Вы тут

Дзе жыхары Віцебскага раёна шукаюць фінансаванне для ажыццяўлення ідэй


Чацвёрты год жыхары Віцебскага раёна выкарыстоўваюць розныя крыніцы фінансавання для ажыццяўлення сваіх ідэй.

Так, у вёсцы Падбярэззе ў 2013—2014 гадах рэалізоўваўся праект «Падбярэзскі куфар» — вынік супрацоўніцтва Віцебскага раённага выканаўчага камітэта, рэгіянальнай Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў і Еўрапейскага саюза. Тады ў раёне былі адкрыты цэнтры дадатковай адукацыі для дарослых, якія наведваюць жыхары і вёсак, і самога Віцебска. Цяпер у Віцебскім раёне ажыццяўляецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі»: мясцовыя бясплатна засвойваюць камп'ютарную грамату, нюансы вырошчвання раслін, адкрываюць бізнес, развіваюць вясковы турызм і рэалізуюць іншыя цікавыя ідэі, напрыклад, уладкоўваюць стаянку для кемпераў — такой у раёне пакуль няма.


Спачатку — адукацыя

— Мы тут чэрпаем ідэі і веды для добраўпарадкавання населеных пунктаў, — расказала старшыня Бабініцкага сельскага Савета Валянціна Варона, якая прыйшла на сустрэчу кветкаводаў і дачнікаў, што праходзіла ў рамках названага праекта ў цяпліцы мясцовай фірмы «Дэкафлора».

У планах старшыні сельскага Савета — уладкаванне крыніцы ў вёсцы Падбярэззе. Спецыялісты зрабілі выснову, што вада там вельмі карысная — змяшчае 4 мінералы. Падбярэззе вядома яшчэ і тым, што тут захаваліся 200-гадовыя ліпы і кляновая алея побач са збудаваннямі Таварыства сельскіх гаспадароў, якое існавала ў 1893—1903 гадах.

Запланавана добраўпарадкаванне крыніц і на тэрыторыі іншых сельсаветаў: у аграгарадку Мазалава і вёсцы Лужасна. Добраўпарадкуюць і паркі...

У цэнтры дадатковай адукацыі вёскі Лужасна ў рамках праекта арганізаваны курс «Ландшафтны дызайн з нуля: ад тэорыі да практыкі». Такія цэнтры на сельскіх тэрыторыях —з'ява новая. Іх дзейнасць стала магчымай у рамках ініцыятывы «Адукацыя і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельсаветаў». У Мазалаве і Бабінічах працягваецца курс «Камп'ютар для жыцця і бізнесу». У Бабінічах скончаны курс «Я — прадпрымальнік-пачатковец», па выніках якога малады вясковец арганізаваў нарыхтоўку дроў, а некалькі жанчын падчас водпуску па доглядзе за дзіцем рэалізуюць сябе ў якасці рамеснікаў.

Дапамога вёсцы аказваецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і Фонду «Еўразія» (за кошт сродкаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAІD). Гэта стала магчымым дзякуючы заяўцы Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, якая перамагла ў конкурсе сумесных ініцыятыў, арганізаваным інфармацыйна-асветніцкай установай «Новая Еўразія». Рэалізацыя праекта скончыцца 1 чэрвеня.

— Атрымаць фінансаванне маглі ўстановы культуры, ініцыятыўныя групы, сельсаветы. Конкурс быў вялікі. Праект, які рэалізуецца ў Віцебскім раёне, стане мадэллю для развіцця тэрыторый. Ініцыятыва накіраваная на гаспадарчую актывізацыю як мясцовых органаў улады, так і жыхароў населеных пунктаў. Сярод мэт — павышэнне якасці жыцця, увагі да гістарычнай спадчыны, — тлумачыць Валянціна Кірылава, каардынатар Рэсурснага цэнтра «Еўрарэгіён Дзвіна — Даўгава», які быў створаны падчас рэалізацыі праекта.

У цэнтры дадатковай адукацыі, які размясціўся ў сельскай бібліятэцы ў Бабінічах, новая многафункцыянальная, спецыяльна распрацаваная мэбля. Пенсіянеры тут вучацца карыстацца камп'ютарамі, каб на адлегласці аплачваць камунальныя і іншыя паслугі. Тры камп'ютары і ноўтбук былі перададзеныя ў рамках праекта, экран і абсталяванне для правядзення відэаканферэнцый выкарыстоўваюцца і членамі сельвыканкама падчас пасяджэнняў з удзелам дэпутатаў.

Вёска побач з горадам: ёсць плюсы

Мясцовыя актывісты мараць зрабіць аграгарадок Мазалава ўнікальным месцам.

— Уявіце сабе: дамы будуць адрознівацца элементамі ўпрыгожвання. Калі ў старым доме жыў, напрыклад, рыбак, гэта адразу будзе бачна. Распрацоўка адзінага мастацкага рашэння вобразу Мазалава ўжо вядзецца. Рыхтуецца дызайн-праект агульнага візуальнага рашэння. На свяце «Мазалаўскі карагод гульняў» дзейнічала пляцоўка «Намалюй свой дом». Жыхарам прапаноўвалася прадставіць уласнае бачанне вобраза вёскі. Атрыманая інфармацыя сістэматызуецца, аналізуецца мастакамі. Потым будзе весціся работа па мастацкім афармленні сядзіб, — расказвае Валянціна Кірылава.

Новы вобраз вёскі, апрача іншага, дазволіць стварыць інфраструктуру для турыстаў. Гэта паспрыяе развіццю малога бізнесу, індывідуальнага прадпрымальніцтва. Вялікі «бонус» для іх — блізкасць да горада.

Спадарыня Кірылава лічыць, што тэма агламерацыі вёсак-спадарожнікаў вывучаецца недастаткова. Пры рацыянальным падыходзе вёскі могуць атрымаць вялікі патэнцыял: тут выгадней арганізоўваць бізнес, лепшая экалогія для будаўніцтва жылля, ёсць перспектывы развіцця банкаўскага абслугоўвання...

Вярнуцца ў Камунарку

У вёсцы Камунарка, якая за 15 кіламетраў ад Віцебска, ёсць вельмі нестандартнае збудаванне. Гэта дом Валянціны Паповіч, прыбудаваны да... былой фермы, якую Паповічы выкупілі.

— Ферму пабудавалі ў пачатку 1950-х гадоў. Калі першы раз убачыла яе, адчула жах. Даха амаль што не засталося, холадна, брудна, — успамінае жанчына.

Яны з мужам пачалі займацца фермерствам у 1990-х. Спачатку сям'я вырошчвала збожжа і агародніну. Потым заняліся жывёлагадоўляй. Калі муж памёр, з вялікай гаспадаркай спраўляцца стала складана.

— Цяпер з жыўнасці засталося 100 галоў: карова і цялушка, конь, козы, гусі, куры, індыкі, — расказвае гаспадыня сядзібы «Чыстыя крыніцы».

Адначасова Валянціна можа прыняць тут каля 40 чалавек. Да яе прыязджалі шведы, ізраільцяне, галандцы, расіяне... Турысты любяць назіраць, як яна доіць карову і коз, дзякуюць за свежае малако, хваляць лазню, у захапленні ад яе страў, з цікавасцю разглядаюць экспанаты этнаграфічнага кутка. На святы гаспадыня запрашае самадзейных артыстаў.

На жаль, пералічыць аднавяскоўцаў Валянціна можа на пальцах. Камунарка пераважна заселена ў цёплы час года — дачнікамі. Вопытны кветкавод і ландшафтны дызайнер, Валянціна Міхайлаўна натхняе суседзяў упрыгожваць і свае двары. Сама яна ўзбагачае ўласны досвед на семінарах у рамках праекта «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі».

Валянціна плануе стварыць стаянку для тых, хто не проста падарожнічае на колах, але і літаральна жыве на іх. «Чыстыя крыніцы» ўжо занесены ў адпаведны міжнародны каталог. Дарэчы, каля 1 мільёна чалавек у свеце штогод займаюцца караванінгам — падарожжамі на аўтадамах. У Беларусі ўжо каля 40 стаянак для кемпераў. Ёсць яны і ў Мінску. Калі ў перспектыве з'явіцца бязвізавы ўезд для іншаземцаў (не толькі праз сталічны аэрапорт), будзе нямала ахвотных адпачыць у нас на «колах».

Такім чынам, у глыбінцы ўжо адчулі карысць ад рэалізацыі праектаў з міжнароднай фінансавай падтрымкай (пра апошнія можна даведацца на сайце), а значыць, будуць і новыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прагматычныя летуценнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».