Вы тут

Чаму важна захаваць стабільнасць


Падчас нядаўняй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць кіраўнік дзяржавы заявіў: сітуацыя ў краіне кантралюецца. Гэта добра як у плане бяспекі і стабільнасці ў грамадстве, так і для інвестыцыйнага клімату. Сапраўды, калі б у дзяржаве было неспакойна, замежны бізнес пабаяўся б укладваць у праекты на тэрыторыі Беларусі грошы. «Звязда» пацікавілася ў экспертаў, чаму сёння пытанні бяспекі і міру ў краіне маюць такі прыярытэт.


Рыгор БЫСЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар дзяржаўнай установы «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»:

— Пазіцыю кіраўніка дзяржавы ў пытаннях бяспекі падтрымлівае большасць добрасумленных грамадзян. У размовах з жыхарамі Брэста і, у прыватнасці, з супрацоўнікамі мемарыяльнага комплексу ніхто не выказваў прынцыпова супрацьлеглую пазіцыю. Наш народ жадае жыць у спакоі і міры. І гэта таксама падтрымліваецца надзейным кантролем на мяжы. Абсалютная большасць хоча працаваць спакойна. Невялікая частка насельніцтва была незадаволеная рэалізацыяй Дэкрэта № 3, і ў такой сітуацыі Прэзідэнт прыняў рашэнне прыпыніць спагнанне платы. Правакатары, хоць адзін з тысячы, ёсць і будуць заўсёды. Але дзяржава павінна абараняць сваіх людзей.

Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па эканамічнай палітыцы:

— Беларусь з'яўляецца краінай, прывабнай для замежных інвестараў — асабліва з пункту гледжання палітычнай стабільнасці, бяспекі, празрыстасці і зразумеласці інвестыцыйнага заканадаўства. У нас вельмі нізкія паказчыкі па карупцыі, гэта таксама станоўча ўплывае на прыняцце інвестарамі рашэння па рэалізацыі праектаў у Беларусі. Больш за тое, ва ўрада ёсць цэлы план па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату, мы павінны ўвайсці ў дваццатку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу.

Адным з найважнейшых прыярытэтаў у рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады з'яўляецца прыцягненне інвестыцый. Для дасягнення гэтага прыярытэту дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе будуць уносіцца змяненні і дапаўненні ў заканадаўства аб інвестыцыях і прыватызацыі, мэта якіх — палепшыць інвестыцыйны клімат.

Таццяна КАНАНЧУК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы:

— Нацыянальная бяспека — самы галоўны фактар, без уліку якога нельга разглядаць іншыя: ні эканамічнае развіццё, ні сацыяльнае. Было ўжо шмат выказванняў, што тыя ж самыя мітынгі «недармаедаў» выкарыстаны зацікаўленымі людзьмі. Але, мяркую, унутранаму спакою ў краіне гэты момант не пагражае.

Тут вельмі правільныя вывады трэба рабіць. Перш за ўсё, тое, што зараз робіцца ў краіне, — стварэнне новых працоўных месцаў, забеспячэнне людзей занятасцю, стварэнне ўмоў, — робіцца для таго, каб усе людзі працавалі і атрымлівалі зарплату. Каб не было вымушаных адпачынкаў, чатырохдзёнак, трохдзёнак, каб былі аб'ёмы работы. Гэта для людзей сёння самае галоўнае. Зараз над гэтым павінны працаваць усе галіны ўлады. У такім выпадку менш людзей будуць схільныя да тых негатыўных момантаў і заклікаў, якія гучаць. Тыя, хто заклікае да ўсіх гэтых мітынгаў, — дакладна не перажываюць за краіну, а наадварот, схопліваюць кожны момант, які можна скарыстаць менавіта для негатыву ў грамадстве, для ўцягвання ў канфлікт людзей. Гэта зусім няправільны метад і падыход, і сёння ў краіне дастаткова сіл, каб у цывілізаваных рамках не дапусціць унутранай напружанасці.

Вадзім БАРАВІК, старшыня назіральнага савета Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый»:

— У нас асобныя палітычныя сілы і дэструктыўныя групоўкі спрабуюць выкарыстоўваць пэўныя сацыяльныя і эканамічныя цяжкасці, якія ў краіне сёння ёсць, каб дэстабілізаваць сітуацыю. Мы ведаем, што эканамічныя складанасці абумоўлены знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай сітуацыяй: Расія пад санкцыямі, Украіна перажывае канфлікт, ёсць праблемы ў ЕС, рынкі звузіліся. Як бачым, крызіс носіць рэгіянальны характар. І некаторыя спекулююць на гэтых момантах, аднак улада не дапусціць дэстабілізацыі па шэрагу прычын. Па-першае, у нас няма разрыву паміж рознымі катэгорыямі грамадзян, напрыклад багатымі і беднымі. Па-другое, улада не адарвалася ад народа. У цэнтры ўвагі ў нас чалавек, таму дзяржаўныя структуры робяць усё для яго дабрабыту. Акрамя таго, у нас добра працуюць сілавыя структуры. І галоўнае — у грамадстве ёсць разуменне таго, што любыя рэвалюцыі адкідваюць народ на дзясяткі гадоў назад. Беларускае грамадства гэтага не хоча. Наш шлях — эвалюцыя, а не рэвалюцыя.

Загаловак у газеце: Галоўны фактар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.