Вы тут

Тамара Kраснова-Гусачэнка. Bерш і святло


Гусачэнка Тамара Іванаўна (Тамара Краснова-Гусачэнка) нарадзілася 1 красавіка 1948 года ў вёсцы Шчапяціна Брасаўскага раёна Бранскай вобласці. У 1974 годзе пераехала ў Віцебск. Скончыла Маскоўскі аўтатранспартны тэхнікум (1971), філалагічны факультэт Бранскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя акадэміка І. Г. Пятроўскага (1977), факультэт лагапедыі Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1986).

Працавала  ў  рэдакцыях  бранскіх  абласных  газет  «Брянский комсомолец», «Автомобилист», на Віцебскім тэлебачанні, у чыгуначным райана горада Віцебска  і дырэктарам дашкольнай установы. Цяпер — старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар паэтычных кніг «На одном дыхании» (1999), «Отпусти меня, боль» (2000), «Посреди зимы» (2003), «Золотая капля» (2004), «Сложнее жизни» (2005), «Я пришла» (2006), «Осень молодая» (2007), «Спас» (2008), «Белое пламя листа» (2010), «У света нет тени» (2011), «Робинзоны из Придвинья» (2012), «Эта книга детям обо всем на свете» (2014) і інш.

Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сімяона Полацкага (2005), Усерасійскай літаратурнай прэміі імя Фёдара Цютчава (2009), Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча (2010).

 

БЕЛАЕ ПОЛЫМЯ ЛІСТА

Крочыць ноч па зялёнай планеце,

За вярстою шарэе вярста.

Толькі там, у маім кабінеце,

Мяне полымя кліча ліста.

 

Чысціні незямной шматгалоссе.

Так зіхцеў бы і ў Афрыцы снег.

Аб усім, што са мной адбылося,

Ліст заве расказаць. Як на грэх,

 

Парушаю зарокі маўчання,

І ўжо слова праз боль-запавет

Прарастае з душы апантанай,

Палыхае і просіцца ў свет.

 

І рука ўжо радочкі выводзіць,

Хоць маё апусцела жытло…

Ноч імгненнем кароткім сыходзіць.

Вось ён, ліст. Вось ён, верш. І святло!

 

*  * *

Я чытаю,

Чытаю радкі —

Згусткі-ніці

Пякучага болю…

Божа мой,

За якія грахі,

За якія заслугі-патолі

З неба вершы

Даруюцца ім:

Безграшоўным,

Няшчасным,

Сірочым,

Што сцвярджаюць:

Не слёзы, а дым

Выядае

Самотныя вочы?..

 

*  * *

І — на волю! Ад розных раскошаў-прыўкрас

У галечу, якая гартуе штохвілі,

Нават сну пазбаўляе, у тую якраз,

Дзе свабода, дзе шчасце на доўгія мілі.

 

Кроў чысцюткая. Рабства ні кроплі няма,

А яшчэ толькі ўчора ад страху трымцела,

А сягоння не страшны ні дождж, ні зіма

Тут, наяве, і ў сне, за фіранкаю белай.

 

О, я ведаю посвіст вятроў-завірух,

А ў траве — аж да стрэх — перапёлчыны плачы.

Не забуду аблок абцяжараны рух,

Ды любіла й люблю. Ну, а як жа іначай!..

 

Так, на волю! Бо вольнаму — безліч дарог,

На якіх ажывуць-замігцяць спадзяванні…

Даравала я ўсім, дык ратуй мяне, Бог,

Ад няволі — за рысай пунсовага  рання…

 

*  * *

Зіма. Не кволіцца мароз,

А мы з табой лыжнёю сіняй

Туды, ў гушчар, дзе да нябёс

Узносіць вецце сіні іней.

Паветра свежае — ого!

Да лыжаў снег зусім не ліпне,

І ад пагляду — ад майго —

Ураз твая суровасць нікне.

 

 

А сонца ў небнай вышыні

Усімі фарбамі палае

І нашы высненыя дні

Сваёй пяшчотай ахінае…

 

І мы наяве верым снам…

Так снег спакусліва бялее…

Хоць і мароз, ды цёпла нам

На гэтай казачнай алеі.

 

*  * *

Яшчэ вясна ў свае правы

Ўступае так нясмела,

Але з-пад кволае травы

Пралеска засінела.

 

Глядзіць на свет — і нікне цьма.

Трапечуцца асіны.

І даражэйшае няма

Ад гэтае хвіліны.

 

Дай мне руку. Вазьмі маю.

Няхай зліюцца рэкі.

Свой лёс табе я аддаю,

А твой бяру. Навекі.

 

ЯШЧЭ ЗВАНОК НЕ ПРАЗВІНЕЎ

Яшчэ званок не празвінеў,

Яшчэ не скончаны урокі.

Яшчэ не раз ля стромкіх дрэў

Мае пачуеце вы крокі.

 

Яшчэ прайду я па траве

На золку босымі нагамі

Туды, дзе ў роснай сіняве

Лугі аж гнуцца пад стагамі.

 

І дзе бярозы, як салют, 

Пад неба кронамі ўзляцелі,

Дзе салаўі так звонка льюць

Свае дзівослівыя трэлі.

 

І хай гадоў хоць сто міне,

Ды будзе ранак, дзень і вечар…

Я чую: кліча хтось мяне,

Ды адказаць на кліч той — нечым.

Пераклад з рускай Міколы ШАБОВІЧА.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».