Вы тут

Маладыя хімікі стварылі найлепшы валанцёрскі атрад у краіне


Валанцёрства звычайна называюць справай школьнікаў і студэнтаў: менавіта самым маладым хапае часу і сіл, каб і сваімі справамі займацца, і іншым дапамагаць. Але нават дарослае жыццё і бытавыя пытанні не замінаюць многім знаходзіць у сабе сілы на бескарыслівы клопат пра тых, каму няпроста. Добры прыклад — удзельнікі атрада «Сэрца Паліміра», што ўжо некалькі гадоў існуе на вядомым прадпрыемстве ў Наваполацку. Летась на конкурсе «Валанцёр года — Добрае Сэрца», што праводзіць БРСМ, яго прызналі пераможцам у намінацыі «Найлепшы валанцёрскі атрад сярод працоўнай моладзі». Пра сакрэты сумяшчэння працы і добраахвотніцтва расказала камандзір атрада, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ завода «Палімір» Юлія ВЕКА.


— Першапачаткова на нашым прадпрыемстве існаваў атрад пад назвай «Паліміравец», — згадвае гісторыю арганізацыі дзяўчына. — Ён быў не вельмі шматлікі — пара дзясяткаў чалавек. Тым не менш атрад актыўна дзейнічаў. У 2012 годзе ён перажыў невялікі «рэбрэндынг». У той час на прадпрыемства прыйшло шмат моладзі, і колькасць валанцёраў павялічылася. Сёння ў «Сэрцы Паліміра» афіцыйна налічваецца 94 удзельнікі. Але гэта толькі «касцяк». Насамрэч іх, вядома, значна больш, проста многія дапамагаюць час ад часу, калі з'яўляецца такая магчымасць. Нашы валанцёры — з самых розных цэхаў, прадстаўнікі розных прафесій. Што датычыцца патрабаванняў да тых, хто хоча да нас далучыцца, то іх фактычна няма: як можна нечага патрабаваць ад чалавека, які гатовы ахвяраваць сваім часам дзеля іншых?

Атрад працуе па некалькіх кірунках. У першую чаргу гэта дапамога дзецям. Напрыклад, у сацыяльна-педагагічным цэнтры Наваполацка знаходзяцца хлопчыкі і дзяўчынкі, бацькі якіх не ўдзяляюць дзецям належнай увагі. Валанцёры прыязджаюць да іх на святы, праводзяць канцэрты, набываюць адзенне і патрэбныя рэчы і проста бавяць час разам з тымі, каму не стае любові ад старэйшых. Акрамя гэтага, сярод работнікаў прадпрыемства многа шматдзетных сем'яў, «Сэрца Паліміра» займаецца іх апекай, у прыватнасці дапамагае падрыхтавацца да вучэбнага года. Іншы аспект працы — ветэраны, атрад падтрымлівае ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, супрацоўнічае з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Юлія падкрэслівае, што, калі трэба набыць падарункі, фінансавую дапамогу аказвае працоўны калектыў, прафсаюзны камітэт і само прадпрыемства. Да таго ж не забываюцца тут і пра ветэранаў працы — атрад пастаянна наведваецца ў наваполацкую бальніцу сястрынскага догляду.

— Найбольш усцешвае, калі ты бачыш, што зробленая праца прынесла плён, — дзеліцца камандзір атрада. — У нас была, напрыклад, такая гісторыя: гарадскі камітэт БРСМ звярнуўся з просьбай фінансава дапамагчы маме, якая вяла не самы ўзорны лад жыцця і не магла аплаціць інтэрнат, з-за чаго дзіця забралі ў сацыяльны прытулак. Валанцёры сабралі ўласныя сродкі і пагасілі запазычанасць. Ведаеце, у горшых выпадках бывае, што чалавек рэагуе неадэкватна і пачынае злоўжываць, маўляў, «заплацілі цяпер — заплацяць і потым». Але тут жанчына сапраўды змяніла свой лад жыцця. Нядаўна мы ездзілі да іх у госці (дзіця неўзабаве вярнулі дадому), яна дужа дзякавала нам, і ёсць надзея, што цяпер у сям'і ўсё будзе добра.

Як ні дзіўна, сярод валанцёраў «Сэрца Паліміра» больш хлопцаў. Тлумачыцца ўсё проста — на самім заводзе пераважна працуюць мужчыны. Гэта асабліва дапамагае ў працы па добраўпарадкаванні горада. Валанцёры даглядаюць мясцовыя помнікі (напрыклад, легендарнаму былому дырэктару «Паліміра» Льву Наважылаву), арганізоўваюць суботнікі, падтрымліваюць парадак у парку.

— У чым сакрэт таго, што мы паспяваем усё рабіць? Я думаю, справа ў саміх людзях, — разважае Юлія Века. — Мы не робім гэта «дзеля птушачкі», якіх-небудзь бонусаў ці ўзнагарод. Некаторым людзям проста неабходна дапамагаць іншым, такі ў іх лад жыцця. Калі адны знаходзяць час на свае хобі і захапленні, то мы займаемся валанцёрствам, бо інакш проста не можам. Не апошнюю ролю адыгрывае і прадпрыемства — кіраўніцтва заўсёды ідзе нам насустрач, калі трэба правесці нейкае мерапрыемства. Невырашальных пытанняў у нас няма.

Хоць валанцёрства па сваёй сутнасці справа бескарыслівая, усё ж цікавімся, што ўдзельнікі «Сэрца Паліміра» атрымліваюць узамен. На думку Юліі, своеасаблівым бонусам становяцца стасункі з калегамі і сумеснае баўленне часу: многія сябруюць паміж сабой, разам адпачываюць.

— Мы не заўсёды чуем ад людзей, якім дапамагаем, словы падзякі, але па вачах чалавека заўсёды відаць, наколькі важную справу для яго ты зрабіў, — адзначае Юлія. — Нярэдка даводзіцца чуць: калі ў нас так шмат валанцёраў, значыць, у краіне ўсё дрэнна, людзям без нас няма каму дапамагчы. Я з гэтым карэнным чынам не згодная. Валанцёры ёсць ва ўсім свеце, але стаць імі могуць не ўсе — гэта сапраўднае прызванне.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Наваполацк — Мінск


Эмоцыі ад удзелу ў руху — толькі станоўчыя!

Сацыялагічнае апытанне сярод удзельнікаў валанцёрскага руху «Добрае Сэрца», праведзенае ў канцы мінулага года Маладзёжнай лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў пры ЦК БРСМ, паказала, што ўдзел у ім прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі (гэта засведчылі 95 працэнтаў з 460 рэспандэнтаў).


На думку ўдзельнікаў апытання, найбольш важная якасць для валанцёра — гэта камунікабельнасць (80 працэнтаў рэспандэнтаў). Таксама ў тройку неабходных якасцяў увайшлі самааддача (70 працэнтаў) і чуллівасць (60 працэнтаў). Больш за 60 працэнтаў рэспандэнтаў прыйшлі ў валанцёрскі рух БРСМ, ужо маючы вопыт падобнай дзейнасці. Сярод матываў далучыцца да «Добрага Сэрца» апытаныя назвалі «пачуццё спагады» (52 працэнты), «імкненне атрымаць новы погляд на людзей, жыццё, работу» (51 працэнт), «пашырэнне кола стасункаў» (40 працэнтаў), «жаданне папрацаваць бясплатна» (20 працэнтаў).

У большасці выпадкаў (84 працэнты) рэспандэнты прымалі ўдзел у сацыяльным кірунку валанцёрскага руху (работа з цяжка хворымі дзецьмі, ветэранамі, тымі, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю і г. д.). Цікава, што найбольш складаным кірункам 81 працэнт апытаных лічаць якраз яго, што не перашкаджае ім у найбольшай ступені прымаць удзел менавіта ў такіх сацыяльна скіраваных мерапрыемствах.

Рэспандэнты адзначылі, што вопыт валанцёрскай дзейнасці станоўча ўплывае на іх жыццё (80 працэнтаў). Гэта праяўляецца ў памяркоўнасці, дабрыні, чуласці ў адносінах да іншых людзей, упэўненасці ў сабе, паляпшэнні навыкаў стасункаў. Немалаважна, што больш за 94 працэнты апытаных плануюць працягнуць сваю дзейнасць у рамках валанцёрскага руху «Добрае Сэрца».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прызванне — дапамагаць іншым

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.