24 Верасень, панядзелак

Вы тут

У краіне няма раёнаў, дзе адсутнічаюць вакансіі


Страхаванне ад беспрацоўя ўвядуць у 2018 годзе. Якім будзе памер страхавой дапамогі? Хто зможа на яе прэтэндаваць? Ці ёсць абмежаванні па колькасці беспрацоўных, якія могуць стаяць на ўліку? І колькі рэальна зарабіць на грамадскіх работах? Сітуацыю растлумачыў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ.


Памер дапамогі — 60 працэнтаў заробку

Праект па ўвядзенні сістэмы страхавання ад беспрацоўя міжведамасная група, створаная па даручэнні ўрада, рыхтавала з лістапада 2016 года па студзень 2017-га. У лютым прапановы накіравалі ў Савет Міністраў. Канкрэтнага рашэння пакуль няма. Плануецца, што будзе ўстаноўлены асобны страхавы тарыф, усе работнікі будуць удзельнічаць у фарміраванні страхавога фонду абавязкова і на роўных умовах з наймальнікамі. Па папярэдняй інфармацыі, штомесячны ўзнос складзе 0,5 працэнта ад фонду аплаты працы. Атрымліваць дапамогу змогуць толькі тыя, хто стаіць на ўліку ў службе занятасці, страціў работу з уважлівых прычын і мае не менш за год страхавога стажу. Сярэдні памер страхавых выплат па беспрацоўі — 60 працэнтаў ад сярэдняга заробку грамадзяніна. Перыяд выплат — 26 каляндарных тыдняў, ці паўгода (першыя 13 тыдняў дапамога будзе складаць 70 працэнтаў заробку, наступныя 13 тыдняў — 50 працэнтаў).

— Страхаванне ад беспрацоўя займае цэнтральнае месца ў сістэме сацыяльных амартызатараў, — адзначыў Андрэй Лабовіч падчас анлайн-канферэнцыі, якая праводзілася на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — Гэта форма сацыяльнай абароны эканамічна актыўнага насельніцтва ад рызыкі, звязанай са стратай работы па незалежных ад чалавека абставінах.

Падтрымка людзей, што засталіся без працоўнага месца з аб'ектыўных прычын, шырока распаўсюджана ў свеце. Разам з тым ніводная сістэма страхавання, як бы добра яна ні была прадумана, не ў стане вырашыць праблему беспрацоўя ў цэлым. Мэта такой страхоўкі — забяспечыць часовае і частковае замяшчэнне даходу грамадзяніна, які страціў работу, у перыяд пошуку новага месца.

Андрэй Лабовіч дадаў, што на першым этапе, да запуску сістэмы страхавання ад беспрацоўя, прапануецца павысіць дапамогу па беспрацоўі. Звольненым у сувязі са скарачэннем колькасці ці штату работнікаў павялічаць выплаты да 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (180 рублёў), іншым звольненым з уважлівых прычын — да 50 працэнтаў БПМ.

Збалансаваць попыт і прапанову

Першы намеснік міністра таксама паведаміў, што з 2019 года ў краіне пачне ўкараняцца новая мадэль прагназавання патрэбы эканомікі ў кадрах. Яе актуальнасць абумоўлена сітуацыяй на біржы, якая характарызуецца дысбалансам попыту і прапановы па прафесіях. Для вырашэння гэтай праблемы ў канцы 2015 года намеснік прэм'ер-міністра зацвердзіў план работы па бягучым планаванні падрыхтоўкі кадраў і ўдасканаленні сярэдне- і доўгатэрміновага прагназавання патрэбы ў спецыялістах. З улікам міжнароднага вопыту летась была сфарміравана мадэль, якая ўключае ў сябе тры модулі («эканоміка», «рынак працы» і «прафесійная адукацыя»), падрыхтавана метадалагічная база.

Грамадскія работы як выйсце

Ніякіх лімітаў па пастаноўцы на ўлік у службе занятасці няма. Андрэй Лабовіч запэўніў, што звярнуцца па рэгістрацыю можа любы беспрацоўны грамадзянін, які шукае работу і гатовы прыступіць да яе.

У краіне няма раёнаў, дзе адсутнічаюць вакансіі. Разам з тым найбольшы ўзровень афіцыйнага беспрацоўя зафіксаваны ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці — 1,6 працэнта. У Маларыцкім, Лідскім, Мастоўскім і Капыльскім раёнах гэты паказчык дасягае 1,5 працэнта. А самы нізкі ўзровень беспрацоўя — у Мінскім раёне (0,2 працэнта).

Што да даручэння Прэзідэнта ўладкаваць усіх незанятых грамадзян да 1 мая, то першы намеснік міністра заўважае, што гэта датычыцца не толькі службаў занятасці, але і ўсёй вертыкалі ўлады, дэпутатаў.

— Усе, хто хоча і можа працаваць, атрымаюць дапамогу ад мясцовых органаў улады — размова ідзе аб прапановах пастаяннай і часовай работы. Таксама ахвотным будзе забяспечаны ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах, — пракаментаваў Андрэй Лабовіч.

Арганізацыя грамадскіх работ ускладаецца на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Людзям могуць прапанаваць заняцца азеляненнем тэрыторыі, зборам і перапрацоўкай другаснай сыравіны, даглядаць месцы пахавання, дапамагаць у аказанні сацыяльных паслуг, папрацаваць на будоўлі ці ў сельскай гаспадарцы. У якасці грамадскіх работ могуць выкарыстоўвацца вакансіі, якія не запаўняюцца больш, чым тры месяцы, а таксама іншая дзейнасць, якая мае сацыяльна карысную значнасць.

Памер аплаты на такіх работах залежыць ад наймальніка. У сярэднім у дзень можна зарабіць 10—12 рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Падушка бяспекі» для саіскальнікаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.