Вы тут

Якімі стравамі могуць пачаставаць у беларускіх аграсядзібах?


Дзе пакаштаваць блінцы з гарбузоў, груздоў, з ляснымі арэхамі, журавінамі, тукам ці зробленыя на казіным малацэ? Хто парадуе дамашнімі сырамі і каўбасамі, а мо і падкажа, як квасіць капусту ў вілках і пячы хлеб? Як гатуюцца пячыста, скрылькі, каўкі, журэк? Дзе падаюць смажаныя з грыбамі мазгі, мядовае мяса, каркуўку з паляндвіцы ў бульбяным жупане, фаршыраваных карпаў і шчупакоў, ліня запечанага з морквай і лімонам, далікатэсы са шчупаковай ікры, аляніну пад журавінным соусам? Не здзіўляйцеся, але ўсімі гэтымі і многімі іншымі стравамі могуць пачаставаць у нашых вёсках. Гаспадары беларускіх аграсядзіб гатовы кінуць выклік шэф-кухарам, якія працуюць над рэцэптамі розных кухняў свету.


На жаль, сёння гарадскія жыхары мала ведаюць пра нацыянальную кухню. А нашы прапрабабулі ўмелі чараваць з мясцовымі прадуктамі, і многія са старадаўніх рэцэптаў захаваліся да гэтых дзён.

Ужо не раз уздымаліся пытанні, што трэба зрабіць, каб завабіць у нашу краіну замежных турыстаў. Але якія мы ім ні прапаноўвалі б забавы і як бы ні падцягнулі сэрвіс, без смачнай і адметнай кухні наўрад ці атрымаецца малюнак «прывабнай» турыстычнай краіны. Нездарма ж гастранамічны турызм ва ўсім свеце прызнаны адным з найбольш перспектыўных і прыбытковых кірункаў... Калі некалькі гадоў таму разам з членамі журы конкурсу на найлепшую аграсядзібу я паездзіла па Беларусі, падумала, што ў нашых вёсках ён можа паспяхова развівацца. Прыемна, што гаспадары аграсядзіб увесь час шукаюць новыя падыходы, але для таго каб зрабіць прывабны турпрадукт, ім не прыйшлося нешта выдумляць. Стаўка зроблена на адраджэнне беларускай культуры і традыцый, у тым ліку кулінарных.

Сёння гаспадары аграсядзіб не толькі запрашаюць у госці, але і з ахвотай дзеляцца народнымі рэцэптамі. Беларускай грамадскай арганізацыяй «Адпачынак у вёсцы» і студэнтамі факультэта міжнародных адносін БДУ была створана кулінарная карта, дзе размешчана інфармацыя па аграсядзібах, у якіх можна пачаставацца сапраўднымі нацыянальнымі стравамі. А днямі пачаў працаваць і адмысловы кулінарны сайт «Гасцінія», на якім, акрамя сакрэтаў беларускіх страў, можна пазнаёміцца з людзьмі, якія ўсё гэта ўмеюць гатаваць, даведацца пра кулінарныя маршруты, фэсты і святы, якія ладзяцца ў Беларусі.

Паверце, сярод адроджаных гаспадарамі аграсядзіб страў багата такіх, якія можна раскручваць як брэндавыя. Вясковыя каўбаскі і вантрабянка могуць стаць для нас такой жа візітоўкай, як хамон для іспанцаў, а клёцкі «з душамі» не горшыя за цэпеліны. Можна нават прапанаваць альтэрнатыву гарэлцы — збіцень, медавуху, хрэнавуху, дуку. А вы чулі пра лекавую настойку ядлоўцу? За ёй, аказваецца, нават любоўная гісторыя стаіць: малады чаляднік аптэкара наведаўся ў панскі сад па кветкі для паненкі, быў злоўлены на гарачым, але атрымаў дараванне за свой учынак, калі падзяліўся карысным рэцэптам.

Інфармацыя на кулінарным сайце будзе пастаянна абнаўляцца. Хоць ужо зараз аматарамі сабрана больш за 200 рэцэптаў. Безумоўна, шмат можна зрабіць, каб аднавіць некаторыя кулінарныя сакрэты. Памятаеце, у «Новай зямлі» Якуба Коласа гаварылася: «Аздоблен квас быў і грыбамі, // Выключна ўсё баравічкамі». Трэба яшчэ высветліць, як той грыбны квас (ці суп?) гатаваўся.

Дык, а што ж такое банкуха? У ваколіцах Поразава Свіслацкага раёна без гэтай стравы не абыходзілася вяселле. Спячы яе было справай гонару для нявесты. Між іншым, такі выраб з цеста мог не чарсцвець на працягу месяца. Страва была даволі не простай, рабілася ў печы на спецыяльным прыстасаванні. На працягу 3—4 гадзін трэба было пастаянна круціць «верацяно» для выпечкі і паліваць яго цестам. Сёння яе гатуюць і прапануюць гасцям на адной з аграсядзіб у Свіслацкім раёне. А на Валожыншчыне можна пакаштаваць адмысловы дударскі пернік, бабку са скваркамі пяшчотную вам прапануюць у Магілёўскім раёне, каркуўку з паляндвіцы ў бульбяным жупане — пад Пухавічамі, капусту ў вілках па-старабеларуску — на Кобрыншчыне, варэнне з шышак — у Камянецкім раёне...

І хай ікнецца таму, хто іранічна заве Беларусь «Драніклэндам».

Рэцэпт той самай банкухі

Інгрэдыенты: яйкі (50 шт.), масла (1 кг), мука (1 кг), цукар (1 кг), алей «Сялянскі».

Для прыгатавання банкухі неабходна 5 бярэмяў бярозавых дроў, якія трэба раскалоць на трэсачкі, пры спальванні іх будзе непасрэдна пячыся банкуха.

Печ неабходна разаграваць з дапамогай дроў на працягу дзвюх гадзін.

У міску выкладваць масла паступова і расціраць з цукрам паўтары гадзіны. Узбіць жаўткі. Бялкі ўзбіць асобна. Злучыць і расцерці масла, цукар, муку, жаўткі з бялкамі.

Падрыхтаваць спецыяльны станок для выпечкі і змясціць яго ў печы.

«Верацяно» драўлянае з ліпы абкруціць паперай і замацаваць (абматаць ніткамі), абшмараваць паперай з-пад масла. Паўгадзіны неабходна гэта прыстасаванне разаграваць каля печы.

Удзельнічаць у працэсе выпечкі павінна не менш як тры чалавекі, таму што на працягу 3-4 гадзін адзін абавязкова круціць рукаятку ў печы з «верацяном», другі сочыць за полымем у печы і падкладвае трэсачкі, трэці — палівае на «верацяно» цеста.

Калі цеста закончылася, выраб на «верацяне» неабходна астудзіць на працягу гадзіны, затым абрэзаць справа і злева і выцягнуць ніткі. Толькі у такім выпадку атрыманы кулінарны выраб «спаўзе» з «верацяна».

Банкуху выкладваюць на ручнік у падушку з пер'я і круцяць да той пары, пакуль не астыне.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пакаштуем банкуху?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».