Вы тут

Сімяон Полацкі — геній беларускай і ўсходнеславянскай культуры


Сімяон Полацкі (Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч) (1629—1680) — велічная постаць беларускай і ўсходнеславянскай літаратуры, філасофіі, культуры. Узгадаваны ў Полацку, ён атрымаў бліскучую пачатковую адукацыю. Каля 1650 г. юнак скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію, пасля якой атрымаў дыплом  «дыдаскала».  Затым  навучаўся  (каля  1653  г.)   у славутай  Віленскай акадэміі.
У чэрвені 1656 г. С. Полацкі прыняў лёсавызначальнае для сябе рашэнне, — пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра, дзе на працягу васьмі год выкладаў у брацкай школе. Прыкладна ў 50-я гады XVII ст. ён уступіў у Базыльянскі ордэн, утвораны беларускімі ўніятамі. На прыналежнасць С. Полацкага да Ордэна Базыльянаў яскрава паказвае яго экслібрыс: «Ex libris Simeonis Piotrowski Sitnianowicz jeromonachi Polocensis Ord. S. Basilii Magni» («З кніг Сімяона Пятроўскага-Сітняновіча, полацкага іераманаха ордэна святога Васіля Вялікага»).
Як бліскучы майстар мастацкага слова і філосаф С. Полацкі сфарміраваўся менавіта ў культурнай і інтэлектуальнай атмасферы Вялікага Княства Літоўскага. Першыя літаратурныя спробы таленавіты палачанін здзейсніў у часе навучання ў Кіеве і Вільні.
Сімяон Полацкі пачынаў тварыць на матчынай мове, пра што пазней паведамляў у прадмове да «Рыфмалагіёна»:

Писах в начале по языку тому,

Иже свойственный бе моему дому.

Таже увидев многу пользу быти

Славенску ся чистому учити.

Взях грамматику, прилежох читати,

Бог же удобно даде ю ми знати.

У архівах знойдзены раннія творы С. Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, гэтак і лацінкай. У беларускі перыяд творчасці стварыў цыкл вершаваных твораў дыдактычнага і панегірычнага характару, напісаў драматургічныя творы, філасофскія казанні і дэкламацыі.
Першыя значныя паэтычныя «Метры» ў гонар расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, які ў 1656 г. праязджаў праз Полацк, з’явіліся мастацкім адказам беларускага паэта-інтэлектуала на паланізацыю Беларусі, рэзкім палітыка-ідэалагічным пратэстам супраць неапраўданага кампрамісу шляхты і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага перад польскай культурнай экспансіяй:

Ты, Цару, — ёсць наша Сонца, бо Русь асвяцілася,

Як хмары ерэтыкоў ад нас аддаліліся.
Сонца, — бо вокам сваім усіх даглядаеш,

Як сонечнае кола, усіх асвятляеш.
Сонца планетам святла пазычае,

Сонца, — бо ўсё святлом тваім ззяе!
(Тут і далей пераклад аўтара артыкула. — І. С.)
 

У рэчышчы эстэтыкі беларускага Барока напісаны цікавыя ў мастацкіх адносінах панегірычныя творы: «Вітанне епіскапа Каліста», «Вершы на Нараджэнне Хрыстова», «Вершы на Уваскрэсенне Хрыстова» і «Віншаванне новаабранаму Патрыярху».
Пад уздзеяннем паэтыкі народных  галашэнняў  і  літаратурных  лямантаў  С. Полацкі напісаў «Вершы пра пакуты Пана-Бога, прамоўленыя ў царкве». Паэт заклікаў нябёсы, глебу і ваду, паветра і горы, усё жывое на зямлі жалобна плакаць,
«ліць крывавыя слёзы» з нагоды невыносных пакут Ісуса Хрыста.
Беларускага асветніка натхняла дзейнасць славутай Ефрасінні Полацкай. Невыпадкова, ён напісаў у яе гонар вершаваны «Пралог да найпадобнай маці Ефрасінні». Паэт называе Ефрасінню ўпрыгожаннем Полацка, надзейнай абаронцай «зямлі беларасійскай», заклікае яе дапамагаць роднаму гораду і праваслаўным людзям.
Гістарычныя абставіны прымусілі С. Полацкага пакінуць радзіму і ў 1664 г. пераехаць у Маскву. Ён сустрэў цёплы прыём пры царскім двары, атрымаў выдатную магчымасць займацца педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю. Сімяо ну даручылі адукацыю царэвіча Аляксея (1654—1670), будучага цара Фёдара (1661—1682)   і  царэўны  Соф’і  (1657—1704).  Менавіта  Сімяон  рэкамендаваў у якасці настаўніка для царэвіча Пятра Аляксеевіча (1672—1725) адукаванага дзяка Мікіту Зотава. Пазней адукаваны беларус стварыў і ўзначаліў спецыялізаваную школу, якая была адчынена пры Прыказе Тайных спраў, дзе ён асабіста навучаў расійскіх дыпламатаў лацінскай мове, неабходнай ім для працы ў еўрапейскіх краінах.
У Крамлі Сімяон заснаваў уласную друкарню, незалежную ад кансерватыўных царкоўных улад. Ён прыцягнуў да афармлення кніг таленавітага мастака Фёдара Ушакова і гравёра Афанасія Трухменскага. Найвялікшая заслуга С. Полацкага — распрацоўка ім, паводле ўзору заходнееўрапейскіх універсітэтаў, геніяльнага праекта стварэння ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, што быў бліскуча рэалізаваны ў 1681—1685 гг., яго вучнем і сябрам Сільвестрам Мядзведзевым (1641—1691).
Менавіта ў Маскве С. Полацкі апублікаваў «Буквар» (1664, 1667, 1699) і «Жэзл праўлення» (1667). Ён напісаў «Вянец веры» (1670—1671) — звод багаслоўскіх дактрын пра ўпарадкаванне свету, з якім азнаёмілася яго 13-гадовая вучаніца, будучая царэўна Соф’я.
Беларускі інтэлектуал стварыў корпус празаічных казанняў у дзвюх   кнігах: «Абед душэўны» (1675) і «Вячэра душэўная» (1676), якія пасля смерці асветніка былі апублікаваны ў Верхняй друкарні, адпаведна ў 1681 і 1683 гг., пад наглядам Сільвестра Мядзведзева.
Сімяон Полацкі падрыхтаваў і выдаў два аб’ёмныя зборнікі вершаваных твораў: «Сад шматколерны» (1678) і «Рыфмалагіён» (1680). Ён выступіў у якасці заснавальніка псалмічнай паэзіі, аб чым сведчыць падрыхтаваны і надрукаваны ім «Псалтыр рыфматворны» (1680). Выдатны літаратар і асветнік напісаў і паставіў дзве п’есы: «Прыпавесць пра аблуднага сына»  і «Пра  Наўхаданосара-цара».
Сын Полацка прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Яго асветніцкая, педагагічная і літаратурная дзейнасць паслужыла грунтам глыбокіх сацыяльных пераўтварэнняў, якія пачаліся ў Расіі пры Пятры I.
Вызначальная рыса творчага почырку С. Полацкага — энцыклапедызм, гістарычная абазнанасць і інтэлектуальная вытанчанасць. Вершы яго — гэта, пераважна, яркія філасофскія сентэнцыі, мудраслоўі, дыдактычныя павучанні.
У сваёй творчасці майстар слова шырока звяртаўся да антычнай літаратуры і філасофіі. Ён шматкроць цытаваў выказванні старадаўніх філосафаў і красамоўцаў — Арыстоцеля, Платона, Фалеса Мілескага, Арысціпа, Дыягена, Дыянісія, ацэньваючы іх выключна са станоўчага боку.  С. Полацкі неаднаразова    падаваў сюжэты з антычнай і сярэднявечнай гісторыі, якія ён чэрпаў з сусветных хронік, выдадзеных у XV—XVI стст. у Заходняй Еўропе.
На старонках сваіх твораў паэт апявае кніжныя веды, стварае культ філасофіі, мудрасці, навукі і пазнання, аб чым выразна сведчаць яго вершы з красамоўнымі назвамі: «Філасофія», «Розум», «Слова», «Маўленне», «Акадэмія», «Час».
У філасофскім вершы «Думка» С. Полацкі паказвае стваральную ролю канструктыўных ідэй, раскрывае іх асноватворную функцыю ў грамадскай практыцы:

Як корань у дрэве, думкі ў чалавеку —

Ёсць таямніцай сучаснага веку.

Корань, глыбока ў зямлі, — нельга ўбачыць,

Думкі ў цянётах сардэчных — цяжка пазначыць.

Моц дрэва заўсёды ў карэнні хаваецца,

Велічна ў голлі й пладах выяўляецца.

Хто вырашыў дрэва ўрадлівым трымаць, —

Аб каранях мусіць клопатна дбаць.

Хто прагне справы добрыя чыніць,

Штодзень павінен з добрай думкай жыць.

Ад добрых думак — веліч і збаўленне, 

Ад злых — смурод, бедлам і разбурэнне.

Асновай інтэлектуальнай дзейнасці чалавека, паводле слушнага меркавання асветніка, з’яўляецца старанная праца над словам. У вершы «Слова» ён заклікае ўсіх паважліва і з выключнай пашанай ставіцца да ўласных слоў і выказванняў, зважаючы на іх духоўную моц:

Імкліва птушка з клеткі вылятае,

Нялёгка тым, хто зноў яе вяртае.

Так, вусны — проста слова нараджаюць,

Але назад ніколі не вяртаюць.

Калі надумаеш сентэнцыі казаць,

Наперад трэба добра разважаць.

Благое слова шкоду прычыняе,

Калі людскога вуха дасягае.

Паводле канцэпцыі С. Полацкага, менавіта філасофія і навукі дазваляюць дасягнуць дасканалага жыцця, робяць людзей мудрымі, разважлівымі, таленавітымі творцамі, роўнымі да анёлаў.
Філасофія і кніжныя веды маюць велізарную практычную карысць, яны дазваляюць чалавеку ўпэўнена пачувацца ў грамадстве, годна трымацца перад абліччам цароў і князёў. Філасофія і веды ўзбагачаюць духоўны свет асобы, робяць чалавека моцным, здатным пераадольваць цяжкасці, развязваць складаныя праблемы. Пазнанне спрыяе маральнаму аздараўленню грамадства, выкараняе заганы і зло. У вершы «Розум» паэт апявае інтэлектуальную працу:

Розум — ёсць здольнасць добра разважаць,

Жыццё і побыт годна ладкаваць.

Прадбачыць будучыню розум дазваляе,

Ад здрадлівых учынкаў адхіляе.

З мэтай абароны інтэлектуальнай працы як асобнага занятку, выключна неабходнай для грамадства прафесіі, С. Полацкі напісаў паэтычную прыпавесць. У аснове твора — канфлікт паміж філосафам Фалесам Мілескім і заможнымі людзьмі, якія смяяліся з яго кніжных захапленняў і інтэлектуальных практыкаванняў. Пасля спрэчкі мудрэц на справе давёў сапернікам важнасць ведаў, паказаў, што менавіта яны і з’яўляюцца сапраўдным скарбам на зямлі, крыніцай багаццяў і заможнага жыцця:

Фалес Мілескі веды шанаваў,

Філасофію і навукі шмат ухваляў.

Заможныя людзі яму дапякалі,

Прычынай збяднення — мудрасць назвалі.

Ён ім пярэчыў: «Жадаю бедна жыць,

Каб у палоне золата не быць.

Як прагай багаццяў я загаруся,

Хутчэй, чымся вы, узбагачуся».

Заможныя з яго смяяцца пачалі,

На веру слоў Фалеса не ўзялі.

Фалес прыдбаў маслінныя сады

І цераз год меў шчодрыя плады.

На кірмашы збыў масла ў пару 

І золата здабыў, лічы гару.

Паклікаў да сябе сапернікаў і кажа:

«Ведайце, слова праўдзівае наша.

Вас скарбам маім пераўзыходжу,

Але асалоды ў тым не знаходжу.

Мудрасць шаную. З ёй прагну жыць,

А не маёмасці марна служыць».

Як скарб незлічоны сапернікі ўбачылі,

Ад зайздрасці ледзьве яны не заплакалі.

Мудрага Фалеса ўшанавалі,

У стан ганаровы ласкава пазвалі.

На думку С. Полацкага, менавіта адукацыя і веды робяць чалавека пасапраўднаму свабодным і незалежным. У вершы «Сем вольных навук» ён адзначыў выключныя вартасці і вялікую карысць для кожнай асобы сямі вольных навук — граматыкі, рыторыкі, дыялектыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астралогіі і музыкі.
Сімяон Полацкі падкрэсліваў неверагодную моц друкаванага слова і кнігі. Ён верыў, што славяне вершаваным словам змогуць належна ўславіць веліч сваіх краін і народаў. У вершы-запавеце «Жаданне творцы» асветнік пісаў:

Ничто бо тако славу разширяет,

яко же печать, та бо разношает

Везде и веком являет будущим

во книгах многих и за морем сущим.

Мало словенских стих доселе бяше,

поне да явит тыя время ваше

В вашу же славу. Но отчаеваю,

рачителей бо тоя мало знаю.

Пісьменнік-інтэлектуал шмат разважаў пра чалавека і грамадства. Яго антрапалагічная канцэпцыя найбольш поўна выкладзена ў казаннях: «Слова пры пахаванні саноўнага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнага чалавека», «Слова пры пахаванні ваяра», «Слова пры пахаванні дабрачыннага чалавека», «Слова пры пахаванні сумленнай жанчыны», «Слова ў дзень найпадобнага Аляксея».
У «Слове ў дзень новага лета» пісьменнік падкрэсліў асаблівую місію чалавека на зямлі, яго выключнае месца сярод іншых жывых істот: «Дзеля каго сонца дзень стварае? Дзеля чалавека! Дзеля каго існуюць усе скарбы зямныя — золата і серабро, каштоўныя камяні ў зямных нетрах і жэмчуг у марскіх глыбінях? Дзеля чалавека!» С. Полацкі таксама адзначаў натуральнае імкненне чалавека да ўзвышанага і прыгожага.
На старонках вершаваных і празаічных творах С. Полацкі сфармуляваў уласную этычую дактрыну, якая ўключала сістэму базавых канцэптаў, што вынесены ў загалоўкі многіх вершаў: «Годнасць», «Сяброўства», «Стрыманасць», «Праца»,
«Славалюбства», «Паклёп», «П’янства», «Хабарніцтва», «Згода».
Найважнейшая вартасць чалавека — самапавага і годнасць, уласныя заслугі, а не прыналежнасць да знакамітай сям’і. Паэт адзначаў:

Бацькоў заслугі — дзецям не перадаюцца,

Сын мусіць сам да дабрачыннасцяў імкнуцца.

Не славай продкаў варта аздабляцца,

Найлепш — стараннай працай узвышацца!

У сваіх творах С. Полацкі нязменна выказваў шанаванне працавітасці. Ён даводзіў, што толькі той, хто дбайна і самааддана працуе, заслугоўвае ўшанавання і павагі сярод людзей. Верш «Праца» — сапраўдны гімн людзям працы:

Улетку пчолкі пільны клопат маюць,

Салодкі з кветак мёд для нас збіраюць.

Калі ж адна не хоча з іх рабіць, —

Ёй не дазволяць рой сарамаціць.

Пазбавяць крылаў, выкінуць за дзверы,

Каб людзям даць узор і прыклад веры.

Няма прыстанку лайдакам сярод людзей,

Павінен кожны працаваць штодзень.

Уласнай працай ежу здабываць,

А не чужы набытак спажываць.

Той, хто не хоча гаспадаркі весці,

Не зможа смачны хлеб уволю есці.

«Гультай, галодны будзь!» — апостал сцвярджае,

Ад імя Хрыста ўсіх нас навучае:

Лайдакоў адусюль заўжды выганяюць,

Прылежных — да працы і спраў далучаюць.

Выкрываў амаральныя паводзіны і ўчынкі. У вершы «Двурушнасць» паэт асудзіў крывадушнасць і няшчырасць, якія разбураюць асобу.
Асаблівую пагрозу для асобы, на думку С. Полацкага, уяўляе зайздрасць, якая дарэшты знішчае кожнага, хто трапляе пад яе ўладу. У вершы «Зайздрасць» («Зависть») ён падкрэсліў, што гэтая адмоўная рыса чалавечага характару паступова вядзе яго да згубы, «з’ядае сэрца», як іржа дэфармуе моцнае жалеза і як чарвяк саслабляе крэпкае дрэва.
У вершы «Шэсць ахоўнікаў чысціні» С. Полацкі заклікае заўжды ведаць меру ў ежы і пітве, ніколі не сядзець без справы, сціпла апранацца, быць стрыманым   у пачуццях, унікаць балбатлівасці і непатрэбнага шматслоўя. Вельмі важна ў жыцці, на думку аўтара, звяртаць увагу на дробязі, бо ад малой іскры часам здараецца вялікі пажар.
Імкнучыся выкараніць зло ў грамадстве — здраду, зайздрасць, сквапнасць — майстар слова заклікаў людзей зірнуць у далёкае мінулае цывілізацыі. Паводле яго ўяўлення, выказанага ў вершы «Эпохі», грамадства ў той час перажывала залаты век, свет быў напоўнены «радасцю, мірам, згодай і добразычлівасцю».
Паэт звяртаўся да прадстаўнікоў купецкага стану не чыніць грахоў — не гандляваць кепскімі і сапсаванымі таварамі, не завышаць празмерна кошты, не ўводзіць пакупнікоў у зман пры набыцці патрэбных ім рэчаў. Верш «Гандляры» («Купецтво» — строгае папярэджанне несумленным гандлярам і пагроза жорсткімі нябеснымі карамі:

О, сынове тмы люты! Что сия творите?

лстяще ближния вашы, сами ся морите.

В тму кромешную за тму будете ввержени,

от света присносущна вечно отлучени!

Отложите дела тмы, во свете ходити,

да взидете на небо, небесно живите.

Не абмінуў С. Полацкі пытання пра волю чалавека. Уласнае разуменне гэтай фундаментальнай катэгорыі ён выклаў у вершы з аднайменнай назвай «Воля». Паводле меркавання інтэлектуала, чалавек павінен скіроўваць уласную волю   на
тое, каб усімі сродкамі пазбягаць кепскіх учынкаў, не рабіць шкоды іншым, не чыніць гвалту, паўсюль выкараняць зло, як таго хочуць нябёсы і Усявышні.
Паэт шмат разважаў пра сутнасць чалавечага жыцця, галоўную місію чалавека на зямлі, яго прызначэнне. У вершы «Жыццё» («Жизнь») С. Полацкі зрабіў выснову, што чалавек абавязкова павінен імкнуцца да высокага, тварыць дабро і змагацца са злом, каб яго жыццё не прайшло марна і бессэнсоўна.
У творах: «Начальнік», «Суд», «Грамадзянства», «Справядлівасць», «Адрозненне» С. Полацкі ўздымаў вострыя сацыяльныя і грамадска-палітычныя праблемы,  прапаноўваў іх адметнае вырашэнне.
Выхаваны на ідэях Рэнесансу, ён адстойваў ідэю пабудовы прававой дзяржавы. У вершы «Закон» паэт акурат указваў на пільную грамадскую неабходнасць адшліфаваных агульнадзяржаўных статутаў, падкрэсліваў велізарную карысць ад іх для кожнай асобы і ўсёй супольнасці.
Ухваляў такія краіны, у якіх усе жыхары імкнуцца выконваць законы, адчуваюць уласную грамадзянскую адказнасць за лёс дзяржавы. У вершы з красамоўнай назвай «Грамадзянства» («Гражданство») ён прыгадаў некалькі выказванняў антычных аўтараў, якія ўслаўлялі тыя гарады, дзе кіраўнікі не чынілі зла месцічам, адстойвалі сацыяльную справядлівасць, аберагалі гонар і годнасць. На заканчэнне верша С. Полацкі прапанаваў сціслую паэтычную формулу паспяховага грамадства, сутнасць якой у належным выкананні законаў і паслухмянасці грамадзян:

Еще — и в нем же граждане слушают

началных, — сии закон почитают.

Сия суть, яже крепят государства,

чинна и славна содевают царства.

У вершы «Кіраўнік» («Начальник») С. Полацкі патрабаваў ад урадоўцаў заўжды прытрымлівацца справядлівасці, заставацца пакорлівымі, быць стрыманымі, разважлівымі, шчыра дбаць пра падначаленых і аберагаць іх ад розных напасцяў.
На старонках сваіх твораў уздымаў і адметна вырашаў праблему дасканалай улады. У вершы «Адрозненне» паэт, спасылаючыся на Арыстоцеля, піша, што сапраўдны цар той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран — рабуе і крыўдзіць падданых:

Хто цар, хто тыран — тое добра спазнаеш,

Калі Арыстоцеля ўсцяж прачытаеш.

Цар справядлівы — грамадзянаў бароніць,

Закон і парадак паўсюдна ўводзіць.

Рабуе падданых тыран і мардуе,

Іх енкаў і стогнаў ніколі не чуе.

Адстойваючы канцэпцыю асвечанай манархіі, у вершы «Улада» сцвярджаў, што ўсялякая ўлада — ад Бога. Менавіта Госпад пасылае людзям добрых ці злых уладароў. Грамадзяне павінны шанаваць уладу, дапамагаць манархам рэалізоўваць іх стваральныя задумы. У п’есе «Пра Наўхаданосара-цара» праз мастацкія сродкі драматургіі сцвярджаецца неабходнасць справядлівага і мудрага манарха. У панегірычных вершах паэт услаўляў Аляксея Міхайлавіча і Фёдара Аляксеевіча, узносіў царскую сям’ю, прыдворных арыстакратаў, выказваў гонар за Расійскую дзяржаву, адзначаў яе веліч і моц. У параднай цэрыманіяльнай паэмекнізе «Арол Расійскі» (1667), прымеркаванай да ўрачыстасці абвяшчэння Аляксея Міхайлавіча царскім спадчыннікам, паэт уславіў веліч новага манарха і герб Расіі. Ключавыя вобразы твора — цар-сонца і цар-арол — характарызуюцца як найвышэйшая праява Божага тварэння. Майстар слова знайшоў дзясяткі паэтыч-
ных азначэнняў і яркіх сімвалаў для ўзвелічэння цара і Расійскай дзяржавы.
Для літаратурнай творчасці С. Полацкага характэрны анталагізм — імкненне ахапіць і растлумачыць разнастайныя з’явы жыцця, прыроды і сусвету, аб чым сведчаць шматлікія вершы: «Чарадзейства»,  «Старасць», «Жаніцьба», «Жонка»,
«Удоўства», «Манах», «Леў», «Дзень і ноч», «Пахаванне», «Віно».
Паэт гнеўна асуджае шаптуноў, бабак і розных знахароў, якія падманваюць людзей, абяцаючы ім дапамогу. У вершы «Чарадзейства» ён заклікае хворых і нямоглых звяртацца да сапраўдных лекараў,  выказвае ўсім адназначную пара ду — «естественных врачевств не пренебрегайте».
З захапленнем піша пра пяць органаў пачуццяў, якія ўласцівы жывым істотам. Зрок, слых, нюх, смак, дотык — дазваляюць пазнаваць свет, адрозніваць якасці і ўласцівасці розных рэчаў і прадметаў. У знак іх ушанавання паэт напісаў паэтычную алегорыю пад назвай «Пяць органаў пачуццяў».
З пазнавальнымі мэтамі ў вершаванай форме выклаў звесткі пра восем цудаў свету — Егіпецкія піраміды, вежу Фарос, выяву Зеўса, медную статую Калоса, храм амазонкі Дыяны, Маўзалей, узведзены Артэмізіяй, над труной мужа Маўзола, Вавілонскія сцены і Калізей. Кожнаму з вядомых цудаў свету паэт даў трапныя азначэнні і ацэнкі.
Паэт дэталёва распавёў пра чатыры стыхіі — глебу, ваду, паветра і агонь,  якія аказваюць вызначальнае ўздзеянне на жыццё людзей і ўсё існае на зямлі.     У вершы «Стыхіі і іх уласцівасці» майстар слова метафарычна і ў той жа час вельмі дакладна акрэсліў значэнне стыхій.
У вершы «Леў» паэт расказвае дзівосную гісторыю пра вельмі чулыя дачыненні, якія склаліся паміж рабом Андродам і львом.
Тонкім гумарам і жартаўлівымі разважаннямі напоўнены верш «Жаніцьба» («Женитва»). У ім гаворыцца пра побытавыя цяжкасці і складанасці сямейнага жыцця, з якімі сустракаюцца адукаваныя людзі і кніжнікі. Пэўна, кіруючыся асабістым досведам, паэт наогул раіў аматарам кніг і мудрасці пазбягаць шлюбу, не ўскладаць на свае плечы цяжару сямейных абавязкаў.
Сімяон Полацкі асэнсоўваў прыроду прыгожага, акрэсліваў розныя праявы прыгажосці. У вершы «Прыгажосць» («Красота») ён заклікаў людзей захапляцца не толькі прывабнай знешнасцю, вонкавай прыгажосцю, але найбольш імкнуцца да духоўнай дасканаласці, тварыць прыгожыя справы і рабіць годныя ўчынкі.
Як бачна, на старонках сваіх твораў С. Полацкі ўзняў шырокае кола фундаментальных філасофскіх, сацыяльных, этычных, эстэтычных і анталагічных пытанняў быцця, істотна пашырыў тэматычныя абсягі беларускай і рускай літаратур, заклаў якасна новую літаратурна-эстэтычную традыцыю.
Сімяон Полацкі — выдатны майстар мастацкага слова. Ён апрацоўваў яркія народныя прыказкі і прымаўкі, шырока выкарыстоўваў вусна-паэтычныя вобразы. У яго творах шчодра прадстаўлены яркія эпітэты, метафары, параўнанні і сімвалы, што надавала ім семантычную шматзначнасць і барокавую квяцістасць. Такім чынам, для творчасці Сімяона Полацкага характэрны арганічны сінтэз літаратуры, філасофіі і тэалогіі, натуральнае спалучэнне заходняй і ўсходняй патрыстыкі, антычнай і хрысціянскай эстэтыкі, што робіць яе фенаменальнай і
непаўторнай з’явай беларускай, усходнеславянскай і сусветнай культур.

Загаловак у газеце: Іван Саверчанка. Сімяон Полацкі — геній беларускай і ўсходнеславянскай культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».