Вы тут

Па нядзелях у Мірскім замку будуць праходзіць канцэрты


Асноўная тэматыка праграмы новага фэсту «LUX MІRUM» будзе прысвечана 500-годдзю айчыннага кнігадрукавання. Бо менавіта Мірскі замак — шэдэўр беларускай готыкі і рэнесансу — з'яўляецца равеснікам выхаду нашай друкаванай Бібліі.


Кожную нядзелю (акрамя Вербнай і Вялікадня) у 13.00 у Мірскім замку можна будзе пачуць канцэрт класічнай музыкі, падрыхтаваны ансамблем «Вытокі», — для гэтага дастаткова набыць уваходны білет у замак. Акрамя канцэртаў, прысвечаных 500-годдзю асветніцкага подзвігу Скарыны, будуць і іншыя адметныя праграмы.

Дырэктар музейнага комплексу «Мірскі замак» Аляксандр Лойка, які нядаўна заняў гэту пасаду і цяпер з'яўляецца мастацкім кіраўніком фэсту, адзначыў:

— Па адукацыі я хормайстар. Доўгі час працаваў з харавымі калектывамі, паралельна з асноўнай работай. Пэўны час выкладаў дырыжыраванне, харавыя дысцыпліны. Таму цяпер імкнуся, каб у замка з'явіўся свой брэнд, музычны. Архітэктура — гэта застылая музыка. Вельмі хочацца, каб у сценах замка загучала музыка Сярэднявечча, а, магчыма, нават і сучасная.

Часткай праекта стануць канцэрты маладых музыкаў, якія займаюцца акадэмічнай творчасцю. Гэта серыя канцэртаў будзе называцца «Вытокі — юным талентам». Музыкі пазмагаюцца за галоўны прыз — «Залатую Грамату Мірскага замка» — яго ўручаць напрыканцы года. «Вельмі хацелася б, каб мы адкрывалі маладыя імёны, — дадаў Аляксандр Лойка. — Мы прадаставім пляцоўку маладым, таленавітым людзям, якіх пастараемся раскруціць дзякуючы нашаму музычнаму праекту».

— Сёлета спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню, таму для правядзення канцэртаў нам хацелася знайсці месца з адпаведнай атмасферай і гісторыяй. Акурат такім аказаўся Мірскі замак, — расказаў музычны кіраўнік фэсту, дырыжор і фагатыст Аляксей Фралоў. — Разам з дырэктарам намі быў прыдуманы фэст «LUX MІRUM», па-лацінску гэта азначае «Святло Міру». Мірскі замак заўсёды выпраменьваў культуру, бо гэта было адметнае месца заўжды, з часоў яго заснавання 500 гадоў таму.

У наступную нядзелю ў замку адбудзецца канцэрт з удзелам першай віяланчэлі Вялікага Тэатра Беларусі — Аляксея Афанасьева. 2-га красавіка адбудзецца канцэрт «Замак Рэнесансу і Барока» з удзелам саліста Дзмітрыя Капілава і квартэта трамбаністаў Вялікага Тэатра. Адной з самым арыгінальных дзей стане канцэрт «Падмуркі...» у сутарэннях замка — архаічную і сярэднявечную музыку выканае спецыяльна запрошаны госць, прагучаць архаічныя інструменты, легенды і гісторыі пра іх.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мір выпраменьвае класіку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».