Вы тут

Алесь Марціновіч. Засведчана «пячаткай майстра»


«Сапраўдныя крытыкі — рэдкая з’ява» — гэтую слушную думку выказаў не хто-небудзь, а Міхась Стральцоў. Знакаміты празаік, паэт, перакладчык, ён да ўсяго выступаў і як крытык, літаратуразнаўца. Ён гэтаксама патрабавальна ставіўся да слова, як і ў тых відах літаратуры, у якіх набыў вялікую вядомасць. Праўда, пра Стральцова-крытыка, літаратуразнаўцу сказана не так і шмат. То чаму б не зрабіць гэта цяпер? Тым больш, што ёсць такая   нагода: 14 лютага з дня нараджэння Міхася Лявонавіча споўнілася 80 гадоў.
Прызнаюся шчыра: спачатку назва яго апошняй кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ мне падалася нейкай двухсэнсоўнай і як быццам крыху нясціплай. Пагадзіцеся: «Пячатка майстра». Канешне, мелася на ўвазе адзнака, ступень таленту, значнасць здзейсненага тымі, пра каго аўтар пісаў. Аднак сэнс гэтай назвы можна было зразумець і крыху інакш: гэта — майстэрства самога крытыка, літаратуразнаўцы.
Усё паставіў на месца той трагічны — 23 жніўня 1987 года — дзень, калі Міхася Лявонавіча не стала. Некалькі тыдняў яго настойлівай барацьбы за жыццё і зыход, у які так не хацелася верыць ягоным сябрам, знаёмым, дый чытачам, якія ўжо ведалі, наколькі цяжкае становішча Стральцова. Развітальныя словы Рыгора Барадуліна «Першы друг, друг неацэнны» расставілі ўсе акцэнты: «У космасе нашай літаратуры зачарнела яшчэ адна праяміна. Не стала Міхася Стральцова. Адраджэнцкая шматграннасць і аратайская сціпласць, асветніцкая дасведчанасць і апантаная прысвечанасць сябе той культуры, што як рунь на ўсіх маразах выжывала і зелянела і кожны раз на колас бралася то ў асобе Кастуся Каліноўскага, то ў геніі Янкі Купалы, то ў шырачэзнасці і глыбіннасці Уладзіміра Караткевіча. Апостальскія фігуры двух вялікіх Максімаў — Багдановіча і Гарэцкага — асабліва шанаваліся душой і розумам роўнага ім талентам Міхася Стральцова».
Менавіта з гэтага моманту свой сапраўдны сэнс набыла і назва яго апошняй кнігі, якую Стральцоў паспеў патрымаць у руках. Адышоў майстра і майстра пакінуў пасля сябе ўласную «пячатку». «Пячатка» гэтая — той важкі набытак, ноша, што па сіле далёка не кожнаму. Мастакоўскі набытак. Не ў апошнюю чаргу і крытычны, літаратуразнаўчы.
Пасля трагічнага жнівеньскага дня, калі Міхась Лявонавіч адышоў у вечнасць, у новым святле паўстаў і творчы вечар, які незадоўга да ягонай смерці праходзіў у Мінску ў Доме літаратара.
Тады ні сам Стральцоў, ні яго сябры, ні чытачы не ведалі, што гэта апошняя такая прадстаўнічая сустрэча, бо невылечная хвароба падступіла да яго ўжо ўпрытык. Не ведалі ды зноў жа — інтуітыўна, ці што — усе, хто выступіў на вечары, быццам спяшаліся выказаць усё добрае пра яго, што ляжала на душы,   у сэрцы. Прагучала нямала шчырых і заслужаных слоў, была дадзена высокая ацэнка ўсяму, што з’явілася з-пад пяра юбіляра — вечар прымеркавалі да 50-годдзя Міхася Лявонавіча. На шчасце, паспелі гэта зрабіць. Цяпер жа, калі пішуцца гэтыя радкі, дык тады сказанае ўспрымаецца ўжо і як сведчанне значнасці ўрокаў творчасці Стральцова для наступнікаў. У дадзеным выпадку ўрокаў Стральцовакрытыка, Стральцова-літаратуразнаўцы.
І на маёй памяці тое, як ухвальна сустрэлі і чытачы, і крытыка першы яго літаратурна-крытычны зборнік «Жыццё ў слове». Па сённяшні дзень — гэта выпадак у крытыцы далёка не ардынарны. Дэбютаваў кнігай аўтар, якому споўнілася толькі дваццаць восем гадоў. Прытым выступіў у новым для яго амплуа. Як празаік ён яшчэ тры гады раней, у 1962 годзе выдаў зборнік апавяданняў «Блакітны вецер», што стаў з’явай у тагачаснай маладой беларускай літаратуры. Іншаму і паэту не ўдавалася ў такім узросце дачакацца ўласнай дэбютнай кнігі, хоць у тыя часы, як вядома, было выдацца куды прасцей, чым цяпер.
У «Жыцці ў слове» вабіла чысціня юнацкага ўспрымання і жыцця, і самой літаратуры. Стральцоў аналізаваў блізкія яму творы. У іх моўна-вобразную структуру заглыбляўся паэт, лірык па складзе свайго характару. Лёгкасць радка, свежасць успрымання рэчаіснасці ішлі не ў апошнюю чаргу ад таго, што ў ролі крытыка выступаў той самы летуценна-засяроджаны малады чалавек, якому снілася «сена  на асфальце». Ягоную душу па-ранейшаму лагодзіў «блакітны вецер», а недзе на прыпынку яго чакаў аўтобус, каб ехаць туды, дзе таксама пахне сена. Толькі не гаркавае, з прысмакам, настоеным на бензіне і мазуце, а тое, што ўвабрала ў сябе ўвесь водар, духмянасць разнатраўя заліўных лугоў ля вёскі Сычын Слаўгарадскага раёна — яго заўсёднай вабнай прыстані, звязанай з гадамі маленства і  юнацтва.
Аднак для большасці чытачоў Стральцоў-крытык, тым больш даследчык літаратуры пачаўся ўсё ж не са зборніка «Жыццё ў слове», а з эсэ «Загадка Багдановіча». Першае ўражанне — яно неўзабаве падмацавалася наступнымі — удалая спроба Міхася Лявонавіча паказаць менавіта свайго Максіма Багдановіча, заглыбіцца ў яго ўнутраны свет: паэта, чалавека, грамадзяніна, каб у нечым зарыентаваць, удакладніць і ўласныя творчыя накірункі. «Роўны…талентам» ён як бы «прымерваўся» да класіка, спрабуючы высветліць, што і сам ён значыць поруч з ім. Гэта не выглядала нясціплым, бо самога «прымервання» тады ніхто заўважыць не мог.
Яно адчуваецца мне, напрыклад, цяпер, калі каторы раз перачытваю «Загадку Багдановіча», калі даўно ўжо з намі няма яе даследчыка. Няма, але разам з тым ён і прысутнічае. Асабліва ў тых эпізодах, дзе разважае аб увасабленні Багдановічам мастакоўскай задумы найбольш значных ягоных твораў. І там, дзе задумваецца над трагічнасцю лёсу Максіма Кніжніка, які ўвесь час яго нібыта выпрабоўваў на трываласць, на самым пачатку абмежаваўшы колькасць адпушчаных яму летаў і зім. А згадка пра смерць Чэхава? Развітанне Антона Паўлавіча з жыццём, куфаль шампанскага і ціхая ўсмешка… Прабачце, змагацца больш не магу,  сіл нестае.  У гэтым апошнім эпізодзе — пра тое, як паміраў Багдановіч і як паміраў Чэхаў, што? Інтуіцыя? Прадчуванне?
Перад «Пячаткай майстра»  ў  Стральцова  была  і  кніжка  «У  полі  зроку». У пэўнай ступені «кніга бягучай крытыкі», як дакладна сказаў пра адзін са сваіх зборнікаў Уладзімір Гніламёдаў. Уразіла ў ёй эсэ «Рэцэнзія на чатырохрадкоўе»,  у якім Стральцову ўдалося асабліва выразна прачытаць адзін з вершаў Міколы Федзюковіча, адначасова выхапіўшы ўвогуле найбольш істотнае ў творчасці гэтага паэта, якога, на жаль, наша крытыка і па сённяшні дзень чамусьці прынцыпова абыходзіць увагай. Ва ўсякім разе пра яго амаль не пішацца.
У кнізе «У полі зроку» знайшло працяг тое, што было замацавана ў «Жыцці ў слове» і ў «Загадцы Багдановіча»: на з’явы літаратуры, на асобныя творы глядзеў не яе тэарэтык (разумею ўмоўнасць падобнага азначэння), а практык (азначэнне таксама ў многім умоўнае). Гэта не магло не пакласці адбітак і на рэцэнзіі Стральцова, і на яго літаратурна-крытычныя артыкулы, не кажучы ўжо пра эсэ. Хоць рэзкай размежаванасці жанраў у Міхася Лявонавіча не назіралася. Элементы эсэістыкі, нарысавасці няблага ўпісваліся ў ягоныя артыкулы і нават у рэцэнзіі.
Кніга «Пячатка майстра» ў гэтым сэнсе — не выключэнне, больш за тое, яна, наадварот, пацвярджэнне правільнасці падобнай думкі. Узяць хоць бы рэцэнзію на першы зборнік прозы Алеся Жука «Асеннія халады», напісаную яшчэ ў 1973 годзе і незразумела чаму не ўключаную аўтарам у зборнік «У полі зроку», выдадзены ў 1976-м. Ужо сама назва «Рунь халадоў не баіцца» — арыгінальная, «нерэцэнзійная», калі ўзгадаць, як шмат з’яўлялася тады (дый па-ранейшаму з’яўляецца)  «крокаў да сталасці». Але галоўнае нават не гэтае, сам тон гаворкі.
Сам пачатак рэцэнзіі адразу настройвае на асаблівае ўспрыманне таго, што неўзабаве крытык скажа пра кнігу: «Як гэта ўсё-такі добра, калі пра першую кніжку маладога аўтара можна без паблажлівай добразычлівасці, без прабачлівых ссылак на мададосць сказаць адным словам: таленавіта…» Дакладна, без лішных слоў гаворыцца, а потым і крыху нечакана аргументуе рэцэнзент сваё права менавіта на такую ацэнку напісанага А. Жуком, а не на іншую. Нечакана, бо звяртаецца не да лепшага, на яго думку, апавядання «Асеннія халады», але знаходзячы ў ім тыя мясціны, у якіх паўстае адметнасць мастакоўскай манеры маладога на той час празаіка. Ненавязліва даводзіць, што калі нават у гэтым, не лепшым для яго творы, пісьменнік на вышыні, то што ўжо казаць пра тыя апавяданні, якія можна аднесці да па-сапраўднаму высокамастацкай прозы.
Такое ж, без спроб на арыгінальнасць, простае і завяршэнне рэцэнзіі: «Несумненна, што ў літаратуру прыйшоў новы таленавіты празаік. Мне падабаецца, што першая кніжка А. Жука называецца без прэтэнзіі на рамантычную двухсэнсоўнасць, калі абыгрываецца вясновы сезон з першымі праталінамі, росамі, майскаю просінню і г. д., а названа па-мужчынску проста і стала: «Асеннія халады». Рунь халадоў не баіцца».
Дзве-тры машынапісныя старонкі. Але як шмат сказаў крытык, як змог спасцігнуць галоўнае ў творчасці А. Жука — і не толькі таго маладога, пачынаючага пісьменніка, а і сённяшняга сталага, аўтара многіх кніг: «добра валодае інтанацыяй апавядання», «пры ўсёй лірычнасці яго фразы ён рэдка бывае неканкрэтны, бо добра адчувае бытавую дэталь і ўмела карыстаецца дыялогам» і г. д. Здавалася б, азначэнні звычайныя, але яны не выпадковыя, а падгледжаныя пільным даследчыцкім вокам, называюць многае з таго, што складае сутнасць творчай манеры гэтага цікавага, самабытнага празаіка.
Калі ўжо гаворка зайшла пра сцісласць крытычных выказванняў Стральцова,  іх лаканічную выразнасць і адначасова здольнасць пісаць вобразна, эмацыянальна, уносячы ў даследчыцкую плынь элементы навелістыкі, не магу не згадаць эсэ пра Паўлюка Труса. Не скажу, праўда, каб на гэты раз яго назва надта прыглянулася мне. «Воблік юны, бессмяротны» — гэта нешта абавязковае, правільнае і, па праўдзе кажучы, не ў духу Стральцова. А вось развагі пра творчасць паэта арыгінальныя, з элементамі той літаратуразнаўчай нерушавасці, калі адразу бачна: тут усё сваё. Іншыя да цябе пакуль што так не гаварылі, дый, відаць, сказаць не могуць.
Міхась Стральцоў выхоплівае адзін радок з мастакоўскай спадчыны Труса. Толькі адзін, на які не кожны і звяртае ўвагу: «Скора ў бляску вечара, ой, скора, празвініць на вуліцах трамвай…» Дый, як быццам, навошта звяртаць, калі ёсць нямала ў гэтага таленавітага паэта іншых, што даўно ўжо сталі хрэстаматыйнымі. Аказваецца, трэба, бо менавіта гэты радок нямала дае сэрцу чуламу і душы неабыякавай: «Зайздросны лёс! Ад звонкага трамвая Паўлюка Труса доўгае, залівістае рэха». І зноў жа завяршэнне эсэ — наколькі ўмеў Стральцоў знаходзіць тыя адзіна дакладныя словы, якія расстаўлялі на месца ўсе акцэнты, не патрабуючы ад крытыка больш нічога: «У мяне ж па-юначы страсная ягоная ода трамваю чамусьці заўсёды выклікае ў памяці радкі Д. Кедрына, жыццё якога таксама абарвалася рана:

Профиль юности бессмертной

Промелькнул в окне трамвая

Як хораша сказана! Нібыта пра нашага Паўлюка Труса».
Падобных прыкладаў можна прывесці шмат, але і гэтых дастаткова, каб пераканацца, якім арыгінальным крытыкам, даследчыкам быў Міхась Лявонавіч. Дый, відаць, не менш важна, што кніга «Пячатка майстра», як і ўвогуле крытычная, літаратуразнаўчая дзейнасць Стральцова, — гэта не проста асобныя значныя матэрыялы, якія ўзнімаюцца да тых вышынь даследчыцкай думкі. Пераважная большасць напісанага Стральцовым-крытыкам вытрымлівае самыя строгія патрабаванні. У «Пячатцы майстра» хіба што лішнімі, неабавязковымі выглядаюць нататкі «Пакаленне маіх аднагодкаў», «Дзяцінства, якое мы помнім», бо думкі, выказаныя ў іх, у той ці іншай ступені прысутнічаюць у іншых матэрыялах.
Разумеў Стральцоў, «як цяжка нават і таленавітаму мастаку быць арыгінальным у сваім  пісанні».  І хоць  сказаў  ён гэтыя  словы  ў дачыненні  да прозы, заўважыўшы прыкры недагляд такога самабытнага празаіка, якім быў заўчасна пайшоўшы з жыцця рускі пісьменнік Сяргей Нікіцін, яны з поўным правам стасуюцца і да крытыкі. Тым больш, што дзяліць віды літаратурнай дзейнасці на першасныя    і другасныя ў літаратуры — справа няўдзячная і марная. Вядома, калі гэта літаратура сапраўдная. Дарэчы, сам Стральцоў, як ніхто іншы, гэта добра разумеў і прызнаваўся ў адным са сваіх выступленняў («Усе  жанры добрыя, акрамя    сумнага»):
«Можа ўзнікнуць пытанне, памагае ці замінае вопыт крытыка, асэнсаванне «кухні пісання» стварэнню ўласна мастацкіх твораў? Мне здаецца, памагае, хаця б у тым сэнсе, што перасцерагае ад спакусы браць штурмам адчыненыя дзверы».
Сам ён «штурмам дзверы» ў літаратуры ніколі не браў. Часцей адчыняў іх для іншых, спяшаючыся сказаць слова пра кожны малады талент, які таго заслугоўваў. Эсэ пра А. Жука — не выключэнне, а свайго роду заканамернасць. Можна згадаць і прадмовы да першых кніжак некаторых пісьменнікаў — яны ў «Пячатку майстра», праўда, не ўвайшлі. Можна ўспомніць і так званыя ўнутраныя рэцэнзіі, якія ў савецкі час пісалі на рукапісы, што паступалі ў выдавецтвы — іх тым больш пры жыцці ніхто не друкаваў. А можна звярнуцца і да тых мясцін у артыкулах, дзе Стральцоў-крытык быў занепакоены тым, што асобныя маладыя аўтары нясмела спрабуюць свой голас.
Адно другому ніколі і ніколькі не пярэчыла. Падтрымка сапраўднага таленту, запальванне «зялёнага святла» на яго дарозе, нават на першым паўстанку і разам з тым спроба адшукаць тыя балявыя пункты на целе маладой літаратуры, якія папярэджваюць, што з’яўляецца пагроза ўзнікнення другаснасці, небяспека творчых рэміністэнцый: «Вакуум» у так званай «вясковай прозе запаўняецца пакуль што слаба. Маладымі празаікамі пераважна бяруцца і развіваюцца нейкія прыватнасці з багатай палітры тэматычнага, выяўленчага і стылістычнага пошуку прозы ранейшай пары. Запозненым у іх здаецца матыў настальгіі па маральнай цэласнасці і духоўнай паўнаце быцця (запозненым у тым сэнсе, што ён не вырашаецца па-новаму) матыў, найчасцей укаранёны, паводле аўтараў, у сялянскім пабыткаванні. Магчыма, але ці дастаткова гэтага дзеля сцвярджэння жыццёва паўнакроўнага ідэалу?»
Поруч — зварот да лепшых узораў рускай класікі і нацыянальнай літаратуры. Між іншым, на гэты аспект таксама не магу не звярнуць увагу. Нашы крытыкі, літаратуразнаўцы чамусьці ў свае кнігі неахвотна ўключалі артыкулы, у якіх разглядаецца творчасць прадстаўнікоў іншых літаратур. Ці не прычынай таму былі выдавецкія перашкоды? Выключэнне хіба што складала так званая «пісьменніцкая крытыка». Па гэтай прычыне, відаць, і Стральцову было дазволена ўключыць у апошнюю ягоную кнігу згадкі пра творчасць Мікалая Някрасава, Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Блока, Канстанціна Паустоўскага…
Тым не менш, як і трэба было чакаць — на першым плане — і захапленне,   і трывога — родная літаратура. Нават адзін пералік імёнаў сведчыць аб шырыні творчых інтарэсаў Стральцова, гаворыць аб тым, як ён, адзін з самых эрудзіраваных нашых пісьменнікаў, пастаянна адчуваў сябе далучаным і да чужых твораў, і да чужых лёсаў, як хацеў паспець — і паспяваў! — сказаць сваё слова пра ўсё, што хоць неяк усхвалявала яго, занепакоіла. У полі зроку Міхася Лявонавіча — толькі ў апошняй кнізе — Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Уладзімір Хадыка, Аляксей Пысін, Піліп Пестрак, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Анатоль Вялюгін, Эдуард Валасевіч, Іван Чыгрынаў, Васіль Зуёнак...
Не трэба спрабаваць бачыць у гэтым крытычную ўсёяднасць. Не трэба перад ягонай памяццю. Не трэба, бо сказанае Стральцовым пра гэтых і іншых пісьменнікаў — не звычайныя водгукі з нагоды выхаду чарговай кнігі ці юбілею, а праяўленне самой духоўнай патрэбы выказацца. Адсюль часам і нечаканае суседства імёнаў. Ды гледзячы з якімі меркаваннямі падыходзіць. «Нечаканасцю» можна растлумачыць і водгукі на спектакль па драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» ў пастаноўцы купалаўцаў, на фільм, прысвечаны Багдановічу (рэжысёр П. Аліфярэнка, аператар В. Купрыянаў). Апошні з прарочай канцоўкай: «Першы фільм пра Багдановіча створаны. Спадзяёмся, першы не будзе апошнім». Як вядома, неўзабаве рэжысёр-дакументаліст І. Калоўскі быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР
за цыкл фільмаў, прысвечаных класікам беларускай літаратуры, сярод якіх была  і стужка пра Багдановіча.
За гэтай нечаканасцю — шырыня творчых інтарэсаў Міхася Лявонавіча, сведчанне яго актыўнага не толькі мастакоўскага, але і грамадскага жыцця. Так, грамадскага, хоць удзелу ў розных з’ездах, пасяджэннях, дэкадах, днях Стральцоў ніколі не любіў. Але для яго свайго роду грамадскай работай з’яўляўся своечасовы водгук на значную літаратурную і шырэй — культурную з’яву. Грамадскай,  бо думка гэтая, асабліва выказаная своечасова, аператыўна, станавілася і думкай грамадскай. Менавіта так меркаваць і дае падставы крытычная, даследчыцкая дзейнасць Міхася Лявонавіча.
У апошні час ён спрабаваў свае сілы і ў жанры мініяцюр, лірычных запісаў — так нарадзіўся цыкл «Вузельчыкі на памяць». Сёй-той гатовы быў убачыць у гэтым даніну модзе, спробу працаваць «пад Брыля». Маўляў, колькі пісьменнікаў — і маладых, і старэйшых — ужо апякліся ўяўнай лёгкасцю такога жанру. Што апякліся, сумнення быць не можа. А што Стральцоў не апёкся — таксама сумнення няма.
У гэтых карацельках, сапраўдных «вузельчыках на памяць» — «вузельчыкі» не толькі самому сабе, а і ўсім, хто любіць родную літаратуру, — знайшлі працяг развагі Міхася Лявонцавіча пра творчасць найбольш значных пісьменнікаў. І класікаў, і сучасных. І не толькі беларускіх. Аднак перш за ўсё вабілі выказванні пра класікаў. Каб не абцяжарваць чытацкую ўвагу, прывяду цалкам толькі адзін «вузельчык»:
«Купала, заявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю як мужыцкую, у мастацкіх сродках сваіх быў надзвычай і паслядоўна дэмакратычны, на свой, на беларускі, хочацца сказаць, лад.

Ад мяне пайшла тады,

Як насталі халады:

Сцюжай выў я л о в ы плот,

Хохлік бегаў ля варот.

Што можа быць прасцей, празаічней і нават наіўней за гэта? Але ж чаму гэта ўражвае?
Відаць, можна гаварыць пра нацыянальнасць эпітэта. Яловы плот — гэта так па-беларуску, адразу ўяўляеш наш двор недзе ля ўрочышча са змрочнымі елкамі  і сычамі. І гэты эпітэт тут не проста эпітэт, гэта —  дэталь».
«Развязваецца» гэты «вузельчык», здавалася б, надзвычай проста. Ды якая важная думка ў ім закладзена! Так усё проста, звычайна і разам з тым значна, пастральцоўску жыццёва напоўнена.
Як не пагадзіцца з думкай, неяк выказанай Стральцовым: «Сапраўдныя крытыкі — рэдкая з’ява… Крытык павінен быць публіцыстам, мастаком, літаратуразнаўцам. Вядома, гэта ў лепшым выпадку. Але тады ён будзе як мысліць літаратурным працэсам, так і перажываць яго. Тое і другое неабходна».
Такім крытыкам быў ён і сам. Крытыкам, які ўнутрана перажываў сучасны літаратурны працэс, каб далучыць да найбольш значных з’яў яго чытача. Да напісанага ж ім самім далучацца нам ужо самастойна.
Перачытваючы яго цудоўныя апавяданні, сярод якіх такія шэдэўры, як «Сена на асфальце» і «Смаленне вепрука».
Кожным разам па-новаму адкрываючы для сябе свет нялёгкага, няпростага маленства дзякуючы ягонай аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь».
Адчуваць асалоду стральцоўскай паэзіі, у тым ліку і праз кнігу вершаў «Мой свеце ясны».
Дарэчы, менавіта за гэтую кнігу Стральцоў і стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. На жаль, пасмяротна, у 1988 годзе. Ды добра, што хоць і са спазненнем, яна ўсё ж яму была прысуджана.
Усцешна і тое, што ў 2015 годзе том «Выбраных твораў» Міхася Лявонавіча папоўніў аўтарытэтную серыю «Беларускі кнігазбор».
Жыццё класіка беларускай літаратуры Міхася Стральцова — так, класіка, час пра гэта казаць на поўны голас — працягваецца.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.