Вы тут

Беларуская жаночая лірыка


Беларуская літаратура другой паловы ХХ стагоддзя — з’ява шматаблічная, неаднародная. Яе развіццё цесна звязана са складаным, зменлівым грамадска-культурным жыццём краіны. Вялікая Айчынная вайна стала пераломным этапам у гісторыі ХХ стагоддзя і пунктам адліку новага часу. Беларуская літаратура другой  паловы  ХХ  стагоддзя,  паводле акадэмічнай перыядызацыі ў «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ  стагоддзя»  (т.  3—4), ахоплівае чатыры этапы: 1945—1955 гг. (літаратура першага пасляваеннага дзесяцігоддзя); 1956—1965  гг.  (літаратура  перыяду  дэмакратычнага абнаўлення  грамадства); 1966—1985 гг.; 1986—2000 гг.
Вядучая  тэма  паэзіі  пасляваеннага  дзесяцігоддзя,  бясспрэчна,  ваенная.   У 1950 г. выйшаў другі зборнік К. Буйло «Світанне» (першы датаваны яшчэ 1914 г.), убачылі свет дзве чарговыя кнігі вершаў Э. Агняцвет — «Край мой родны» (1945) і «Дарога ў будучыню» (1949). Паэзіі гэтага часу ў значнай ступені ўласцівы нарматыўнасць, афіцыёз, «вернасць» камуністычнай ідэалогіі, — рысы, характэрныя для вядучага метаду літаратурнага працэсу азначанага перыяду — «сацыялістычнага рэалізму» (або класіцызму з элементамі рамантызму).
Перыяд дэмакратычнага абнаўлення грамадства — «вятрыста-бурнае дзесяцігоддзе» (М. Арочка) [1, с. 42] — характарызуецца росквітам гучнай паэзіі прапаганды. Для беларускай «жаночай» паэзіі гэты час азнаменаваны выданнем першай кнігі вершаў Е. Лось «Сакавік» (1958), затым былі надрукаваны «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965). Праўда, сама паэтэса ў аўтабіяграфіі «З жыцця» ўдакладняе: «Пачаўшы пісаць рана і даволі рана заявіўшы аб сабе ў рэспубліканскім друку (1948), я на доўгі час (1950—1965 гг.) змоўкла. Такое было жыццё «непяючае», ды і сама напружана думала: ці варта?» [2,  с.  226].  Дэбютавала  ў  гэты  час  В. Вярба  (з’явілася  першая  кніга паэтэсы
«Вочы вясны» (1962)); працягваюць друкавацца К. Буйло («На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965)); Э. Агняцвет («Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965)).
Беларуская літаратура 1966—1985 гг. (вядучы мастацкі метад — «сацыялістычны рэалізм» або посткласіцызм [3, с. 5]) хоць і атрымала назву «перыяду застою», але гэтая назва актуальная толькі для першай паловы гэтага перыяду — да пачатку 70-х гг. ХХ стагоддзя, калі некаторыя паэты «сярэдняга пакалення», пераважна «дзеці вайны», пісаць не маглі альбо пісалі «ў стол». Сярод гэтага мужнага, мужчынскага пакалення (Н. Гілевіча, С. Гаўрусёва, П. Макаля, А. Лойкі, М. Арочкі і інш.) выдзялялася асоба жанчыны — Е. Лось, якая ў вершы «Пра пакаленне» дае такую характарыстыку сваім аднагодкам: «Загартаванае наша натхненне, // Яно адгарыць няскора! // Кажуць, шчаслівае пакаленне // Тое, што зведала гора» [4, с. 54]. Творчасць Е. Лось ахоплівае адносна аднародны этап у развіцці дзяржавы — пасляваеннае аднаўленне і развіццё савецкага грамадства, калі ідэя будаўніцтва светлай камуністычнай будучыні была вядучай. Гэты аб’ектыўны фактар аказаў значны ўплыў на фарміраванне творчай манеры Е. Лось,    у якой  ёсць вершы дэкларатыўнага характару,  агітацыйныя («Сёстры    Леніна»,
 «За ўладу Саветаў», «Слова камуністкі» і інш.), у сваёй кнізе «Лірыка ліпеня» Е. Лось робіць дароўчы надпіс А. Т. Кузьміну: «З самым шчырым камуністычным прывітаннем» (21 сакавіка 1977 г.) [5, с. 1]. Для грамадзянскай лірыкі Е. Лось характэрна ўпэўненасць, уласцівая савецкім людзям таго часу. Яна з’яўляецца адлюстраваннем сваёй эпохі, таму і каштоўная для нашчадкаў. Вядучай тэмай паэзіі гэтага перыяду, як і папярэдняга, застаецца тэма вайны, якая пачала эвалюцыяніраваць у бок узмацнення трагічнага пафасу. У паэзіі Е. Лось «ваенныя» вершы напоўнены болем ад уласна перажытых у дзяцінстве страт, голаду,  слёз.  У гэты ж час пачала зараджацца ў беларускай паэзіі гістарычная тэма, як прыклад — вершы Е. Лось «Продкі» (1960), «Я прачытала, што ў адной краіне...» (1966) і інш. У беларускай «жаночай» паэзіі «плынь лірычнага пацішэння», якая захлынула літаратуру краін СССР у згаданы перыяд, была вельмі натуральнай, што праявілася праз іншасказальнасць, асацыятыўнасць паэтычнага радка (вершы Е. Лось «Нязначнае перамагае...», «Вышэй! — над выдумкамі злымі...» і інш.).
У 70-я гг. ХХ стагоддзя беларуская літаратура, нягледзячы на не зусім спрыяльныя ўмовы, узбагацілася цэлай плеядай жанчын-паэтэс, якія выдалі шэраг зборнікаў: Я. Янішчыц «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы»     (1974), «Ясельда» (1978); Н. Мацяш «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979); Г. Каржанеўская «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976); Р. Баравікова «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978); Т. Бондар «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977) і іншыя. Сярод  гэтага  разгорнутага  пераліку  вядучае  месца  займае  імя  Я. Янішчыц.  У аўтабіяграфіі Г. Каржанеўская піша: «З узростам я ўсё болей цаню сваё пакаленне — «пакаленне Жэні Янішчыц», як яго называюць. Мае калегі і таварышы праявілі сябе вельмі рознабакова, сцвердзіліся як асобы, творцы, грамадскія дзеячы» [6, с. 133]. Пра сваё пакаленне паэтэс Г. Каржанеўская піша і ў артыкуле
«Нас было многа...» [7, с. 3], падкрэсліваючы назвай багацце шэрагу прадстаўніц паэтычнай плеяды 1970-х гг., і ў вершы «Будзем жыць», які пачынаецца са  слоў:
«Адыходзіць наша пакаленне...» [7, с. 3]. Т. Бондар таксама піша пра сваіх аднагодкаў, адзначаючы іх асаблівую шчырасць і нават адасобленасць: «Мне здаецца, што лепшае ў нас, у нашым пакаленні — імкненне быць шчырымі. Шчырымі ва ўсім. У пачуццях. У сваёй тузе па ідэале. У сваім разуменні Боскага свету, апраўдаць які мы не маглі, а асуджаць не асмельваліся. У сваім заўсёды свядомым нежаданні гуляць у літаратурных бунтаўшчыкоў, патрафляючы густам замежных імпрэсарыа. Нават у сваім адчужэнні як ад папярэднікаў, так і ад тых, хто ішоў следам» [8, с. 2].
Тэматычны пласт беларускай жаночай паэзіі гэтага перыяду дастаткова разнапланавы: ад класічнага сузірання прыроды,  заклікавай  любові  да  Радзімы да пытанняў філасофскага асэнсавання жыцця; попыт на дэкларатыўны  пафас змяншаўся, павялічваўся на маральна-этычныя праблемы, з’явілася экалагічная тэма. Актуальнай у гэты час набыла «касмічная» тэма: у вершы 1966 г. В. Вярбы яе лірычная гераіня «тоненькая Тоня» — «Пасажырка будучых ракет» [9, с. 54], а ў іншым вершы (1973 г.) роздум гераіні — аб палёце «касмічнае антэны» [9, с. 129]. Падобнага кшталту ёсць вершы і ў Н. Шкляравай («Чалавек»)  — «Цяпер і космас узараў ракетай...» [10, с. 10], і ў іншых беларускіх паэтэс.
Творчасць старэйшых паэтэс атрымала грамадскае прызнанне: К. Буйло была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, у 1968 г. ёй прысуджана ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР»; Э. Агняцвет узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі; Е. Лось — ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Атрымаць такое прызнанне маладзейшаму пакаленню было складаней. Так,   у адным з лістоў да Т. Бондар ад Я. Каршукова (загадчыка аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва») змешчана адмова ў друкаванні яе вершаў: «Не скажам, што тут усё блага, хутчэй наадварот — напісаны вершы, як кажуць прыстойна, сям-там нечым падабаюцца. Аднак усе яны — у адной танальнасці, у   іх мала жыццёвых рэалій. Можа, з цягам часу напішацца што цікавейшае — надрукуем. 27 снежня 1971 г.» [11, с. 14]. Ліст сведчыць аб непрыняцці тагачаснай крытыкай элегічна-медытатыўнай лірыкі Т. Бондар. Ненадрукаваныя тады вершы склалі пазней першы зборнік паэтэсы «Захапленне» (1974), які вылучыўся сярод першых кніжак іншых паэтэс сваім незвычайным для маладой аўтаркі сумам і развагай (вершы «Споведзь», «Роздум», «Развітанне», «Неспакой», «Над магілай» і інш.).
У 1980-я гг. (час неарамантызму [12, с. 10], посткласіцызму [3, с. 5]) кагорта беларускіх паэтэс папоўнілася імем Г. Булыкі (надрукаваны першы зборнік «Сінтэз» — 1986). У 1990 г. убачылі свет першыя дзве паэтычныя кнігі Л. Рублеўскай
«Крокі па старых лесвіцах» і «Адукацыя». У 1990-я гг. выдалі свае першыя кнігі Л. Сільнова і А. Хатэнка.
Рэалізавацца творчаму таленту Л. Рублеўскай дапамагло літаб’яднанне паэтычнай моладзі «Узлёт», кіраўніком якога быў А. Лойка. Сваёй паэтычнай настаўніцай Л. Сільнова лічыць Р. Баравікову, якая кіравала літаб’яднаннем «Крыніцы». Ёй прысвечаны верш «Чараўніца» з першага зборніка Л. Сільновай «Ластаўка ляціць». Усё гэта сведчыць аб пераемнасці пакаленняў.  Адметны стыль пісьма  Л. Рублеўскай і Л. Сільновай сфарміраваўся пад уплывам суполкі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Творчасць Л. Сільновай з яе вершамі-малюнкамі, «самаробнымі» кнігамі ў стылі «хэнд-мэйд-бук» або «арт-бук» стала прыкладам адлюстравання новых авангардных, мадэрнісцкіх кірункаў як у сусветнай, так і ў беларускай літаратуры напрыканцы ХХ ст.
У сярэдзіне 1980-х гг. у беларускім грамадскім жыцці адбыліся значныя змены — пачалася перабудова, а пасля 1991 г. распаўся СССР, дзяржава, у склад якой уваходзіла наша рэспубліка. Гэтыя змены закранулі ўсе сферы чалавечага жыцця, выклікалі сапраўдную пераацэнку каштоўнасцей, калі старыя ідэалы саступілі месца новым. Працэс характарызаваўся няпэўнасцю, пераходнымі цяжкасцямі, бо духоўнае адраджэнне суправаджалася эканамічным спадам. Г. Каржанеўская ўдала перадае той стан разгубленасці, у якім апынуліся грамадзяне былой савецкай дзяржавы: «Штосьці пуста ў маіх засеках, // Штосьці воля мая — як з ваты. // Штосьці думкі мае — як рэкі, // Паспрамляныя сілай, гвалтам» [13, с. 7]. Трохразовы паўтор няпэўнага займенніка ўзмацняе гэты эфект. Паэтэса спрабуе пераасэнсаваць ідэалагічныя клішэ, прыйсці да ісціны сама, стомленая ад «агульных» думак, «навязаных зверху»: «А вы мне тут — // пра камерную згоду...» [13, с. 22]. У многіх вершах Г. Каржанеўскай чытаецца горкі роздум пра ідэалы юнацтва, у якіх, насамрэч, пераважаў наіў. Яна з іроніяй разважае аб такой чалавечай якасці, як гонар: «Дошкі гонару апусцелі. // Нават з гонарам стала горш — // Ён каштуе сягоння грош» [13, с. 71].
Пад вострае пяро паэтэсы трапілі клеркі камуністычных кабінетаў — «рабацягі машыны страшнай», «спадкаемцы вялікай лажы», — як бачым, тут Г. Каржанеўская не шкадуе прастамоўнай лексікі; падхалімы таксама атрымліваюць сваё:
«Хто апалай лістотай слаўся — // Тых наступнасць збярэ ў вядро» [13, с. 71]. Зноў жа іранічна (у вершы з адпаведнай назвай «Іранічнае») паэтэса паказвае
«схематычнасць», застыласць савецкага часу, выкарыстоўваючы для гэтага кароткія няпоўныя сказы, адзіную рыфму для кожнай страфы, што ўзмацняе ўражанне ад зместу: «І застой, і плесня там, дзе схемы. // У людзей інакшыя праблемы. //  У віры матляемся ўсе мы. // Справы дрэнь: падводзяць тэарэмы. // Як іх штампавалі год ад году, // Сапсавалі гэтулькі народу» [13, с. 22].
Засілле бюракратаў — аб’ект гневу Г. Каржанеўскай у паэме «Рэтушоры»:
«Скрозь яны — // там, дзе трыбуны, канторы. // (Двое працуюць — кіруе чацвёра)» [14, с. 146]. У вершы «У чарзе» паэтэса паказвае тагачасную ліхаманку, звязаную з імкненнем, нават прагай набыць такія недасягальныя, «усім неабходныя рэчы». Жанчын-пакутніц тых часоў аўтар параўноўвае з «чаплямі эпохі перабудовы». І зноў задаецца пытанне, на якое мы не ведалі адказу — «І зразумець немагчыма, чыя тут віна». Такія да болю знаёмыя «рэаліі» савецкага   часу:
«звыклая лаянка», «выпіўшы муж», «цёткі, кабеты і дамы ў пакетах і звязках...» [13, с. 15] (дарэчы, адно з цяжкіх «выпрабаванняў савецкай жанчыны») паўстаюць з вершаў Г. Каржанеўскай вельмі ярка, рэалістычна-праўдзіва. Канцэпцыя жаночага лёсу, якая ўвасобілася ў лірыцы беларускіх паэтэс, увабрала ў сябе цяжкасці савецкага часу.
Змаганне з бюракратыяй і доўгія чэргі ў часы перабудовы аднолькава хвалявалі як Г. Каржанеўскую, так і Н. Мацяш. Н. Мацяш у вершы «Набалелае» (1988) прызнаецца, што ўжо не можа больш маўчаць. Супраць чыноўніцтва, супраць бюракратыі скіравана яе вершаванае слова. Паэтэса не можа быць спакойнай,
«Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах, // Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат» [15, с. 194].
У беларускай паэзіі, у тым ліку і жаночай, пачала раскрывацца праўда пра мінулае. У гэты ж час беларускія паэтэсы адгукнуліся на ваенныя падзеі ў Афганістане.  Трагедыя  воінаў-інтэрнацыяналістаў  выявілася  ў  вершы  Я. Янішчыц «Верш, напісаны ў цырульні», у згаданым ужо вершы Н. Мацяш «Набалелае», дзе аўтар з болем апавядае пра тое, як «уміраюць на чужой чужыне родныя сыны...» [15, с. 194]. Выкарыстанне паўтору «на чужой чужыне» яшчэ больш акцэнтуе ўвагу на бяссэнсавасці і жахлівасці гэтай ахвяры.
Яшчэ адзін тэматычны пласт паэзіі звязаны з аварыяй на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў красавіку 1986 г. Гэта трагедыя стала спалучальным звяном паміж мінулым і сучасным, у беларускай паэзіі з’явіліся творы-асэнсаванні не толькі лёсу канкрэтнага чалавека, нават краіны, а будучага ўсяго чалавецтва. Першымі водгукамі паэтэс на Чарнобыльскую трагедыю сталі вершы Я. Янішчыц, паэма «Чарнобылевы боль крыжа» А. Хатэнкі.
У беларускай паэзіі канца ХХ стагоддзя ўзмацніўся інтэлектуальна-філасофскі кірунак, адметным прыкладам якой стала паэзія Г. Булыкі, што паспрабавала злучыць у сваёй творчасці паэзію і навуку. Абвастрыліся ў гэты час і рэлігійнахрысціянскія настроі, што знайшло адлюстраванне ў лірыцы Н. Мацяш, Т. Бондар і інш., а таксама актывізавалася гістарычная тэма (паэзія Т. Бондар, Н. Мацяш,  Л. Рублеўскай і інш.).
У другой палове 80—90-х гг. ХХ стагоддзя творчасць жанчын-паэтэс была высока  ацэнена  прысуджэннем  Дзяржаўнай  прэміі  Беларусі  імя  Я. Купалы   Я. Янішчыц (1986 г. — за кнігу «Пара любові і жалю»), Р. Баравіковай (1994 г. — за кнігу «Люстэрка для самотнай»); Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова Н. Мацяш (1984 г. — за «Паэму жніва»), Р. Баравіковай (1988 г. — за кнігу  «Каханне»).
Пра значнасць беларускай жаночай паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады іх твораў на іншыя мовы свету як блізкага, так і далёкага замежжа: увогуле, вершы Е. Лось перакладзены на 30 моў свету; К. Буйло, Я. Янішчыц,   Н. Мацяш — на англійскую, нямецкую, французскую, польскую, рускую, украінскую, туркменскую і многія іншыя мовы; В. Вярбы, Р. Баравіковай, Т. Бондар, Г. Каржанеўскай — на балгарскую, польскую, чэшскую, рускую, украінскую, латышскую, грузінскую, узбекскую і іншыя мовы свету.
Па сённяшні дзень лічым нявырашанай праблему аб узаемадачыненнях «паэзія і жыццё грамадства», «жанчына і палітыка». Існуе шмат меркаванняў на гэты конт, зразумела, што прыхільнікі фемінізму адной са сваіх мэт і прадугледжваюць раўнапраўнае месца жанчыны ў палітыцы, але ці заўсёды з гэтым пагаджаюцца самі жанчыны?
Што тычыцца паэзіі і палітыкі, то тут таксама ёсць падставы для дыскусіі. Паэзія — субстанцыя камунікатыўная. Паэт размаўляе з чытачом, з народам, з цэлым сусветам. І зразумела, ніхто яго не пачуе, калі яго словы не будуць актуальнымі для людзей, калі ў вершаваных радках аўтар не здолее даць адказы на хвалюючыя іх пытанні. Без грамадзянскага ідэалу паэзія не можа быць эстэтычна паўнавартаснай, інакш кажучы, надзённай, сугучнай таму часу, таму стану грамадства, калі і дзе жыве паэт. У. Гніламёдаў піша: «Паэзія была і застанецца духоўна-эстэтычным эквівалентам грамадства, яна творыць, «збірае» чалавека, асвятляючы яго месца і ролю ў агульнай карціне сучаснага свету» [16, с. 293]. Беларускія паэтэсы па-грамадзянску актыўныя ў жыцці соцыуму. Яны не абыходзяць увагай тыя падзеі, якія адбываліся ў грамадстве і былі неад’емнай часткай жыцця людзей. Публіцыстычнасць стылю, грамадзянскасць прамаўлення — характэрная рыса многіх вершаў Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай і інш.
Яўген Гарадніцкі заслужана адводзіць беларускай паэзіі значнае месца: «Так склалася гістарычна, што менавіта паэзія (як народная, што спрадвеку выяўляла сябе ў вуснай, пераважна песеннай форме, так і індывідуальная, што мае за сабой шматвяковую пісьмовую гісторыю; як эпічная, так і лірычная) найбольш выразна і цэласна прадстаўляе не толькі эстэтычныя, але і грамадскія, філасофска-маральныя погляды розных культурна-гістарычных эпох, з’яўляецца каштоўнейшай крыніцай па народазнаўстве» [17, с. 68]. Творца не мае права заставацца абыякавым да праблем грамадства, бо паэт, калі ён сапраўдны Паэт — голас і сумленне народа. Г. Каржанеўская адчувае сябе кропляй у жыццёвай плыні грамады: «Нас падхапіла існая плынь // Ўсіх, грамадою. // Так і сплываем удалячынь // Разам з вадою» [13, с. 27]. Лірычная гераіня Н. Мацяш не можа спяваць вясёлых песень, калі «відаць, зашмат на свеце нешчаслівых...» [15, с. 167]. У кнігах паэзіі Г. Каржанеўскай і Н. Мацяш шмат драматычных вершаў, у якіх раскрываюцца розныя грамадскія праблемы, што сведчыць пра сацыяльна-этычную актыўнасць паэтэс. Е. Лось надала адметную эстэтычную канцэптуальнасць грамадзянскай лірыцы, для паэтэсы слова «грамадзянін» атаясамліваецца са словам «чалавек».
Але сярод навукоўцаў, ды і саміх аўтараў існуе і іншая думка. Асабліва, калі мець на ўвазе, што творчае станаўленне і развіццё паэтэс адбывалася ў сваім часе. Так, той жа Арыстоцель адзначаў, што «...правільнасць у паэзіі і ў палітыцы, у паэзіі і ў любым іншым мастацтве — рэчы розныя» [18, с. 676]. Пацвярджае гэту думку ў адным са сваіх інтэрв’ю Г. Булыка: «...паэзія і палітыка — рэчы несумяшчальныя apriori. У іх розныя мэты і сродкі. Дарэчы, гэтыя паняцці не змешвалі ўжо ў антычнай Грэцыі. Паэту, як асобе, безумоўна, уласцівыя патрыятычныя пачуцці, але літаратура патрабуе адмежаванага гледзішча, здольнасці да мастацкай «пераплаўкі» ўражанняў. Не можа быць «надзённых радкоў»! Гэта проста недарэчны аксюмаран! Паэзія няўчасная, і таму яна існуе ад пачатку гісторыі.
<...> Літаратура, дзякаваць Богу, перастала быць ідэалогіяй, словы «пісьменнік»   і «грамадскі дзеяч» — ужо не сінонімы. Мы прыходзім да разумення самадастатковасці творчасці, а яно ва ўсіх развітых літаратурах вяло да пошукаў новых формаў, якія афармляліся ў вызначаныя эстэтычныя напрамкі» [19, с. 86].
Яўгенія Янішчыц, не абмінаючы праблему ўзаемадзеяння паняццяў «паэзія   і палітыка», піша: «На карце міру хто паставіць кропку — // Празорлівы палітык ці паэт? <...> А свет ізноў — спакусы ды інтрыгі, // А свет ізноў на вастрыні падзей...» [20, с. 323].
Такім чынам, эвалюцыя беларускай «жаночай» паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя адбывалася пад уплывам развіцця літаратурнага працэсу. Асноўнымі рысамі паэзіі 1950-х гг. былі нарматыўнасць, афіцыёз (грамадзянская лірыка К. Буйло, Э. Агняцвет, Е. Лось). Пачынаючы з другой паловы 1950-х гг. дэкларатыўнаць зменшылася і саступіла месца асэнсаванню маральна-этычных праблем (зборнікі Е. Лось «Сакавік», «Людзі добрыя», дэбютныя творы В. Вярбы), распрацоўцы экалагічнай тэмы (вершы Е. Лось у абарону прыроды). У 1980-я гг. па-новаму загучала  ў  лірыцы  беларускіх  паэтэс  тэма  горада  (лірыка  паэтэс-гараджанак:  Г. Каржанеўскай, Г. Булыкі, Л. Рублеўскай). Для другой паловы 1980-х — 1990-х гг. актуальным стаў матыў разгубленасці, які змяніўся гуманістычна-асветніцкім пафасам (публіцыстычная лірыка Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай). У гэты ж час з’яўляюцца творы на тэму Афганістана і Чарнобыля (паэзія Я. Янішчыц, Н. Мацяш, А. Хатэнкі). Напрыканцы ХХ стагоддзя ў лірыцы беларускіх паэтэс узмацніўся інтэлектуальна-філасофскі кірунак (творы Г. Булыкі), абвастрыліся рэлігійна-хрысціянскія матывы (паэзія Н. Мацяш, Т. Бондар і інш.), актывізавалася гістарычная тэма (паэзія Т. Бондар, Л. Рублеўскай, Н. Мацяш і інш.). Жанрава-стылёвая сістэма «жаночай» паэзіі эвалюцыяніравала ў бок разнастайнасці і постмадэрнісцкага кірунку (з’яўленне паэзіі ў прозе А. Хатэнкі, вершаў-малюнкаў, «самаробных кніг» Л. Сільновай і інш.).
Праведзены аналіз пытанняў фарміравання і развіцця «жаночай» паэзіі ў беларускай літаратуры ХХ ст. паказаў, што лірыка беларускіх паэтэс другой паловы ХХ ст. займае адметнае месца ў літаратурным працэсе. Амаль адначасовае «ўваходжанне» ў літаратуру вялікай колькасці  паэтэс (В. Вярбы, Я. Янішчыц,   Н. Мацяш, Т. Бондар, Р. Баравіковай, Г. Каржанеўскай, Н. Шкляравай і інш.) дае падставы сцвярджаць аб узнікненні ў айчыннай літаратуры другой паловы ХХ ст. плеяды жанчын-паэтэс.

Літаратура:
1.    Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: у 4 т. Т. 3: 1955 — 1965 гг. / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; рэдкал.: У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. — Мінск: Беларус. навука, 2001. — 952 с.
2.    Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мінск: Беларусь, 1996. — 392 с.
3.    Адамовіч, Г. Я. Сусветная літаратурная класіка ў беларускім кантэксце (заканамернасці, тыпалогія, характар узаемасувязей): аўтарэф. дыс. ... д-ра філал. навук: 10.01.08. / Г. Я. Адамовіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2005. — 42 с.
4.    Лось, Е. І каласуе даўгалецце / Е. Лось. — Мінск: Маст. літ., 1998. — 367 с.
5.    Лось, Е. Лірыка ліпеня: вершы і паэмы / Е. Лось. — Мінск: Маст. літ., 1977. — 174 с. // БДМГБЛ. — Фонд «Кнігі з аўтографамі». — КП  024260.
6.    Шматкова, І. Наталіцца роднасці святлом...: Агульнае і адметнае ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай / І. І. Шматкова; навук. рэд. А. І. Бельскі. — Мінск: Ковчег, 2011. — 148 с.
7.    Каржанеўская, Г. «Нас было многа... Дзённікавы запіс ад 6 мая 2011 года. Пятніца» / Г. Каржанеўская // Літаратурная Беларусь. — 2012. — 30 сак. — С.  3.
8.    Бондар, Т. «У літаратуры трэба перамагаць кожны раз наноў...» / Т. Бондар // Беларусь. — 1994. — № 10. — С. 2.
9.    Вярба, В. Апошні верасень. Выбранае: вершы і паэмы / В. Вярба. — Мінск: Маст. літ., 1995. — 270 с.
10.    Шклярава, Н. Міг і вечнасць: вершы / Н. Шклярава. — Мінск: Маст. літ., 1979. — 72 с.
11.    Ліст Я. Каршукова да Т. Бондар // БДАМЛМ. — Фонд 12. — Воп. 1. — Адз. зах.1510. — Арк.14.
12.    Тычына, М. Несвоечасовы рамантызм / М. А. Тычына // Роднае слова. — 2003. — № 4. — С. 10.
13.    Каржанеўская, Г. Асенні мёд: вершы розных гадоў / Г. Каржанеўская. — Мінск: Маст. літ., 1999. — 159 с.
14.    Каржанеўская, Г. Вечны водгук: вершы і паэма / Г. Каржанеўская. — Мінск: Маст. літ., 1988. — 157 с.
15.    Мацяш, Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы (1962 — 1992) /     Н. Мацяш. — Мінск: Маст. літ., 1993. — 301 с.
16.    Гніламёдаў, У. В. Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс / У.  В. Гніламёдаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 304 с.
17.    Гарадніцкі, Я. А. Паэтыка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: суб’ектнааб’ектныя суадносіны / Я. А. Гарадніцкі. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 332 с.
18.    Аристотель. Сочинения: в 4 т.  / Аристотель; пер. с древнегреч., общ.  ред. А. И. Доватура. Акад. наук СССР, Ин-т философии. — М.: Мысль, 1983. — Т. 4. — 830 с. — (Филос. наследие. Т.  90).
19.    Булыка, Г. З Галінай Булыка гутарыць Леанід Дранько-Майсюк / Г. Булыка // Крыніца. — 1994. — № 7. — С. 82—90.
20.    Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любві...: вершы, паэмы / Я. Янішчыц. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 339 с.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 3 кастрычніка 2016 года.

Рэзюмэ 
Ірына ШМАТКОВА
«Беларуская жаночая лірыкаў гісторыка-літаратурным кантэксце другой паловы ХХ стагоддзя»

У артыкуле  даследуюцца  праблемы  развіцця  беларускай  жаночай  лірыкі ў гісторыка-літаратурным кантэксце другой паловы ХХ стагоддзя. Асаблівая ўвага надаецца эвалюцыі жанрава-стылёвых кірункаў у іх паэзіі. Аўтар  на  аснове літаратурнага матэрыялу вызначае адметнае месца творчасці беларус  кіх жанчын-паэтэс як асобнай плеяды ў айчыннай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.

Ключавыя словы: жаночая лірыка, літаратурны кантэкст, стыль, жанр, пафас.

Summary 
Irina SHMATKOVA
Belarusian women’s poetry in the historical and literary context the second half of the twentieth century

The article examines the problems of development of the Belarusian women’s  poetry in the historical and literary context of the second half of the twentieth century. Particular attention is paid to the evolution of the genre and stylistic directions in their poetry. Author based on literary material defines a special place to creativity Belarusian female poet as a separate galaxy in Russian literature of the second half of the twentieth century.

Keywords: women’s poetry, literary context, stile, genre, pathos.

Загаловак у газеце: Ірына Шматкова. Беларуская жаночая лірыка ў гісторыка-літаратурным кантэксце другой паловы хх стагоддзя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.