Вы тут

Скандынаўскія народныя балады


Песня — сапраўдная энцыклапедыя жыцця народа, яго душа. У народнай песні  знайшлі  сваё  адлюстраванне  і  паданні  сівой  старажытнасці, і людскія пакуты, і бесклапотная радасць. Песня суправаджала чалавека ад нараджэння да самай смерці, без яе не абыходзілася ніводнае свята і ніводная важная падзея. Часта песні ўяўлялі сабой невялікі аповед пра сустрэчы са звышнатуральнымі істотамі, бітвы, хрысціянскіх святых, каханне — пра ўсё, што было важным для народа на пэўным гістарычным этапе. Нярэдка іх выконвалі хорам падчас танцаў. І паступова апавядальныя народныя песні, якія называліся ў розных краінах па-рознаму, аформіліся ва ўнікальны жанр, які атрымаў назву балада. Балада — гэта ліраэпічны твор з пэўным колам тэм (легендарныя, гістарычныя, фантастычныя, камічныя, павучальныя, балады пра каханне і г. д.), які мае адмысловую страфічную форму (часцей за ўсё катрэн), і спецыфічныя асаблівасці апавядання. Як і іншыя жанры старадаўняй народнай паэзіі, балада характарызуецца традыцыйнымі асаблівасцямі кампазіцыі і стылю: аповед засяроджаны вакол некалькіх драматычных сцэн, аб’яднаных пераходнымі апавядальнымі строфамі, апісальныя падрабязнасці амаль адсутнічаюць, каб звярнуць увагу толькі на галоўнае. Для баладнага жанру характэрная нязначная колькасць персанажаў, а баладны дыялог мае некаторыя прыкметы дыялогу старажытных рытуалаў і будуецца па схеме пытанне-адказ.

XIV—XVI стагоддзі — час росквіту баладнай творчасці ў Заходняй Еўропе. Найбольш багаты і архаічны баладны рэпертуар захаваўся ў Скандынавіі. Так, колькасць дацка-шведскіх баладных сюжэтаў перавышае 750. У Скандынавіі радзімай балады лічыцца Данія, дзе гэты літаратурны жанр, як мяркуюць наву- коўцы, быў шырока распаўсюджаны ўжо ў XII—XIII стагоддзях. Аднак ніякіх прамых сведчанняў пра тое, як узнік гэты жанр, па сутнасці, няма.

Скандынаўскія балады — велізарны літаратурны пласт. Тэматычна іх падзяляюць на гераічныя, легендарныя, гістарычныя, казачныя ды рыцарскія, хаця гэты падзел вельмі ўмоўны. Галоўнай асаблівасцю скандынаўскіх балад з’яўляецца наяўнасць прыпеву, які паўтараецца пасля кожнай страфы. Словы такога прыпеву звычайна ўяўляюць сабой альбо намёк на змест балады, альбо просты лірычны вокліч.

Трэба адзначыць, што тэрмін балада датычна скандынаўскіх твораў пачаў выкарыстоўвацца толькі ў ХХ стагоддзі. Раней іх называлі проста песнямі (шведскія visor, дацкія і нарвежскія viser). У ісландскай мове, якая варожа ставіцца да любых запазычанняў, балады па сённяшні дзень называюцца fornkvæði ‘старажытныя песні’.

Увазе чытачоў прапануецца пераклад сямі шведскіх балад, арыгінальныя тэксты якіх датуюцца XVII—XIX стагоддзямі. Увогуле, на беларускую мову пераклады скандынаўскіх балад пачалі з’яўляцца толькі нядаўна, часцей за ўсё ў творчасці музычных фальклорных ансамбляў і рок-гуртоў.

Яўген ПАПАКУЛЬ

БЭРГМАН І ХЭРЭМАН

Раз Бэргман і Хэрэман елі-пілі,

Гардзі хэй, гардзі гардзі хэй!

Размовы вясёлыя жвава вялі.

Стары ды нікчэмны, затое барон!

 

І мовіў тут Бэргман: «Намер мой такі:

Дачкі тваёй Керсцін прашу я рукі».

 

«Спазніўся ты, Бэргман, — адказ яму быў, —

Учора на шлюб я яе блаславіў».

 

«Калі ж яна жонкай не стане маёй —

Спалю я твой замак, зраўняю з зямлёй!»

 

«Не трэба, прашу цябе, замак паліць,

Я згодны дачку тваёй жонкай зрабіць».

 

І Бэргман з усмешкай у стайню пайшоў,

Там коней дзівосных багата знайшоў.

 

Ён шэрага болей за ўсё ўпадабаў,

Сядло на яго залатое паклаў.

 

І Керсцін затым на каня пасадзіў,

Бо ў шлях выпраўляцца ім час ужо быў.

 

Калі яны мост праязджалі стары,

Паднёс хітры Бэгрман дзяўчыне дары:

 

Пярсцёнкаў з чырвонага золата пяць,

Ды боцікі, што нібы срэбрам зіхцяць.

 

Калі ж да гары даскакалі яны,

Раскрыў скалу Бэргман ды ўскочыў туды.

 

А Керсцін за цуглі схапіла каня,

Ды вобцас пагнала яго ад здання.

 

Дадому ж калі шэры конь даскакаў,

Яе любы бацька ля брамы стаяў.

 

З лагоднай пяшчотай пачаў ён пытаць:

«Як здолела, Керсцін, ты вольнаю стаць?»

 

«Хлапцоў нежанатых у нас не злічыць,

Гардзі хэй, гардзі гардзі хэй!

А з тролем пачварным не буду я жыць».

Стары ды нікчэмны, затое барон!

 

ВАЎКАЛАК

Дазволу дачка стала ў маці прасіць.

Ліпка ў лесе трымцела!

Ці можна да любага хлопца схадзіць.

Каханага бачыць хацела!

 

«Дазволу свайго не магу я не даць,

Але сцеражыся ты воўка спаткаць».

 

«Матуля мая, я сябе зберагу,

Ваўкоў не сустрэну ў сябе на шляху».

 

Ды ў ружавым гаі яе незнарок

На сцежцы знаёмай спаткаў шэры воўк.

 

«Прашу, любы воўча, не крыўдзі мяне,

Аддам залаты я свой пояс табе».

 

«Здабуду я шмат паясоў залатых,

А вось прыгажунь не знаходзіў такіх».

 

І ўзлезла на дрэва дзяўчына тады:

«Ніколі табе не даскочыць сюды!»

 

Драпежнік жахліва ў адчаі зароў;

І хутка было ўжо там трыццаць ваўкоў.

 

Ірваць тое дрэва яны пачалі,

Праз момант дзяўчына была на зямлі.

 

Пранёсся крык немы над гаем над тым,

Гэр Пэдэр пачуў яго ў замку сваім.

 

Ён шэрага коня свайго засядлаў,

За птушку хутчэй ён у гай той памчаў.

 

І ўбачыў там цела дзяўчыны, пасля —

Забітае зграяй ваўкоў немаўля.

 

Пачаўся світанак, і сонца ўзышло;

У Пэдэра ў замку тры трупы было:

 

Гэр Пэдэр, дзяўчына яго ды дзіця,

Ліпка ў лесе трымцела!

Пазбавіла зграя няшчасных жыцця.

Каханага бачыць хацела!

 

ГЭР МОРТЭН

Да ўчорашняга ранку Гэр Мортэн не дажыў.

Прыйшлі з ім развітацца

Усе, з кім ён служыў.

Памерлы Мортэн едзе пад птушак дзіўны спеў!

 

Аднойчы Вальдмар Хюттэ

Праз ружаў гай скакаў.

Сустрэў яго там Мортэн

І так яму казаў:

Памерлы Мортэн едзе пад птушак дзіўны спеў!

 

«Не бойся, Вальдмар Хюттэ,

Як жыў я на зямлі,

Найлепшымі сябрамі

З табою мы былі».

Памерлы Мортэн едзе пад птушак дзіўны спеў!

 

Ягоны конь і збруя

Нібыта змрок былі,

Ды чорныя сабакі

За ім услед ішлі.

 

На чорных ботах шпоры

Нібы лязо былі,

Ды чорныя сабакі

Перад зданнём ішлі.

 

«Навошта, дружа Мортэн,

Мяне ты тут спыніў?

Бо толькі пазаўчора

Навекі ты спачыў». —

 

«Няма мне адпачынку,

Спакою мне няма,

Бо пры жыцці палеткам

Чужым валодаў я.

 

Скажы маёй ты жонцы,

Аб тым яе малю:

Назад яна хай верне

Падманутым зямлю.

 

А раптам не паверыць —

Дык знак падам я ёй: 

Пад ложкам мае боты

Напоўняцца крывёй».

 

Ды семдзесят малітваў,

Наведаўшы імшу,

Узнесла жонка Богу

За мужаву душу.

Памерлы Мортэн едзе пад птушак дзіўны спеў!

 

 

ЛІНДУРМ

Пры конунгу служкаю Сігне была,

А яны гулялі!

Яна пры двары восем рокаў жыла.

І гуляць яны маглі так і штоночы, і штодзённа!

 

У гаі раз Сігне блукала адна,

А яны гулялі!

Ліндурма спаткала там раптам яна.

І гуляць яны маглі так і штоночы, і штодзённа!

 

«Сустрэўся я, Сігне, наўмысна з табой,

А яны гулялі!

Ці пойдзеш у край ты чароўны са мной?» —

І гуляць яны маглі так і штоночы, і штодзённа!

 

«Нявольная я адказаць табе «не»,

Калі не падманеш у сне ты мяне».

 

Дзяўчыну ён сінім плашчом атуліў,

На шэрага коня яе пасадзіў.

 

Так ехала Сігне, ліндурм бег за ёй,

Іх сцежка наперад вяла за сабой.

 

Да мескае брамы іх конь даскакаў,

Там бацька дзяўчыны пад мурам стаяў.

 

«Скажы мне, куды ты з ліндурмам ідзеш?

Нямала праз гэта ты слёз праліеш». —

 

«Ах, любы мой бацька, мне лёс не змяніць,

З дзяцінства прадказана гэтаму быць».

 

У ружавы гай шэры конь прыскакаў,

Там родны брат Сігне пад дрэвам стаяў.

 

«Скажы мне, куды ты з ліндурмам ідзеш?

Нямала праз гэта ты слёз праліеш». —

 

«Ах, любы мой браце, мне лёс не змяніць,

З дзяцінства прадказана гэтаму быць».

 

Так ехала Сігне, ліндурм бег за ёй,

Іх сцежка наперад вяла за сабой.

 

Да луга квяцістага конь даскакаў,

Там ложак засланы між красак стаяў.

 

«Нарэшце мы можам тут коня спыніць:

Цудоўнае месца, каб нам адпачыць». —

 

«Няма ў мяне стомы й жадання няма». —

«Крыху адпачыць усё ж раіў бы я».

 

Ды села на ложак дзяўчына ў слязах,

Душылі няшчасную роспач і страх.

 

Ды легла яна ўсё ж на ложак на той,

Ліндурм, прытуліўшыся, лёг разам з ёй.

 

А ранкам, як золак на небе заззяў,

Сын конунга побач з дзяўчынай ляжаў.

 

Так знікла няшчасце, сплыло, нібы дым,

А яны гулялі!

Каханкі прачнуліся ў замку сваім.

І гуляць яны маглі так і штоночы, і штодзённа!

 

ОЛЬГЕР ДАЦКІ ДЫ БЮРМАН

Раскажу я пра Бюрмана вам:

Насамрэч мог асілкам ён звацца,

Бо ўзвышаўся над конскім сядлом

Злодзей локцяў амаль на пятнаццаць.

Ольгерам Дацкім забіты быў Бюрман.

 

Раскажу я пра Бюрманаў меч:

Толькі волат ім здольны змагацца,

А вялізнай сваёй даўжынёй,

Быў ён локцяў не менш за пятнаццаць.

Ольгерам Дацкім забіты быў Бюрман.

 

Прыскакаў ён да замка й зароў,

Меч свяціўся пры ясным надвор’і:

«Гэй, Ісландыі конунг, выходзь,

Аддавай мне дачку сваю Глор’ю».

Ольгерам Дацкім забіты быў Бюрман.

 

Конунг выйшаў на замкавы двор,

Капялюш з галавы зняў паволі:

«Хто ты гэткі, адкуль ты прыйшоў?

Бо не чуў пра цябе я ніколі!»

 

«Я са Спорэ прыехаў сюды,

Сваякоў я там маю багата.

Ну а лепей табе пакажу

Зараз нораў я свой зухаваты».

 

Ён на поўдзень тады паскакаў

І на захад каня свайго кінуў:

«Дзівам, Глорыя, гэткім цябе

Абыякавай я ці пакінуў?»

 

«Не здзівіў ты ніколькі мяне —

Сонца яркае лье нам праменне —

Але з носам даўжэзным сваім

Ты падобны хутчэй да аленя».

 

Бюрман стаў ад тых словаў шалець,

І шпурляў свайго коня зацята,

А пасля ўзяў у рукі камень,

Што памерам быў з добрую з хату.

 

Бюрман кінуў у горад камень — 

І пра цуд той шчэ доўга казалі —

Бэлькі ў трэскі разбіў ён ушчэнт,

Дзе муры былі — крушні ляжалі.

 

Тут дзяўчына да бацькі пайшла

Паспытаці ягонай парады:

«Што рабіцьмем мы з гэтай бядой,

Хто пачварыне здольны даць рады?»

 

«Каб асілка такога знайсці,

Цэлы свет абысці давядзецца,

Але зладзіць з ім толькі адзін,

Той, што Ольгерам Дацкім завецца».

 

Тут пабегла дзяўчына ў астрог,

Стала слёзна ў палонных пытаці:

 

«Ці ты тут, Ольгер Дацкі, скажы,

На нагах ты ці зможаш стаяці?»

 

Ольгер выпрастаў ногі свае,

А былі яны локцяў пятнаццаць,

І магутны абрынуўся мур,

Пачалі ланцугі рассыпацца.

 

«Я сядзеў тут пятнаццаць гадоў,

І палон мяне моцна знявечыў.

Дзева Глорыя, шчыра скажу,

Што няздольны я болей да сечы».

 

«Я сядзеў тут пятнаццаць гадоў,

Бачыў толькі жалезныя краты.

Дзева Глорыя, мне адкажы,

Хто ў пакутах тваіх вінаваты?»

 

«Завітаў адзін рыцар да нас,

Жах на ўсіх ён людзей наганяе,

Хоча ў бацькі зямлю адабраць,

А мяне ён зняволіць жадае».

 

«Ён зусім непадобны да нас,

Будзе цяжка яго зваяваці.

Нарадзіўся ж у Аўстрыі ён,

Троль марская ягоная маці».

 

Ольгер вопратку ў дар атрымаў,

Што пашыта з сукна дарагога,

І кальчугу даў конунг яму,

І са збруяй каня баявога.

 

Побач з горадам Бюрман скакаў,

Свой азадак задраўшы высока:

«Ольгер Дацкі на волі няйнакш,

Я ўжо чую, што ён недалёка».

 

Ольгер кінуўся тут на яго,

Сутыкнуліся ворагі ў бойцы,

Коні сталі тады на дыбкі,

Ды ў кальчугах парваліся кольцы.

 

Ольгер спрытна кальчугу сцягнуў,

І яна, нібы сонца, гарэла.

Тут ён Бюрману сцяў галаву —

Ніцма ўпала крывавае цела».

 

 

Ольгер гучна тады закрычаў,

Меч свяціўся пры ясным надвор’і:

«Гэй, Ісландыі конунг, выходзь,

Аддавай мне дачку сваю Глор’ю».

 

«Мне адзінае шчасце — дачка,

Даражэй за багацце любое,

Калі Бюрмана зможаш забіць,

Дык яна стане жонкай тваёю».

 

«А я з Бюрмана пажартаваў,

І той жарт сёння быў вельмі плённы:

Так зацята мы біліся з ім,

Як два парабкі б’юцца шалёна».

 

«Мужна кінуўся я на яго,

Сутыкнуліся мы з ім у бойцы,

Коні сталі тады на дыбкі,

Ды ў кальчугах парваліся кольцы».

 

Я ж кальчугу адкінуць паспеў,

І яна, нібы сонца, гарэла.

Тут я Бюрману сцяў галаву —

Ніцма ўпала крывавае цела».

 

«Калі праўду ты мне расказаў,

І калі не хлусня твае словы —

Я аддам табе ў жонкі дачку

І свайго каралеўства палову».

Ольгерам Дацкім забіты быў Бюрман.

 

ПРА БЕДНУЮ КАРЫН

Служыла Карын годна

У замку караля;

Між іншых прыгажуняў

Найпершаю была.

 

Ярчэй за зорку ззяла

Яна сваёй красой.

Прыйшоў кароль аднойчы

І так казаў ён ёй:

 

«Паслухай мяне, Карын,

Ці будзеш ты мая?

Каня з каштоўнай збруяй

Аддам за гэта я».

 

«Каня з каштоўнай збруяй

Ты жонцы лепш аддай.

А мне, дзяўчыне беднай,

Мой гонар захавай».

 

«Паслухай мяне, Карын,

Ці будзеш ты мая?

Карону залатую

Аддам за гэта я».

 

«Карону залатую

Ты жонцы лепш аддай.

А мне, дзяўчыне беднай,

Мой гонар захавай».

 

«Паслухай мяне, Карын,

Ці будзеш ты мая?

Палову каралеўства

Аддам за гэта я».

 

«Палову каралеўства

Ты жонцы лепш аддай.

А мне, дзяўчыне беднай,

Мой гонар захавай».

 

«Калі ж ты мне адмовіш

Пяшчотай адказаць,

Табе з цвікамі бочку

Скажу я рыхтаваць».

 

«Мне жорсткія пакуты

Задумаў ты дарма;

Анёлы ў небе бачаць:

На мне віны няма».

 

Тут Карын загадаў ён

У бочку пасадзіць,

І варту там пакінуў

За дзеўкаю сачыць.

 

Два голубы з нябёсаў

Спусціліся тады.

Няшчасную дзяўчыну

Забралі ў рай яны.

 

Ад пакарання конунг

Не здолеў уцячы:

Тады ж забралі ў пекла

Яго два крумкачы.

 

ТАНЦЫ Ў РУЖАВЫМ ГАІ

Наўкол усё шэранню вечар заслаў,

І шэрага коня юнак засядлаў.

Чакай жа мяне!

 

Са срэбра ды золата збруя была,

І хлопец ляцеў на кані, бы страла.

Чакай жа мяне!

 

Ды ў ружавым гаі спаволіў конь ход,

Убачыў юнак там дзяўчын карагод.

Чакай жа мяне!

 

Ён побач з лілеяй каня прывязаў,

Ды радасцю твар юнака ажно ззяў.

 

«Нам лепей сустрэцца купальскай парой,

Як дзень будзе доўгім, а ноч дасць спакой».

 

«Нам лепей сустрэцца пад спеў жаўрукоў,

Калі кукавацьме зязюля тут зноў».

 

«Нам лепей сустрэцца, дзе кветкі цвітуць,

Лілеі ды ружы нам ложак саткуць».

Чакай жа мяне!

 

Пераклад са шведскай Яўгена Папакуля.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?