Вы тут

Як вырасціць птушак на балконе


Сельскагаспадарчыя захапленні сучасных гараджан звычайна абмяжоўваюцца лецішчамі або «агародамі» на акне. Але ва ўмовах гарадской кватэры можна не толькі вырасціць з дзясятак кволых памідораў. Аказваецца, пры пэўнай кемлівасці і вынаходлівасці ўласны балкон лёгка ператвараецца ў мініяцюрную птушкафабрыку, што цалкам забяспечвае патрэбы сярэднестатыстычнай сям'і ў яйках.


Беларусы — нацыя сялянская. Нават будучы гараджанамі ў 2—3-ім пакаленні, мы ўсё адно горнемся да сельскай гаспадаркі. Нехта садзіць у скрынках гародніну, нехта вырошчвае ў гаршку цыбулю. Не столькі дзеля ўжывання ў ежу (не такі ўжо багаты ўраджай), колькі для душы. Каб яшчэ і свінку гадаваць на балконе шматпавярховіка — было б зусім добра. Але ж пах будзе такі, што нос вузлом завяжацца. Дый суседзі не ўхваляць.

Асобныя энтузіясты, праўда, умудраюцца трымаць на балконах курэй. Але ж для гарадской кватэры і адной такой птушкі замнога. Хоць бы з пункту гледжання санітарных нормаў. Ды на курах свет клінам не сышоўся. Апошнім часам папулярнасць набываюць перапёлкі. Гадаваць іх можна не толькі ў прыватным доме, але і ў гарадской кватэры.

Сям'я Стацэнкаў з Калінкавіч пераканалася ў гэтым на ўласным досведзе. «Мы спачатку ўвогуле хацелі купіць папугайчыкаў, — расказвае Андрэй, галава сям'і. — А пра перапёлак даведаліся выпадкова. Пачалося з таго, што нам прыйшла пасылка ад цёткі. Разам з падарункамі яна даслала выразку з газеты, дзе расказвалася пра карысныя ўласцівасці перапяліных яек».

Па шэрагу паказчыкаў перапяліныя яйкі сапраўды больш карысныя, чым курыныя. У іх значна больш фосфару, калію і жалеза. Яны мацуюць імунітэт, паляпшаюць зрок і памяць. І калі верыць асобным «адэптам» перапёлкагадоўлі, лечаць нават імпатэнцыю, астму і заіканне. Наконт апошняга можна паспрачацца, але дакладна вядома, што невялічкія пярэсценькія яйкі не заражаюцца сальманелёзам і звычайна не выклікаюць алергіі. Таму іх часта рэкамендуюць у якасці першага прыкорму для маленькіх дзяцей. А ў сям'і Андрэя Стацэнкі на той момант акурат нарадзіліся двое дзетак. «Спачатку мы куплялі перапяліныя яйкі ў магазіне, — расказвае Андрэй. — Але яны хутка заканчваюцца. Карацей, у магазін не набегаешся. І аднойчы мы з жонкай, паклаўшы малых спаць, палезлі ў інтэрнэт і сталі шукаць інфармацыю пра гадоўлю перапёлак. Так даведаліся, што людзі трымаюць іх проста на балконах кватэр».

Перапёлка — птушка памерам з папугая. Адпаведна і месца яна займае нямнога, і адходаў жыццядзейнасці пакідае значна меней, чым курыца. І пры гэтым не надта галасістая. Вывучыўшы «матчастку», Андрэй уласнаручна зрабіў на балконе клетку. Першыя дзесяць «курачак» былі купленыя па 4 рублі за штуку. Але ехаць па іх давялося ажно пад Гомель.

Несціся перапёлкі пачалі ва ўзросце двух месяцаў. З таго часу сям'я Стацэнкаў штодня мела свежыя і смачныя яйкі. А калі іх стала не хапаць, гаспадар павялічыў клетку — у ёй цяпер жывуць 25 птушак, і даюць яны 20—25 яек на дзень.

«Калі разабрацца, то гадоўля перапёлак — справа, па сутнасці, безадходная, — разважае Андрэй. — Спажываць можна нават шкарлупінне: яно не менш карыснае за яйкі, а памёт спатрэбіцца на дачы або агародзе». Дый перапёлкі — гэта не толькі яйкі, але і далікатэснае мяса. Бо птушынае пагалоўе ўсё адно трэба час ад часу абнаўляць, і ва ўзросце 8—10 месяцаў перапёлак звычайна адпраўляюць на забой.

Пра тое, каб паставіць гэтую справу на камерцыйную аснову, сужэнцы Стацэнкі пакуль яшчэ не думалі. Хаця планы пашырыць гаспадарку ёсць. Аднак для гэтага трэба пераехаць у прыватны дом. Што да гарадской кватэры, то нават у яе ўмовах можна цалкам забяспечыць патрэбы сям'і ў яйках. І ўсё гэта пры невялікіх выдатках. Аб патрачаных сілах і грашах Андрэй не шкадуе. «Усё гэта акупілася ў некалькі разоў. Але самае галоўнае, што нашы дзеці цяпер маюць свежыя дамашнія яйкі. Уласна кажучы, дзеля малых усё гэта і рабілася».

Цікавыя факты пра перапёлак

*У колішні Савецкі Саюз свойскія перапёлкі ўпершыню былі завезеныя ў 1964 годзе. Іх мяса і яйкі доўгі час былі далікатэсам, недаступным для большасці насельніцтва.

*Адна перапёлка за год нясе па 280 і болей яек. Пры гэтым агульная маса знесеных яек перавышае ўласную вагу самкі ў 24 разы. Для параўнання: у найлепшых парод курэй гэтыя суадносіны роўныя прыблізна 1:8.

*Каб атрымаць ад перапёлкі 1 кілаграм яечнай масы, патрабуецца 2,8 кг корму.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Птушкаферма... на балконе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».