Вы тут

Парады будучым журналістам


Бадай, адзін з самых складаных момантаў для будучых «акул пяра» — гэта выбар тэмы для матэрыялу. Што казаць, з названай праблемай сутыкаюцца не толькі школьнікі-абітурыенты, але і студэнты журфака, і нават маладыя спецыялісты. Гэта параджае штампы: з году ў год рэдакцыі прапануюць «пробы пяра» на абмежаваную і прадказальную колькасць тэм. Так, напрыклад, для студэнтаў гэта будзе тэма падарожжаў аўтастопам: ці з уласнага досведу, ці з аповедаў сяброў. Тлумачыцца ўсё проста. Маладыя людзі адчулі сябе дарослымі, ім хочацца адрэналіну, новых уражанняў, вандровак, тым больш такім папулярным зараз спосабам. І нічога дрэннага ў тым няма, тэма, як кажуць, мае права на жыццё. Але калі яе прапануе кожны другі (а то і першы) практыкант... Але вернемся да абітурыентаў. Якія клішэ характэрныя для іх?


Па-першае, родная мова (два-тры гады таму пальму першынства з ёй дзяліла тэма інтэрнэт-залежнасці ў асяроддзі маладых людзей: за год мы атрымлівалі па некалькі дзясяткаў «проб пяра» па азначанай праблеме). Па-другое, краязнаўчая тэма — гісторыі пра край, адкуль родам аўтар. Па-трэцяе, вядомыя людзі рэгіёна: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, «афганцы», «чарнобыльцы» і г. д. Самі па сабе ўсе тэмы добрыя, толькі ў рэдкага юнага ці маладога аўтара атрымліваецца іх раскрыць. Чаму?

Агульная заўвага: пры напісанні матэрыялаў большасць падыходзіць да іх як да школьнага рэферата. Іншымі словамі, з адкрытых крыніц — кніг, інтэрнэту, экспазіцый школьнага музея — папросту перапісваюцца біяграфія героя ці гістарычныя звесткі пра пэўную мясцовасць. Усе гэтыя крыніцы выкарыстоўваць можна і трэба, але толькі як дадатковыя. А ў аснове журналісцкага матэрыялу павінны быць жывыя стасункі: з героем вайны, сведкам тых ці іншых падзей. Калі мы гаворым пра краязнаўчую тэматыку, гэта можа быць гутарка з гісторыкам, археолагам, работнікам музея. Пішучы такі матэрыял, аўтар можа выказаць сваё асабістае стаўленне да героя, падзеі, што толькі надасць «пробе пяра» жывасці, эфекту датычнасці.

З іншага боку, рабіць гэта трэба сціпла і сцісла. Не трэба ставіць перад сабой усяленскую праблему і гэтак жа імкнуцца яе вырашыць. Так звычайна бывае, калі нашы няштатныя аўтары спрабуюць выказацца на тэму роднай мовы. Цікавасць да яе з боку маладых людзей не можа не радаваць, але на выхадзе мы часцей за ўсё атрымліваем сухі пафасны «опус» з мноствам цытат, адсылаў у гістарычнае мінулае і спробай прагнозу на будучыню... А чаму б проста не напісаць, як сам абітурыент пачаў размаўляць на роднай мове, як пасля гэтага змяніўся яго светапогляд, кола яго інтарэсаў? (Не ўспрымайце як заклік усім разам пісаць пра гэта.)

Насамрэч тэмы — вакол, толькі азірніцеся. У вашым жа маладзёжным асяроддзі. Будучы журналіст павінен мець не толькі вострае пяро, але і такія ж вочы. Прыглядайцеся! Побач можа быць равеснік з незвычайным хобі. А хтосьці дабіўся сур'ёзных вынікаў у спорце, нейкім відзе мастацтва — чым не нагода напісаць пра тое? Зладзілі цікавы паход, арганізавалі квэст сваімі сіламі? Таксама тэмы. Валанцёры вашага атрада дапамагаюць ветэрану? Раскажыце пра гэта і не забудзьцеся распытаць пра жыццёвы шлях паважанага чалавека. Ведаеце хлопца ці дзяўчыну, якія пішуць песні і ўжо маюць сваю аўдыторыю слухачоў? Гэта нагода сустрэцца з імі. У вашай школе цікавая насценная газета? А чаму б не ўзяць інтэрв'ю ў яе рэдактара, не расказаць пра самы запамінальны матэрыял? Словам, шукайце цікавых суразмоўцаў і незвычайныя факты.

І яшчэ. Пішыце лёгка, так, як вы размаўляеце паміж сабой, абмяркоўваючы нейкія навіны, будзённыя справы. У рэшце рэшт, матэрыялы ж вы рыхтуеце найперш для сваіх равеснікаў, а не рэдактараў у газеце, так? Дык і гаварыце з імі на адной мове. У пэўных выпадках дапускаецца нават ваш маладзёжны слэнг.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».