Вы тут

Як працуе сацработнік на вёсцы


Закаціла веласіпед у двор, накінула фартух — і пабегла... Першая справа, вядома, сагрэць чалавека. Наталля Каляда ідзе па дровы, выносіць попел, каб можна было распаліць у печы. Потым спяшаецца па ваду да студні. Наступнымі ў чарзе паход у магазін, мыццё падлогі і — хоць крышачку размовы з гаспадыняй хаты. Для сваіх падапечных сацыяльны работнік часта становіцца, бадай, адзіным ратавальнікам ад адзіноты.


На­тал­ля Ка­ля­да за сем кі­ла­мет­раў ез­дзіць да па­да­печ­най.

Дапамагае... звонкі голас

У Баранавіцкім раёне каля 480 людзей не могуць паўнавартасна паклапаціцца пра сябе. Пра магчымых падапечных у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паведамляюць работнікі ФАПаў, сельвыканкамаў. Ды і самі сацыяльныя работнікі ходзяць па дамах, распытваюць, ці не патрэбна дапамога.

— Многія нашы супрацоўнікі пачынаюць з сумяшчэння. Напрыклад, нясе паштальён газету ў далёкую вёсачку і адначасова па нашай прапанове прыбірае ў хаце адзінокага старога. Ёсць працуючыя пенсіянеры, якім хочацца паклапаціцца пра іншых. Так, нашаму старэйшаму работніку 75 гадоў, — кажа Наталля Маслоўская, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Баранавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

З Кацярынай Тарасаўнай Пятрушкай Наталля Каляда працуе 18 гадоў. Бабуля ўсё жыццё правяла ў роднай вёсцы Палянічыцы, даўно пахавала мужа, малодшую сястру. Наталля яе адначасова і памочнік па гаспадарцы, і суразмоўца, і перакладчык. З часам доўгажыхарка амаль страціла слых, так што суседак яна не чуе, а ўрачы, што наведваюць Кацярыну Тарасаўну, просяць, каб сацыяльны работнік была побач, перадавала іх словы пацыентцы.

— Я раней працавала ў сферы культуры, цяпер таксама часта выступаю на святах, так што голас звонкі, — усміхаецца Наталля, — ды і прывыкла, што з бабай Кацяй трэба «на ўсю хату» гаварыць. Вочы ў Кацярыны Тарасаўны добра бачаць, можа разабраць шрыфт і ў чэку з магазіна, і ў газетным матэрыяле. Аднойчы, калі слых зусім знік, мы з ёй размаўлялі запіскамі. Наогул, асноўная праблема, ад якой пакутуе пажылы чалавек, — адзінота. Выйсці да суседак сілы не стае, а ў госці рэдка хто заходзіць. Кацярына Тарасаўна выпісвае раённую газету, дык часта просіць, каб навіны мы разам чыталі і абмяркоўвалі потым.

Штотыднёвае падарожжа

Праца для Наталлі Каляды пачынаецца з 8 раніцы. Жанчына абыходзіць дамы два-тры разы на тыдзень, але ёсць выпадкі, калі сацыяльнаму работніку трэба наведваць падапечнага штодзённа. На аднаго чалавека, што пражывае ў сельскай мясцовасці без камунальных выгод, заканадаўствам зацверджана норма — 2 гадзіны 40 хвілін. За гэты час трэба прынесці вады, дроў, распаліць печку, прыбраць у доме, пры неабходнасці — дапамагчы з асабістай гігіенай, прыгатаваць ежу, паклапаціцца пра медыцынскую ці якую іншую дапамогу. А яшчэ падмесці, а зімой — расчысціць двор і дарогу да веснічак. У дадатковых паслугах значыцца таксама праполка агарода, колка дроў, упарадкаванне брыкету...

— Бывае, стары чалавек напачатку адмаўляецца ад дапамогі. Ці саромеецца, ці апасаецца, што гэта дорага каштуе. У такім разе мы размаўляем, тлумачым, прапануем заключыць дамову на месяц для параўнання, — гаворыць Наталля Каляда. — Дарэчы, пасля такой спробы пакуль яшчэ ніхто не забраў сваю заяву.

Па магчымасці, вёскі, куды зазірае сацыяльны работнік, знаходзяцца побач. Аднак усё роўна пяць—сем кіламетраў у адзін бок жанчына праязджае. Летам і ў спрыяльнае надвор'е — на веласіпедзе, зімою — на рэйсавым аўтобусе, але часам і пешкі даводзіцца ісці. Двухколавы транспарт для сваіх супрацоўнікаў закупляе тэрытарыяльны цэнтр. Сёлета якраз замоўлена сем новых веласіпедаў.

На­тал­ля Ка­ля­да час­та аб­мяр­коў­вае з Ка­ця­ры­най Та­ра­саў­най ра­ён­ныя на­ві­ны.

Хай жывуць сваім жыццём

У наступнай вёсачцы Гацішча нас сустракае Соф'я Антонаўна Санчук. Наталля цёпла ўсміхаецца, распытвае падапечную пра яе справы. Гаспадыня ахвотна паказвае гаспадарку, расказвае, як на вясновыя святы атрымала віншаванні ад родных з горада. Калі ж мы папыталіся, чаму не пераязджае ў гарадскую кватэру, 83-гадовая гаспадыня падзялілася, што аднойчы паспрабавала... і ёй не спадабалася.

— Нічога сказаць не магу, клапаціліся, мне нават гатаваць не трэба было. Толькі сумна там. Усе на работу на дзень разыдуцца, а я ні суседзяў не ведаю, ні схадзіць куды не магу. У вёсцы хоць людзі знаёмыя. Ды і пляменнікам замінаць не хачу — ім сваім жыццём хочацца пажыць.

Наталля Маслоўская кажа, што такая сітуацыя тыповая для сельскай мясцовасці. Дзеці працуюць у горадзе, а старыя бацькі нізашто не хочуць кідаць родную хату. Добра, калі ў моладзі ёсць магчымасць і жаданне прыехаць да пажылых родзічаў на выхадныя. Аднак не кожнаму дазваляюць абставіны, работа.

— Думаю, у такіх выпадках лепш аформіць заяву на сацыяльнага работніка. Гэта не сорамна, калі пра старога паклапоціцца спецыяліст. Куды горш, калі нямоглы чалавек на тыдзень застаецца ў адзіноце.

Без выпадковых людзей

За размовай пад'ехалі да трэцяй і апошняй на сёння вёсачкі Малой Каўпеніцы. Тут ужо працуе іншы сацыяльны работнік. Наталля Серада атрымала прафесію «ў спадчыну» ад сваячкі. Як кажа жанчына, работа не страшная і вядомая, бо раней даводзілася даглядаць бабулю і маці.

Хатка Алены Спірыдонаўны Раманка выглядае акуратнай: вышываныя падушкі, такая ж карціна на сцяне... У маладосці майстрыха і сяброўкам дапамагала ўпрыгожваць інтэр'ер посцілкамі з вышытым узорам. Вось і цяпер бачна, што гаспадыня імкнецца да парадку, хоць і бачыць замест навакольнага свету невыразныя сілуэты.

— Крыўдна, што не магу нават у доме прыбрацца як след. Я мокрай анучкай па дыванах прайдуся, пыл змыю. Але ж без Наташынай дапамогі нават бульбы зварыць не магу, бо наабіраць не атрымліваецца. Летась разам цыбулю ў агародзе пасадзілі. Раней у нас з мужам вялікі ўчастак быў, адной толькі парэчкі сто кустоў. Цяпер жа мужа сем гадоў як няма, і зямля занядбалася. Канешне, прыязджаюць пляменнікі ў госці, у горад да сябе запрашаюць... Пасля мяне гэты дом усё роўна прададуць. Тут ні газу, ні вадаправоду, а гарадскому чалавеку без іх жыць нязручна.

Наталля расказвае, што да некаторых падапечных даводзіцца забягаць некалькі разоў на дзень: праверыць печку, каб не ўчадзелі, паглядзець, ці добра сябе пачуваюць. Пра складанасці працы жанчына не разважае — проста робіць, што трэба. Па яе словах, сама прафесія не церпіць выпадковых людзей. Каб тут працаваць, трэба мець душу.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ,

Баранавіцкі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Не пакінуць у чатырох сценах

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.