Вы тут

Што «хаваюць» гены?


Чэмпіёнам і ратавальнікам трэба нарадзіцца

Магчыма, у зусім недалёкай перспектыве маладым людзям, якія мараць аб прафесіі ратавальніка ці, скажам, пілота авіялайнера, будуць прапаноўваць у прыёмнай камісіі навучальнай установы прайсці генетычнае тэсціраванне на... устойлівасць да стрэсу. Пакуль што абітурыенты ВНУ «сілавых ведамстваў» здаюць толькі нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, пад увагу бярэцца таксама стан іх здароўя, а псіхалагічная ўстойлівасць не з'яўляецца прадметам даследавання.


Ма­лод­шы на­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік ла­ба­ра­то­рыі ге­не­ты­кі ча­ла­ве­ка Ка­ця­ры­на Не­сця­рэн­ка за ра­бо­тай: вы­дзе­ле­ная ў ча­ла­ве­ка ДНК пра­хо­дзіць 20 цык­лаў і па­мна­жа­ец­ца ў міль­ён ра­зоў.

— Між іншым, нярэдка, нягледзячы на сваю выдатную фізічную падрыхтоўку, моцныя мужчыны «ламаюцца» псіхалагічна, калі трапляюць, напрыклад, на пажар ці на месца катастрофы, дзе ім даводзіцца мець справу з фрагментамі чалавечых цел. Псіхаэмацыянальныя якасці і стрэсаўстойлівасць важныя для прадстаўнікоў многіх прафесій, а не толькі для ратавальнікаў ці вадалазаў, тым больш што прычынай большасці тэхнагенных катастроф становіцца чалавечы фактар, — разважае кіраўнік лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Ірма МАСЭ. — І прычынай авіякатастроф таксама становіцца часцей за ўсё чалавечы фактар: памылкі дапускаюць не толькі пілоты, але і авіядыспетчары. Вядома, што ад 75 да 85% характару нашай асобы вызначае спадчынная інфармацыя. Цяпер мы ў сваёй лабараторыі вывучаем генетычныя механізмы псіхаэмацыянальных асаблівасцяў чалавека. У прыватнасці, у фокусе нашай увагі — гены стрэсаўстойлівасці. Аднак ацаніць псіхаэмацыянальныя якасці чалавека, напэўна, больш складана, чым выявіць схільнасць да таго ці іншага захворвання, паколькі за стрэсаўстойлівасць адказвае шмат генаў — не менш дваццаці.

Вучоныя сабралі матэрыял для генетычнага аналізу ў 100 прадстаўнікоў спецназа і параўноўваюць іх генетычныя характарыстыкі з традыцыйнымі псіхалагічнымі тэстамі, каб устанавіць найбольш інфарматыўныя гены.

— Мы ўжо выяўляем некаторыя генныя камбінацыі, якія абумоўліваюць устойлівасць або, наадварот, адчувальнасць да стрэсаў, але казаць пра масавае практычнае выкарыстанне вынікаў нашай работы пакуль заўчасна. Хоць некаторыя ведамствы ўжо сёння праяўляюць інтарэс да нашых даследаванняў. Генетычны аналіз мог бы істотна дапамагчы ім у адборы найбольш перспектыўных супрацоўнікаў.

Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі сёння актыўна працуе па кірунках «медыцынская генетыка» і «генетыка спорту». Ужо распрацаваны метады геннай дыягностыкі па 19 сацыяльна значных захворваннях. ДНК-тэсціраванне дазваляе выявіць схільнасць, напрыклад, да інфаркту міякарда, атэрасклерозу, ішэмічнай хваробы сэрца, астэапарозу, дыябету, вянозных трамбозаў, рэўматоіднага артрыту і гэтак далей. Асабліва актуальная такая інфармацыя для людзей, сваякі якіх мелі ў анамнезе гэтыя захворванні. Веды пра генетычную схільнасць да развіцця захворванняў дазваляюць ажыццявіць раннюю дыягностыку паталогій, карэктна вызначыць прагноз развіцця небяспечных ускладненняў і правільна выбраць метады прафілактыкі і лячэння.

Па словах галоўнага вучонага сакратара Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра КІЛЬЧЭЎСКАГА, у Рэспубліканскім цэнтры геномных біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі ўжо створаны банк ДНК 500 спартсменаў з 30 алімпійскіх і нацыянальных каманд. Пратэсціраваны алімпійская зборная каманда Беларусі па біятлоне, нацыянальныя каманды Беларусі па хакеі, тэнісе, прадстаўнікі нацыянальнай зборнай лёгкаатлетаў, хакеісты мінскага спартыўнага клуба «Дынама».

Пры ДНК-пашпартызацыі спартсменаў даследаваліся гены, ад якіх залежаць цягавітасць, сіла і хуткасць, гены, што аказваюць істотны ўплыў на стан апорна-рухальнага апарату, адаптацыю да гіпаксіі, здольнасць да аднаўлення пасля фізічных нагрузак, гены росту новых крывяносных сасудаў і гены транспарту кіслароду; гены, адказныя за ломкасць касцей і за рызыку трамбозу; гены сардэчна-сасудзістай сістэмы і вугляводна-тлушчавага абмену.

Фактычна генетыкі могуць сёння падказаць юным спартсменам, у якім відзе спорту яны змогуць дасягнуць самых высокіх вынікаў, каб не марнаваць дарэмна час і сілы. Могуць вызначыць, спрынтарам вырасце дзіця ці стаерам. У лабараторыі генетыкі чалавека можна прайсці ДНК-дыягностыку схільнасці да высокіх спартыўных дасягненняў, вызначыць гены спартыўнай адоранасці і неспрыяльныя для спорту гены. Бо калі генетыкай спартыўныя дасягненні ў чалавеку не запраграмаваны, то нават кругласутачныя трэніроўкі не прынясуць жаданага выніку...

Да таго ж генетычнае тэсціраванне спартсменаў дазваляе захаваць іх здароўе, распрацаваць індывідуальны рэжым трэніровак, мінімізаваць магчымыя рызыкі ў атлетаў, напрыклад, папярэдзіць выпадкі раптоўнай смерці падчас фізічных нагрузак — на трэніроўках або спаборніцтвах. Усяго за шэсць гадоў дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій генетычнае тэсціраванне тут прайшлі 8886 чалавек. Аб'ём рэалізаваных паслуг склаў 6515,0 млн недэнамінаваных рублёў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».