Вы тут

Алёна Белаусенка. Дочкі-маці


Белаусенка Алёна Анатольеўна нарадзілася 12 мая 1992 года ў горадзе Удомля Цвярской вобласці. Скончыла эканамічны факультэт МДУ імя М. В. Ламаносава (2013). Студэнтка Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага (семінар М. П. Лабанава) з 2012 года.

Друкавалася на сайце «Расійскі пісьменнік», у часопісах «Наш современник», «Волга ХХІ век», «Подъем», «День и ночь», «МолОКО», зборніку «Новыя пісьменнікі» (2015).

Лаўрэат  фестывалю-конкурсу  «Крыштальная  крыніца»  (2015).   Шорт-ліст «Усерасійскага конкурсу малых літаратурных форм» (2015). Лаўрэат штогадовай прэміі сайта «Расійскі пісьменнік» у намінацыі «Новае імя» (2015), прэміі «У славу Барыса і Глеба» (2016).

Глуха стукае мамчына сэрца пад сарочкай. Алеся прыхілілася галавой: тук... тук... тук... У дзяўчынкі Сашы з паралельнага класа памёр тата. Настаўніца сказала, што спынілася сэрца... Алесі не было шкада Сашу, з якой яна і раней мала размаўляла і якую з тых часоў стала зусім пазбягаць. Яна адчувала толькі жудаснае здзіўленне. І калі б унутры Алесі былі вочы, яны б там шырока расплюшчваліся і хлопалі, калі яна звычайнымі вачыма глядзела
ў Сашын твар.
Тук... тук... стукае яшчэ, але быццам больш павольна. А калі спыніцца? Ад гэтай думкі Алеся прыўзняла голаў, і праз імгненне шчыльней залезла пад мамчына крыльца. Мама так называла сваю руку і, калі Алеся плакала, запрашала «пад крыльца», а потым ласкава прыбірала з твару зблытаныя валасы... У грудзях сціснула ад блізкіх слёз. Мама маладая, нават бабуля ў іх яшчэ жывая. Думка, што бабуля жывая, трохі ўзрадвала Алесю, бо мама не можа памерці раней за яе.
Саша з’явілася ў школе праз два тыдні. Узяла грошы, што збіралі для яе мамы. Алеся не ведала, колькі было грошай, але трохі захацелася, каб і ў яе таксама памёр тата. Ёй бы гэтых грошай на многае хапіла. На лятучую фею  з рэкламы. І яшчэ на што-небудзь. Алесін тата даўно сышоў ад іх. Ад яе не хавалі, што ён жыве з іншай жанчынай і купляе цацкі іншым дзецям. Алеся разумела, калі па тэлефоне мама размаўляла менавіта з ім — тады яна лаялася і казала, што Алесю карміць няма чым. Дзяўчынцы ад гэтых слоў рабілася  да горычы крыўдна, і яна адразу пачынала крычаць з пакоя: «Мама, не-е-е!» Мама строга цыкала на яе, прыклаўшы слухаўку да грудзей: «Алеся, ціха ты!» Алеся тут жа вярталася на кухню і, стукаючы кулакамі па мамчыных сцёгнах, адчайна патрабавала: «Скажы, што я не галодная, мамуля, не!» Тая яшчэ больш злавалася на тату і неўзабаве кідала слухаўку...
«Алеся, хопіць круціцца, заўтра не ўстанеш», — раптам прабурчэла мама. Ад строгага мамінага голасу ўсе страхі ўмомант зніклі. Прыціхшы і заплюшчыўшы вочы, Алеся заснула.
Мама прачнулася ў сем. Алеся чула будзільнік, але ведала, што яе пабудзяць пазней. На кухні зашумеў імбрык, потым засквірчэў на патэльні алей. Гэтыя гукі цяплом расцякліся па целе. Яны былі знакамі самага важнага — мама не памерла, не цяпер. І не хацелася ні засынаць, ні прачынацца, а толькі драмаць з гэтай сонечнай думкай.
У суседзяў праз сценку зайграла замежная песня. Алеся змагла зразумець толькі «love» і «my». Захапляючыся танцавальным рытмам, яна застукала пальцамі па матрацы, быццам па клавішах фартэпіяна, але лягчэй і больш абыякава. Песня прадказвала яшчэ нязведаную весялосць і вяла ў будучыню, была самой будучыняй — загадкавай і шчаслівай.
Гатуючы на кухні, Настасся таксама пачула гэтую песню скрозь сквірчэнне алею і ранішні шоргат мятлы па асфальце, які далятаў з акна. І ненадоўга ўзгадала школьны час, калі гэтая песня толькі выйшла ў эфір. «Чаму цяпер усё не так, як я ўяўляла?» — падумала яна мімаходзь. Але спроба адказаць на гэтае пытанне выклікала толькі прыліў тугі, і жанчына ў чарговы раз зрабіла выснову: маладосць проста падманула яе.
Настасся ўзяла з касметычкі люстэрка, каб паспець нафарбавацца. Выглядала яна крыху старэйшай за свае трыццаць гадоў — яе гэта засмучала.    Хіба толькі пругкія і высокія грудзі па-ранейшаму не пакідалі маладыя сілы. І ўнутры самой яе да гэтага часу жыла адна маладая іскрынка. Яна распальвала агонь, калі Настасся падабалася мужчынам, калі ёй дарылі падарункі і падвозілі з клуба дадому. Гэтая іскрынка нарадзілася ў дзявоцтве і ўсё яшчэ не перагарэла.
—    Алесь, уставай, — пацалавала яна дачку ў лоб. Алеся рабіла выгляд, што спіць — мама пачала злавацца. — Калі не прачнешся, пакіну цябе тут! Усё, — мама паднялася з ложка і, не вагаючыся, накіравалася да дзвярэй. Прыкідвацца спячай Алесі ўжо не хацелася, бо ў школу ўсё роўна б давялося збірацца ці яшчэ горш — заставацца дома адной. Але і проста так устаць яна не магла. Алеся спадзявалася, што мама яшчэ раз ласкава падыдзе да яе, пагладзіць па галаве і лісліва і пяшчотна папросіць устаць. Ужо шкадуючы аб сваёй гульні, яна быццам адчувала на сабе мамчыну далікатную руку і цёплы пацалунак.
—    Ты партфель сабрала? — крыкнула мама з кухні. Алеся неспадзявана адказала «так» і ўзрадавалася, што незнарок выявіла сябе. — Прачнулася, нарэшце, — зайшла мама ў пакой. — Апранайся хутчэй і бліны есці.
На стале засталася ляжаць маміна касметыка. Празрысты мяшэчак, запэцканы дзе-нідзе фіялетавымі ценямі і рысачкамі тушы. Сілуэты чароўных цюбікаў з англійскімі літарамі прыцягнулі Алесін погляд. Добра было б сёння пасля школы ўзяць усё гэта да мамінага вяртання. Калісьці даўно Алеся ўжо спрабавала нафарбавацца памадай, але на ёй яна глядзелася зусім не так, як на маме. Зараз жа яна адчула ў сабе больш ўмення ды спрыту.
—    Паглядзім сёння, што ў цябе па рускай будзе за чвэрць, — сказала Настасся быццам па звычцы, і ўспомніла, што ўвечары трэба крыху раней сысці з працы і адвезці дзіця да бабулі. Яшчэ паспець сабрацца — у сем пад’едзе Паша. У Алесі кальнула сэрца, яна ведала, што ў яе будзе тры. Згорнуты ў трубачку блін стаў нейкім чужым, нібы гэта не яе зусім блін, а іншай дзяўчынкі, а яна, Алеся, не мае права мачаць яго ў згушчонку і есці.
Скончыўся апошні вучэбны дзень. Па рускай паставілі тры. Алеся на іншае і не спадзявалася, хіба толькі самую драбніцу. Вярнуўшыся дадому і скінуўшы цяжкі партфель у калідоры, яна пачала, спяшаючыся, шукаць месца, куды можна было б схаваць дзённік. Але ў маленькай аднушцы не знаходзілася ніводнай шафкі, якую б мама не магла б выпадкова адкрыць.
Заклікаючы да летняй пяшчоты і бестурботнасці, скрозь шыбу прабіраліся ўпэўненыя вясновыя промні. Алеся прысела. На кухонным стале працягвала ляжаць маміна касметычка. На імгненне стала нават лёгка і весела, нібы тройкі і не было. Алеся даўно хацела паспрабаваць нафарбавацца тушшу. Узяўшы маміна люстэрка, яна правяла тоўстым чорным пэндзлікам па вейках, але тут жа зачапіла вока і закруціла туш. Яшчэ рана. Сапраўднае жыццё яшчэ наперадзе. Калі яна стане старшакласніцай, а мама пачне купляць ёй станікі і туфлі на абцасах, а ў школу дазволіць хадзіць з распушчанымі валасамі.
У калідоры пачуліся крокі. Алеся хутка паклала касметычку на месца.
— Алесь, зараз есці і да бабулі, — сказала мама з  парога.
У бабулі заўсёды поўны прысмакаў халадзільнік і свабодны камп’ютар, на якім можна колькі заўгодна глядзець мульцікі. Ад радаснай навіны Алеся забылася пра дзённік.
Паглядзеўшы на даччыны туфлі, Настасся ўспомніла, што забылася купіць Алесі сандалі, каб апранаць іх са шкарпэткамі. Бабуля цяпер дакладна пачне бурчэць... Насця незадаволена ўздыхнула.
Бабулі ішоў ужо сёмы дзясятак, а яна працягвала працаваць у вакзальнай касе, хоць і брала ўжо толькі палову змены. Ад доўгага сядзення паясніца ныла так, што яе потым немагчыма было расцерці, ды і хістала часам ад стомы па дарозе дахаты.
Калі прыйшлі Алеся з мамай, бабуля завіхалася на кухні.
—    Гэта мы, — зайшла Настасся ў кватэру.
—    Ага, праходзьце, — сказала бабуля, пераварочваючы катлеты. — Ці надоўга цяпер? — спытала бяссільным голасам.
—    Да заўтра. Я крыху раней зайду, — адказала Насця, спяшаючыся сысці і ўжо цалуючы Алесю на развітанне.
Бабуля паківала галавой, маўляў, ведаю я, як ты раней зойдзеш, будзеш гуляць да раніцы, праспіш да абеду і прыйдзеш увечары, калі не на наступны дзень. Дзіця кожныя выходныя ў бабкі, маці не бачыць і дадому ісці не хоча. Ды хіба такое магчыма, каб дзіця да маці роднай не хацела ісці?
—    Пакарміла хоць?
—    Яна нічога не з’ела амаль, пару лыжак супу толькі.
Алеся скрывілася, замычала «нее», але больш для выгляду, таму што есці ўжо хацелася.
—    Пайшла я.
—    Давай, давай, — ужо ў зачыненыя дзверы сказала бабуля. — А мы з табой абедаць будзем, звярнулася яна да ўнучкі.
Алеся доўга стаяла ў ванне і намыльвала рукі новым, толькі разгорнутым бабуляй, гаспадарчым мылам, гледзячы на сябе ў не заляпанае, як у іх, засохлымі кроплямі люстэрка. Бабуля намазала на катлету смятану. Ці то ад голаду, ці то смятана сапраўды рабіла мяса смачней, толькі Алеся падумала, што цяпер будзе прасіць маму рыхтаваць менавіта так.
—    Як у школе справы?
У Алесі ўсё апусцілася. У яе ж тройка па рускай! Дзе яна пакінула дзённік?!
Яна ж яго не паспела схаваць... Ён застаўся на стале — мама яго знойдзе.
—    Нармальна, — паспрабавала нязмушана адказаць Алеся.
«Няшчаснае дзiця, — падумала бабуля, — з раніцы ўстае, вучыцца. Дык яшчэ дома маці не корміць і па мужыках чужых бегае. Няўжо мы так раней жылі, дзед? — перавёўшы позірк на партрэт памерлага мужа, які стаяў побач з іконамі, думала бабуля. — За што мне адной на Насціны беды глядзець?»
Алеся прывыкла, што бабуля часта моўчкі размаўляла з дзедавым партрэтам, і ў такія моманты старалася не глядзець у яе бок, як быццам бабуля рабіла гэта ўпотай ад яе. «Падрасце трохі Алеська, і мне да цябе ўжо можна будзе на супакой», — абдумаўшы яшчэ нешта, прашаптала бабуля.
Настасся ледзь паспела сабрацца. Прыгатавала мяса, прыняла душ, яшчэ раз нафарбавалася, і змяніла пасцельную бялізну. Абвяла позіркам даўно нямытую падлогу — «шмат гонару будзе», і не стала прыбіраць. На стале ў пярэднім пакоі ляжаў Алесін дзённік. «Ну-ка, ну-ка, няўжо ёй чатыры ўсётакі паставілі, раз яна на відным месце яго пакінула», — падумала жанчына, адкрываючы яго. Але там стаяла тройка.
«Значыць пакінула, каб я даведалася без яе прысутнасці. Але так, можа, нават разумней. Я ў дзяцінстве звычайна хавала». У гэты момант Настасся ясна ўзгадала адзін вечар. Хоць і не магла дакладна сказаць, звязаны ён быў   з тым, што яна хавала дзённік ці не. Колькі ёй было? Можа, шэсць, а можа, восем. Было халодна, вечар, вакол — ні душы, толькі яна з маці вярталіся аднекуль дадому. Насця была пакрыўджаная, і таму плялася ззаду. Маці не паварочвалася, і, абражаная яе ўпартасцю, Насця раптам спынілася.
Маці працягвала ісці — завярнула за пяціпавярхоўку і знікла з вачэй. Спалоханая, Насця ўжо забылася на крыўду, пабегла следам. Яна хацела закрычаць на ўсю вуліцу: «Мама», але, завярнуўшы за той жа дом, пазнала наперадзе яе сілуэт. Маці працягвала ісці ў тым жа тэмпе. Насця ціхім, але хуткім крокам, каб маці не заўважыла яе адставання, наблізілася, як і раней, на пару крокаў. А потым і зусім параўнялася. Так яны і дайшлі дахаты, не сказаўшы  ні слова адна адной. І толькі цяпер Настасся раптам так ясна ўсвядоміла, што, паварочваючы за дом, маці ведала, што яна не ідзе следам.
Паша прыехаў з пустымі рукамі. Настасся сустрэла яго з ледзь прыхаванай здзіўленнем. Ён гэта заўважыў, але сам працягваў шырока ўсміхацца.
— Прывітанне, салодкая, — сказаў, прыхінуўшы яе да сябе.
«Ды ты, я гляджу, упэўнены ў сабе», — падумала жанчына, злёгку адхіліўшыся.
Каля парога ляжалі тапкі, якія засталіся ад мужа. Яна спецыяльна дастала іх для Пашы, але цяпер абуць не прапанавала і прайшла ў пакой. Сеўшы на крэсла, яна пачала разглядаць сябе ў люстэрка, што вісела на сцяне насупраць. Настасся была ў аднатоннай сіняй сукенцы без лішніх дэталей, якая, нягледзячы на гэта, вельмі выйгрышна аблягала постаць, а капронавыя калготкі добра звужалі сцёгны. Закінуўшы нагу на нагу, яна прысела на крэсла так, каб больш агаліць нагу з-пад сукенкі.
«Паглядзім, што ты будзеш рабіць», — падумала зларадна.
—    Дзяўчынка ж не прыйдзе? — разуваючыся, спытаў Паша.
Настасся спачатку не зразумела, пра якую дзяўчынку ён кажа. Але заўважыўшы, што ён глядзіць на Алесін партфель, пакінуты ў калідоры, здагадалася. Яна і дагэтуль адчувала сябе зняважанай з-за таго, што пастаралася, прыгатавала мяса, купіла дарагі торт, а ён прыйшоў з ёю пераспаць, нават не набыўшы кветкі ці бутэльку. А цяпер яшчэ дазваляе сабе яе дачку называць  дзяўчынкай.
—    Маю дачку завуць Алеся. Гэта яе дом, калі захоча, тады і  прыйдзе.
—    Як бы не ў той момант не прыйшла, — сказаў Паша, смеючыся зусім прастадушна і без злосці. — Я ў прыбіральню зайду?
—    Вунь там, — паказала Настасся.
Ды што ж ён надумаў сабе! Няўжо ён лічыць, раз у мяне дзіця, дык кінуся на любога, абы ўзяў? Вярнуўшыся з прыбіральні, Паша не ведаў, што казаць,  і працягваў шчыра ўсміхацца.
—    Суп будзеш? Паша раздумваў.
—    Можа, што-небудзь вып’ем? — спытаў ён пасміхаючыся.
—    А ты што-небудзь прынёс? — ціха радуючыся, кінула ў адказ Настасся.
—    Не, але я магу збегаць, — прапанаваў ён, застаючыся задаволеным сабой.
—    Давай, бяжы.
Настасся паспешліва выправадзіла яго. Зачыніліся дзверы, і яна зразумела, што не пусціць яго больш. У кутку калідора ляжаў Алесін партфель.
«Вяртайся да сябе», — напісала смс. Паша некалькі разоў патэлефанаваў — яна не ўзяла тэлефон.
Зайшоўшы на кухню, Настасся перш за ўсё дастала патэльню з мясам і, не перакладаючы ў талерку, пачала есці.
Ну, а што рабіць, першы гатунак ужо даўно разабралі. Але на добрых  яна і раней не глядзела, ды і цяпер, паклаўшы руку на сэрца не зірнула б, як бы здаровы розум ні падказваў. Так, яна ў школе паслала непрыгожага аднакласніка. А ён адзіны, хто ёй за ўсё жыццё падарыў упрыгажэнне, калі не лічыць мужавага шлюбнага пярсцёнка. Сярэбраны кулон сэрцайкам... Так,  як ён, ніхто яе не дабіваўся. Не пабаяўся, на выпускным прызнаўся, верш прачытаў нават.  Напэўна, сам напісаў. А цяпер у Маскве, добра зарабляе.       І сімпатычным стаў.
Звычайна ўспаміны аб згубленых мужчынах не выклікалі ў яе вялікага шкадавання, але не цяпер.
За праглядам чарговай серыі меладрамы па кухонным тэлевізары бабуля, не спяшаючыся, згатавала яшчэ адну патэльню катлет. Алеся бегала то ў залу за камп’ютар, то да бабулі на кухню.
—    Баб, а ты у колькі гадоў замуж выйшла? — спытала раптам  Алеся.
—    За дзеда-та? — перапытала бабуля, быццам успамінаючы. — За дзеда, Царства яму Нябеснае, я выйшла, калі мне дваццаць сем было, — абапёршыся на падаконнік, з пяшчотай пачала расказваць яна. — Заседзелася я  тады ў дзеўках... Маці мая, нябожчыца, Царства ёй Нябеснае, не хацела мяне аддаваць, бо не малады ён быў ужо, ды яшчэ разведзены. У той час гэта огого! — паківала бабуля пальцам, падумаўшы, што сказала лішняга. — Не тое што цяпер, робяць, што хочуць.
—    Ты яго кахала, баб? — пацікавілася Алеся.
—    Кахала не кахала, хату ўжо сваю хацелася, сям’ю, — строга сказала бабуля, думаючы, што рана Алесі яшчэ пра каханне пытацца. — А ён, вядома, клапаціўся так, ні на крок не адыходзіў. Я тады дзеўка мажная дужа была, круглатварая, і не думала, што вока на мяне хто пакладзе. А ён паклаў, у душу глядзеў... Не на знешнасць глядзець трэба, вось што.
—    Жылі-жылі, не тужылі, — уздыхнула бабуля пасля нядоўгага маўчання, — і прыбраў яго Бог, сэрцайка слабенькае было. Спачын душы раба Божага, бабуля перахрысцілася і пакланілася іконе Божай маці, якая стаяла на падаконніку.
—    Жыццё-та — штука цяжкая, хоць і простая, прасцей няма куды, Алесенька, ты Бога шануй ды маці сваю любі і слухайся, — бабуля пагладзіла яе па галаве.
Спадзеючыся яшчэ што-небудзь цікавае пачуць, Алеся не спяшалася ісці ў залу. Але, здавалася, загаварыўшы пра Бога, бабуля ўжо не вернецца да ранейшага, не раскажа, як жа менавіта дзед яе любіў. Няўжо больш нічога не раскажа? Алеся хацела яшчэ спытаць, як жа слухацца маці, калі бабуліна маці не хацела яе выдаваць замуж, але было няёмка — бабуля ўжо занялася нечакана знойдзеным пылам на абразе.
Грукнулі дзверы.
—    Гэта я, — паспешліва і гучна назвала сябе Настасся.
—    Мама-а-а! — падбегла да яе Алеся.
—    Ух ты як рана! Нават не патэлефанавала! Нагулялася ўжо? — выйшла з кухні радасная бабуля.
—    Збірайся, Алесь, — мякка скамандавала мама.
—    Ды пасядзі крыху, паясі, катлет яшчэ насмажу. А то толькі бегаеш тудысюды.
—    Мама, так, давай пасядзім! — падумала Алеся пра тое, што якраз не дагледзела мульцік, і пабегла ў залу за камп’ютар.
Мама з бабуляй селі вячэраць.
Накладаючы катлеты, бабуля прапанавала дадаць смятаны, але мама хуценька адмовілася. «Са смятанай-та смачней», — спрабавала ўгаварыць.
«Не ўжо, дзякуй», — усміхнулася мама. Бабуля, прыгадаўшы, з якім смакам ела Алеся гэтыя катлеты, з болем падумала, што занадта позна ўжо нешта казаць. Дачка яе больш не чуе. Але пачуццё кроўнай і нязменнай улады маці над сваімі дзецьмі было мацнейшым за ўсялякія думкі.
—    Нармальнага табе мужыка трэба... У Надзькі Таптыровай сын во даўно ўжо развёўся. Працавіты, здаровы мужык, маці слова дрэннага не скажа.
—    Мама-а-а, — басам працягнула Настасся.
—    Дык гэта па яе віне развёўся-та, яна гуляла ад яго. А што мама? Дзіцяці бацька патрэбны, а не твае сышоў-прыйшоў.
—    Ужо лепш сышоў-прыйшоў, чым як вы з татам жылі, — адрэзала Насця.
Бабуля моўчкі ўзяла са стала соль і, не спяшаючыся, насыпала сабе ў талерку. Дарослая дачка коса назірала за ёй. Бабуля прынялася за сваю катлету. Прайшло некалькі хвілін. Дажаваўшы апошні кавалачак, яна перарвала маўчанне.
—    А хто сказаў, што жыццё лёгкае-та будзе? Усякае было, што ўжо граху таіць. І гуляў дзед, і піў. Але цярпець разам трэба, а не да іншых мужыкоў у адказ уцякаць.
—    Цярпе-е-ець? — здзівілася Настасся. — А дзіцяці табе свайго не шкада было? Калі тата мяне рамянём хвастаў? Калі ён да мяне ў школу п’яны ўваліўся? Не, табе не было мяне шкада, ты і не пыталася, як я сябе  адчуваю!
Бабуля асцярожна прычыніла дзверы з кухні. Так у дзверах і засталася,  не села.
—    Толькі яго шкадавала і каля яго бегала, Коленька, Коленька... — сцішана скончыла Настасся.
Яна замоўкла, спыніўшы позірк на старым гадзінніку з зязюляй, проста каб на чым-небудзь яго спыніць. З вачэй каціліся буйныя слёзы. Ззаду стаяла бабуля.
—    Усіх было шкада. Такі лёс у нас значыць. І выцягнулі ж дзеда-та... — бабуля паклала рукі на даччыны плечы.
Насця нервовымі глыткамі стала піць гарбату.
—    Як адцікаюць, так і памру я. Спыняцца... значыць кліча мяне да сябе мамка мая. А ты ж на каго з Алесенькай застанешся? Што ж я дзеду-та нашаму гаротнаму скажу? Не зберагла, не прыладзіла? — спакойна і раўнамерна прыгаворвала старая.Настасся ведала, што гэты гадзіннік даўным-даўно быў падораны маці   як пасаг. Але ніколі раней маці не казала пра яго так. З поўнай верай у свае дурныя і страшныя думкі.
—    Хоць які, ды адзін павінен быць, пастаянны, — паставіла кропку бабуля.
Настасся нічога не адказаўшы, працягвала глядзець на гадзіннік: стрэлка слаба адлічвала: цік... цік... цік...
У дзверы кухні пачала грукаць Алеся.
—    Ты чаго прыбегла-та? — не даючы прайсці да мамы, навісла над ёй бабуля.
Алеся сказала, што дагледзела мульцік, але, заўважыўшы, што мама плача, аслупянела: «Мам, ты чаго?»
Мама, пачуўшы пра мульцікі, раптам успомніла пра пакінуты на стале дзённік: «Урокі лепш бы вучыла, мульцікі яна глядзіць», — сказала яна і на апошніх словах, сама, не чакаючы таго, засмяялася. Бабуля таксама пачала ўсміхацца.
—    Тройку схапіла, так? — імкнучыся быць сур’ёзнай, спытала мама.
Алеся апусціла галаву — вось ён, надышоў гэты момант. Але адбылося ўсё не так, як яна таго чакала. І мама казала зусім не так. Алеся нават адчула, што яна ні ў чым і не вінаватая.
—    Добра, ідзі. У наступным годзе шкуру з цябе здзяру, толькі паспрабуй у мяне траякі атрымліваць, зразумела?
Алеся, кіўнуўшы, уцякла ў пакой. Упершыню яна адчула такую палёгку, якая з’явілася нечакана пасля столькіх перажыванняў. Але чаму ж плакала мама?.. Гэтае пытанне зарадзіла у ёй новы страх.
—    Бач, троечніца! А я ж пыталася, як у школе, нармальна кажа... — працягвала ласкава смяяцца бабуля.
Яны смяяліся, гледзячы адна адной у вочы.
Бабуля праводзіла Настассю і Алесю поглядам, стоячы каля акна. Вось, падышлі ўжо да аўтобуснага прыпынку. І ў тую ж хвіліну згубіліся ў натоўпе...
«Мабыць, зноў аўтобус зламаўся», — падумала бабуля.
Яна прыгадала, як з раніцы садзілася на гэтым прыпынку, каб да рынку даехаць. І таксама поўна людзей у аўтобусе было. Хто сядзеў, хто стаяў. Месца саступіў малады зусім хлопец. І неяк нясмела так, нават сарамліва прапанаваў: «Бабуля, сядайце». Што ён цікава думае, калі старых бачыць? Мабыць, ужо як на мёртвых глядзіць. А ўсе ж мы і жывыя, і мёртвыя аднолькава. Усе на адлегласці кроку адзін ад аднаго. Як у гэтым аўтобусе, усе разам па жыцці і едзем.
Гэты хлопец яшчэ не бачыць, а я ўсіх бачу, кожнага адчуваю, кожны ўнутры мяне ёсць. Таму што кожны з нас дзіцятка чыёсьці. І ў старых, і ў мужыкоў вялікіх маці ёсць.
Бабуля прыгадала сваю матухну і, як цяпер, убачыла яе. Заходзяць яны з Колем у хату, а мама сядзіць на падлозе, чарніцы перабірае. Коля адразу: «Збірай, матка, пасаг». А мама як ўстала, так і стаіць, глядзіць на іх, быццам дзіця спалоханае. То на аднаго паглядзіць, то на другога. «Людка-а-а, — загаласіла маці, — дура ты, дзеўка», — і завохкала, хапаючыся рукамі за галаву. А сама дзвюма нагамі на чарніцах стаіць, прыціснула ягадкі і не заўважае.
«І ўсе ж мы дзеткі малыя і дзеткамі застанемся», — прашаптала  бабуля.

Пераклад з рускай Юліі АЛЕЙЧАНКІ.
 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?