраўнік крайне правай галандскай "Партыі свабоды" Герт Вілдэрс яшчэ ў чэрвені 2016 года, адразу пасля перамогі "Брэксіта", прапанаваў правесці рэферэндум аб выхадзе Нідэрландаў з ЕС — "Нэксіт".


Эліты Еўрасаюза былі вельмі напалоханыя непрыемнай перспектывай "Нэксіта" і ўсур'ёз ўключыліся ў барацьбу за галасы электарату на баку палітычных партый, якія магчымасці выхаду з Еўрасаюза не абмяркоўвалі. На прасторах ЕС і гаворкі не магло весціся аб прадастаўленні партыі Вілдэрса роўных магчымасцяў для асвятлення сваіх пазіцый, уся агітацыя вялася за яго канкурэнтаў. Дастаткова было паглядзець Еўраньюс, найбуйнейшы ў ЕС канал навін, вельмі папулярны ў Нідэрландах, напярэдадні галасавання, каб пераканацца, за каго трэба галасаваць, на думку Бруселя. Сюжэты былі поўныя інтэрв'ю з сапернікамі як самога Вілдэрса, так і яго партыі, у якіх асуджаліся ключавыя пастулаты "Партыі свабоды" — правядзенне рэферэндуму аб выхадзе з ЕС і негатыўнае стаўленне як да мусульман, так і да эмігрантаў у цэлым.

На самай справе гэта добры сігнал — эліты Еўрасаюза разумеюць усю небяспеку новых рэферэндумаў аб выхадзе з ЕС і робяць эфектыўныя крокі, каб Еўрасаюз захаваць. Тут ужо гаворка не пра дэмакратыю, а пра нацыянальную бяспеку, калі так можна выказацца аб міжнароднай арганізацыі, якой з'яўляецца Еўрапейскі саюз. У выніку магутнага негатыўнага інфармацыйнага націску на "Партыю свабоды", выйграць выбары яна не змагла, хоць і прырасла нязначна дэпутатамі ў параўнанні з мінулымі выбарамі. Адыграў сваю ролю і прагматызм галандцаў — Нідэрланды вельмі моцна залежаць у развіцці сваёй эканомікі ад бесперашкоднага экспарту тавараў і паслуг у іншыя краіны ЕС, і выхад са складу гэтага інтэграцыйнага аб'яднання вельмі балюча ўдарыў бы па эканоміцы і высокім узроўні жыцця. Тым больш і нізкая нараджальнасць не дае шанцу адмовіцца ад мігрантаў, як бы гэтага ні хацелася радыкалам.

Украіна пайшла на сур'ёзнае абвастрэнне адносін з Расійскай Федэрацыяй. Прэзідэнт Пётр Парашэнка абвясціў аб увядзенні санкцый у дачыненні да пяці банкаў з расійскім дзяржаўным капіталам, якія ажыццяўляюць работу на рынку Украіны. Сур'ёзныя абмежаванні ўведзены на год у дачыненні да Ашчадбанка, VS Bаnk, Прамінвестбанка, ВТБ Банка і БМ Банка. Прэтэнзіі да банкаў пачаліся пасля таго, як Ашчадбанк пачаў абслугоўванне кліентаў з пашпартамі ДНР і ЛНР у мэтах выканання ўказа Уладзіміра Пуціна аб прызнанні ў Расіі пашпартоў, выдадзеных у самаабвешчаных рэспубліках. Цяпер банкам забаронена выводзіць грошы на карысць цэнтральных структур. Эксперты лічаць, што гэтая мера негатыўна паўплывае на эканоміку Украіны, якая і так інвестыцыямі не насычаная.

Яшчэ адной украінскай навіной стала абвяшчэнне Кіевам афіцыйнай блакады транспартных маршрутаў з ДНР і ЛНР. Фармальнай падставай стала тое, што кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі ўвяло знешняе кіраванне амаль на 40 прадпрыемствах украінскай юрысдыкцыі ў адказ на паўтара месяца блакады неафіцыйнай, якая праводзілася членамі радыкальных фарміраванняў Украіны па сваёй ініцыятыве, што негатыўна адбілася на эканамічнай сітуацыі ў ДНР і ЛНР. Сітуацыя дрэнная і тым, што яна можа падарваць выкананне "Мінскіх дамоўленасцяў" аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу. У гэтым не зацікаўлены ні Расія, ні Еўрасаюз. Да ўвядзення блакады прэзідэнт Украіны выступаў супраць яе. Эксперты мяркуюць, што, будучы не ў стане справіцца з неафіцыйнай блакадай, Пётр Парашэнка вырашыў паказаць сябе моцным лідарам, надаўшы ёй афіцыйны характар.

На тыдні спачатку парламент, а потым і каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ прынялі рашэнне ўхваліць біль пра запуск працэдуры Brехіt, што надало дакументу законную сілу. Пасля прыняцця гэтых рашэнняў, прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй мае магчымасць задзейнічаць артыкул 50 Лісабонскай дамовы аб выхадзе з ЕС, накіраваўшы ў Брусель фармальны запыт аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза.

На мінулым тыдні ў Мінску прайшло мноства сустрэч на вельмі высокім узроўні з замежнымі палітыкамі. У прыватнасці, 13—14 сакавіка Беларусь наведала дэлегацыя Міністэрства замежных спраў ФРГ на чале з дзяржаўным міністрам МЗС па справах Еўропы Міхаэлем Ротам, 15 сакавіка ў Мінску прайшла сустрэча намеснікаў міністраў замежных спраў краін — удзельніц "Усходняга партнёрства" і Вышаградскай групы, у той жа дзень прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам прэм'ер-міністра — міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам. 15 сакавіка старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутонен падпісалі ў Мінску дамову аб правядзенні ў Мінску 26-й летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, што яшчэ некалькі гадоў таму было немагчыма. 16 сакавіка на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам былі абмеркаваны перспектывы развіцця адносін з Міжнародным валютным фондам.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».