Вы тут

Іван Капыловіч. Мой крылаты дзень


Капыловіч Іван Іванавіч нарадзіўся 2 лютага 1944 года ў вёсцы Забалацце Мазырскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.  І. Леніна (1967). Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у газеце «Чырвоная змена». У адной з камандзіровак трапіў у аўтамабільную катастрофу, доўгі час быў прыкуты да бальнічнага ложка.

Аўтар кніг прозы «Сонца садзіцца ў травы» (1978), «Два дні ў лютым»  (1981), «Асенні  гром»  (1985),  «Сны  не  вяртаюцца»  (1988),  «Імянны  гадзіннік» (1991), «Пасынак» (1993), «Крумкач» (1997), «Лісты з далёкай чужаніны» (2000), «Калі трэба жыць» (2003), «Правінцыялка» (2015). З вершамі выступаў у  штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць» і «Полымя».

*  * *

Расступіцца лес прада мной —

П’янею ад гэтай сустрэчы.

Да явы далучан зямной

І сэнсу яе не пярэчу.

 

Лес чуйны атуліць мяне

Сваёй непадробнаю ласкай.

У вочы так люба зірне

Лясною квітнеючай казкай.

 

Спытае — прастую куды,

Ад рання чаму задумёны:

Хаваю ўзрушэння сляды

І тое, што быў паланёны

 

Усім тым, што бачу цяпер,

Што смагу тугі наталяе

І будзіць у сэрцы давер

Да свету, дзе птахам крыляю.

 

Да позняга вечара тут

Няходжанай сцежкай блукаю.

Узяў у палон мяне кут — 

Ён строга пра ўсё распытае.

 

У знакі чым даўся яму,

І сам таго добра не знаю.

Вясёлы і хмурны чаму —

Адказу на тое не маю.

 

*  * *

Ідзе так спорна жыта ў колас,

Дзён падымаецца настрой.

Я патлумачу сабе ўголас —

Пары дажыўся залатой.

 

Шпак малады спрабуе крылы —

Бярэ прыступкі вышыні.

Ён неабсяжны свет адкрые,

Які пульсуе ў кожным дні.

 

Не размінуцца аніколі

Святло і цені таго дня,

Дзе знойдуць плоць і дух спатолю,

Дзе горыч выпіта да дна.

 

Суцішыць лета боль пакутаў,

Да явы верне спакваля.

Да краю гэтага прыкуты,

Дзе смагу волі наталяў.

 

Развязваў дзе вузлы тугія

Парой няўдзячнаю, крутой

І мроіў пра часы другія,

Што не кранутыя слатой.

 

*  * *

Быў у паўкроку я ад смерці

І ёй у вочы паглядзеў.

Таго мне з памяці не сцерці,

Калі на жорны кругаверці

Патрапіў мой крылаты дзень.

 

Крок у бальнічным калідоры —

Нібы набатныя званы,

Што дух абудзяць непакоры,

Калі за горла возьме гора,

Калі захмараныя дні.

 

І я з надзеяй азірнуся

На той, няпройдзены мной шлях,

І ні на міг не адракуся 

Ад усяго, на што малюся:

Мая малітва — дзён прасцяг.

Быў я з людзьмі і адзінокі —

 

Не пакрывіў ні раз душой.

Рабіў упэўненыя крокі

І намаганняў сэнс глыбокі

Ужо, здавалася, знайшоў…

 

А думкі, чорныя анёлы,

Бясконца круцяць галаву:

Напружваць трэба сілу волі,

Каб не адчайвацца ад болю,

Кажу я сам сабе: жыву!

 

*  * *

Час помны той, калі

Рунее жыта ў полі

І жураўліны клін

Аклікне наваколле.

 

Абшар перада мной —

І блізкі, і далёкі:

Ён вабнасцю зямной,

Я з ім не адзінокі.

 

Я з полем гавару

Аб тым, што перажыта,

Што прычакаў пару,

Што марамі спавіта.

 

Я вольны быў казак,

Свабодаю натхнёны.

Свабода — добры знак,

Што я ў жыццё ўлюбёны.

 

Я разам з жытам рос

У град і навальніцу.

Парою буйных рос

Звон каласоў мне сніцца.

 

*  * *

Бярозы — родныя сястрыцы,

Аблюбавалі той куток,

Дзе ёсць на што глядзець, дзівіцца,

Дзе б’юць падземныя крыніцы,

Зямной жыццёвасці выток.

 

 

Як добра бачна наваколле

З той вышыні, што даў ім Бог.

Такая ў іх, бярозаў, доля:

Перамаўляцца з лесам, полем

І слухаць гаману дарог.

 

Ламалі буры голле, крону:

Як ацалелі — неўгадно.

След застанецца ад урону,

Ў сваю зялёную карону

Зноў прыбяруцца веснім днём.

 

Калі ўліюся на світанні

У перашэптванне бяроз,

Адыдуць некуды ваганні

І тыя ўсе расчараванні,

Якімі ў гэты свет урос.

 

*  * *

Уваходжу ў яблыневы сад

І няспешную вяду размову

Часам, калі восень, зарапад, 

Што настройваюць на добры лад

І забытыя падкажуць словы.

 

Шчэ антонаў многа на галлі —

Рана саду на спакой збірацца.

Не змаўкаюць днямі жураўлі,

Чутны крыкі іх у небе, на зямлі —

Любіць сад у вырай углядацца.

 

Адзіноты праведны куток

І прытулак бабінага лета.

Сад не раз мяне перасцярог,

Каб абдумваў я свой кожны крок,

Спазнаючы таямніцу свету.

 

Сніцца саду белы супакой

І начных завеяў баляванне,

Да якіх падаць ужо рукой.

Долі пазайздросціць хто такой,

Што саткана з болю і трывання?

 

На свае ўсё вернецца кругі —

Сад сябе вясною не пазнае,

Калі ў час пялёсткавай пургі

Першы гром абудзіць берагі

Уладанняў клопатнага мая.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.