Вы тут

Псіхолаг пра «выхад з сябе» і ўменне гаварыць і слухаць


Шчаслівыя, задаволеныя жыццём людзі да псіхолага не ходзяць — у спецыялістаў гэтай прафесіі прынята шукаць дапамогі, калі нешта здарылася. Арсеній Джанашыа, спецыяліст па медыяцыі, старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова і адначасова старшы выкладчык кафедры тэорыі права, кіравання і псіхалогіі Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта (РДСУ) вывучае, чаму і як узнікаюць канфлікты і — самае галоўнае — як іх вырашаць.


Позірк старонняга чалавека

— Як вы прыйшлі ў прафесію?

— Аднойчы ўбачыў аб'яву: у школе працуе гурток па псіхалогіі. На занятках настаўніца тлумачыла асноўныя паняцці дысцыпліны, прапаноўвала вучням тэсты, а потым складала рэкамендацыі для кожнага. Так што я ў старшых класах карэктаваў уласны эмацыянальны стан (бо не бывае падлетка зусім без праблем) і стараўся зразумець учынкі іншых людзей, якія мяне акружалі. Наогул, ёсць такі жарт, што псіхолаг найперш хоча разабрацца ў сабе.

— Але вашай першай спецыяльнасцю стала педагогіка...

— У педагагічным каледжы вучыўся па спецыяльнасці «дашкольнае выхаванне», потым паступіў ва ўніверсітэт на факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Поўны паварот да псіхалогіі адбыўся ў аспірантуры. Выкладчык параіў напісаць работу пра самавыхаванне ў падлеткавым узросце. Так і зацягнула ў навуку.

— Выпрабоўваеце нейкія прыёмы работы на сабе?

— Радыкальных эксперыментаў не ставіў, але выпрацаваў «позірк старонняга чалавека». Гэта калі думкі не проста плывуць міма, як кадры ў кіно, а ты можаш іх вылучаць і дазнавацца пра прычыны, матывы нейкага настрою. Напрыклад, я магу пасярод спрэчкі як бы «выйсці з сябе» і канструктыўна ацаніць сітуацыю. Калі бачу, што іду на канфлікт, такая рэфлексія дапамагае суцішыць эмацыйную буру і не нагаварыць лішняга.

Дарэчы, славуты метад «далічы да дзесяці, а потым гавары» насамрэч працуе. Калі чалавеку хопіць сілы волі вытрымаць паўзу, гэта можа выратаваць сітуацыю. У той жа час не магу сказаць, што дзякуючы прафесіі з майго жыцця зніклі супярэчнасці ў стасунках з людзьмі.

Пра што спрачаліся — забыліся

— Што за праблемы вырашае псіхолаг-медыятар?

— Спрэчныя моманты ўзнікаюць на працы, дома, у школе, з сябрамі... Задача псіхолага на сеансе медыяцыі — даць выказацца і пры гэтым сачыць, каб усё не скацілася да абвінавачанняў. У Расійскім сацыяльным універсітэце я чытаю лекцыі пра індустрыяльныя канфлікты і філасофію канфлікту і міру. У МДУ разам са студэнцкай навукова-праблемнай групай вывучаем тэарэтычныя пытанні і займаемся практыкай. У асноўным рэгулюем стасункі паміж падлеткамі і бацькамі, настаўнікамі, аднакласнікамі. Бывае, ускрываем застарэлыя канфлікты, калі варожасць паміж дзецьмі ёсць, а прычыну спрэчак бакі за доўгім часам паспелі забыцца. У такіх выпадках працаваць больш складана, бо ўсе крыўдныя словы, знявагі застаюцца ў свядомасці, і нейтралізаваць такі псіхалагічны асадак цяжка. Яшчэ я займаюся ў лабараторыі медыяцыі і практычнай канфлікталогіі ў РДСУ — там бясплатна праводзяць сеансы медыяцыі не толькі для школьнікаў, а для кожнага, хто пажадае.

— Ці накладвае прафесія адбітак на вашы стасункі з людзьмі? Можаце «выключыць» у сабе навукоўца, калі размаўляеце з сябрамі?

— «Адсунуць» псіхолага не ўдаецца, усё роўна нейкая частка свядомасці працягвае працаваць пэўным чынам: кантраляваць эмоцыі, назіраць за паводзінамі людзей, аналізаваць... У той жа час індывідуальнасць чалавека накладвае свой адбітак на псіхолага, немагчыма быць цалкам нейтральным і незалежным ад абставін спецыялістам без уласнага «я». Так што стараюся кіравацца прафесійнай і маральнай этыкай.

Я не стану выкарыстоўваць свае веды, каб маніпуліраваць іншым чалавекам, а вось пазбегнуць спрэчкі са знаёмым ці зрабіць добрае ўражанне на дзяўчыну — чаму б і не?

«Вандрую з адкрытымі вачыма»

— Вы з дзяцінства марылі пра вандроўкі...

— Так, з маленства захапляўся геаграфіяй. Цяпер падарожнічаю як па працы, так і для сябе. Пабываў у Ізраілі, ЗША, Кітаі, Літве, Чэхіі, Швецыі. Калі гаварыць пра прафесійныя візіты, то стараюся прывозіць карысныя матэрыялы: новыя ідэі, кнігі. На стажыроўцы па медыяцыі ў ЗША тры гады назад пазнаёміўся з прафесарам Універсітэта Кэмпбела Фрэнкам Лэйні, які практыкуе метады сямейнай медыяцыі ў Паўночнай Караліне. Сустрэча дала добры плён, прафесар другі год прыязджае ў Мінск і Магілёў, чытае лекцыі і праводзіць семінары для нашых студэнтаў.

— На што вы звяртаеце ўвагу у новых мясцінах?

— Мне падабаецца вандраваць з «адкрытымі вачыма» і гатоўнасцю ўспрымаць новы вопыт. Цікава дазнацца нюансы быту, асаблівасці ўзаемадзеяння паміж людзьмі. Напрыклад, той жа рытуал сустрэчы гасцей адрозніваецца ў розных культурах. Так, у амерыканцаў ёсць правіла «дапамажы сабе сам». Калі госць, што прыйшоў у дом да гаспадара, чуе гэтую фразу, то ён атрымлівае дазвол пачаставацца самастойна: адкрыць халадзільнік, зрабіць сабе бутэрброд, заварыць кавы... У нас жа прынята, каб гаспадар частаваў госця, і калі апошні сам палезе ў халадзільнік, то гэта расцэніцца, бадай, як нахабства. Калі наша дэлегацыя прыязджала ў Амерыку, для тых, хто яе сустракаў, правялі інструктаж, як весці сябе з прадстаўнікамі славянскіх культур. Маўляў, у нас традыцыйна першы раз адмаўляюцца ад пачастунку, і гасцей трэба абавязкова запрасіць да стала некалькі разоў. Смешна, але мы сапраўды саромеліся і адмаўляліся нават ад кавы.

— Ці спрабавалі падладзіцца пад псіхалагічны настрой жыхароў іншых краін?

— Не, куды больш цікава назіраць, каб потым скласці нейкае асабістае ўражанне. Напрыклад, візіт у Швецыю запомніўся дваістым характарам яе насельнікаў. Насамрэч шведы — вельмі талерантныя, уважлівыя людзі, яны абачліва ставяцца да чужых інтарэсаў. Але адначасова яны могуць падацца закрытымі і некантактнымі, бо, як мне ўяўляецца, для іх культуры характэрна хаваць эмоцыі. Альбо новы чалавек не вітаецца з прысутнымі, калі заходзіць у пакой. І гэта нармальна, бо людзі там паглыблены ў сябе.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Мінск — Магілёў — Мінск

Загаловак у газеце: У пошуках гармоніі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.