Вы тут

У чым тайна «сёмага гульца»?


Дэвіз каманды і яе балельшчыкаў: «Мы разам: нас многа, за намі перамога!»

Колькі гульцоў ад каманды можа знаходзіцца на полі падчас хакейнага матча? Знаўцы адкажуць: шэсць. Але на самай справе ёсць яшчэ і «сёмы гулец», які таксама вядзе каманду да перамогі, — гэта яе балельшчыкі.


Аляк­сандр Бась­ко з баць­кам Сяр­ге­ем Мі­ка­ла­е­ві­чам.

Хакейнаму клубу «Дынама-Мінск» у гэтым плане неймаверна пашанцавала: здаецца, такой моцнай і шчырай падтрымкі больш не сустрэнеш нідзе. Самыя верныя балельшчыкі становяцца членамі фан-клуба. Яны не прапускаюць ні аднаго матча, гатовыя крычаць да хрыпаты і вераць у каманду, нягледзячы ні на што.

Фан-клуб BYzone (афіцыйная назва — «Клуб балельшчыкаў хакейнага клуба «Дынама-Мінск») існуе ўжо шэсць сезонаў. Стаць часткай гэтай дружнай сям'і няцяжка: трэба толькі жаданне і членскі ўзнос. Фан-клуб дае магчымасць бясплатна наведваць усе дамашнія матчы, бываць з камандай на выездах, на адкрытых трэніроўках, удзельнічаць у прэс-канферэнцыях з гульцамі. Больш таго, у балельшчыкаў ёсць свой сектар на «Мінск-Арэне». Тут самых розных людзей аб'ядноўвае адна мэта — падтрымаць каманду.

Цяжка паверыць, але яшчэ восем гадоў таму, з пачаткам шляху ў КХЛ, каманда не збірала і дзвюх тысяч чалавек у Палацы спорту. Зразумела, пра фан-клуб не было і гаворкі. Але калі балельшчыкі пачалі пастаянна хадзіць у пэўны сектар і разам са спартсменамі ездзіць на замежныя матчы, прыйшла ідэя арганізаваць усё афіцыйна.

Студэнтка ІІІ курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Юлія Благавешчанская ў фан-клубе ўжо чатыры гады. «З фан-сектара хакей нават выглядае па-іншаму, — прызнаецца дзяўчына. — Тут можна даць волю эмоцыям. Побач такія ж балельшчыкі, як ты. І гэта поўнае адзінства! На працягу гульні мы паспяваем і парадавацца, і пасумаваць. Часам пасля матча адчуваеш невымоўны душэўны ўздым. Аднак, калі каманда прайграла, мы не адчайваемся, а, наадварот, падтрымліваем нашых хакеістаў». З некаторымі гульцамі Юлія знаёмая асабіста: «У нас вельмі цёплыя адносіны. Хакеісты заўсёды кажуць нам дзякуй за падтрымку. Мы ствараем для іх атмасферу, а яны для нас — гульню».

Варта адзначыць, што ў фан-сектары ёсць некалькі «завадатараў» — тых, хто б'е ў барабан і распачынае «крычалкі». Задача астатніх балельшчыкаў — падтрымліваць «зарад». «На адным з матчаў мы так «хварэлі» за каманду, што нават барабан парвалі», — смяецца Юлія. Але ў той жа час дзяўчына лічыць, што сапраўдны балельшчык павінен быць цярплівым, часам стрыманым, бо хакей — гульня непрадказальная.

Юлія Бла­га­ве­шчан­ская.

Дзесяцікласнік мінскай сярэдняй школы №30 Аляксандр Басько ўступіў у фан-клуб разам са сваім бацькам пяць гадоў таму. За ўвесь гэты час яны не прапусцілі амаль ніводнага хатняга матча! «Фан-сектар — гэта сапраўдная сям'я! — упэўнены Аляксандр. — Нас не проста аб'ядноўвае любоў да хакея, мы, нібыта сваякі, яшчэ і падобныя паміж сабой: у кожнага імянная майка з лагатыпам фан-клуба. Думаю, такую цёплую атмасферу падчас матча дапамагае ствараць тое, што балельшчыкі маюць стасункі паміж сабой і за межамі арэны. Мы вельмі сябруем і гатовыя падтрымліваць каманду, нават калі яна прайграе пяты раз запар».

Для Аляксандра самым запамінальным стаў матч у снежні 2011 года: «У канцы гульні мы вырашылі ўсім сектарам павіншаваць хакеіста Ерэ Каралахці (капітан «Дынама-Мінск» у 2011 — 2013 гг. — Заўв. рэд.) з Калядамі на фінскай мове. Вымавіць загадзя падрыхтаваную фразу было складана, але ў нас атрымалася!» Дарэчы, дзякуючы членству ў фан-клубе малады чалавек знаёмы не толькі з «бела-сінімі», але і з гульцамі нашай нацыянальнай зборнай: «Хакеісты паважаюць сваіх верных балельшчыкаў, яны заўсёды рады пагаварыць з імі, сфатаграфавацца, даць аўтограф».

Аліна Зыль, студэнтка І курса факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, упершыню прыйшла на хакей сем гадоў таму, а вось у фан-клуб уступіла нядаўна. Па словах дзяўчыны, падчас матчу яна нібыта «адключаецца» ад рэальнасці, гэта дапамагае ёй расслабіцца, адпачыць пасля цяжкага працоўнага дня. «Атмасферу неймавернай згуртаванасці балельшчыкаў я пачынаю адчуваць падчас «зорнага неба», калі ўся «Мінск-Арэна» ўключае ліхтарыкі мабільных тэлефонаў, а потым спявае гімн нашай краіны», — дзеліцца ўражаннямі Аліна.

«Вядома, калі каманда прайграе, застаецца непрыемны асадак, — прызнаецца дзяўчына. — Але ў гэтым выпадку вельмі лёгка адрозніць сапраўднага балельшчыка: ён сустракае паражэнне з годнасцю і прыйдзе на наступны матч нягледзячы ні на што».

Вочы верных фанатаў «Дынама-Мінск» быццам свецяцца пры згадванні любімай каманды. Не выпадкова беларускія балельшчыкі прызнаныя аднымі з найлепшых у Еўропе. Бо з такім «сёмым гульцом» перамога хакеістам забяспечана!

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.