Вы тут

Прэзідэнт здзейсніў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць


Верталёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», дзе працуе шэраг цікавых і, галоўнае, прыбытковых прадпрыемстваў з замежным капіталам. Мэта паездкі, як прызнаўся Прэзідэнт падчас размовы з працоўным калектывам кампаніі «Кранаспан ОСБ», — паглядзець, як працуюць у нас замежнікі і ці трэба надалей прыцягваць такія інвестыцыі.


 

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады Уладзіміра Даманеўскага, старшыні Магілёўскага аблвыканкама, і Андрэя Ярцава, кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Магілёў». Эканамічныя паказчыкі па рэгіёне сведчаць пра пазітыўныя тэндэнцыі. Аднак, падкрэсліў Прэзідэнт, зніжаць планку нельга ні ў якім разе.

З тым, як асвойваюцца замежныя інвестыі, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся на прыкладзе замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кранаспан ОСБ», якое спецыялізуецца на выпуску арыентавана-стружкавых пліт. Увогуле ж кампанія «Кранаспан» (галоўны офіс яе базіруецца ў Аўстрыі) мае 120-гадовую гісторыю і сёння ўключае ў сябе больш за 40 вытворчых і гандлёвых аб'ектаў у 29 краінах свету. Фірма з'яўляецца сусветным лідарам па вытворчасці ДСП, ДВП, арыентавана-стружкавых пліт, падлогавых пакрыццяў, смолаў для вытворчасці драўнінных пліт. «Крана-
спан» пастаўляе сваю прадукцыю ў больш чым 125 краін свету.

Беларускі лідар застаўся задаволены тым, што ён убачыў: «Хацелася б, каб у нас было болей такіх прадпрыемстваў. Няхай мяне пачуюць тыя крытыкі, якія наваліліся на мяне дзесяць гадоў таму, калі мной было прынята рашэнне па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Вы можаце параўнаць сваю вытворчасць — самую сучасную — з тымі вытворчасцямі...»

Прадпрыемства «Кранаспан ОСБ» — добры прыклад таго, як асвойваюцца замежныя грошы. Улады ішлі насустрач інвестарам і гатовы рабіць гэта і надалей. «Калі ласка, у нас велізарныя плошчы, якія мы яшчэ не можам асвоіць. Бяры ў арэнду плошчы, спачатку патроху — пакажыце, як вы там будзеце працаваць. Лес — гэта не пустыня. Гэта дарогі, гэта аднаўленне лесу... Яны ўзялі на сябе абавязкі. Калі яны ў Беларусі будуць так працаваць, шчыра запрашаем. Мы будзем перадаваць ім у арэнду пэўныя лясныя ўгоддзі, каб яны маглі гэты лес там здабываць, а потым наводзіць парадак і садзіць лес нанова. Каб праз 80—100 гадоў нашы дзеці, унукі, праўнукі маглі жыць і перапрацоўваць гэты лес», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна ўмова, якую Прэзідэнт паставіў перад замежнікамі, у прыватнасці перад кіраўніцтвам «Кранаспана»: тэхніка, якая будзе працаваць у лесе, на перавозцы, лесанарыхтоўцы, — павінна быць беларуская, у нас усё гэта вырабляецца. Яны пагадзіліся.

***

Падчас размовы з працоўным калектывам прадпрыемства Прэзідэнт закрануў самыя актуальныя на сённяшні дзень для грамадства тэмы

Аб зарплатах і занятасці

Прэзідэнт расказаў, што забараніў праводзіць скарачэнні на прадпрыемствах і ў арганізацыях і звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэта звязана з неабходнасцю працаўладкавання вызваленых работнікаў у іншым месцы. «Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Няхай гэта не рынкава, але пакуль мы будзем дзейнічаць гэткім чынам», — падкрэсліў беларускі лідар. «Сёння, калі я патрабую сярэднюю зарплату ў тысячу рублёў, ужо некаторыя падумваюць: так, дадзім тысячу, але скароцім энную колькасць людзей. Вось гэта без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга. Чаму? Калі ты намеціў скарачэнне, узгадні з органамі ўлады, куды гэтыя людзі пойдуць».

Выказаўся кіраўнік дзяржавы і наконт дэкрэта №3. Ён падкрэсліў: нарматыўны акт не адменены. «Дэкрэт №3 я не адмяняў. І нават не прыпыніў. Дэкрэт сёння працуе». «Мы павінны навесці ў краіне парадак. Настаў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасцю людзей. Што дрэннага? Я хачу, каб усе людзі працавалі, хачу за два-тры гады ўсіх працаўладкаваць», — адзначыў Прэзідэнт.

Сітуацыя ў краіне — кантраляваная

Супрацоўнікі прадпрыемства, якія прыйшлі на сустрэчу з кіраўніком краіны, задалі яму свае пытанні. Дзмітрый Сельмахоў, інжынер-энергетык, закрануў нядаўняе здарэнне: калі з мэтай увозу выбуховых рэчываў, наркотыкаў, зброі адбылася спроба незаконнага перасячэння мяжы.

Прэзідэнт прызнаўся, што не памятае такой ночы, за якую адбылося б пяць буйных здарэнняў на мяжы, па якіх кіраўніку дзяржавы дакладвае непасрэдна камандуючы пагранічнымі войскамі. «Вы павінны зразумець, што ў свеце такіх людзей не сотні тысяч, але тысячы ёсць — спецыялістаў, якія здзяйсняюць правакацыі. Яны, безумоўна, кіраваныя — спецслужбамі пэўных дзяржаў. Яны ўсе на кантролі», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. «Такія людзі ёсць, якім трэба ўзарваць абстаноўку ў краіне, я іх называю пятай калонай, ніякая гэта не апазіцыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Паверце, што сітуацыя ў краіне кантраляваная», — запэўніў Прэзідэнт, дадаўшы, што дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ўлада не дапусціць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што замежныя інвестары ніколі б не прыйшлі ў Беларусь, калі б тут было неспакойна, калі б тут былі крадзяжы і карупцыя. «Значыць, нам давяраюць. Таму не хвалюйцеся, краіну мы нікому не аддадзім. Мы яе будзем трымаць разам з вамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Наш галоўны патэнцыял

Ірына Давыдзенка, супрацоўніца адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», спытала ў Прэзідэнта, што яшчэ можна зрабіць для фарміравання больш спрыяльных умоў для інвестараў і для развіцця бізнесу ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы адказаў: калі сцісла, то спрыяльныя ўмовы — гэта як мага менш падаткаў і як мага больш бясплатнай сыравіны. Падатковых ільгот для інвестараў у нас таксама дастаткова, напрыклад, на той жа ўвоз абсталявання. «Увогуле, калі прадпрыемства працуе сумленна, — я ім паабяцаў — падтрымаем яшчэ па нейкіх кірунках», — сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт падкрэсліў — самая вялікая праблема ў свеце — навучанне людзей. У Беларусі ж няма чалавека, які б не скончыў школу. Вось і атрымліваецца, што людзі — наш галоўны рэсурс — інтэлектуальны.

Уласнік групы кампаній «Кранаспан» Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Бізнесмен асобна падзякаваў за гэта Прэзідэнту, яго Адміністрацыі, беларускаму ўраду і кіраўніцтву Магілёўскага аблвыканкама. Ён паведаміў, што кампанія «Крана-
спан» вырашыла значна павялічыць аб'ём сваіх інвестыцый. Першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязвалася ўкласці ў вытворчасці 150 млн долараў і стварыць 150 працоўных месцаў. Але ўжо ў 2017 годзе аб'ём інвестыцый павінен перавысіць $1 млрд, а за 2010—2016 гады было створана больш за тысячу працоўных месцаў. Кампанія бізнесмена таксама прапануе беларускаму ўраду стварыць у Шклове завод па вытворчасці дэкаратыўнай паперы.

Адказваючы на пытанне Аксаны Мельнік, якая працуе ў аддзеле продажаў кампаніі «Кранаспан», пра тое, чаго ён чакае ад Года навукі, Прэзідэнт адзначыў: трэба, каб навука ішла ў вытворчасць.

— Я б вельмі хацеў, каб наша навука здзейсніла прарыў у лячэнні людзей і, самае галоўнае, каб мы нарэшце перамаглі гэтую страшную чуму, страшную хваробу, з якой мы не можам справіцца. Калі б тут быў прарыў і мы б навучыліся лячыць ракавыя пухліны, як звычайную хваробу, гэта было б шчасце, — прызнаўся Прэзідэнт.

Асобная ж мара кіраўніка дзяржавы — каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энергіі.

***

Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам і работнікамі кампаніі «Кранаспан ОСБ» Прэзідэнт накіраваўся ў гарадскі пасёлак Копысь. Там ён асабіста пракантраляваў ход сельскагаспадарчага эксперыменту, пра які гаварылася на нарадзе восенню мінулага года. Тады, нагадаем, гаворка ішла аб аб'яднанні некалькіх аграгарадкоў у экспартаарыентаваны высокатэхналагічны холдынг з поўным цыклам вытворчасці.

Надзея ЮШКЕВІЧ,

yushkevich@zviazda.by

г. Магілёў

Загаловак у газеце: Добраму інвестару — належныя ўмовы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.