Вы тут

Што ў сэлфі тваім?


У сеціве даўно гуляе жарт пра тое, што першае сэлфі ў Савецкім Саюзе зрабіў некалі Воўк з культавага па тых часах мультфільма «Ну, пачакай!» Проста мы тады не ведалі, што гэта такое і як называецца. («Сёння на вуліцы малады чалавек «стрэльнуў» у мяне вадкасць для электроннай цыгарэты. Я зразумеў, што будучыня наступіла».) Памятаеце, у адной з серый Воўк на стадыёне выхоплівае ў рэпарцёраў фотакамеры і пачынае сам сябе бясконца здымаць з розных ракурсаў? Хоць ты зараз сучасны закадравы тэкст накладвай: «О божа, які мужчына...» Але, як высвятляецца, чакаць ад некаторых сучасных аматараў сэлфі сына і дачку, як спявае Наталі, не варта. У гэтым пытанні адукаваць нас пастараліся як заўсёды няўрымслівыя навукоўцы-даследчыкі, якія зрабілі працэс фатаграфавання саміх сябе тэмай чарговага вывучэння. («Студэнт, азнаёміўшыся са статусамі сяброў у сацыяльных сетках, на «выдатна» здаў экзамен па філасофіі».)


У свой час было шмат сказана пра небяспеку выкладвання асабістай інфармацыі ў інтэрнэце. («— Вашы фатаграфіі трапілі ў сеціва. — Без адзення? — Без фоташопа».) Лепш не хваліцца перад староннімі сваім дабрабытам, не пісаць, калі і на колькі едзеш у водпуск і г. д. І многія пакрысе пачалі прыслухоўвацца да гэтых слушных парад. Але ж... Сэлфі дагэтуль застаецца любімай забаўкай вельмі шмат каго. («— Глядзі — гэта відэа пра тое, як я праводжу свой дзень. — Але ж гэта фатаграфія, дзе ты ляжыш на канапе! — Гэта відэа».) Толькі вось самі аматары фатаграфаваць саміх сябе, як высветлілі навукоўцы, нават не здагадваюцца, колькі інфармацыі яны паведамляюць староннім людзям, нават калі выконваюць вышэйзгаданыя правілы бяспекі. Даследаванні засведчылі, што сэлфі — гэта як почырк у чалавека, па якім можна шмат чаго сказаць пра аматара «сябешак». («— Акей, гугл... Дзе я ўчора адпачываў? — Я пасля ўчарашняга з табой не размаўляю!»)

Дык вось. Амерыканскія вучоныя правялі даследаванне, вынікі якога паказалі, што найчасцей сэлфі робяць тыя, хто... пакутуе ад недахопу сексу. («Ранкам ён выйшаў з кватэры пісьменніцы і падумаў: «Кніга лепшая».) Падчас эксперыменту ў Масачусецкім універсітэце спецыялісты прааналізавалі звыш 220 тысяч акаўнтаў у сацыяльных сетках і выявілі сувязь паміж сексуальным жыццём і жаданнем здымаць самога сябе. («Праглядаю фатаграфіі самога сябе з 2010-га па 2016-ы і назіраю, як з маіх вачэй знікае радасць».) Эксперты прыйшлі да высновы, што ў аматараў сэлфі дастаткова часта няма блізкіх адносін або інтымная сувязь адбываецца даволі рэдка. («— Значыць, ты мяне не кахаеш? — Не буду маніць... Я не ўпэўненая, што ўвогуле каго-небудзь кахаю. Зрэшты, з усіх, каго я ведаю, ты мне найменш агідны».)

Так, вынікі даследавання паказалі, што прыкладна 82 працэнтам прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія рэгулярна выкладваюць свае здымкі ў інтэрнэце, не хапае адносін з прадстаўнікамі процілеглага полу ці яны ўвогуле пазбаўлены сексу.

Як вам такое? А паглядзіш на шматлікія сэлфі дзяўчат у сеціве, дык уражанне, што ў іх ад кавалераў адбою няма. («Вельмі часта на роўным асфальце можна сустрэць наступныя надпісы: «Я цябе кахаю!», «Ты маё шчасце!», «Дзякуй, што ты ёсць!». А ўсё таму, што роўны асфальт — гэта рэдкасць, яго нельга не любіць».) Што ж датычыцца мужчын, дык прыблізна 60 працэнтаў з тых, хто публікуе сэлфі, таксама пакутуюць ад недахопу інтымнай блізкасці. («— Што вас расслабляе найлепш? — Секс, але даводзіцца задавальняцца півам».)

Што цікава, даследчыкі не абмежаваліся агульным вывучэннем сітуацыі, а зрабілі градацыю паводзін чалавека ў залежнасці ад таго, якія здымкі ён выкладвае. На думку вучоных, карыстальнікі, якія публікуюць на сваіх старонках фатаграфіі пейзажаў, або задаволеныя сваім партнёрам, або не маюць сексуальных адносін увогуле, але абсалютна не пакутуюць з-за гэтага. («Навука выдзяляе чатыры разнавіднасці абыякавасці: каляровы — фіялетавы, геаметрычны — паралельны, музыкальны — па барабане, ну і, вядома ж, самы галоўны: анатамічны...») Даследаванне таксама паказала, што мімімішныя фотачкі з тымі ж коцікамі сведчаць пра палігамнасць карыстальнікаў. («— Дык ты жанаты?! — Гэта непаліткарэктна. Заведзена гаварыць «мужчына з абмежаванымі магчымасцямі».) А самымі запрыгоненымі, як высветлілася, былі аматары цытат. («Хто не працуе — тая ўдала выйшла замуж».)

Можна было б, вядома, пасмяяцца з гэтага даследавання. Але было б дзіўным, каб у наш час магчымасці сэлфі не былі выкарыстаны цалкам па-сур'ёзнаму.

(«Я страшэнна зайздрошчу ноўтбуку: ён то ў рэжыме сілкавання, то ў рэжыме сну...») Некалькі амерыканскіх карпарацый пачынаюць выкарыстанне сэлфі для ідэнтыфікацыі асобы чалавека. Праграме патрэбныя некаторыя ключавыя асаблівасці: ад формы і колеру вачэй да нейкіх асаблівых выразаў твару. («Люблю глядзець людзям проста ў вочы... Некаторыя з перапуду нават вітаюцца».) Зрэшты, з новага тут толькі тэхналогія, а прынцып — спрадвечны. («— Мужчына, гляджу і нават не ведаю, як вам аддзячыць... — Ведаеце-ведаеце!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?