Вы тут

Якімі дасягненнямі могуць пахваліцца вучоныя-раслінаводы?


«Сучаснае раслінаводства немагчыма ўявіць без укаранення і суправаджэння сучаснымі тэхналогіямі, — мяркуе намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Дзмітрый ЛУЖЫНСКІ. — На айчынных палях урабляецца больш за 40 культур, распрацаваных у нашай краіне, яны займаюць каля трох чвэрцяў ад усіх пасяўных плошчаў. Штогод мы рэкамендуем для вырошчвання ад 8 да 15 новых сартоў».


Паводле слоў спецыяліста, распрацаваныя ў Беларусі сарты раслінаводчых культур не заўсёды пераўзыходзяць свае замежныя аналагі, аднак яны найлепш адаптаваны да нашага клімату. Так, напрыклад, толькі за апошні год аграрыі прапанавалі шэраг сартоў: пшаніцу яравую «Манета» з ураджайнасцю да 110 цэнтнераў з гектара, азімую пшаніцу «Гірлянда», устойлівую да неспрыяльнай зімоўкі з частымі адлігамі і пахаладаннямі, і іншыя. Адна з актуальных праблем, якія вырашаюцца цяпер, — забеспячэнне сельскай гаспадаркі бялкамі. Іх адсутнасць прыводзіць да перарасходу кармоў мінімум на 30 працэнтаў. Пры дапамозе селекцыі былі распрацаваны сарты такіх культур, як віка яравая, лубін вузкалісты і гарох. Іх вырошчванне дазволіць адмовіцца ад імпарту соі і сэканоміць каля 100 мільёнаў долараў у год.

«Трэба сказаць, што ў сферы бульбаводства існуюць пэўныя праблемы, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім МАХАНЬКО. — Так, напрыклад, агульныя пасяўныя плошчы працягваюць скарачацца. Дзесяць гадоў таму больш за тысячу гаспадарак займаліся вырошчваннем бульбы, сёння — усяго 460. Але адзначу, што валавы збор пры гэтым не зменшыўся — ён застаецца на ўзроўні, большым за мільён тон. Са 150 сартоў, што культывуюцца ў нашай краіне, толькі 47 — айчыннай селекцыі, але менавіта яны займаюць 70—75 працэнтаў плошчаў».

Сярод цікавых работ бульбаводаў можна вылучыць праект па распрацоўцы тэхналогій вытворчасці бульбы рознага прызначэння. Усе яны праходзяць «абкатку» на базавым прадпрыемстве НПЦ — Талачынскім кансервавым заводзе. Летась у падсобнай гаспадарцы было высаджана больш за ўсё бульбы ў параўнанні з іншымі аграрнымі прадпрыемствамі і была атрымана найлепшая ўраджайнасць — 50 тон з гектара. Самымі прадуктыўнымі сталі два беларускія сарты: «Палац» і «Лель», якія з гэтага года ўключаны ў Дзяржаўны рэестр. Што датычыцца пладаводства, то цяпер распачалася работа па атрыманні пасадачнага матэрыялу такіх культур «у прабірках» — гэта дазваляе забяспечыць высокі каэфіцыент размнажэння, а таксама абараніць расліны ад шматлікіх хвароб. З новых сартоў спецыяліст адзначыў грушу «Проста Марыя» асенняга тэрміну выспявання, якая вылучаецца вялікім памерам пладоў і добра прадаецца.

«У Беларусі сапраўды адзначаюцца пэўныя змяненні клімату, якія выражаны ў тым ліку пацяпленнем і дэфіцытам ападкаў у пэўных абласцях, — сцвярджае намеснік дырэктара па навуцы Інстытута абароны раслін Алена ЯКІМОВІЧ. — Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да з'яўлення новых відаў хвароб, якія не сустракаліся ў нас раней, напрыклад, пірэнафарозу (жоўтай плямістасці) ці жоўтай іржы. На поўдні пачынаюць з'яўляцца новыя шкоднікі — летась выявілі хлебнага жужаля, які пашкоджвае пасевы азімых збожжавых. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях у апошнія гады вельмі актыўна паводзіць сябе азімая соўка. Цёплая восень дае магчымасць развівацца шведскім мухам, сцябловаму кукурузнаму матыльку».

А вось з пустазеллем сітуацыя за апошнія гады, наадварот, палепшылася. Па словах спецыяліста, калі ў 1980-я колькасць раслін-шкоднікаў на адным квадратным метры перавышала норму, то цяпер яна знаходзіцца на мяжы шкоднасці. Негатыўнае ўздзеянне шматгадовага пустазелля зменшылася прыблізна ў пяць разоў. Асобна можна вылучыць распрацоўку шэрагу мерапрыемстваў па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага — у Дзяржаўны рэестр быў уключаны дзясятак гербіцыдаў, якія паказваюць вельмі высокую эфектыўнасць у барацьбе з гэтым відам. Па словах навукоўца, у сталіцы праблема з гэтай раслінай ужо практычна вырашана.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сваё — заўсёды найлепшае

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.

Эканоміка

Навошта нам долары?

Навошта нам долары?

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?