Вы тут

Прэзідэнт узгадніў назначэнне намеснікаў старшыні Мінгарвыканкама


Учора кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг рашэнняў па прызначэнні на кіруючыя пасады ў сталіцы. Такім чынам Мінск займеў чатырох новых кіраўнікоў.


Гэта Фёдар Рымашэўскі, яшчэ да нядаўняга часу генеральны дырэктар «Мінскбуда», цяпер — першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама. Аляксандр Крапак, да гэтага кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, стаў намеснікам старшыні гарвыканкама. Адпаведна, раней займаемую ім пасаду заняў Андрэй Жайловіч, экс-намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна. Яшчэ адзін новы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч, да гэтага ўзначальваў сталічны камітэт па ахове здароўя.

Перад новапрызначанымі Прэзідэнт паставіў тры задачы: урэгуляваць цэны, забяспечыць рост заработнай платы і вырашыць пытанне занятасці людзей. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння горад функцыянуе як след, аднак узровень развіцця сталіцы мог бы быць на парадак вышэйшым.

Што датычыцца ўзроўню заработнай платы, то, на думку Прэзідэнта, казаць пра сярэднюю зарплату ў Мінску ў $500 — смешна. У сталіцы яна павінна быць значна вышэйшай, чым у рэгіёнах. Тады гэта павысіць і сярэдні заробак па краіне. Але вырашэнне гэтых задач пацягне за сабой і вырашэнне іншых: павышэнне прадукцыйнасці працы, аб'ёмаў вытворчасці, рост продажаў.

Яшчэ адна задача — барацьба з беспрацоўем. Тым больш што, па словах Прэзідэнта, пачынаючы з вясны, работы ў Мінску хоць адбаўляй. «Сёння трэба задзейнічаць усіх, хто ходзіць без працы. Тым, хто хоча ўладкавацца на работу і можа працаваць, трэба дапамагчы. Хто не хоча (такіх усё ж такі менш), трэба прымусіць працаваць. Таму зрабіце ўсё, каб па максімуме заняць людзей», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, вырашэнне трох задач — кантроль за ростам цэн, рост заробкаў і забеспячэнне занятасці — адначасова вырашыць усе астатнія, супакоіць незадаволенасць насельніцтва. «Мы павінны выстаяць і даказаць усім, што мадэль сацыяльнай дзяржавы — гэта аптымальная мадэль для бяспечнай дзяржавы, якая нармальна развіваецца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, не варта ламаць існуючую сістэму, заяўляючы аб неабходнасці яе рэфармавання. Трэба паляпшаць тое, што ёсць. Бо для таго, каб збудаваць новае, жыцця не хопіць. «Мы павінны ўдасканальваць тое, што ёсць. Бяздзейнасць я не пацярплю. Я вам кажу шчыра: ці вы пачынаеце дзейнічаць і даяце вынік, выконваеце даручэнні Прэзідэнта, ці я буду прымаць рашэнні, прытым самыя сур'ёзныя, — адзначыў Прэзідэнт. — Мінск з кожным месяцам павінен выглядаць інакш: лепш, лепш і лепш. Каб паказаць прыклад усёй краіне».

* * *

Фёдар РЫМАШЭЎСКІ, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама:

— Перад намі былі пастаўлены задачы па вырашэнні сацыяльных і эканамічных пытанняў горада. Адна з задач датычыцца заработнай платы. Яна, зразумела, павінна не выплачвацца, а зарабляцца. Для гэтага мы будзем імкнуцца забяспечыць загрузку нашых прадпрыемстваў.

* * *

Аляксандр КРАПАК, намеснік старшыні Мінгарвыканкама:

— У першую чаргу кіраўнік дзяржавы даў даручэнне павысіць эфектыўнасць працы ва ўсіх галінах жыццядзейнасці для таго, каб палепшыць якасць жыцця насельніцтва. Гэта датычыцца і цанавой палітыкі ва ўсіх сферах, у тым ліку жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на работу прадпрыемстваў прамысловага комплексу: нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці, рэалізацыі гатовай прадукцыі, экспарту.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цэны, занятасць, зарплата

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.