Вы тут

У сакавіку тэмпература фіксуецца на 6—8 градусаў вышэйшая за норму


Вясна сёлета выдалася цяплейшая, чым звычайна, і прыйшла да нас на месяц раней, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Спецыяліст паведаміў, што пакуль у сакавіку тэмпературны рэжым быў у сярэднім на 6—8 градусаў вышэйшы за кліматычную норму і адпавядаў надвор'ю красавіка. Мяркуецца, што і трэцяя дэкада сакавіка таксама будзе цёплай, а сярэдняя тэмпература паветра — на 3—4 градусы вышэйшая за норму. І надалей чакаецца яшчэ больш цёплае надвор'е. Прагназуецца, што ў красавіку тэмпература паветра будзе ў сярэднім на палову градуса вышэйшай за кліматычную норму. І ў маі нам абяцаюць новыя рэкорды цеплыні, бо тэмпература паветра прагназуецца на 1—1,5 градуса вышэйшай, чым звычайна.

Начальнік службы адзначыў, што на гэтым тыдні чакаюцца кароткачасовыя ападкі і даволі цёплае надвор'е, якое будзе спрыяльным для азімых культур. У чацвер прагназуецца пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым усходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Чакаецца, што ўначы, асабліва па поўначы, будзе яшчэ трохі падмарожваць — ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла. Удзень тэмпература складзе ад плюс 7 да плюс 13 градусаў.

Аднак ужо ў пятніцу надвор'е пагоршыцца. Чакаецца, што з поўдня Польшчы праз тэрыторыю Беларусі будзе рухацца атмасферны фронт. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў па поўначы да плюс 6 па поўдні краіны. Удзень чакаецца 5—12 цяпла.

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў айчынных спецыялістаў, у выхадныя будзе пераважна без ападкаў, толькі ў паўночных і паўночна-ўсходніх рэгіёнах магчымы кароткачасовыя дажджы. У суботу пры праясненнях крыху падмарозіць, калі чакаецца нават месцамі да мінус 6 градусаў. Удзень тэмпература складзе 5—10 цяпла. У нядзелю ўначы тэмпературны рэжым будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 2 градусаў. Тэмпература паветра ўдзень складзе 4—10 цяпла. Эксперты адзначаюць, што ў пачатку наступнага тыдня будзе пераважна без ападкаў, толькі па поўначы і паўночным усходзе пройдуць кароткачасовыя дажджы. Захаваецца цёплае надвор'е, калі тэмпература паветра ўдзень складзе ад плюс 5 градусаў на поўначы да 12 цяпла на поўдні краіны. Чакаецца, што да сярэдзіны наступнага тыдня па поўдні будзе ўжо стабільна плюс 15 градусаў.

* * *

Збожжа перазімавала амаль без страт

Аб гэтым паведамляе начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марыя Гермянчук.

Паводле яе слоў, збожжавыя азімыя культуры знаходзяцца цяпер у добрым стане. Ёсць некаторыя праблемы з азімым рапсам у паўднёвых рэгіёнах Беларусі. «Дзесьці рапс перанёс зімовы перыяд добра, недзе горш. Гэтыя ўчасткі па выніках назіранняў у аграметэаралагічнай сетцы Гідрамета выяўлены, падрыхтаваны рэкамендацыі», — сказала Марыя Гермянчук.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прыгрэе, як у красавіку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».