Вы тут

«Уважліва стаўцеся да людзей!»


На прамую лінію да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля ЛІСА ў мінулую суботу дазваніўся 31 чалавек. Пытанні былі самыя розныя. Як заўсёды, людзі гаварылі пра хібы ў добраўпарадкаванні, пра недахоп інфраструктуры ў раёнах новых прыватных забудоў, былі звароты і па асабістых праблемах.


Такое ўражанне, што жанчына са Столінскага раёна хацела выгаварыцца, падзяліцца сваёй бядой. Зяць пакінуў сям'ю і не плаціць аліменты на ўтрыманне дваіх дзяцей. Пра гэтага гора-бацьку ведаюць у мясцовым выканкаме, у праваахоўных органах. Ён нават на год быў пазбаўлены волі за ўхіленне ад аплаты аліментаў. Але на шлях выпраўлення не стаў. Жыве без рэгістрацыі ў Брэсце, на работу ісці не спяшаецца. У міліцыі сказалі, што неўзабаве зноў накіруюць у месцы пазбаўлення волі. Але жанчына не згаджаецца: «Што толку ў яго адсідках?» Ды толькі вярнуць чалавеку сумленне і прымусіць зарабляць грошы для дзяцей ніхто не можа. «Чым можна дапамагчы ў такой сітуацыі? — разважаў губернатар. — Даручыць органам правапарадку яшчэ раз звярнуць увагу на злоснага неплацельшчыка».

Фактычна на кожнай прамой лініі бывае хоць адно падобнае пытанне, паспрыяць у вырашэнні якога вельмі складана, а то і немагчыма. Бо за свае памылкі, у гэтым выпадку з абраннем спадарожніка жыцця, даводзіцца расплачвацца асабіста кожнаму.

А вось іншыя пытанні, якія ўздымалі жыхары вобласці, патрабуюць умяшальніцтва органаў улады на месцах. Так, на прамую лінію пазваніла старшыня грамадскай арганізацыі «Асаблівае дзяцінства», якая прадстаўляла яшчэ адну арганізацыю — «Інвалід і асяроддзе», і папрасіла дапамогі. Рэч у тым, што брэсцкія інваліды маюць свае майстэрні па вытворчасці розных сувеніраў. Раней большую частку прадукцыі яны рэалізоўвалі праз ЦУМ. Некалькі месяцаў таму цэнтральны ўніверсальны магазін быў прададзены, новы ўласнік закрыў яго на рэканструкцыю. Інваліды засталіся без гандлёвай пляцоўкі. А для многіх людзей гэта адзіная крыніца папаўнення бюджэту, акрамя сціплай пенсіі. Кіраўнік вобласці тут жа даў даручэнне гарвыканкаму. Аддзел гандлю гарадской адміністрацыі павінен прыняць усе меры, каб забяспечыць людзей магчымасцю прадаваць свае вырабы. «Уважліва стаўцеся да людзей!» — прасіў губернатар усіх прысутных на прамой лініі чыноўнікаў.

Заклік аб уважлівым стаўленні прагучаў і пасля звароту жыхара Камянца. Валерый Васілевіч будуе ў райцэнтры дом. Як і ўсе забудоўшчыкі, ён скарыстаўся паслугамі мясцовага ЖКГ па ўрэзцы труб. Спецыялісты прыехалі, зрабілі работу за паўгадзіны, выставілі рахунак на 200 рублёў. Але заяўнік сам інжынер, працаваў у такой жа сістэме і расцэнкі ведае. Ён звярнуўся па тлумачэнні ў абласную ЖКГ, адтуль пісьмова адказалі, што работа каштуе прыкладна 56 рублёў. Ды толькі камянецкія камунальнікі стаяць на сваім: прадстаўляюць нейкія толькі ім вядомыя разлікі і з кожным новым пісьмом прыбаўляюць капейкі ў выніковай суме. Разборкі цягнуцца больш за паўгода. І чалавеку ўжо крыўдна не толькі за грошы, але і за справядлівасць. Чаму па ўсёй вобласці паслуга каштуе столькі, а ў Камянцы ў разы даражэй? Кіраўнік вобласці даў строгае ўказанне спыніць гэтую валакіту, а мясцовым кадрам адпаведным чынам указаць на пралікі альбо памылкі і прымусіць выправіць свае хібы.

А вось пытанне пенсіянеркі з Пружан нават крыху здзівіла прысутных. Алена Несцераўна скардзілася, што на могілках вёскі Сухопаль шмат старых дрэў, якія становяцца пагрозай для помнікаў. Вядома, дрэвы трэба спілоўваць. Здавалася б, гэтыя пытанні ўсюды вырашаюцца сельскімі Саветамі разам з жыхарамі. Людзі збіраюць грошы, мясцовы орган улады арганізоўвае знос лішняй расліннасці. Аказваецца, не ўсюды. Вось і заяўніцы парэкамендавалі звярнуцца ў сельскі Савет, а таксама паўдзельнічаць у фінансаванні агульнай справы.

Некалькі зваротаў на прамую лінію ў мінулую суботу ўтрымлівалі не скаргі альбо просьбы, а прапановы. Так, пенсіянер з Брэста мае асабістую заканадаўчую ініцыятыву. Не больш, не менш. Мікалай Сцяпанавіч, як і многія грамадзяне, аформіў крэдыт на прыватызацыю ўласнай кватэры тэрмінам на 40 гадоў. Ён кажа, што гатовы выплаціць яго раней, але на выгадных умовах. Скажам, каб за ўнесены рубель налічвалася паўтара ці больш. Такая сістэма, паводле разлікаў самога пенсіянера, выгадная і для дзяржавы, бо грошы, унесеныя сёння, прынясуць большую карысць, чым тая ж сума праз 30—40 гадоў. Вядома, пэўная логіка ў разважаннях чалавека ёсць. Толькі справа патрабуе вельмі сур'ёзнага вывучэння сапраўды на ўзроўні заканадаўцаў.

Яшчэ адзін з аўтараў зваротаў, кіраўнік брэсцкага велаклуба, мае прапановы па праграме развіцця веласіпеднай інфраструктуры абласнога цэнтра на наступныя пяць гадоў. Аляксандра Віктаравіча запрасілі ў гарвыканкам, дзе абяцалі падрабязна азнаёміцца з напрацоўкамі і прыняць іх да ўвагі асабліва пры праектаванні новых аб'ектаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.

Грамадства

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Але гэта не азначае, што і спрабаваць не варта.

Грамадства

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Ён — былы спартсмен. Яна — гаспадыня чайнай школы.