Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Пасля кірмашу»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 27 сакавіка ў 17.45

Музычная камедыя, знятая на «Беларусьфільме» 45 гадоў таму паводле знакамітай п'есы Янкі Купалы «Паўлінка». Уласна, кінагісторыя мала адрозніваецца ад літаратурнай асновы, вядомай кожнаму суайчынніку са школьнай парты.

Галоўных герояў увасобіла «зорная» інтэрнацыянальная акцёрская трупа. Так, роля Паўлінкі дасталася Людміле Сенчынай, Якімам стаў украінскі акцёр Іван Гаўрылюк, шляхціча Быкоўскага сыграў наш «купалавец» Аўгусцін Мілаванаў, станавога прыстава — Станіслаў Чэкан, суседа Пустарэвіча — Міхаіл Пугаўкін... І ўсе яны закружыліся ў жартах, песнях і танцах пад цудоўную музыку Яўгена Глебава — уяўляеце? Словам, калі гэта стужка раней прайшла міма вас, не палянуйцеся, паглядзіце яшчэ адну трактоўку класіка беларускай літаратуры.


Што: «Камедыя даўно мінулых дзён»

Калі і дзе: АНТ, 2 красавіка ў 0.15

Прыгодніцкая камедыя, якую сучасная крытыка называе не інакш як «савецкім красоверам» — гэта значыць сюжэтам, у якім задзейнічаны персанажы некалькіх розных фільмаў. У карціне Юрыя Кушнярова сышліся добра вядомыя савецкім кінагледачам Бывалы і Баязлівец, а таксама Астап Бэндэр і Кіса Вараб'янінаў, якія выпадкова даведаліся пра скарб у мільён залатых манет, што схаваны ў невядомым прыморскім гарадку ў доміку, знятым у адной са старых камедый нямога кіно. Каб выйсці на след будучага багацця, героі пачалі пошукі з кінаархіва.

Па праўдзе кажучы, «Камедыю даўно мінулых дзён» лепш успрымаць не як менавіта камедыю, а як асветніцкі праект — даведнік-праваднік па старым кіно. Бо значная частка экраннага часу — фрагменты вядомых і падзабытых чорна-белых стужак «Масфільма» 1920—1930-х гадоў. «Працэс аб трох мільёнах», «Пацалунак Мэры Пікфард», «Падкідыш», «Волга-Волга», «Антон Іванавіч сярдуе», «Цырк», «Трактарысты», «Закройшчык з Таржка» і шэраг іншых — успомніце, як гэта было, адгадайце намёкі на фільмы Гайдая і не засмучайцеся, што «Камедыя...» выйшла не надта смешнай.


Што: «Вяселле па абмене»

Калі і дзе: «Беларусь 1», 1 красавіка ў 13.10

Супермадэль Соня, як ні дзіўна, больш чым за кар'еру імкнецца збудаваць сям'ю са сваім каханым — вядучым папулярнага кулінарнага шоу. Але той марыць толькі пра святло сафітаў і ўласны рэйтынг, таму прапанову Соні робіць на публіцы, выключна дзеля падвышэння рэйтынгаў.

У адплату дзяўчына вырашае выйсці замуж за звычайнага банкаўскага клерка Сашу, які згодны на такую авантуру — таксама на злосць сваёй каханай. Праблема хіба ў тым, што ўсю глыбіню ўзаемнай непрыязнасці маладыя людзі адчуваюць, ужо выходзячы з загса пад прыцэлам тэлекамер. А таму трэба неяк суіснаваць, спрабуючы наладзіць стасункі... ці ўсё ж збудаваць новыя?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.