Вы тут

Андрэй Цімафееў. На некалькі імгненняў


Цімафееў Андрэй Мікалаевіч нарадзіўся 14 верасня 1985 года ў горадзе Салаваце Рэспублікі Башкартастан. Скончыў Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут і Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. Публікаваўся ў часопісах «Новый мир», «Наш современник», «Октябрь», «Бельские просторы», «Подъем», «Волга XXI век», «Роман- газета», «Белая Вежа», «Нёман», газетах «День литературы», «Литературная газета»,«Литературная Россия» і інш. Вядучы рубрыкі «Дзённік чытача» на сайце

«Расійскі пісьменнік». Рэдактар аддзела прозы інтэрнэт-часопіса  «МолОКО».

Лаўрэат прэміі імя Ганчарова ў намінацыі «Вучні Ганчарова» (2013), штогадовай прэміі часопіса «Наш современник» (2014), прэміі «У пошуках праўды і справядлівасці» (2015).

Член Савета па крытыцы пры Саюзе пісьменнікаў Расіі.

У Дзівеева я прыехаў на тыдні перад Сёмухай. Мае знаёмыя па інстытуце рускай мовы параілі мне не звяртацца ў паломніцкі цэнтр пры манастыры і ў шматлікія гасцініцы, а пасяліцца ў вясковым доме пры заездзе ў вёску, дзе прадстаўлялі келлі гасцям. Там мне адвялі маленькі пакойчык, у якім ушчыльную стаялі восем ложкаў, але ў тыя дні паломнікаў   было мала, і таму я жыў адзін. У хаце ішоў рамонт і я, калі праходзіў каля душавой для сясцёр, бачыў некалькіх мужыкоў, што клалі кафлю; яны гучна лаяліся  адзін
на аднаго.
Днём я наведаў усе святыні манастыра, пакланіўся машчам святога Серафіма Сароўскага. Вячэрняя служба была доўгай, але я адстаяў яе ўсю і назад ішоў у тым стане ўнутранага задавальнення, якое бывае, калі зробіш цяжкую, але правільную справу. Побач крочылі іншыя паломнікі, тры жанчыны нешта бойка абмяркоўвалі каля манастырскай крамы. Са званіцы пачуўся велічны    і крыху сумны гук. Я падаў старому жабраку каля брамы і ў прыўзнятым настроі накіраваўся ў хату.
Калі я прыйшоў у свой пакой, то прылёг адпачыць, а потым стаў чытаць патрэбныя для заўтрашняга прычасця малітвы. Я адчуваў асаблівы настрой, і малітва ішла ў радасць, што нячаста бывала ў мяне ў горадзе. Раптам пачуўся стук. Я паморшчыўся і, паспешліва адклаўшы малітоўнік, зрабіў некалькі крокаў да дзвярэй.
У пакой увайшоў хударлявы чалавек з вялікімі карычневымі мяшкамі пад вачыма.
— Добры дзень, — сказаў ён, тупаючы ў парозе, — скажыце, можна ў  вас папрасіць тэлефон, а то я свой згубіў, а мне трэба маці патэлефанаваць... Я сваю картку ўстаўлю, не хвалюйцеся...
Секунду я сумняваўся, як бы баючыся чагось, але потым пастараўся як мага хутчэй знайсці свой тэлефон і працягнуць незнаёмцу. Той часта заківаў і запэўніў, што вернецца праз пяць хвілін.
Калі ён выйшаў, я зноў стаў перад абразамі, спрабуючы аднавіць патрывожаны малітоўны стан, але на душы стала неяк пуста і неспакойна. Чутна было рыпанне маснічыны аднекуль знізу і чыйсьці адрывісты голас.
Мужчына на самай справе хутка вярнуўся.
—    Дзякуй, — сказаў ён, — неяк увесь сцяўшыся. Я узяў тэлефон, але госць не спяшаўся сыходзіць.
—    Ведаеце, заўсёды шкада, калі людзі вось так сустракаюцца і нават не даведваюцца нічога адзін пра аднаго, — раптам загаварыў ён. — Давайце пазнаёмімся. Мяне Андрэй завуць. А вас?
Я назваўся. Ён падышоў да мяне і, недарэчна узмахнуўшы рукамі, апусціўся на край майго ложка.
—    А я вось тут у матушкі жыву, працую...
Я паківаў,  імкнучыся быць прыязным і не паказаць, што мне няёмка.      У Андрэя быў доўгі шнар на шчацэ, а на кашчавых руках не засталося месца ад зморшчаных бледных наколак.
—    Хто вы па прафесіі? — спытаў ён, падсоўваючыся бліжэй, так што я адчуў ўстойлівы пах тытуню. А калі даведаўся, што я займаюся фальклорам, раптам ажывіўся. — Гэта значыць, вы народныя гісторыі збіраеце? А давайце я вам раскажу сваю гісторыю.
Я хацеў ужо ветліва растлумачыць яму, што займаюся крыху іншым і што мне яшчэ трэба рыхтавацца да прычасця, але не адважыўся, і ад таго на душы зрабілася сумна і брыдка за сваю мяккацеласць. Мужчына ж, здаецца, узрадаваўся, што я не прагнаў яго, і з натхненнем пачаў паціраць рукі, падбіраючы першыя словы.
—    Вызваліўся я першы раз у дваццаць гадоў і думаў, знайду сабе жанчыну і завяжу з турмой, — пачаў ён так, што я мімаволі ўсміхнуўся гэтаму нечаканаму зачыну. — І знайшоў, Кацяй клікалі, старэйшая яна за мяне была гады  на тры. Хлопчык у яе быў, Максімка, татам мяне назваў. Цешча мая, Лідзія Міхайлаўна, кажа: жывіце, а я ёй кажу: дык мы жывём, Лідзія Міхайлаўна.
Ён распавядаў хрыпла, але з дзіўнай ненатуральнай напеўнасцю, быццам ўяўляў сябе былінным апавядальнікам.
—    Неяк пасварыліся мы, я лёг у сенцах проста на падлогу. А там дошкі   ў нас ляжалі непрыбраныя, як вось тут, — працягваў ён, паказваючы на кут майго пакоя, дзе на самай справе аказалася некалькі дошак. — Закурыў цыгарэту, ляжу — палю. Раз, чую, а ў дошках зашамацела нешта. Я падымаюся, раз — нікога быццам. Зноў ляжу, зноў чую. Падняўся, падышоў — няма нікога. Ляжу, прыслухоўваюся. А там зноў. Крычу ёй, Каця, чуеш ты, нехта шабуршыць у дошках, кот ці што. А яна мне адказвае з ложка: не бойся, гэта Славік. Хто, пытаюся. Славік, кажа, муж мой, ён да мяне прыходзіць. Я спалохаўся, пытаюся, прывід ці што.
Вось так, — усміхнуўся ён, зноў задаволена паціраючы рукі. — А праз паўгода  пасадзілі  мяне  на  восем  гадоў,  і  ў  лагеры  ў  Кіраўскай  вобласці. І вось, значыць, тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзявяты, снежань месяц. Як цяпер памятаю, кінулі мяне ў штрафны ізалятар, гэта, калі правініўся, цябе ў штрафны ізалятар саджаюць. І вось сяджу я такі, а мароз шэсцьдзясят чатыры градусы, каму кажу, ніхто не верыць. Дык вось куртачку на галаву нацягнуў,   і дыхаю ў яе, грэюся, — ён падскочыў з ложка і, прысеўшы на кукішкі, стаў моцна выдыхаць, паказваючы, як ён грэўся. — І тут чую — шоргат у дзверы.
Гляджу — стаіць такі, як абраз, нежывы. Я пытаюся: ты хто такі? Ён кажа: я Славік, пайшлі са мной. А я так для сябе думаю — гэта ж нячысцік да мяне прыйшоў, ён мне прапануе пятлю на шыю сабе накінуць. Тады я дурнем прыкінуўся і пытаюся: а куды ісці трэба? Ён мне кажа: а туды, дзе мы жывём. Нас шмат,  мы ўвесь дзень забаўляемся, людзей палохаем. Я кажу: не веру табе.  А ён: зараз я табе пакажу. І тут як быццам з мяне нешта выйшла, і адны вусны засталіся, мы з ім ўзляцелі над турмой і ляцім. А там вышка, я яму крычу: мяне ж зараз ахоўнік застрэліць, і гляджу, а вертухай на вышцы і праўда аўтамат ускінуў і страляе, а мне было ўсё адно. Дух жа нельга забіць, разумееш, ён дух! Вярнуліся мы, і тады мяне той пытае: ну, што, пераканаўся? Пераканаўся, кажу, але ты д’ябал, сатана, я з табой нікуды не пайду... І пяць гадоў ён мяне мучыў, шаптаў, і ў вобразе шкілета прыходзіў... А я — нічога! Пакора, ведаеш, гэта самая вялікая зброя, калі чалавек змірыцца, д’ябал уцякае...
Я з недаверам глядзеў на яго. Вядома, шмат чытаў падобных гісторый, так што здзівіць мяне было складана. Але ва ўсіх рухах мужчыны была дзіўная нервовая эмацыйнасць, якая здавалася мне ненатуральнай. Я падумаў раптам, што ён дзесьці падслухаў гэты пацешны аповед і цяпер з задавальненнем пераказвае яго кожнаму паломніку.
—    І вось у дзевяноста сёмым я выйшаў, жанчына ў мяне з’явілася, Марына, жылі мы з ёй добра. А ў дзевяноста дзявятым зноў пасадзілі. Ды не, гэта па дурасці, — заспяшаўся ён, зважаючы на мой неўхваляльны погляд. — Адзін сябрук сказаў, давай, кватэру абчысцім, там сігналізацыі ніякай няма, а грошай — мільён. Залезлі мы туды, а там нічога і не аказалася... Ды вы не хвалюйцеся, я ў вас нічога не скраду, таму што я ведаю страх Божы. Вось мне спатрэбіўся тэлефон, я ж прыйшоў і папрасіў... Мне маці толькі патэлефанаваць трэба было, яна бабулька, ёй восемдзесят два гады...
—    Вось, — тым часам працягваў Андрэй. — На гэты раз мяне адправілі ў Белы лебедзь. Не чулі пра такі? Там крымінальнікаў ламаюць, злодзеяў у законе ўсялякіх. Ну, я ж, вядома, не крымінальнік, я проста мужык... Прыязджаеш туды, і цябе адразу б’юць. Вось, заходзіш, адразу дубінкай па галаве, заганяюць у прыбіральню, потым бяжыш па калідоры, а потым раз — і пачынаюць збіваць. Потым распранаюць дагала, рэчы адбіраюць, і ў камеру! Якія ж мы крымінальнікі, мы ж людзі, а яны з нас каго робяць! Кормяць, праўда, нядрэнна, але і б’юць прыстойна! Гэта калі вам кажуць, што ў нас дэмакратыя, не верце, гэта ўсё — чухня, усюды б’юць і ўсюды за быдла лічаць! — скончыў ён, сціскаючы руку ў кулак.
—    Потым мяне перавялі ў паселішча Нерыб, там ужо Чырвоны лебедзь, вакол адны лебедзі, — усміхнуўся ён ужо зусім нявесела, з нейкай незразумелай тугой. — Дык вось там-то ўсё і здарылася! Сядзеў я зноў у ізалятары, папяроска ў мяне была прыхавана. І так закурыць захацелася, сіл няма — спалілі мяне! Прыбеглі салдаты і пачалі збіваць. А потым загадчык гаспадаркі кажа: ну, дажыві да раніцы. Маўляў, начальнік прыйдзе раніцай, і смерць табе. І тады я ўзмаліўся, так узмаліўся — Божа дапамажы мне! А раніцай заходзіць начальнік, палкоўнік, увесь такі чысты, у кашульцы, і пачынае мяне біць. А раз трапіў па балючым месцы, па локці, а я не вытрымаў, і так сам сабе — сука... А ён пачуў! І тады я зразумеў, што канец мне, і толькі ў думках — Божа, прымі маю душу з мірам... І ўяўляеце, не забіў. Кінуў у калідоры, прыйшлі салдаты, кажуць, ідзі ў камеру. А я зайсці не магу, паўзу на каленках. У абед прыйшлі  з санчасткі, далі мне цытрамон, таблетачку.
Я бачыў, што ён быў у моцным хваравітым натхненні. Голас яго хрыпеў і зрываўся, так спяшаўся ён расказаць.
—    Але што самае галоўнае! Ляжу я тады на спіне ў камеры, куртачкай прыкрыўся з галавой, думаю — паміраць, дык і няхай! І чую голас: «Андрэй», падобны да жаночага, думаю, гэта мая Марына. Я раз — куртку здымаю і спалохаўся нават, думаў, што я ў пекле — вакол агонь, святло. Вось не сысці мне з гэтага месца! Сцен няма, столі няма. Гэта незразумелае, незямное святло! Прысягаць не хачу, але я бачыў гэтае святло. І вось цяпер за яго і пакутую... Некалькі разоў потым я чуў гэты голас, і ўсё паўтараў ён — знайдзі запавет, прачытай запавет. І тут па волі Божай мяне паклалі ў санчасць. І там я і знайшоў гэты Новы запавет, стаў чытаць, і ўяўляеце — усё стаў разумець! Мне адкрылася ісціна! І сёння, напрыклад, да мяне прыйшоў бацюшка Серафім, кажа: ты ж ратавацца прыехаў, дык ратуйся, а ты ўсё п’янствуеш!
Ён горка апусціў галаву і ўздыхнуў. Я хацеў было пачаць суцяшаць яго, але не мог нічога сказаць. Я падумаў, што зусім не ведаю гэты грубы свет, такіх людзей, як Андрэй, а ў ім, магчыма, значна больш Хрыста, чым ўва мне... І тады на душы ў мяне стала пуста ад адчування сваёй чэрствасці. —   У мяне вось усё гэта ў галаве, — тым часам дадае Андрэй, ужо больш павольна, як бы машынальна, — я прапаведую, распавядаю, я запавет ведаю на памяць. Я каяўся, ліў слёзы пакаяння, але я не варты, я грэшнік.
Ён змоўк і цяпер толькі асцярожна пагойдваўся, гледзячы перад сабой. Стала ціха, і чуваць было, як на акне не ў лад пішчаць камары. Я адчуваў, што хачу  застацца адзін, але адчайна баяўся, што Андрэй заўважыць гэта. Я чакаў, што ён зноў пачне казаць, і падрыхтаваўся ўсімі сіламі паказаць яму сваю добразычлівасць, але раптам ён устаў і пачаў развітвацца. Я з пачуццём паціснуў сухую далонь.
Калі ён сышоў, я яшчэ доўга сядзеў у паўзмроку свайго маленькага пакоя. Недзе за акном брахалі сабакі, шаргацелі ад ветру вясковыя дзверы. І тады мяне ўразіла дзіўнае адчуванне, быццам у пачварным свеце пачварныя людзі сутыкаюцца адзін з адным, нешта робяць, нешта кажуць, але ніводны іх рух не выпадковы, у кожным ёсць сэнс. Я ведаў, што хутка мне стане сорамна за маю наіўнасць, але я стараўся захаваць гэтае адчуванне асэнсаванасці хоць на некалькі імгненняў.
Пакуль яно яшчэ не схавалася ад майго погляду заслонай будзённай крывадушнай рэальнасці.

Пераклад з рускай Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.