Вы тут

Шмат хваробаў узнікае з-за нерваў


Нервовае напружанне, стрэсы, душэўныя траўмы, крыўды, страхі, канфлікты... Нават калі мы імкнёмся іх ігнараваць, выціснуць са сваёй свядомасці, цела запамінае ўсё. Зігмунд Фрэйд пісаў, што калі мы гонім праблему ў дзверы, яна ў выглядзе сімптому лезе ў акно. Часам лезе так настойліва, што гэтага, здавалася б, немагчыма не зразумець. Але мы ўхітраемся. Навука, якая даследуе ўплыў псіхалагічных фактараў на цялесныя захворванні, называецца псіхасаматыкай.


Псіхасаматызацыя — вынік адсутнасці чалавечай блізкасці, падаўлення эмоцый, што прыводзіць да развіцця саматычных захворванняў.

Яшчэ ў 1930-я гады адзін з заснавальнікаў псіхасаматыкі Франц Александэр вылучыў групу з сямі класічных псіхасаматычных захворванняў: першасная гіпертанія, язвавая хвароба страўніка, рэўматоідны артрыт, гіпертырэёз, бранхіяльная астма, каліт і нейрадэрміт. Сёння гэты спіс істотна пашырыўся.

— На думку псіхолагаў, цукровы дыябет, напрыклад, правакуюць канфлікты ў сям'і, працяглыя стрэсы і крыўды, незадаволеная патрэба ў любові, пяшчоце, блізкасці, — расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Іна ЦЕЛЕШ. — Адзінай магчымасцю атрымаць асалоду і задавальненне ад жыцця застаецца ежа, а пераяданне прыводзіць да дыябету. У выніку і апошняя радасць жыцця аказваецца пад забаронай. Таму неабходна навучыцца атрымліваць асалоду ад усяго, чым напоўнена жыццё.

Бранхіяльная астма можа ўзнікаць, калі ў дыхальныя шляхі трапляюць алергены, можа выклікацца інфекцыяй, а таксама — эмацыянальным фактарам. Чалавек не можа дыхаць на поўныя грудзі, калі ён жыве ў цяжкай атмасферы, не мае аддушыны, глытку свежага паветра. Пускавым механізмам можа паслужыць неспрыяльная абстаноўка на рабоце, дзе перспектыўнаму работніку «перакрываюць кісларод», або нашэсце сваякоў, якія надоўга пасяліліся ў вас, так што не прадыхнуць. Праблемы з дыханнем нярэдка ўзнікаюць у людзей, асабліва ў дзяцей, якіх блізкія моцна сціскаюць у сваіх абдымках, літаральна душаць сваім клопатам. Некаторыя псіхолагі лічаць, што хворыя на астму паходзяць з сем'яў, у якіх высока цаніліся дасягненні: «Глядзі, не падвядзі!» А праява агрэсіі, незадаволенасці сваім становішчам, іншых негатыўных эмоцый не віталася. Не маючы магчымасці адкрыта процістаяць бацькам, дзіця падаўляе свае пачуцці, але на мове сімптомаў бранхіяльнай астмы пачынае размаўляць цела, якое просіць дапамогі...

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Усе хваробы ад нерваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».