Вы тут

Алена Тулушава. Апавяданні


Тулушава Алена Сяргееўна нарадзілася ў 1986 годзе ў Маскве. Скончыла Інстытут псіхатэрапіі і клінічнай псіхалогіі і Інстытут псіхааналізу. Працавала ў Францыі і ЗША. Цяпер — старшы медыцынскі псіхолаг у Цэнтры па рабоце з падлеткамі (г. Масква).

Друкавалася ў часопісах «Наш современник», «Московский вестник», «Подъем», «Вертикаль — ХХІ век» (Расія), «Белая вежа», «Нёман», «Новая Немига литературная» (Беларусь), у літаратурных выданнях шэрагу замежных краін. Лаўрэат V міжнароднага форуму славянскіх літаратур «Залаты   Віцязь».

Марыя Васільеўна

Mарыя Васільеўна няспешна апранулася: нацягнула спартыўныя штаны,  старую  блузку,   дастала  галёшы,  завязала касынку.   Дом пачынаў заціхаць. Міша б вельмі сварыўся, калі б убачыў яе зараз у «такіх лахманах». Але яна ўсё разлічыла. Двух гадоў бяссоння хапіла ёй, каб вывучыць рытм жыцця суседзяў.
Праграма «Час» даўно скончылася, сабачнікі вярталіся з прагулак — значыць, пачатак адзінаццатай. Віктар з трэцяга паверха вернецца не раней як    у гадзіну. Яго змена ў аўтобусным парку заканчваецца якраз апоўначы. Ён адзіны, хто можа прайсці паўз яе. З «няспячых» ёсць яшчэ моладзь. Хлопцы  і дзяўчаты доўга стаяць каля пад’езда, з шумам разыходзяцца пасля поўначы. Але, па-першае, яны аднекуль зверху і ездзяць на ліфце. А па-дургое, сёння панядзелак. Марыя Васільеўна даўно заўважыла, што па панядзелках жыльцы стараюцца хутчэй прыйсці дадому і больш не выходзіць. Стамляюцца. Пад’езд засынае раней. Яна таму і выбрала панядзелак — першы панядзелак кожнага месяца. Вось, напрыклад, у пятніцу яна не рызыкнула б. Пад’езд бурліць, гудзе, мітусіцца. Усю ноч чуецца тупат. А зімой гэтыя з верхніх паверхаў наогул так і сядзяць на лесвіцы, кураць, выпіваюць і ўсё балбочуць. Чутна нават праз зачыненыя дзверы.
Калісьці, яшчэ ў першы год пасля пераезду, яна параілася з Мішам, маўляў, ці не пагаварыць з хлопцамі і дзяўчатамі, каб паводзілі сябе цішэй. Сын разгарачыўся — гэта табе не Гомель! Тут нікога не трэба выхоўваць! Ты разумееш, што тут так не робяць?! — Потым, заўважыўшы, што яна разгубілася, дадаў крыху мякчэй:
—    Мама, я цябе прашу… Калі ласка… У мяне і так столькі праблем. Не трэба. Сядзяць яны, асабіста табе хіба перашкаджаюць спаць?
—    Ды мне, Міхаська, не перашкаджаюць. Я і днём магу прылегчы, а астатнім як? У нас ёсць сем’і з дзецьмі, а на першым паверсе пару дактароў. Ім часта раніцой трэба ісці на дзяжурства. Я ж толькі хацела папрасіць, каб цішэй…
—    Мам, калі ласка, заканчвай свае прывычкі. Вось я зайшоў на чай, а ў выніку, як папугай адно і тое ж табе тлумачу! Які ўжо раз, а ты і не  чуеш!
—    Міхаська, ты прабач, прабач! — спалохалася яна. — Я не буду. Я цябе зразумела. Ты паеш, адпачні, а я моўчкі пасяджу. Прабач.
Так і не зразумеўшы сына, яна ўсё ж не рашылася пагаварыць з шумнай кампаніяй, хоць  і была пераканана, што знайшла б патрэбныя словы. Усёткі трыццаць пяць гадоў прапрацавала ў школе. Паважаны чалавек. Колькі хлопцаў з няпростымі характарамі, з няпростых сем’яў, але дыялог заўсёды атрымліваўся.
Яна была строгім настаўнікам. За прынцыповасць і актыўнасць дырэктар рухаў яе па партыйнай лініі: «А хіба можна было быць не прынцыповай, — звыкла загаварыла яна сама з сабой. — Гісторыя — гэта не літаратура: двух меркаванняў быць не можа. А гісторыя кампартыі ў старэйшых класах — тым больш. Хіба можна тут шукаць кампрамісы? Так вырасціш не патрыётаў, а здраднікаў. Іх жа, маладых, так лёгка заблытаць, так лёгка павесці па падманлівым шляху. Тады нам, канечне, было прасцей. Падручнікі на ўсю краіну аднолькавыя, праграма зацверджаная, ідэя адзіная. Была сістэма, была логіка. А вось як цяпер выкладаюць ім падзеі 90-х? Але і не зразумееш, раней была адна краіна… А зараз Міша кажа, кожны настаўнік можа выбраць, які пункт гледжання выкладаць на ўроках. Вось і псуюць дзеці нервы педагогам, бо адчуваюць, што няма ў старэйшых адзінства, няма праўдзівых адказаў, таму і павагі да старэйшых няма».
Яна зайшла на кухню, па звычцы ўзяла сухую анучу і выцерла ракавіну. Падставіла пад кран пластыкавы слоік з-пад смятаны. Міша рамантаваў кран у мінулым месяцы, але кран працякаў, і за ноч ракавіна пакрылася пацеркамі кропелек. Вымыты посуд высах. Яна пераклала яго ў шафу, павесіла вільготны ручнік на батарэю і агледзелася, шукаючы, ці не засталося што няз’едзенае. Усё чыста. Рукі звычна пацягнуліся да радыё. Спачатку затрашчала, затым пачулася знаёмая гаворка «Палітычнага агляду». «Надакучыла. Адно    і тое ж. Лепш бы Радзінскага ўключылі. Вас, гультаёў, кожны вечар слухай,    а яго — толькі па суботах!.. Як жа ён цікава расказвае… З голасам толькі не пашанцавала», — яна ўздыхнула, спачуваючы піскляваму тэлевядучаму.
Марыя Васільеўна падышла да акна. З другога паверха быў бачны невялікі ўчастак шырокага праспекта. Ёй падабалася вечарамі глядзець на рознакаляровыя агні аўтамабіляў і яркія вітрыны. Начамі было прыгожа, хаця і шумна. А вось днём яна старалася ў вокны не глядзець, асабліва калі лета было засушлівае. Выцвілы на яркім сонцы пейзаж навейваў сум: шэрая шаша, пыльныя тратуары, стомленыя спякотай людзі.
З акон не бачна было ніводнага дрэўца. А ў мінулым годзе ўбралі і газоны. Міша быў задаволены: «Нарэшце ў нас нармальныя паркоўкі зрабілі, а то як ні прыедзеш, заўсёды стрэс, дзе б у двары паставіць машыну!» Марыі Васільеўне было сумна наглядаць, як апошнія зялёныя лапічкі — адзіныя адзнакі лета, знікаюць пад шэрым роўным асфальтам. Але калі сыну ад таго, што ёсць дзе паставіць машыну, лягчэй прыязджаць у госці, што ж, яна пацерпіць. Яна пацерпіць.
У Гомелі вакол яе вокнаў вілася вінаградная лаза. Летам цені ад лісця кружыліся па кухонным стале, выпісваючы ўзоры, як у дзіцячым калейдаскопе. Яе маленькі агародзік, шчыльна засаджаны агароднінай і малінай, пярэсціўся адценнямі зялёнага. Летам прыязджалі ўнучкі, і яна цэлы дзень гатавала для іх усялякую ежу. Але калі яна завіхалася каля пліты, пераварочваючы на патэльні духмяныя пышкі, або шыла дзяўчынкам карункавыя святочныя сукеначкі, яна і не глядзела ў акно, ведала, які малюнак знадворку. Кожны куст, кожную вішню суседняга агарода, лужок з дзятвой, вакол якога стаялі дагледжаныя хлеўчукі, яблыню каля агульных веснічкаў. Яна пражыла тут сорак гадоў. Яны з мужам самі будавалі гэты дом, як і іншыя пятнаццаць сем’яў. Будавалі доўга, дабротна, для сябе, для дзяцей, для ўнукаў. Два паверхі, два пад’езды, склеп, агароды, хляўчукі, што закрывалі двор ад старонняга вока. Сорак гадоў нічога не мянялася. Толькі дрэвы раслі ўсё вышэй, ды ўюн распаўзаўся ад страхі да пад’езда, закрываючы цёмнай зелянінай увесь фасад дома.
Калі яна выйшла з кватэры, у пад’ездзе было цёмна і холадна. Ацяпленне ўключалі толькі ў канцы кастрычніка. У іхнім доме ў Гомелі была газавая калонка. Цёпла было, і гарачая вада была заўсёды. Пасля таго, як пераехалі сюды, ёй здавалася дзіўным зноўку мыцца з тазіка летам, як у далёкім пасляваенным дзяцінстве.
З-за суседніх дзвярэй чуліся выццё сірэны і стрэлы: сусед сеў глядзець серыял. Значыць, ужо адзінаццаць. Яна ціхенька прыадчыніла дзверы, не асмельваючыся іх зачыніць з трэскам. У мінулы раз з-за таго, што перагарэла лямпачка, яна доўга не магла ўставіць ключ у адтуліну. І чым больш спрабавала гэта зрабіць, тым больш хвалявалася, што нехта з суседзяў убачыць яе, а потым скажа Мішу, і ён зноў будзе сварыцца, будзе казаць, што яна займаецца не сваёй справай і яму сорамна за тое, як яна выглядае. «А ў якім, загадаеш, выглядзе мне выходзіць? — разважала яна, нацягваючы шчыльныя гумовыя пальчаткі. — І калі ўжо так, я ж заўсёды ў чыстым. А што не новае на мне, дык жа — не на танцпляцоўку».
Яна ціха пераставіла да ліфта вядро з вадой, разгарнула квяцісты, уручную абшыты акравак тканіны з колішняй яе хатняй сукенкі, і таксама ціха апусціла яго ў ваду.
Выціснуўшы анучу, узнялася на адзін лесвічны пралёт і пачала не спяшаючыся, адну за адной, мыць прыступкі.
Спусціўшыся да пляцоўкі свайго паверха, яна прапаласкала анучу, з палёгкай заўважыла, што бруду накапілася не так ужо і шмат. У мінулым месяцы ўвесь тыдзень да яе «дзяжурства» горад затаплівалі ліўні, і ваду даводзілася мяняць двойчы. А гэта час і сіла: на вуліцу выліць, спусціцца і ўзняцца па лесвіцы…
Зараз было суха. Ні дажджоў табе, ні снегу.  Ды і пару тыдняў таму да     іх у пад’езд усё-ткі зайшла прыбіральшчыца — грузная жанчына з абветраным тварам, у бруднай сіне-аранжавай форменнай куртцы. Прыбіраць павінны былі раз на месяц, але прыбіральшчыца прыходзіла, калі Рая з першага паверха тэлефанавала ў ЖЭС і скардзілася. Марыя Васільеўна таксама хацела званіць, але пачуўшы гэта, Міша закрычаў: «Ну чаму табе, мам, трэба больш за ўсіх?! Якая табе розніца, што там. Ты ж не ў пад’ездзе жывеш, а ў сваёй кватэры. Прыйдзе час — прыбяруць. Толькі не ўздумай сама мыць — я цябе ведаю! Або тым больш прапаноўваць суседзям — падумаюць, што ты з глузду з’ехала».
Яна і заікнуцца не пасмела пра тое, што задумала, а Міша ўжо забараніў! Але ж ён і сам, безумоўна, памятаў, як у іх дома ўсё было ладам, і якая там была чысціня. Кожны тыдзень жыхары адной з кватэр (вядома, гаспадыня), мылі абодва паверхі — графік вісеў каля ўвахода ў пад’езд.
У пад’ездзе заўсёды было чыста, і ніхто нават не мог дадумацца, каб плюнуць на лесвіцу або размаляваць сцены. Тым больш свае… Раней ёй здавалася: свае — таму што равеснікі, да працы пасля вайны прывучаныя, ідэяй адной з’яднаныя, агульным выхаваннем жылі. А іх дзеці па інерцыі ўжо прымалі тыя правілы сумеснага жыцця, што панавалі сярод жыхароў дома.
Але пераехаўшы сюды, Марыя Васільеўна са здзіўленнем заўважыла, што справа не ва ўзросце. Дзве бабулькі з першага паверха за пяць гадоў ні разу  не адказалі ёй на яе «добры дзень». Пры тым тая самая «гучная» моладзь віталася, нават калі яна прасіла хлопцаў і дзяўчат не курыць у пад’ездзе. Жанчыны прыкладна яе ўзросту жылі ў адзіноце, ні з кім не сябравалі, рэдка калі выходзілі са сваіх кватэр. Хіба магла яна пачынаць з імі размову пра тое, каб арганізаваць дзяжурствы? А да тых, што былі маладзейшыя за яе, яна і сама  з такой прапановай не падышла б: у сваёй большасці сумныя, заўсёды некуды спяшаюцца, стомленыя, раздражнёныя. Як і яе Міша ў апошні час. Быў жа раней зусім іншым…
Пакуль яна ўспамінала сына, ягоныя прыгоды і роспач ад таго жыцця, якім ён жыў, не заўважыла, што ўжо двойчы памыла лесвічную клетку. Лёгкі пах соды амаль выветрыўся. Яна выпрасталася, крэкчучы ад болю ў спіне і нагах. Чыста…
Марыя Васільеўна сядзела на ложку, масіруючы калені дрыжачымі рукамі. У кватэры ўсё было вымыта, развешана. За сцяной ужо даўно замоўк тэлевізар. Наверсе сёння ніхто не сварыўся. Пад’езд спаў.
Каля ўвахода пачуліся крокі, затым гукі кнопак дамафона. Ногі стомлена зашаркалі па прыступках, заціхлі перад другім паверхам…
Яна ўсміхнулася, уявіўшы, як Віктар здзіўлена глядзіць на чысціню і асцярожна, стараючыся не пакідаць слядоў, прабіраецца па краі лесвіцы дамоў.
Віктар звыклым жэстам выбраў з паштовай скрынкі ўсе паперы і пачаў разбіраць пісьмы. «Зноў адны рахункі! Свету белага не бачна!» — ён раздражнёна плюнуў у скрынку для паперы і паплёўся дадому.

Віна выжыўшага
—    Мацней закручвай!
—    Я закручваю.
—    Ты не закручваеш, я бачу!
—    Сказаў жа, закручваю.
—    Ды ты мне ўсё жыццё кажаш! Хаця б што зрабіў... Ён яшчэ ўздыхае!
Закручвай нармальна, мне прыйдзецца ўсё выціраць.
—    Не крычы, я ж раблю.
—    Не крычы яму! Ды табе крычы, хоць разарвіся — ці чуеш?! Колькі крычала, каб кінуў піць — пачуў?!
—    Ну не магу я не піць, ты ж ведаеш, ну не крычы, раніца ж.
—    Чаму я магу, а ты не можаш?! Уладкаваўся! Раніца яму: палова першай!
Ужо нажраўся. Нармальныя людзі ноччу працуюць як трэба!
Марына паспрабавала яшчэ некалькі хвілін  не  расплюшчваць  вочы, але маці крычала так, што яна поўнасцю абудзілася ад сну. — Нар мальныя людзі... Калісьці яны маглі б прэтэндаваць на гэтае  званне. Некалі  даўно,  калі  Марыне  было  гадоў  пяць,  бацька,  хоць і  шмат піў,  але  па  святах.  У  застоллі,  калі  ўсе  ўжо  былі  добра  захмялелыя,   ён браў яе на рукі, і абдаючы непрыемным пахам алкаголю і цыбулі, пачынаў так гучна, каб усе чулі,  расказваць  аб  тым,  што  яго  Мары начка  самая  разумная  ў  групе,  што  яна  будзе,  як  і  яе  мама  —  нявеста ўсім на зайздрасць. Рукі ў бацькі станавіліся халоднымі і ліпкімі, сядзець было няёмка, а ад яго пацалункаў на шчоках заставаліся вільготныя сляды. Але ўсё гэта здавалася зусім няважным. Яна сядзела і ўсміхалася, як можа ўзнёсла ўсміхацца самае любімае на свеце дзіця: тата ёю ганарыцца, кажа, што яна будзе падобная на сваю   мамачку!
Чарговыя крыкі маці рэзка абарвалі ўспаміны аб дзіцячым шчасці. «Як жа ўжо дасталі, трэба дзверы памяняць. Хаця яе крык будзе чутны і праз браніраваныя. Ды і грошай на дзверы ўсё адно няма», — мільгнула ў галаве. Вобраз маці ўварваўся ў свядомасць: рукі ў бакі, ногі расстаўлены, як у мужыка, галава прыўзнятая, гатовая на кожнага, хто ёй трапіцца на вочы, абрушыць з абурэннем чаргу прэтэнзій. Пры гэтым яе вочы так і бегаюць па баках.
Відовішча канчаткова  прымусіла Марыну расплюшчыць вочы і скінуць  з сябе коўдру. Ад дотыку ног да халоднай падлогі стала холадна і  няўтульна.
«Добранькую ж перспектыву ты мне прапаноўваў, татачка», — раздумвала яна, разглядаючы сябе ў люстраныя дзверы шафы, з палёгкай не ўбачыўшы нічога, чым была б падобная на маці. Аб учарашніх пасядзелках нагадвалі запалёныя вочы і пародыя ўкладкі на галаве. Яна карыкатурна ўсміхнулася сама сабе, выява на люстраных дзвярах адказала зусім не дружалюбна.
Мяркуючы па несціхаючых крыках маці, кран яны так і не прыкруцілі.
Хутаючыся ў світар, Марына выглянула ў калідор.
—    Калі я змагу зайсці ў душ?
—    Здрасце табе! Няўжо прачнулася? А чаго ж так рана? — маці, быццам павук, гатова была напасці на новую ахвяру, якая трапіла ў павуціну яе кватэры.
Марына пытанне маці праігнаравала, праз адчыненыя дзверы ваннай спыталася:
—    Тата, хутка заканчваеш?
—    Ды хто яго ведае, маці кран нейкі дурнотны купіла, разьба злятае.
—    Ах, гэта я яшчэ і кран не той купіла?! — «павук» заўважыў, што ў першай ахвяры яшчэ цепліцца жыццё і заспяшаўся закончыць сваю місію. — Ды ты хаця б раз падняў свой азадак, ды сам купіў! За столькі гадоў ад цябе ў доме ніякай карысці! Кран не той! Рукі ў цябе ад гарэлкі не тыя!
—    Ды я што, я кран, кажу, не наш. Імпартны, не падыходзіць сюды.
—    Чым табе іхнія краны не дагадзілі?! Ты на яго спачатку зарабі, а потым абхайвай!
Пачуўся трэск, нешта стукнулася аб ванну, палілася вада.
—    Ды каб цябе, тваю ж...
У канцы бацькавага мацюка прагучала: «Не выйшла, Надзь, трэснуў».
—    Не выйшла?! Замуж я б за цябе не вышла, тады б усё ў мяне ў жыцці выйшла куды трэба!
—    Ну, я так разумею, айчынная вытворчасць кіруе! — кінула Марына.
—    Іш ты, ажывілася як! Мы ўжо і не думалі, што ўбачам цябе да вячэры! — бацькава поўная капітуляцыя дадала «павуку» новай сілы, і ён наступаў, паціраючы лапкі.
—    У мяне выхадны. Захачу — і да вячэры спаць буду. Я нікога не  чапаю.
Калі б не твае крыкі — спала б далей.
—    Ну канечне ж, чым яшчэ заняцца. Усю ноч бадзяецца, потым спіць суткамі. Хаця б раз за месяц у пакоі прыбрала, гадзюшнік развяла, зайсці страшна!
—    А няма чаго заходзіць — мой пакой.
—    Яшчэ ты мне ўказваць будзеш, куды заходзіць ва ўласнай кватэры. Спачатку хоць на куток сабе зарабі!
—    Будзеш чапаць мой пакой — я яго таджыкам здам, я тут прапісана. Не трэба было тую кватэру Мішы аддаваць, я б з задавальненнем аблегчыла б ваша жыццё пераехаўшы.
Пры словах пра Мішу твар маці скрывіўся ад болю і прыкрасці, рукі машынальна апусціліся, і ўся яна як бы ссутулілася, зусім панікла. «Ну вось, зараз зноў пачнецца». — Марыне стала шкада маці.
—    На кухні ён. Ідзі, пагавары, — голас маці гучаў глуха, у ім ужо не чулася злосці, хутчэй адчай і безвыходнасць.
—    Мішка?
—    Здарылася, відаць, нешта. Ён маўчыць, цябе, мабыць, чакае. Ты пагавары з ім, — пагляд маці стаў мяккім, у ім адчуваўся боль.
—    Грошай ён, напэўна, чакае, што яшчэ ў яго здараецца? Вось і прыехаў. — Марына не магла спакойна глядзець на гэты ахвярны вобраз маці і з гадамі прывыкла адсякаць усе сентыментальнасці жорсткім тонам і жорсткай праўдай.
Маці моўчкі праводзіла яе паглядам і машынальна зайшла ў ванную.
—    На, Коль, стары пакуль давай закруцім.
—    Стары — гэта можна. А тое, што ён падцякае — дык я зараз пракладку новую пастаўлю, будзе лепшы, чым гэты.
На кухні было холадна, пахла газай і кавай.
—    Прывітанне! — сказала Марына як мага дружалюбней, стараючыся выцягнуць сябе з ранішняй злосці. — Як справы? — і, не чакаючы адказу, пачала ўключаць астатнія канфоркі, паціраючы над плітой халодныя пальцы.
—    Нармальна. Сама як? — ён па звычцы не падымаў вачэй ад кубка, над якім уздымалася пара.
—    Нічога сабе. Калі б не гэтыя — наогул няблага.
—    Але ж, маці чакае. Я, калі ты была малая, думаў, калі-небудзь голас скончыцца, і яна ўсё астатняе жыццё шэптам будзе размаўляць.
Марына ўсміхнулася, успомніўшы, як яны ў дзяцінстве хаваліся ад маці ў ваннай, і як аднойчы заела замок, і не змаглі адчыніць дзверы. Зрэшты прыйшлося выламаць замок, а маці потым крычала на іх яшчэ тыдзень.
—    У гэтай не скончыцца, я ў дзяцінстве думала, што, калі вырасту — ніколі не буду крычаць на сваіх дзяцей. Але, адчуваю, гены возьмуць сваё.
—    Як праца? Усё спрабуеш выратаваць свет? — усміхнуўся Міша.
—    А ты ўсё спрабуеш выратавацца ад свету? — паспрабавала ўкалоць  яго яна.
 —    Кожнаму сваё, выжываем, як можам.
Марына насыпала кавы, заліла кіпенем, і села насупраць брата.
—    А на якія грошы выжываеш? Скрадзеныя? — амаль сцвярджаючы мовіла яна.
—    Калі як. Дзе як, дзе прыгандляваць перападае. Ды ўсё, як раней. Тут вось дзядуля крыху падкінуў, быццам да дня нараджэння.
—    Так, ён казаў мне. Я яго папярэдзіла, што гэта табе на пахаванне, — яна гучна сербанула каву і паморшчылася.
—    Усе там будзем.
—    Але ж ты спяшаешся першым.
Марына хацела працягваць стандартны абмен калючымі фразамі, але паглядзела на брата, і ўнутры яе зашчымела. За апошні месяц, калі яны не бачыліся, ён моцна схуднеў. Вочы на яго твары з блакітнаватым адлівам здаваліся шклянымі лямпачкамі. Рэдкае шчэцце прыкрывала абветраную, месцамі ў дробных язвачках, скуру. Пасля другога тэрміну ён два месяцы лячыўся ў туберкулёзным санаторыі. Але прыкметы жыцця зніклі з яго твару ўжо праз пару тыдняў, і цяпер нішто не нагадвала, што ён здаровы.
—    На чым зараз?..
—    Месяц чысты! — шырока ўсміхнуўся брат. Пасля таго, як ён адбыў першы тэрмін за рабаўніцтва, маці аддала ўсе грошы, якія мела на яго імплантанты. Наіўная, яна спадзявалася, што турма зменіць сына, а падрамантаваная ўсмешка стане стымулам знайсці добрую работу.
—    Хлусіш.
Ён не адказаў, няёмка паднёс да рота кубак, і Марына заўважыла, што рука яго не слухаецца. Ён быў падобны на калеку.
—    «Вінт»?
—    Ух ты, прафесарша, падсякаеш. Дзе паднацягнулася? Гэта нават не наркотык. Захачу — кіну.
—    Але. Я гэта чую кожны дзень. Лячыцца не надумаў?
—    Ды ўсё нармалёва, расслабся! — павучанні яму добра-такі надакучылі. — Праходзілі ўжо, Марын. Працуй на працы.
—    Прабач. Гэта хутчэй пытанне.
Міша так і не адрываў пагляд ад кубка, паціраючы яго бледнымі пальцамі — на костачках выдзяляліся шматлікія старыя шнары. Падлеткам Мішу аддалі на скалалазанне, дзе ён хутка асвоіўся, за што часта хвалілі. Бацькі, паверыўшы ў сынавы здольнасці, гатовы былі аплачваць і дарагі рыштунак,   і паездкі на спаборніцтвы, нягледзячы, што сям’я мела сярэдні дастатак. Малодшай Марыне станавілася зайздросна. Ёй таксама хацелася, каб на яе штосьці трацілі, радаваліся поспехам, падбадзёрвалі. Але грошай на заняткі дачкі не заставалася, ды і «талентаў» у яе выяўлена не было. Марына спадзявалася, што ў нечым зможа вызначыцца, але ў школе яна была з сераднячкоў, а ў гуртку, дзе не трэба было плаціць, прапаноўвалі толькі вучыцца плесці бісерам і шыць. Усёй сям’ёй яны прыходзілі на спаборніцтвы пахварэць за Мішу, і Марына з сумам пераводзіла пагляд з бацькоў, якія былі ў захапленні, бачачы, як ён караскаецца ўсё вышэй і вышэй. Марыне хацелася таксама залезці высока, яшчэ вышэй, чым усе, каб яны задзіралі галовы, наглядаючы за ёй. I тады ў яе нарадзілася тая самая дзіцячая, але зусім не дзявочая мара. Космас. Вышэй за ўсіх, нават вышэй, чым гэтыя альпеністы, уздымалася толькі яна на сваіх аграмадных караблях. За тым, як яны ўздымаюцца, на маніторах сочаць сотні людзей, а па тэлевізары і ўвесь свет. Толькі ад адной мары пра такія палёты ў яе замірала сэрца.
Як ажыццявіць сваю мару, Марына не ведала, і ёй ніхто не мог падказаць: мара была яе. Таму Марына проста чакала. Чакала, што ў яе неяк само атрымаецца, што мара збудзіцца, і тады на яе таксама ўсе будуць глядзець з захапленнем... Ёй так хацелася стаць лепшай за Мішу, хоць у чым-небудзь.
Лёс дапамог Марыне стаць лепшай, але зусім іншым чынам. У той час, пакуль яна чакала, калі збудзецца яе мара, у школе заключылі дамову з сацыяльна-псіхалагічным каледжам, куды Марына накіравалася пасля дзявятага класа. А з каледжа можна было без экзаменаў паступіць на вячэрняе аддзяленне інстытута. Космас чамусьці ўсё не з’яўляўся ў яе жыцці, як і касманаўты. Затое пачалі з’яўляцца матацыклісты. Канечне, касманаўтаў яны не заменяць, але таксама ў шлемах і «лятаюць». Жыццё вяло Марыну наперад. Думка пра інстытут крыху палохала: у іх сям’і ні ў каго  не было вышэйшай адукацыі, і наколькі будзе цікава і складана вучыцца ў інстытуце ніхто ёй не мог расказаць. Але надзея на тое, што ў рэшце рэшт яе таксама пахваляць, вабіла. Міша да таго часу ўжо кінуў адзін інстытут, потым яго выключылі з другога, і ён год адпачываў, у трэцім жа «не склаліся адносіны». Бацькі лічылі, што сыну не шанцуе з-за таго, што ён вельмі шмат часу аддае трэніроўкам, але неўзабаве выявілася, што трэніроўкі Міша наведвае таксама рэдка, як і вучобу. А потым... Потым усё закруцілася.
Марына вельмі стамлялася на апошнім курсе каледжа, вечарамі пастаянна падпрацоўвала. Яна перыядычна заўважала, што ў іх кватэру да брата прыходзяць дзіўнаватыя кампаніі, што яе насцярожвала. Яна скардзілася на гэта маці, але тая не рэагавала: «Мішы трэба адпачыць!» Здаецца, хлопцы і не пілі ў іх дома, проста аб нечым сваім гаварылі. Праз нейкі час Марыне пачало здавацца, што яна стала няўважлівай: не магла знайсці сваіх рэчаў, некуды паклала новы плеер, згубіла завушніцы, грошы ўвесь час знікалі з кашалька. Яна старалася больш спаць, займела запісную кніжку, у якой запісвала дзе і што ў яе, падлічвала колькі і на што патраціла грошай. Але калі маці сказала ёй, што знікла скрыначка з двума залатымі ланцужкамі і заручальным пярсцёнкам, які ўжо не налазіў на палец, яны абедзве задумаліся.
Спачатку падумалі, што забраў бацька, ён ужо даўно  выпіваў.  Але  ж маці заўсёды пакідала яму грошы на гарэлку,  і здаецца, бацьку хапала. Піў  ён запоямі, раз у два-тры месяцы, а грошы і каштоўнасці знікалі рэгулярна. Маці ўсё ківала на Мішавых сябрукоў, вельмі абуралася, калі Марына спрабавала зганьбаваць брата. А потым Марыне ўжо і не трэба было спрачацца і сварыцца: усё стала зразумелым. Міша рэзка схуднеў, скура яго стала бледнай, настрой змяняўся: быў то абыякава добры, то ярасны, ён пастаянна «губляў» тэлефоны, прасіў грошы, каб «дапамагчы сябру», і калі маці спрабавала пра што спытаць у яго, замест таго, каб адказаць, крычаў і моцна біў кулакамі ў сцяну. У доме з’яўляліся чужыя людзі, якія ніколі не глядзелі ў вочы, грошы   і каштоўнасці даводзілася хаваць, у дзверы паставілі замкі, і яны пастаянна
«ламаліся». Маці нічога з ўсяго гэтага дзіўнага не ўспрымала рэальна, нават заўважаючы ў вядры для смецця шпрыцы. А потым ім пазванілі з бальніцы, куды Мішу забралі пасля перадазіроўкі. I дыягназ, які паставілі ўрачы сведчыў, аб тым, што здарылася...
Далей былі спрэчкі, крыкі, знікненне грошай, платныя клінікі і ўцёкі, маміны слёзы і Мішавы шантажы, умольванні, просьбы, абяцанні. Марына павінна была паспяваць хадзіць у інстытут і на працу ў школу, старалася поўнасцю сябе забяспечыць, разумеючы, куды знікаюць бацькоўскія сродкі. Яна старалася падтрымліваць маці, уздзейнічаць на брата, выбрала ў інстытуце спецыялізацыю па працы з залежнымі, каб лепш разумець тое, што адбываецца з Мішам і дапамагчы яму. Яна вельмі старалася ні чым не засмучаць бацькоў, старалася, каб хоць з ёй яны не мелі ніякіх праблем, хацела, каб яны, гледзячы на яе, радаваліся. Але бацькі, цалкам засяроджаныя бедамі сына, не заўважалі дачкі, уся іхняя ўвага была накіравана на Мішу, які апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Калі Марына прыляцела дадому з запаветным дыпломам аб вышэйшай адукацыі, адзіным у іх сям’і, мама са слязьмі выціснула: «А Міша ж, і Міша ж таксама мог бы! Як жа гэта мы не прасачылі...»
Зараз Марына глядзела на брата, і ёй упершыню за доўгі час захацелася паплакаць з-за таго, што з ім здарылася. Было зразумела, што ён не вытрымае яе слёз і пойдзе, і яна заплакала. Яна аплаквала іх дзіцячае сяброўства, яго клопаты аб ёй і абарону ў школе, яго імкненні і перамогі, сваю дзіцячую рэўнасць і крыўды. Яна аплаквала ўсё тое, што адыдзе разам з ім, ужо зусім хутка. Яна аплаквала сваю будучую адзіноту, аплаквала тое пачуццё віны за свае поспехі, якое не пакідала яе, свае планы і мары, віну за сваё жыццё, якое ў яе будзе, а ў яго — не.
Міша ўбачыў яе слёзы і моўчкі пайшоў у бацькоўскую спальню. Яна яшчэ некалькі хвілін бязгучна плакала. Зараз яна пойдзе ў свой пакой, апране новыя джынсы і свежапамыты белы світар. Яна зробіць прычоску, прыгладзіць непаслухмяныя рыжыя валасы, уставіць у нос пірсінг з залатой ластаўкай, капне на запясце любімыя духі. Яна выйдзе з дому, зловіць прыватніка і паедзе ў турагенцтва даплаціць за паездку на Мальту. Потым сустрэнецца са сваім
«касманаўтам», будзе катацца па летняй Маскве, правядзе з ім ноч і, шчаслівая абуджэннем з той дрымотнай ранішняй пяшчотай, паедзе на працу, будзе спрабаваць некага выратаваць, яна, якая не змагла выратаваць брата.
А ён выкурыў цыгарэты, якія пакінуў бацька, выпрасіў у маці яшчэ крыху грошай, сеў у дрогкі тралейбус, паехаў на ўскраіну Масквы, у сваю кватэру, бавіць дзень у кампаніі такіх жа, як сам, нават не думаючы, ці наступіць заўтра.

Пераклад з рускай Максіма ПЯТРОВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».